ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
25 сакавіка 1945 года. 45 дзён да Перамогі
“Жывы” віртуальны праект “На хвалі часу, у плыні жыцця”

Дырэктар Купалаўскага музея – пра рукапісныя рарытэты паэта, інтэрактыўныя навінкі і почырк Песняра

Дырэктар Купалаўскага музея – пра рукапісныя рарытэты паэта, інтэрактыўныя навінкі і почырк Песняра
Іншыя навіны

Сіла генія ў тым, што яго вершы вечныя.

Адкіньце прэч журбы навалу,
Душы ляноцце.
Прыходзьце ў госці да Купалы,

Часцей прыходзьце.
Ён вас усмешкай прывітае
І прыгалубіць.
Гасцей – паэтаў і ратаяў – Купала любіць.

Гэтыя радкі беларускага пісьменніка Міколы Шабовіча цалкам маглі б стаць калі не гімнам Купалаўскага музея, дык дэвізам яго наведвальнікаў. У фондах самыя багатыя зборы класіка, больш за 900 яго рукапісаў, у тым ліку рарытэтны асобнік «Шляхам жыцця», адноўленыя кабінет і гасцёўня, асабістыя рэчы паэта. Але самае галоўнае, што музейшчыкі з Купалаўскага не застылі на месцы, чынна перабіраючы архіўныя дакументы, фотаздымкі і кнігі, а першымі ў сваёй сферы ўкаранілі інфармацыйныя тэхналогіі. Руку на пульсе спраўна трымае дырэктар Алена ЛЯШКОВІЧ. Быць бліжэй да гледача, слухача, чытача і не пакінуць яго абыякавым. Зрабіць максімум для таго, каб, аднойчы завітаўшы да Купалы, госць прыходзіў яшчэ. Калектыву музея гэта ўдаецца, ён адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта нашай краіны. Тут ладкуюцца цікавыя выставачныя і культурна-адукацыйныя праекты, а экспазіцыя – адна з лепшых у Беларусі.

КУПАЛАЎСКІ музей ад самага стварэння трымаў марку, кажа Алена Ляшковіч, не прыпісваючы сабе заслуг. Калег за сабой вядзе 13 гадоў, у сістэме Міністэрства культуры яе вопыт перавышае тры дзесяцігоддзі, аднак менеджарскага на той час, калі прызначалі кіраўніком, не хапала:

– А ў Купалаўскім якраз капітальны рамонт, што стала для мяне яшчэ адным выпрабаваннем. Пераадолела. З навуковага пункта гледжання экспазіцыя тут была грунтоўная, аднак праз пэўны час адшукаліся новыя дакументы, артэфакты, звесткі, да таго ж пасля распаду Савецкага Саюза рассакрэчваліся архівы. І ў 2010-м распачалі канцэпцыю новай выстаўкі, у фокусе якой – наблізіцца да наведвальніка. Музей – кансерватыўная ўстанова, а літаратурны – удвая. Рукапісы, фотаздымкі, дакументы, кнігі трымаюць увагу толькі першыя 10 хвілін…

Зрабіць так, каб зацікавіла самога, – беспамылковы падыход. Цьмяныя, строгія колеры, якія былі характэрныя для савецкага часу, пасвятлелі. Мастак Аляксандр Давідовіч паставіўся да ідэі тонка, паказаў элементы папараць-кветкі, праз якія раскрываецца псеўданім паэта. Музей стаў сапраўдным Купалавым домам, дзе як літаральна, так і прасторава кружляе вобраз шляху: з Акопаў у Мінск, з Мінска ў Вільню, Санкт-Пецярбург, Маскву, па свеце і разам з тым – да Беларусі.

У кожнай зале новыя тэхналогіі, карэктна знітаваныя з асноўнай думкай. Напрыклад, на першым этапе экскурсіі 3D-ролік пра святкаванне Купалля, якое студэнты Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў запісалі ў Акцябрскім раёне Гомельшчыны. Такім чынам тлумачыцца, чаму Пясняр выбраў сабе такі псеўданім. У Віленскім перыядзе жыцця Купалы можна паглядзець у рэжыме нон-стоп фотаальбом перыяду Першай сусветнай вайны, як паэт з баявымі таварышамі будавалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі дарогі і масты. Тылавую працу засведчыў швагер Купалы Вікенцій Станкевіч.

Рукапісны зборнік «Шляхам жыцця» – самы ўнікальны экзэмпляр. Амаль 600 старонак, якія Купала сам падрыхтаваў да друку, збрашураваў і прашыў. Музейшчыкі паклапаціліся пра захаванасць і алічбавалі альбом, які можна пагартаць на экране і паглядзець, як пісаў Купала. Прычым не толькі паглядзець, але і выпрабаваць. На падставе рукапісаў створаны электронны шрыфт «Пясняр», які магчыма ўстанавіць сабе на камп’ютар і пісаць Купалавай рукой. У свеце такіх прыкладаў тры: у нас, ва Украіне і ў Венесуэле.

– Маем і адметны інфакіёск са сцягамі ўсіх краін, на чыіх мовах гучыць Купала, а іх больш за сто. Націснеш на сваю – і прачытаеш зразумелыя «ператлумачэнні», менавіта так Пясняр называў пераклады. Да таго ж ён і сам у гэтай справе быў штукаром, – уводзіць у курс справы Алена Ляшковіч. – Яго намаганнямі па-беларуску загучалі рускія, польскія, украінскія творы, вершаваны і празаічны варыянты «Слова аб палку Ігаравым», пралетарскі гімн «Інтэрнацыянал», з якім дапамагла цешча Эмілія Манэ. Разам з выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» плануем сёлета выпусціць анталогію перакладаў паэта з каментарыямі, якія прыадкрыюць заслону пэўнай загадкавасці.

Заступіўшы на пасаду, Алена Ляшковіч перажывала, што пра Купалу ведае мала. Хоць заканчвала вясковую беларускамоўную школу на Вілейшчыне і гісторык па адукацыі. Цяпер усміхаецца, што не ведала бадай нічога. Таямніцы ў тым ліку раскрываюцца і праз замежнае супрацоўніцтва. Невыпадкова вучоны з Харватыі Таміслаў Шола параўнаў музеі з мастамі, якія злучаюць народы.

– Напрыклад, паказалі сваю экспазіцыю ў Польшчы ці Літве, а ўзамен прымаем пра Адама Міцкевіча ці Яна Райніса. У юбілейным для Песняра 2017 годзе зрабілі звыш 20 праектаў за мяжой, – раскрывае карты дырэктар музея.

Так званыя масты аслаблі падчас распаду Савецкага Саюза. Славакія – роднасная нам славянская краіна з падобнай мовай, а што мы пра яе ведаем? Між іншым, Купала там бываў у 1935 годзе ў складзе дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў, спыняўся ў старэйшым браціслаўскім атэлі. Летась разам з пасольствам Беларусі ў Славакіі музей у гэтым атэлі адкрыў мемарыяльную дошку паэту. Купала сапраўды многа вандраваў, а верш «Генацвале» прысвяціў маладой доктарцы-музе Эліко Метэхелі з грузінскага курорта Цхалтуба, пасля нарадзіў цэлы паэтычны цыкл. Купалаўскі музей прывёз на гэты курорт выставу, і горад у памяць беларускага класіка фестываліў тры дні. Сабраліся і ўнукі Эліко Метэхелі, прычым старэйшы з іх вывучыў беларускую мову па кнігах Песняра, якія заўсёды займалі пачэснае месца на паліцах сям’і.

– Летась ездзіла адпачываць на курорт Цхалтуба, – усміхаецца Алена Ляшковіч. – 26-гадовая Эліко Метэхелі для 55-гадовага Янкі Купалы была выключна музай. Яно і нядзіўна: паэт быў прыгожым, модна апранаўся, валодаў нейкім магнетызмам. Якуб Колас успамінаў: у кампаніі з Купалам заўсёды збіраліся самыя прывабныя жанчыны.

Але адзіная і любая яго жонка – Уладзіслава Францаўна Станкевіч, або цётка Уладзя. Дзякуючы яе старанням створаны музей і ўзведзены будынак. Ездзіла па ўсім Савецкім Саюзе і збірала рукапісы, з Вільні, напрыклад, прывезла зборнік «Шляхам жыцця». Для Песняра жонка была надзейным тылам, славілася гасціннасцю, ледзь не легенды хадзілі пра салон ці дом пад таполяй, дзе заўсёды маглі накрыць абед мінімум на 25 чалавек. Маладыя пісьменнікі часта заходзілі падсілкавацца.

УЛАДЗІСЛАВА Францаўна дбала аб памяці пра Янку Купалу, яе клопат пераняла музейная каманда.

– Да нас горнецца моладзь, практыкуюцца гісторыкі педагагічнага ўніверсітэта, экскурсаводы лінгва­гуманітарнага каледжа, слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі. Інтэрактыўнай праграмай заваб­ліваем сем’і, займаемся з групай трэцяга ўзросту. Даём пляцоўку для творчасці, па праекце «Паэзія без межаў» іншаземныя студэнты Акадэміі музыкі чытаюць у нас вершы, спяваюць беларускія песні, – прыводзіць прыклад Алена Ляшковіч.

Супрацоўнічае комплекс і з турыстычнымі кампаніямі, бо ў яго структуры чатыры філіялы – на радзіме Песняра ў Вязынцы, у Яхімоўшчыне Маладзечанскага раёна, дзе Купала завіхаўся на бровары і напісаў практычна ўсе вершы першага зборніка «Жалейка». У Акопах на Лагойшчыне, дзе жыла маці паэта і сам ён адпачываў на канікулах, у Ляўках Аршанскага раёна, дзе меў лецішча. З часам ва ўсіх філіялах памянялася канцэпцыя развіцця з ухілам на рэгіянальную гісторыю, творчасць таго перыяду. Гэта зноў архівы, экспедыцыі – словам, плённы пошук.

– На пачатку сваёй кар’еры працавала ў школе – не маё. А ў музей штораніцы ахвотна бягу, пашанцавала з калегамі: крэатыўныя, дружныя, не лічацца з часам. На чале 76 чалавек, і я кіраўнік не строгі, – дзеліцца Алена Ляшковіч. – Пра што мару? Складана гаварыць, прасцей зрабіць. Калі шчыра – стварыць новую экспазіцыю ў Яхімоўшчыне, і канцэпцыя рэгіянальнасці лагічна завяршыцца. Мару, каб пра нашых класікаў ведалі за мяжой, а яшчэ – каб мы паўсюль размаўлялі на роднай мове.

– Верш Купалы «Хлопчык і лётчык» натхніў Гагарына на пакарэнне космасу, а на што натхняе вялікі Пясняр вас?

– Для мяне Купала перш за ўсё патрыёт і грамадзянін, і гэта не высокія словы. Чытаючы яго публіцыстыку, бачым, якімі праблемамі быў усхваляваны, як думаў пра Беларусь. Надзейны і верны сябра: нашы папярэднікі ў архівах НКУС не знайшлі ніводнага сведчання, пратакола допыту, дзе б паэт некага агаварыў. І, канечне, Купала для мяне геніяльны паэт, яго сіла ў тым, што яго творчасць актуальная ва ўсе часы. Можна адкрыць любы верш і адчуць гэта.

Аўтар публікацыі: Алена Басікірская.
Крыніца: СБ – Беларусь cегодня

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам