ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Памяці класіка
Удзел бібліятэкі ў рабоце ХХI ММКВК

Бясконца дарагая і родная

Бясконца дарагая і родная
Іншыя навіны

У нашым сямейным альбоме захоўваецца фотаздымак, які да сям’і нашай не мае аніякага дачынення. На адвароце яго напісана: “Л.В. Хрищенович на память о знакомстве с Алесей”. Ніжэй – подпіс і дата: 11.5.84 г.


Гэта фота той самай Алесі, якой Аркадзь Куляшоў прысвяціў ці не самы знакаміты свой верш. Алесі, цёплыя пачуцці да якой ён пранёс праз усё жыццё. Як жа трапіў гэты здымак у наш альбом?

У 1980-я гады Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук рыхтаваў выданне збору твораў Аркадзя Куляшова, у які павінна была ўвайсці эпісталярная спадчына паэта. Збор гэтай спадчыны даручылі мне, тады малодшаму навуковаму супрацоўніку аддзела тэксталогіі і выданняў. Пад час работы даводзілася сустракацца з многімі пісьменнікамі, з людзьмі, якія добра ведалі паэта ці сябравалі з ім. Але ніводная не ўразіла мяне так моцна і не запомнілася так добра, як сустрэча ў Роўна з сяброўкай дзіцячых і юнацкіх гадоў Аркадзя Куляшова Аляксандрай Васільеўнай Карыткінай (па мужу Белазоравай). Сустрэча гэта адбылася 10 мая 1984 года.

Дабралася я ў Роўна познім вечарам. Без цяжкасцей адшукала патрэбны дом на вуліцы Бялінскага. Дзверы адчыніла маладая сімпатычная жанчына, як потым высветлілася, Кацярына Мікалаеўна Белазорава, дачка Аляксандры Васільеўны. А потым выйшла пажылая кабета невялікага росту, сціпла апранутая, з гладка зачасанымі і сабранымі на патыліцы чорнымі валасамі. “Мы вас чакалі”, – ціха сказала яна і падала руку. Гэта была Алеся.

Мяне гасцінна запрасілі на познюю вячэру. Напачатку адчувалася скаванасць і насцярожанасць. Вяліся самыя розныя размовы: як дабралася, як жыццё, якое надвор’е ў Мінску... Ні слова пра Аркадзя Куляшова. У вачах гаспадыні я заўважыла расчараванне: відаць, чакалі саліднага навукоўца, а прыехала дзяўчо. У той вечар гаворка пра Куляшова так і не атрымалася, мы дамовіліся сустрэцца назаўтра раніцай.

Аляксандра Васільеўна пачала з таго, што паклала на стол агульны сшытак, у якім, як яна патлумачыла, занатаваны яе ўспаміны. Дрыготкімі пальцамі адгарнула яго і, сказаўшы: “Я нікому гэтага не чытала, нават сваім. Вы першая”,– пачала чытаць. Але чытала нядоўга, бо слёзы душылі яе: “Прабачце, я зараз...” Яна вярнулася праз колькі хвілін, знешне спакойная, засяроджаная. Кожны ліст Аляксандра Васільеўна чытала сама, уголас, не спяшаючыся, нібы развітваючыся. Сустрэцца з Аркадзем Куляшовым мне не давялося, і па лістах, якія былі сабраны да паездкі ў Роўна, ён уяўляўся мне чалавекам вельмі стрыманым, негаваркім. І раптам – гэта мора пяшчоты і цеплыні...

Ніколі не забыць мне таго, як цяжка развітвалася з лістамі Аляксандра Васільеўна, як, ужо аддаўшы іх мне, усё яшчэ сумнявалася, ці правільна яна зрабіла.

На жаль, выданне, якое планавалася Інстытутам, па невядомых прычынах так і не пабачыла свету. А што з лістамі Куляшова? Праз некаторы час Аляксандра Васільеўна, з якой мы актыўна ліставаліся, стала настойваць на тым, каб я вярнула іх назад, бо без іх яна адчувала “пустэчу ў душы”. Я вымушана была задаволіць яе просьбу. Пры гэтым, прызнаюся, некаторыя з лістоў перапiсала. Сярод іх ліст, у якім ідзе гаворка пра вядомы верш-песню “Згадай”:

“Дарагая Саша! Пасылаю табе песню-верш, які ты чула ў выкананні Пархоменкі. Сам я яшчэ не чуў, але мне гаварылі, што выкананне добрае. Верш гэты напісаны ў 1959 годзе. Але я перарабіў яго ў мінулым годзе; перарабляючы, думаў і пра юнацкія нашы дні. Таму з поўным правам пасылаю табе верш-песню, як выкананне тваёй просьбы.
Вітаю цябе з маем і вясной. Хай ураўнаважваецца твая душа пасля цяжкай страты. Якую, я гэта добра ведаю, нічым не ўцішыць. [Маецца на ўвазе смерць мужа Аляксандры Васільеўны, Мікалая Панцеляймонавіча Белазорава – Л. Х.] Час лечыць раны, а ў нас ужо не так многа яго (часу) у запасе – ні ў цябе, ні ў мяне. Сардэчны табе паклон і хай не абыходзяць цябе добрыя ўспаміны... Аркадзь.

З мінулага (Згадай)
Калі вясною закукуе
Зязюля ў лесе раніцой,
Ты прыгадай вясну другую,
Сустрэчы нашыя з табой.
Згадай усё, што сэрцу міла,
Што сэрцу дорага было,
Што адцвіло, адгаманіла,
Адкукавала, адышло.
Ты ўспомні ўсё, што нам жадала
Зязюля ў гучным гушчары,
Забудзь, што ў хованкі гуляла
Жаданне з намі да зары.
Забудзь, што рэху не вярнуцца
Ні да цябе, ні да мяне,
Забудзь... Хай сэрцы адгукнуцца
Адно другому па вясне.
Ар. Куляшоў
23.4.74 г.
Мінск”

Чакаючы лётнай пагоды ў аэрапорце Роўна, я перачытвала лісты Аркадзя Куляшова да Алесі, углядалася ў здымак, падараваны мне Аляксандрай Васільеўнай на развітанне, пра які паэт з пяшчотай пісаў у лісце ад 30.7.71 г.: «Большое спасибо за фотографию. Она, всякий раз, когда я смотрю на неё, согревает душу чем-то бесконечно дорогим и родным...»

Аўтар публікацыі: Людміла Хрышчановіч.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”, 07.02.2014.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі да 100-годдзя з дня нараджэння А. Куляшова дэманструецца выстаўка "Класік беларускай паэзіі".

Чытайце таксама:

Навіны

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам