ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Выязныя экскурсіі ў лагеры “Зорны”
Створана рэгіянальная сетка Зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі

Па мясцінах дзяцінства і юнацтва Станіслава Манюшкі

Па мясцінах дзяцінства і юнацтва Станіслава Манюшкі
Іншыя навіны

Вядомы дырыжор, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў правёў 20 ліпеня экскурсію па мясцінах, звязаных з месцам нараджэння і юначымі гадамі Станіслава Манюшкі. Экскурсанты наведалі мястэчкі Алесіна, Шыпяны, Волма і Смілавічы.

– Яшчэ летась з ансамблем “Вытокі выдатныя” зоркі нашай оперы Ірына Кучынская і Ілья Сільчукоў зрабілі праграму , якая называлася “Хатні спеўнік Станіслава Манюшкі”, і анансавалі праграму юбілейнага года, – распавёў Аляксей Фралоў. – Паколькі Манюшка нарадзіўся 5 мая, сфармулявалася ідэя, што 5 чысла кожнага месяца мы будзем рабіць імпрэзы ў розных фарматах: канцэрты, лекцыі, выставы. Так і адбываецца. 5 чысла кожнага месяца ў Музеі музычнай і тэатральнай культуры ў Мінску праходзяць новыя імпрэзы: вечарыны, прэзентацыі кніг і інш.

Адбыўся таксама канцэрт у Вялікім тэатры оперы і балета. Падчас святкавання Дня польскай культуры з аркестрам “Capella Akademia” і зоркамі беларускай оперы мы зладзілі канцэрт на пляцы Верхняга горада ля Ратушы. Прайшоў і публічны сімфанічны канцэрт, прысвечаны беларускаму і польскаму класіку. Адбыўся пленэр з удзелам Беларускага саюза мастакоў. Прыемна, што розныя сферы грамадства задзейнічаны ў святкаванне юбілею.

У Вільні была арганізавана канферэнцыя пад эгідай ЮНЕСКА. У Вялікім тэатры ў Варшаве адбылася ўрачыстасць. Здзейснілі падарожжа творчай інтэлігенцыі па мясцінах Манюшкі у Вільні – Берліне – Варшаве, падчас якога наведалі магілу Манюшкі, усклалі кветкі на Пованзкоўскіх могілках, у пантэоне знакамітых людзей.

Далей спадар Аляксей распавёў пра музычную гасцёўню ў Смілавічах, створаную ў 2017 годзе пры падтрымцы праекта ЕС-ПРААН па садзейнічанні культурнаму развіццю рэгіёнаў. Даследчую працу па гісторыі роду Манюшкаў у Смілавічах распачаў яшчэ ў 1969 годзе настаўнік геаграфіі, дырэктар мясцовай сярэдняй школы Васіль Васільевіч Несцяровіч. Ён усталяваў навуковыя кантакты з гісторыкамі Польшчы і назапасіў вялізны матэрыял, звязаны з сядзібай Манюшкі ва Убелі і гісторыяй яго роду. Даследаванні працягвае дачка В.В. Несцяровіча Ірына Серада, якая працуе ў музычнай гасцёўні.

Адзіны ў свеце музей Манюшкі знаходзіўся ў пасёлку Азёрны, у будынку школы, сёлета ён быў перанесены ў памяшканне смілавіцкай музычнай гасцёўні.

– Палац у Смілавічах быў пабудаваны дзедам кампазітара Станіславам, – расказала Ірына Серада. – Ён быў сапраўдным гаспадаром, маёмасць налічвала мільён злотых. Ажаніўся ў 51 год з Евай Вайніловіч. У сям’і нарадзілася 16 дзяцей, да сталага ўзросту дажылі толькі 10 – 6 сыноў і 4 дачкі. Большасць яго сыноў скончылі Віленскі ўніверсітэт. Толькі Чэслаў, будучы бацька кампазітара, не паспеў, бо пачалася Напалеонаўская кампанія і ўсе сыны Станіслава Манюшкі выступілі на баку Напалеона з надзеяй на адраджэнне Рэчы Паспалітай. Чэслаў Манюшка служыў пры штабе і быў ад’ютантам маршалаў Мюрата і Даву, даслужыў да чына капітана.

Пасля вайны 1812 года ўсе браты Манюшкі жывыя і здаровыя вярнуліся ў Смілавічы, бацькоўская зямля была падзелена.

Дамінік Манюшка атрымаў ва ўладанне Радкаўшчыну, дзе яшчэ ў 1843 годзе адмяніў прыгоннае права, падзяліўшы зямлю паміж сялянамі, пабудаваў ім хаты, увёў незалежны суд, адкрыў бясплатныя школы. У школы запрашаліся выкладчыкі з Парыжскага і Пражскага ўніверсітэтаў, выкарыстоўвалася сістэма вядомых еўрапейскіх педагогаў Джозэфа Ланкастэра і Ёгана Песталоцы.

Казімір Манюшка, які валодаў Смілавіцкім палацам, быў батанікам, ён выводзіў новыя гатункі раслін, пабудаваў цяпліцы, заклаў вакол сядзібы парк, які захоўваецца да сённяшняга дня.

Чэславу дастаўся Убель. У 1818 годзе ён ажаніўся з Альжбетай Маджарскай з роду, прадстаўнікі якога заклалі ў Слуцку фабрыку, дзе ткалі слуцкія паясы. Тэхніку ткацтва прывёз яе продак Ян Маджарскі.

5 мая 1819 года ў сям’і нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Станіславам. Роды былі цяжкія, адчынілі вокны, каб матулі было лягчэй дыхаць. Праз акно ў пакой уляцела ластаўка, яе гняздо з птушанятамі было паблізу. Цэлае лета ластаўка лётала каля Убельскай сядзібы і засталася ў памяці як сімвал новага жыцця і вястун незвычайнага таленту будучага кампазітара. На пяты дзень маленькі Стась быў ахрышчаны ў Смілавіцкім парафіяльным касцёле. У памяць аб здарэнні падчас з’яўлення яго на свет быў названы фестываль “Убельская ластаўка” , – распавяла Ірына Серада

Будынак сям’і Манюшкаў у Смілавічах выкуплены ў прыватную уласнасць, частка яго парэшткаў закансервавана. А сядзіба сям’і кампазітара ва Убелі не захавалася, на тым месцы цяпер знаходзіцца санаторый “ Волма”, пастаўлены памятны знак.

Аўтар публікацыі: Эла Дзвінская. Фота аўтара.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала віртуальны праект "Музычны рамантык з Міншчыны".

Навіны

Мінскае замчышча: раскопкі 2022–2023 гадоў

3 Май 2024

У 2021-м Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2021–2025 гады, якая, між іншага, прадугледжвае даследаванне найбольш значных помнікаў гісторыі, у тым ліку мінскае замчышча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам