ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Навакольнае асяроддзе: ахова і бяспека
І адгукаецца слова ў слове...

Праз слова абуджаць любоў да радзімы

Праз слова абуджаць любоў да радзімы
Іншыя навіны

У Інстытуце мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН Беларусі пачынаецца вялікая праца – складанне зводнага слоўніка беларускіх народных гаворак.


Любы народ лічыць за гонар абагуліць усё тое лепшае, што ёсць у яго мове. Словы, якія назапашваліся стагоддзямі, – духоўны скарб краіны. У наш час гэтая праца асабліва важная, бо носьбітаў натуральнай беларускай мовы – людзей, якія яе атрымалі ў спадчыну, а не вывучалі спецыяльна, – з кожным годам усё менш. Наша мова значна багацейшая за тую, з якой мы знаёмыя па літаратурных слоўніках. Багата слоў, якія маглі б папоўніць сучасную гаворку. Больш за тое, моўная, маўленчая экзотыка можа паслужыць не толькі беларусам. Адметныя словы, якія захаваліся ў пэўнай мясцовасці, – выдатная прынада для турыстаў. Даволі часта за дыялектнымі словамі хаваюцца нашы звычаі, абрады, светапогляд.

Помнік жывой беларускай мове

Ідэі скласці зводны слоўнік беларускіх народных гаворак ужо больш за стагоддзе. У 1908 годзе Яўхім Карскі выйшаў з ідэяй стварэння “Словаря белорусского наречия”, які павінен быў складацца з дзвюх частак: гістарычнай і ўласна жывой мовы (слоўніка гаворак). Ужо ў 20-х гадах іншы даследчык, Сцяпан Некрашэвіч, улічваючы лінгвістычную сітуацыю, сацыяльныя патрэбы грамадства, заўважыў, што неабходна стварыць абагульнены слоўнік, які б адначасова адлюстроўваў і ўласна дыялектныя багацці, і літаратурныя. Але гэта павінен быў быць не проста набор усіх слоў. Крытэрыі адбору лексікі былі вельмі сур’ёзна прадуманы. Гэты слоўнік уключаў бы ўсё тыпова беларускае, назапашанае ў гаворках, а з другога боку, ён быў бы і літаратурным: тое, што не з’яўлялася ўласнадыялектным, у слоўнік не ўключалася б. Менавіта тады пачалося паляванне на моўную, маўленчую лінгвістычную экзотыку. За вельмі кароткі час былі сабраны сотні тысяч слоў. А дапамагалі ў гэтай справе навукоўцам краязнаўцы...

– На пачатку 20-х гадоў краязнаўчы рух быў унікальны, ён быў лінгвістычны па сваёй сутнасці, – расказвае супрацоўніца аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовы і літаратуры Вераніка Курцова. – Пачыналася беларусізацыя, патрэбны былі слоўнікі для таго, каб распачаць адукацыю на беларускай мове. Узнікла неабходнасць хутка сабраць моўныя скарбы, каб стварыць слоўнік жывой беларускай мовы. Тады было прынята вельмі мудрае, прадуманае рашэнне аб’яднаць гэтай справай усіх ахвотных. Інстытут беларускай культуры разгарнуў шырокую працу па ўпарадкаванні матэрыялу для стварэння поўнага слоўніка беларускай мовы. Была распрацавана спецыяльная праграма, яе разаслалі ў розныя краязнаўчыя таварыствы, гурткі, мясцовым настаўнікам.

Гэта праца была вельмі ініцыятыўная, натхнёная і ўнікальная. Яна была і арганізацыйна, і метадычна прадуманай. Ідэя была стварыць спачатку параённыя слоўнікі, пасля краёвыя і нарэшце звесці ўсё сабранае ў адзін агульны слоўнік. Дапаможная метадычная інструкцыя была прадумана да дробязяў – пры дасыланні слоў карэспандэнтамі пажадана было дадаваць да картак-запісаў малюнкі, узоры, здымкі і іншыя матэрыялы, што маглі б зрокава перадаваць значэнне пэўнага слова.

Для таго, каб зрабіць найбольш поўны слоўнік, трэба пабыць у экспедыцыі не адзін дзень і не адзін год. Але ж навуковец не можа быць у экспедыцыі круглы год, а за адзін раз ён усяго і не высветліць. Напрыклад, супрацоўнікі нашага інстытута стварылі “Хрэстаматыю па беларускай дыялекталогіі. Цэнтральная зона”. Толькі для таго, каб падрыхтаваць тэксты, мы выязджалі ў экспедыцыі дзесяць гадоў запар.

– Ці была праца завершана?

– Яна не магла быць завершана, бо пачаліся рэпрэсіі. Каго ні вазьмі з навукоўцаў, якія займаліся гэтай справай, – яны былі альбо сасланы, альбо расстраляны. Мы не атрымалі слоўніка жывой беларускай мовы ў тым выглядзе, як гэта было задумана. І тым не менш было зроблена неверагодна многа. На пачатак 1928 года камісіяй было сабрана больш як 400 тысяч слоў з жывой беларускай мовы і з твораў беларускіх пісьменнікаў. Выйшлі “Віцебскі краёвы слоўнік”, “Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны”. У 1927–28 гадах былі амаль да канца апрацаваны слоўнікі Мазыршчыны і Калініншчыны (калінінская акруга існавала ў 1924–27 гг.). Пачалі ўкладацца слоўнікі Аршаншчыны, Магілёўшчыны, Смаленшчыны, але справа не была даведзена да канца. Бясспрэчна, калі б гэты слоўнік быў падрыхтаваны, ён бы адлюстроўваў тыя багацці, якія былі характэрны для беларускага маўлення. Прычым ідэя была адлюстраваць не толькі тое, што тады ўжывалася ў беларускім маўленні, але і словы і канструкцыі, якія былі характэрны для беларускай мовы раней, якія захаваліся ў фальклорных, этнаграфічных матэрыялах. Гэта быў бы велічны помнік беларускай мове не толькі пачатку ХХ стагоддзя, але і ўсяго яе папярэдняга развіцця.

Крыніца для літаратурнага ўжытку

– Што будзе ўяўляць сабой сучасны зводны слоўнік?

– Хочацца, каб ён змясціў усё, што створана беларускім народам, што яшчэ захоўваецца ў памяці і ўжываецца ў маўленні. Жывая беларуская мова і сёння існуе ў вёсцы, няхай і ў сацыяльна-абмежаваным асяродку, бо карыстаюцца ёй пераважна людзі, якія нарадзіліся перад вайной ці адразу пасля яе. Але гэта натуральная маўленчая традыцыя, гэтыя людзі спецыяльна не вывучалі беларускую мову. Наша задача таксама пры стварэнні зводнага слоўніка максімальна падняць усё тое, што ўжо занатавана, абагуліць у слоўніку ўсе наяўныя матэрыялы самых розных крыніц: лексікаграфічных, лінгвагеаграфічных і, бясспрэчна, багатую фальклорную, этнаграфічную спадчыну, архіўныя матэрыялы. Тады мы здолеем паказаць, якое багацце мае жывая беларуская мова. Гэта набыткі з усёй Беларусі, мова захавала так шмат адметнасцяў, што проста нельга не ўразіцца. Калі будзе сабраны такі моўны скарб – зводны слоўнік народных гаворак, чаму б словы, якія ўжываюцца ў гаворках на вялікай тэрыторыі, калі значэнне іх зразумелае і ўжыванне не выклікае ніякіх пытанняў, не уключыць у літаратурны слоўнік?

– Пры стварэнні зводнага слоўніка будзе выкарыстоўвацца толькі архіўны матэрыял?

– Безумоўна, не. Існуюць самыя розныя крыніцы. У гэты слоўнік будуць уключаны матэрыялы, якія адлюстраваны ва ўсіх слоўніках, якія былі створаны раней.

Мы мяркуем, што гэта будзе арыгінальная праца. Калі паглядзець на зводны слоўнік “Словарь русских народных говоров”, можна заўважыць, што ў ім даецца вельмі абмежаваная колькасць прыкладаў. Хочацца, каб у нашым новым слоўніку былі адлюстраваны ўсе крыніцы, дзе было зафіксавана слова. Ёсць і такая ідэя: перагледзець розныя тэксты з мэтай выпіскі слоў, якія яшчэ не зарэгістраваны ў слоўніках. На першым этапе будзем працаваць з лексікаграфічнымі матэрыяламі, лексічнымі атласамі, архіўнымі матэрыяламі, фальклорнымі, этнаграфічнымі, хрэстаматыямі з дыялектнымі тэкстамі. Безумоўна, нам хацелася б перагледзець і тэксты пісьменнікаў, у тым ліку і сучасных. Цудоўна, што існуе зацікаўленасць у напісанні тэкстаў на народнай гаворцы. Напрыклад, можна назваць Полацкі этнаграфічны зборнік “Народная проза беларусаў Падзвіння”. Можна ўзгадаць пра ўшацкі словазбор у творах Рыгора Барадуліна, цікава перагледзець творы Івана Пташнікава, вельмі багатыя на лексічныя дыялектныя сродкі. Але ўсё гэта вялікая праца, якую немагчыма зрабіць адразу. Расійскія даследчыкі пачалі складаць свой слоўнік “Словарь русских народных говоров” у сярэдзіне мінулага стагоддзя, і гэта выданне яшчэ не завершана.

– Акрамя таго, што вы працуеце з ужо сабранымі матэрыяламі, вы збіраеце словы. Але ў вас задача яшчэ больш складаная, чым у даследчыкаў 20-х гадоў, бо ў наш час, калі мова знікае з натуральнага ўжытку, трэба паспець сабраць...

– Так, мы кожны год ездзім у дыялекталагічныя экспедыцыі. Для таго, каб сабраць інфармацыю па максімуму, запісваем тэксты, якія пасля правяраем на наяўнасць у іх адметных слоў. Словы гэтыя выпісваюцца і дадаюцца ў агульную картатэку. Вядома, нам трэба спяшацца. Важна, каб захавалася не проста слова. Каб атрымаць суцэльнае ўяўленне пра маўленчыя традыцыі, запісваем размовы з вяскоўцамі. Мы захоўваем і гукавыя запісы, каб можна было вывучаць не толькі лексічныя сродкі, якія ўжываюцца ў сучаснай гаворцы, але і фанетыку, марфалогію, сінтаксіс.

Моўная экзотыка і турызм

– Ці магчыма сёння прыцягнуць да справы збірання слоў краязнаўцаў, як гэта было ў 20-я гады?

– Вельмі важна падключыць тых людзей, якія жывуць на месцах, да гэтай справы. Напрыклад, вельмі сур’ёзна мяняецца наш ландшафт, было б цудоўна, калі б атрымалася максімальна поўна сабраць мікратапанімію рэгіёнаў. Менавіта энтузіясты, якія на месцах вывучалі б назвы такіх аб’ектаў рэльефу, гэта могуць зрабіць найбольш грунтоўна. Нават мясцовыя мянушкі – гэта таксама гістарычная спадчына. Цікавасць да сваёй малой радзімы існуе. Сённяшні краязнаўчы рух накіраваны на вывучэнне асобы, гістарычных помнікаў, археалагічных. Але я не ведаю ніводнай раённай арганізацыі, якая захаплялася б сваім родным словам і вучыла захапляцца ім. Было б ідэальна, каб мясцовыя краязнаўчыя музеі, таварыствы ў першую чаргу працавалі на прывіванне любові да роднага слова. Можна было б стварыць маленькую лінгвістычную энцыклапедыю раёна. Гэта адна з крыніц, якая дазваляе выхоўваць пачуццё любові да сваёй маленькай радзімы, і найперш да слова. Менавіта праз слова можна паказваць адметнасці рэгіёна. Гэта можна выкарыстоўваць нават для вясковага экатурызму. Распавядаць, якія словы ўжываюцца на тэрыторыі раёна, чаму пэўныя прадметы носяць такую назву. Напрыклад, спытай у каго-небудзь з дзяцей цэнтральных рэгіёнаў, што такое каўрыга, – пачуеш што заўгодна. Наўрад ці хто скажа, што гэта перасохлая, засохлая глеба. А як чалавек успрыме словы: “Што ты мне вяльбуеш дачушку?”. Вяльбуеш – значыць услаўляеш, ганарышся ёй. На Полаччыне гатуюць “клёцкі з душою”. Чаму б не зрабіць на гэтым акцэнт, не распавесці, чаму яны так называюцца. І такой экзотыкі, паверце, у кожным рэгіёне праз край. Знойдуцца і людзі, якія ўмеюць творча падаць такую інфармацыю, са смакам.

Р.S. У Акадэміі навук пачаў выходзіць новы часопіс – “Беларуская дыялекталогія”. У ім у тым ліку друкуюцца і дыялектныя словы, дасланыя навукоўцам чытачамі газеты “Звязда”. Дарэчы, гэтыя словы таксама ўвойдуць у зводны слоўнік беларускіх народных гаворак.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Даніна памяці жыццёваму подзвігу Героя Савецкага Саюза Івана Самбука

27 Кра 2024

24 красавіка на базе ДУА “Сярэдняя школа № 51 г. Мінска” прайшлі тэматычныя прэзентацыі ў рамках цыкла мерапрыемстваў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам