ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
І летам кніга – у радасць
Да ўвагі саіскальнікаў!

Мода на Чэхава

Мода на Чэхава
Іншыя навіны

На кінастудыі “Беларусьфільм” знялі карціну “Прадмет абажання”. Задзейнічаны Антон Паўлавіч Чэхаў, антураж ХІХ стагоддзя і сіла фатальнай жанчыны.


Спалучэнне інтрыгуе. Дададзім чэхаўскую цынічнасць, сюжэтныя хітраспляценні, красуню ў галоўнай ролі і страсці, страсці, страсці…

Карціна заснавана на некалькіх творах Чэхава: “Чайка”, “Тры сястры”, “Жывы тавар”, “Дзядзька Ваня” і “Цугцванг”. Сінтэз пераўтварыўся ў своеасаблівы дэтэктыў ХІХ стагоддзя. У гэтым дэтэктыве ёсць і самагубства, і турма, і вар’яты – усё з-за жанчыны.

Спачатку карціна называлася “Цуг-цванг” (у шашках і шахматах гэта становішча, любы ход з якога прывядзе да пагаршэння пазіцыі). Назву вырашылі змяніць, таму што “палова супрацоўнікаў кінастудыі не магла яе вымавіць” (жарт дырэктара). Кінематаграфісты, як адзначыў дырэктар “Беларусьфільма” Алег Сільвановіч, імкнуліся перадаць атмасферу чэхаўскай прозы.

Міжрадкоўе літаратуры Чэхава – складаны матэрыял для кінематографа. Так, проза Антона Паўлавіча вядомая сваёй прастатой і кароткасцю, уменнем у малым аб’ёме расказаць пра многае, некалькімі штрыхамі стварыць паўнавартасны вобраз, ёміста і справядліва апісаць усе грані чалавечай натуры. Нашай натуры: як бы ні пагарджалі мы тым, пра што чытаем, часам, гідкім і подлым (разам з прыгожым, сапраўдным, чыстым) – усё гэта частка нас саміх. Непрыемнае, але і прыгожае. Вартае, але і нізкае.

Нізкае. Калі мы да яго не маем дачынення, усё роўна неабыякавыя. Яно рассейваецца ў жыцці вакол, у прыродзе знаёмых людзей, у размовах на кухні. Чэхаў пісаў пра гэта наўпрост і “ў лоб”, прозай халоднай назіральнасці, з’едлівасці, цынічнасці.

Але кароткасць кароткасцю, а як перадаць вялікі сэнс маленькай прозы? З якога боку да такой літаратуры падысці кінематаграфістам? Што варта ўзяць ад яе і ці можна ганарыцца адсылкамі да Чэхава?

Да таго ж Чэхаў сёння не тое каб папулярны (бо ён заўсёды “ў трэндзе”), але патрапіў у нейкую тэндэнцыю. Людзям падабаецца пафранціць цытатай з Чэхава (бо Чэхаў!). Пра “ўніверсітэт развівае глупства”, “у чалавечым шчасці ёсць нешта сумнае”, “справа не ў песімізме і аптымізме, а ў тым, што ў дзевяноста дзевяці са ста няма розуму”. Прадзімае безнадзейнасць. Чэхаўская цынічнасць чамусьці прыйшлася даспадобы не інтэлектуалам – не, не пра іх, – і нават не псеўдаінтэлектуалам, а моднікам. Для некаторых амаль прэстыжна быць мізантропам, расчаравацца ў жыцці, страціць веру ў людзей (яны ж такія неразумныя і прыземленыя). Урыўкі з чэхаўскіх апавяданняў тут вельмі дарэчы. Таму пісьменнік выйшаў за рамкі інтарэсу з боку аматараў класічнай літаратуры. Значыць, фільм паводле Чэхава павінен выклікаць цікавасць. Ад гэтага імені вее годнасцю, аўтарытэтам і патаемнай апорай тых, хто расчараваны (у чым, не важна).

У правінцыйную сядзібу князя Грахольскага прыязджае папулярны белетрыст Барыс фон Дыдэрыц. Князь з жонкай, дарослымі дачкой і сынам гасцінна прымаюць у сябе знакамітасць. Час ад часу ў госці заязджаюць і сябры сям’і, павятовы спраўнік працаголік Даніла Ахлапкоў і мясцовы доктар. Такая “тусоўка”.

Але ў цэнтры ўвагі аказваецца не вядомы пісьменнік, а яго жонка – прыгажуня Ліза. Трэба сказаць, нарабіла яна спраў у гэтай вёсцы. Закахала ў сябе юнака Рыгора Грахольскага, сына князя. Адзін эпізод пачынае шэраг адкрыццяў для гледача: Ліза зашпільвае сукенку ў спальні, а юнак побач пакутуе ад кахання. Далей – больш: глядач пачне разумець, чым гераіня займаецца ў гэтай вёсцы, акрамя мацыёнаў і катання верхам. Відавочна, яна не імкнецца захаваць вернасць свайму мужу.

Рыгор не заняў важнага месца ў жыцці Лізы. І вось у яго ўжо з’яўляецца прычына раўнаваць сваю палюбоўніцу да Ахлапкова, які зачараваны гэтай дзівосна прыгожай для правінцыі жанчынай. Шчадралюбная Ліза ўзяла і аднойчы прыйшла да яго ў спальню. Не проста так.

А тут з’явіўся яшчэ адзін канкурэнт – сам князь Грахольскі, чалавек стары, які ўжо дажывае свой век. Нягледзячы на ўзрост і рэпутацыю, і яго не мінула гэтая чаша: князь закахаўся як хлапчук. Прычым так горача і палка, што быў гатовы ахвяраваць дзеля жанчыны княжацкім капіталам. А Ліза забаўляецца, распыляецца, зводзіць з розуму то аднаго, то другога. То любіць, то глядзець не хоча.

“Садом і Гамора”, – скажа заўзяты мараліст.

“Яна спрабуе кампенсаваць абыякавасць свайго мужа”, – сказаў бы дзядуля Фрэйд.

“Антыбуржуазны дэтэктыў”, – скажам мы, разумеючы, што фільм такім не задумваўся.

А Барыс фон Дыдэрыц – упэўнены ў сабе, спакойны і поўны годнасці – адзіны мужчына, побач з якім Ліза займае прыніжанае становішча сваіх палюбоўнікаў. Так і жывуць да таго часу, пакуль красуня не знікае, што тлумачаць забойствам.

Як бы чаго не выйшла?

Выйшла. Варта паглядзець фільм, каб даведацца, хто з персанажаў застрэліцца, хто будзе арыштаваны, хто звар’яцее.

Зрэшты, да канца зразумець хітраспляценні сюжэта не атрымаецца, толькі – меркаваць. Застанецца загадкай, ці сапраўды жонка фон Дыдэрыца была забіта і ўвогуле ці была яму жонкай.

Можна паставіць пытанне і аб рэальнасці ўсіх дзеянняў, бо ў канцы фільма белетрыст прыходзіць са сваім расповедам да выдаўца. Ці была Ліза, Ахлапкоў, Грахольскія або гэта толькі пісьменніцкае ўяўленне – вырашаць самому гледачу.

Ці адчуваецца ў стужцы Антон Паўлавіч? Так, увесь Чэхаў – у нізкіх чалавечых страсцях, згубных інстынктах, патуранні сваім слабасцям, бездапаможнасцю перад непапраўнымі наступствамі. Фільм не мае нейкай маралізатарскай уласцівасці, і ў празаіка яе не было. Быццам бесстаронняя канстатацыя, высновы з якой павінен зрабіць сам глядач…

Фільм – ілюстрацыйны, у форме нейкай гульні з гледачом. На працягу карціны тонкім галаском шчабеча “фатальная жанчына”, моцныя мужчыны становяцца слабымі, і ўсё гэта закручваецца ў хуткі вір, які не спыніць і не павярнуць у адваротны бок. Гульня прымае форму галаваломкі: рэальнасць тут арганічна спалучаецца з трызненнем, можа, сном, фантазіяй, марай. Паспрабуй зразумець…

Але гэты фільм не менш рэальны, чым сюжэты нашых кухонных размоў, чым тое, што мы бачым вакол сябе. Угледзьцеся ў персанажаў – і вось у іх можна ўбачыць грахі сучаснікаў, падзенне нораваў, уласныя слабасці, няхай і не настолькі гіпербалізаваныя. Гэта свет, у якім традыцыйная мараль аказваецца за бортам, але гэта як быццам не дрэнна, таму што ўсё могуць растлумачыць дзядуля Фрэйд і славутыя “абставіны”.

Магчыма, фільм намякае: давайце, маўляў, вернемся да вялікіх этычных ісцін. А магчыма, з пункту гледжання маралі, фільм аналізаваць не варта.

Можа, аўтары пасмейваюцца з чалавечых слабасцей, а можа, горка пра іх шкадуюць.

Можа, гэта забаўляльны фільм з прэтэнзіяй на высакаякасную забаўку. А можа, гэта глыбокая праблемная карціна з заключэннем “выбірайце што-небудзь шэранькае, пасрэднае, без яркіх фарбаў…” (пра жонку) або са спасылкай да нормаў маралі ізноў жа.

Напрыканцы не магу не звярнуцца да больш празаічных рэчаў. З пачатку фільма некаторыя фразы здаюцца напышлівымі і таму недарэчнымі. Тонкая манернасць у голасе галоўнай гераіні паступова прымушае канцэнтравацца толькі на яго раздражняльным тэмбры, а не на змесце сказанага. Прастытутка ў доме распусты, якая іграе на фартэпіяна, занадта відавочна бязладна клацае па клавішах. Але дробязі не павінны перашкодзіць спробам разабрацца ў карціне. Разгарніце томік Чэхава (будзьце ў трэндзе), паглядзіце “Прадмет абажання”, паразважайце пра мараль, прыгажосць і адзіноту закаханага чалавека.

Аўтар публікацыі: Ірэна Кацяловіч.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам