ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Тут увасабляюцца ідэі: у дапамогу прафесійнаму чытанню педагога
Віншуем Валянціну Уладзіміраўну Ваўчык, ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, з 75-годдзем!

Кветка «ламікамень», мінскі сацыяліст і Караткевіч-рамантык. Лесю Украінку з Беларуссю звязвалі не толькі ідэі рэвалюцыі

Іншыя навіны

«І ўсё гэта было як раптоўны выбух вулкана, як пякучая лава, на якой пасля так раскошна буяюць кветкі, серабрацца алівы, наліваецца вінаград».

Так пісаў Уладзімір Караткевіч пра творчасць Лесі Украінкі ў эсэ «Sахіfrаgа», захапляючыся вялікай украінскай паэткай і асветніцай, даказваючы, што Леся не чужая беларусам... Бо, як і ў многіх беларускіх дзеячаў, «Усё яе жыццё было – барацьба супроць «Таго, што ў скале сядзіць», супроць усіх тых мёртвых і мярцвячых, хто хацеў бы пустэляю бачыць свет, супроць тых, хто не паважае чужога, а таму бацьку роднага і маці здатны выгнаць з торбаю ў белы свет, супроць тых, хто ўсё жыццё хацеў, нібы ў Маўкі з «Песні», здзерці з яе грудзей і пажэрці галінку чырвонай каліны, родную зямлю».

25 лютага адзначаецца 150-гадовы юбілей Лесі Украінкі... Караткевіч назваў яе кветкай «sахіfrаgа», кветкай-ламікамень – гэта вобраз з яе паэзіі. Мы гутарым з прафесарам БДУ Вячаславам Рагойшам пра вялікую паэтку, пра яе сувязі з Беларуссю і, вядома, пра Уладзіміра Караткевіча.

Леся Украінка з братам.jpg
Леся Украінка з братам

– Нагадаю, што сапраўднае прозвішча Лесі Украінкі – Ларыса Пятроўна Косач, нарадзілася яна ў горадзе Наваград-Валынскім. Бацька быў вядомы грамадскі дзеяч, маці праславілася як пісьменніца пад псеўданімам Алена Пчылка. А родны дзядзька, брат маці Міхайла Драгаманаў, здабыў усееўрапейскую вядомасць як змагар за вольную дэмакратычную Украіну, таленавіты публіцыст. Яго выступленні ў друку спрыялі станаўленню і беларускай рэвалюцыйнай публіцыстыкі. З ім перапісваўся і сустракаўся беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч Вайніслаў Савіч-Заблоцкі. Жывучы ў Жэневе, Драгаманаў тое-сёе друкаваў і на беларускай мове. У прыватнасці, у 1881 годзе з яго прадмовай выйшла ў перакладзе на беларускую брашура ўкраінскага прапагандыста навуковага сацыялізму Падалінскага «Пра багацтва ды беднасць».

– Заможная сям'я, пры гэтым – рэвалюцыйныя настроі... І ўсё-ткі Леся асабліва вылучаецца сваёй змагарнасцю, апантанасцю.

– Цяжкая хвароба – касцявы туберкулёз – з дзяцінства надточвала здароўе Лесі. Хвароба не толькі мучыла яе, але, на маю думку, незвычайна абвастрыла яе пачуцці, здольнасць да суперажывання. Акрамя таго, змагаючыся з хваробай, яна вымушана была выязджаць на лячэнне ў Крым, на Каўказ, у Заходнюю Еўропу, нават у Егіпет. Гэта, у сваю чаргу, пашырала кругагляд пісьменніцы, прыносіла ёй новыя тэмы, ідэі, вобразы... Дарэчы, менавіта ў Крыме ў 1897 годзе яна пазнаёмілася з мінскім сацыял-дэмакратам, адным з удзельнікаў падрыхтоўкі І з'езда РСДРП у Мінску Сяргеем Мяржынскім. Агульнасць ідэалаў пасадзейнічала сяброўству, а пасля і ўзнікненню кахання. Сяргей клапаціўся пра пастаноўку п'есы Лесі Украінкі «Блакітная ружа» ў Мінскім драматычным тэатры, дапамог ёй надрукаваць некаторыя артыкулы ў Пецярбургу, у часопісе «Жизнь», у 1900–1901 гадах. Аднак лёс гэтых вельмі прыгожых, узнёслых адносін выявіўся трагічным: Сяргей Мяржынскі быў невылечна хворы на сухоты. Зрэшты, як і Леся Украінка. Леся чатыры разы прыязджала да Мяржынскага ў Мінск. Тут за адну ноч пры ложку смяротна хворага Сяргея яна ў 1901 годзе напісала драматычную паэму «Утрапёная»...

– Але ж я чула іншую версію – што каханне, сапраўднае, палкае, было толькі з боку Лесі, а з боку Сяргея былі хутчэй братэрскія, таварыскія пачуцці.

– Я мяркую, і з яго боку было сапраўднае пачуццё, проста ён не мог яго выявіць, паколькі быў дужа хворы. Пра гэта можна здагадацца па некаторых дэталях, а яны ёсць, засталіся ў лістах. Леся, прыязджаючы сюды, жыла не ў доме, дзе жыў сам Сяргей Канстанцінавіч, а ў іншым месцы, у флігелі, у маленькім дамку. Дык вось, калі Леся адыходзіла ад Сяргея, ён жа не мог устаць, правесці яе, і прасіў заўсёды каго-небудзь, каб яе правялі, прасачылі, каб, не дай бог, па дарозе яна не спатыкнулася. Калі ж прыходзіла, Сяргей заўсёды папярэджваў, каб яна вокны аканіцамі закрывала, каб яе ніхто не спалохаў. Адным словам, яна сама казала, што Сяргей ахоўваў яе, як крыштальную вазу. Але ж сам быў хворы... Асабліва апошнія месяцы, калі галаву нават не мог узняць з падушкі, Леся, не раўнуючы як малое дзіця, карміла яго з лыжачкі.

– А як жа такая дэталь, што ён, паміраючы, дыктаваў Лесі лісты, бо сам не мог пісаць, да іншай жанчыны?

– Так, Леся напісала адзін, можна сказаць, развітальны ліст да іншай жанчыны пад яго дыктоўку... Але да той жанчыны ў Сяргея не каханне было, гэта была яго ідэйная сяброўка, Вера Тучапская. Справа ў тым, што ўсе так званыя сябры Сяргея, ранейшыя аднадумцы, ідэйныя змагары, якія разам з ім рыхтавалі першы з'езд РСДРП, ад яго, хворага, адракліся, не падавалі знаку, не дапамагалі. Адна Вера Тучапская час ад часу яму пісала. Таму Сяргей адчуваў неабходнасць хоць з ёй падтрымліваць сувязь... Апошні раз Леся была з Сяргеем у Мінску з 7 студзеня да 3 сакавіка 1901 года. Прычым, выехала з Кіева 6 студзеня, не дачакаўшыся сканчэння калядных свят. Маці адгаворвала, не пускала, нават пасварыліся яны. Але Леся паабяцала Сяргею, яна не магла не паехаць. Па гэтай прычыне не вярнулася з Мінска і на 25-годдзе творчай працы маці, Алены Пчылкі, і сваё трыццацігоддзе сустрэла ў Мінску, даглядаючы хворага Сяргея. Настолькі глыбокае было яе пачуццё... Хоць знала, што Сяргей ужо не падымецца. Яна ж і пахавала яго, і адпяванне замаўляла – у недалёкай царкве Святой Марыі-Магдалены, што стаяла пасярод Старажоўскіх могілак. З цягам часу тыя могілкі ліквідавалі, але храм захаваўся. Там, калі прыслухацца, яшчэ чутны крокі Лесі Украінкі, яе развітальныя словы перад труной Сяргея Мяржынскага. Калі да нас у Мінск прыязджаюць украінскія пісьменнікі, я іх ваджу ў гэта памятнае і святое месца. Апошні раз вадзіў сюды знакамітых украінскіх паэтаў Дмытра Паўлычку і Рамана Лубкіўскага...

– Я ведаю, што дзякуючы вам у Мінску з'явілася яшчэ адно памятнае месца Лесі Украінкі...

– Той драўляны домік, дзе Леся даглядала Сяргея, не захаваўся, згарэў падчас вайны, але прыблізна на тым месцы стаіць будынак па вуліцы Куйбышава, 10. Мы з Таццянай Вячаславаўнай Кабржыцкай доўга дабіваліся, пісалі ў розныя ўстановы, і ўрэшце згодна з рашэннем Мінскага гарсавета на тым будынку была ўстаноўлена мемарыяльная шыльда памяці Лесі... Дарэчы, той дом памятны і па іншай прычыне. Там у 1972–1989 гадах жыў колішні галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі
БССР Яраслаў Антонавіч Вашчак. І ў яго, земляка Лесі Украінкі, сёлета таксама юбілейная дата, 100-годдзе...

– Як беларускія адраджэнцы, яе сучаснікі, ставіліся да Лесі Украінкі?

– Калі яна памерла, «Наша Ніва» вось што пісала (у нумары за 29 ліпеня 1913 года): «Вялікая чэсць, адвечная слава тым, каторыя з мячом і самапалам у руках ідуць здабываць зямлю і волю свайму народу. Але яшчэ большая чэсць, вялікшая слава памяці тыя ваякоў, каторыя сваім словам умелі ўдыхнуць бодрага духу і светлых надзей, уліць жыццё ў канаючыя народы, каторыя у пацёмках ночы над жывымі нябожчыкамі ўмелі запаліць агонь і ўліць жыватворчую сілу ў душы іх...» Шануюць Лесю і ў сучаснай Беларусі. Вось што Рыгор Барадулін напісаў у прадмове да кніжкі яе твораў «Мелодыя журбы і надзеі» (2003): «Вяснянку ўкраінскае душы ўдзячна пачулі і нашы адраджэнцы. Бо яны – родныя душы, якія б'юцца, каб жыла воля і незалежнасць». Асобныя пераклады твораў Лесі Украінкі на беларускую мову з'явіліся ў нас даўно. Яшчэ ў 1957 годзе выйшла па-беларуску даволі вялікая кніга яе вершаў і паэм у перакладах Эдзі Агняцвет, Міколы Аўрамчыка, Анатоля Вялюгіна, Юркі Гаўрука, Сяргея Грахоўскага, Ніла Гілевіча, Хведара Жычкі і іншых. Пазней да гэтых перакладчыкаў годна далучыліся Васіль Жуковіч, Ніна Загорская, Ніна Мацяш, Валерый Стралко і іншыя. Што датычыцца мяне, то ў свой час я зрабіў, у прыватнасці, новы і, як вызначыла крытыка, даволі ўдалы пераклад драмы-феерыі «Лясная песня»... У Мінску ёсць вуліцы Лесі Украінкі і Сяргея Мяржынскага. Трэба было б падумаць і пра помнік паэтэсе ў нашай сталіцы.

– І ваш сябар Уладзімір Караткевіч шанаваў творчасць Лесі?

– Караткевіч напісаў пра Лесю надзвычай глыбокае і цікавае эсэ. Калі чытаеш, дык проста здзіўляешся, наколькі Караткевіч добра ведаў творы Лесі Украінкі. Ён называе дзясяткі яе вершаў і драматычных паэм, тут жа цытуе іх, прычым у сваіх беларускамоўных перакладах. Дае арыгінальную характарыстыку не толькі творчасці, але і асобе Лесі Украінкі. А вось як узнёсла сказаў Караткевіч пра «Лясную песню»: «Я не ведаю лепшага ў гэтым жанры. Бо гэта не п'еса, не драма, не феерыя нават, а вялікая паэма жыцця гэтай лясной і вадзяной зямлі».

– Караткевіч пачынае эсэ з таго, што ён разам з кінагрупай, якая здымае яго фільм, знаходзіцца ў Крыме... Пра які фільм гаворка?

– У Крыме здымаліся асобныя сцэны фільма «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка» («Хрыстос прызямліўся ў Гародні»). Гэты фільм здымалі шмат дзе, асобныя сцэны нават у маім родным Ракаве. А тое, што Караткевіч апісвае ў пачатку эсэ, як едзе па крымскіх гарах на ўзятым у кіношнікаў асле, можа быць і прыдумкай – ён часта фантазіраваў.

– А па мемарыяльных мясцінах Лесі Украінкі ездзіў?

– Думаю, што ездзіў. Напрыклад, вось як ён апісвае вёску Калодзежнае, дзе Леся правяла свае дзіцячыя гады: «Вялікі дом Касачоў немцы разабралі на бліндажы, і ў мой час яго толькі збіраліся аднаўляць, але ясна свяціўся на фоне дрэўных шатаў «Лесін беленькі дамок», пабудаваны бацькам, каб дзяўчо магло працаваць. Чатыры акенцы. Веранда. Мезанін, што выходзіць на маленькі балкон («він за тих часів був більше» – казаў адзін тамтэйшы стары)». Ці пра возера Нячымнае: «Нячымнае таксама недалёка. З тванню ля аднаго берага, з глыбознай крыніцаю, з пнямі ад старых дубоў і сасновым борам. Усяго 25 кіламетраў ад Калодзежнага. Возера чыста-плёснае, верасовае і лугавое па берагах, на дзіва зажуранае. І... пустое цяпер. Зусім пустое». Каб напісаць такое, трэба было бачыць той краявід. Відаць, Караткевіч падарожнічаў па мясцінах Лесі, калі яшчэ быў студэнтам Кіеўскага ўніверсітэта.

Мемарыяльная дошка памяці Лесі Украінкі ў Мінску.jpg
Мемарыяльная дошка памяці Лесі Украінкі ў Мінску

– У творчасці Лесі і Караткевіча шмат агульнага?

– Безумоўна. Таму што і яна рамантычнага складу пісьменніца была, і ён рамантычнага, хоць не любіў у гэтым прызнавацца. Самае галоўнае, іх яднае патрыятызм, вера ў свой народ, якую Леся Украінка ўвасабляла ў выслоўі «Соntrа sреm sреrо» («Без надзеі спадзяюся»). Як і Леся Украінка, Караткевіч прамовіў гарачае, патрыятычнае слова, якога да яго не чулі, у нялёгкі час, калі сустракаў у адказ неразуменне. Леся калісьці так акрэсліла свой настрой: «Забі – не здамся!» І Караткевіч прамаўляе тое ж. У гэтай ідэйнай скіраванасці, жыццёвым крэда яны даволі блізкія.

– Але ці ўся спадчына Лесі Украінкі была даступная для Караткевіча?

– Безумоўна, не ўся. Калі ўзяць зборы твораў Лесі Украінкі, напачатку гэта было два, тры тамы. А ўжо ў час «хрушчоўскай адлігі» ўпершыню выйшаў збор твораў у 10 тамах, потым – у 12. Нядаўна з'явіўся яе Поўны збор твораў у 14 тамах. Яго ў асноўным падрыхтавалі землякі пісьменніцы – навукоўцы Луцкага нацыянальнага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі. У свой час не толькі некаторыя творы Лесі Украінкі, але і прозвішчы людзей, з якімі яна кантактавала, якім прысвячала вершы, былі пад забаронай. Той жа Мяржынскі, які, здавалася б, рэвалюцыянер, удзельнічаў у падрыхтоўцы І з'езда РСДРП... Памятаю, як некалі я прыйшоў у Дом-музей з'езда, а ў музейнай экспазіцыі няма ні здымка Мяржынскага, ні звестак пра яго. Запытаўся – чаму, мне растлумачыць уцямна не змаглі... Леся Украінка, якую Мяржынскі пазнаёміў з асновамі марксізму, прымала сацыялістычны лад, але не ўспрымала тое, што тагачасныя расійскія сацыял-дэмакраты не прызнавалі своеасаблівасць нацыянальную, этнічную. Магчыма, і Сяргей Мяржынскі пад яе ўплывам звярнуўся да нацыянальных момантаў у класавай барацьбе, і таму ранейшыя сацыял-дэмакратычныя паплечнікі ад яго адмовіліся, прычым у самы крытычны для яго час... Гэта мая гіпотэза, вядома. Па ідэйных прычынах доўгі час, ажно да 1989 года, не друкавалася, скажам, драматычная паэма «Баярыня» (1910) – адзіны твор з уласна ўкраінскай гісторыі, паколькі ён змяшчаў ідэю дзяржаўнай незалежнасці Украіны. Што датычыцца твораў Лесі інтымных, асабліва звязаных з узаемаадносінамі з Мяржынскім, тут у публікацыю іх родзічы ўмешваліся, у прыватнасці маці, якая не хацела, каб яны друкаваліся. Маці ж намнога перажыла Лесю, памерла толькі ў 1930-я гады. Думаю, тое-сёе са спадчыны пісьменніцы будзе яшчэ выяўляцца, нягледзячы на выданне яе Поўнага збору твораў.

Завершым жа нашы згадкі пра Лесю Украінку словамі Уладзіміра Караткевіча: «Так сталася. Яна зламала гэты камень. Цаною свайго кароткага, няшчаснага і шчаслівага жыцця. Цаною скону і цаною існавання вечнага ў памяці народнай. Страшны, зайздросны лёс».

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.
Крыніца: Звязда

Навіны

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам