ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Ад сэрца да сэрца
Мода на Чэхава

І летам кніга – у радасць

І летам кніга – у радасць
Іншыя навіны

Актыўны ўдзел у арганізацыі акцыі “Лета з добрай кнігай”, якую заснавалі Міністэрства інфармацыі, органы выканаўчай улады на месцах, Выдавецкі дом “Звязда”, бярэ Саюз пісьменнікаў Беларусі.


Сёння грамадскае аб’яднанне з’яўляецца літаральна самым важным удзельнікам праекта па пашырэнні чытацкай прасторы.

Пра ўдзел СПБ у новай ініцыятыве карэспандэнт гутарыць са старшынёй СПБ Мікалаем Чаргінцом.

– Мікалай Іванавіч, можа быць, ужо ёсць канкрэтыка ў справах? Як пісьменнікі спланавалі сваю працу на лета ў стасунках з юным чытачом?
– Сёння час такі, што мала выдаць кнігу. Трэба прыйсці з ёю непасрэдна да чытача. Мы гэта разумеем. І вельмі важна, што Міністэрства інфармацыі падштурхнула ўсіх не толькі дбаць пра адпачынак, але і з дзецьмі на прыкладзе розных кніг правесці выхаваўчую работу. Успомніце ўласнае дзяцінства. Калі, як не летам, у час канікулаў, прачытаць тое, што патрабуе школьная праграма? Ды і не толькі праграма… Сёння выдаецца неверагодна шмат дзіцячых кніг. Мы нават пленум пісьменніцкай арганізацыі наўмысна прысвяцілі дзіцячай літаратуры. А з часам абавязкова правядзём пленум ці канферэнцыю па пытаннях дзіцячага чытання. Гэта ж вельмі важна – не ўпусціць дзетак, развіць іх цікаўнасць да папяровай кнігі. Ды і да электроннай таксама, але добрай, цёплай, скіраванай на выхаванне хлопчыкаў і дзяўчынак…

Што да мерапрыемстваў, то ва ўсіх абласных арганізацыях распрацоўваюцца планы па правядзенні акцыі “Лета з добрай кнігай”. Галоўнае, на што мы звяртаем увагу, – сустрэчы з дзецьмі ў аздараўленчых лагерах, на дзіцячых пляцоўках. Ведаю, што ўжо актыўна падключыліся да такіх стасункаў з юнымі чытачамі Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Рагнед Малахоўскі, Міхась Пазнякоў, Ганад Чарказян, Ніна Галіноўская, Анатоль Зэкаў, Алесь Бадак… У іх якраз і кнігі выйшлі, тыя зборнікі казак, вершаў, якія адрасаваны юнаму чытачу. Вось і з’явілася магчымасць аўтограф-сесію правесці, прэзентацыю арганізаваць, іншыя мерапрыемствы зладзіць.

– Як вы лічыце, ці дастаткова ў краіне робіцца для прапаганды кнігі?
– Канечне, недастаткова. Але не будзем тут шукаць вінаватых… Вялікія спадзяванні ў пісьменнікаў, ва ўсіх маіх калег звязаны з электроннымі сродкамі масавай інфармацыі, перш-наперш з тэлебачаннем. Больш рашуча трэба прапагандаваць кнігі беларускіх аўтараў у інтэрнэт-прасторы.

Мала хто і з саміх літаратараў мае ўласныя сайты. Затое яны ёсць у нашых аддзяленнях СПБ, у Саюза пісьменнікаў Беларусі. Паэтам і празаікам трэба актыўней выкарыстоўваць гэтыя інфармацыйныя пляцоўкі.

І друкаваным сродкам масавай інфармацыі шмат што варта зрабіць. Вось у “ЛіМе” ёсць добры дадатак – “Кніжны свет”. Дзякуй за гэта галоўнаму рэдактару Таццяне Сівец, іншым калегам, журналістам, што рупяцца над ім. Але ж патрэбна рэалізоўваць падобныя праекты і ў іншых выданнях.

– На якія кнігі арганізатарам мерапрыемстваў акцыі “Лета з добрай кнігай” вы параілі б звярнуць увагу?
– Кніг на самай справе выдаецца вельмі шмат. Лепшыя з іх адзначаюцца і Рэспубліканскай літаратурнай прэміяй “Залаты Купідон”. Але важна, каб інфармацыя пра кнігу даходзіла да чытача. Вось з выдавецтвамі “Харвест” і “Чатыры чвэрці” мы працуем над “Бібліятэкай Саюза пісьменнікаў Беларусі”.

Дзясяткі кніг ужо пабачылі свет усяго за некалькі гадоў! Чаму б у кожнай з раённых бібліятэк, бібліятэк аграгарадкоў і нават у школьных кніжніцах не мець поўны камплект гэтага сапраўды выдатнага збору, які адлюстроўвае памкненні, творчыя знаходкі сучасных пісьменнікаў нашай краіны?

А што да інфармавання пра навінкі айчынных выдавецтваў, то мне здаецца, што варта і нейкія каталогі адмысловыя выпускаць. Мо нават па відах літаратуры, яе тэматычных абсягах. Асобна – па класіцы, асобна – па дзіцячай літаратуры, фантастыцы і іншых кірунках. І ніяк нельга забываць героіка-патрыятычную літаратуру, творы пра Вялікую Айчынную.

Аўтар публікацыі: Сяргей Шычко.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”

Чытайце таксама:

Навіны

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

Бібліятэкарам