ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Вядомаму беларускаму асяціну, мастаку-партызану Мікалаю Гуціеву – 110 год
Калядная сустрэча аўтараў публікацый навуковага зборніка “Бібліятэчны веснік”

Рукапісы Якуба Брайцава чакалі выдання на радзіме больш за паўстагоддзя

Рукапісы Якуба Брайцава чакалі выдання на радзіме больш за паўстагоддзя
Іншыя навіны

Старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Пятрусь Броўка на пачатку 1960 года атрымаў з Масквы ліст наступнага зместу: «Многоуважаемый Пётр Устинович! 19-го февраля 1961 г. исполнится 100 лет со дня рождения старейшего писателя Белоруссии Якуба Романовича Брайцева. В литературно-критическом очерке Ф.Н. Доминиковского "Белоруссия в произведениях Я.Р. Брайцева" приведены биографические сведения о жизни и деятельности писателя и обзор его основных произведений. Ф.Н. Доминиковский, известный учёный-геолог и литературовед, уделил большое внимание изучению наследия писателя, написал очерк и не успел его напечатать, т.к. внезапно скончался от паралича сердца. Его жена З.П. Доминиковская передала мне рукопись, и я посылаю её для напечатания в одном из литературных журналов по Вашему усмотрению. Появление в печати очерка, несомненно, привлечёт внимание и послужит, возможно, толчком к напечатанию сборника произведений Я.Р. Брайцева. Рукописи хранятся у меня, его младшего сына.

Как в жизни каждого человека прошлое с годами всё ярче всплывает, так и у народа далёкое становится близким. В литературных произведениях Я.Р. Брайцева даны этюды из прошлого белорусского народа, и сейчас, в пору расцвета его культуры и государственности, будет уместно помянуть писателя добрым словом. Я надеюсь, что Союз писателей БССР воздаст должное памяти своего старейшего собрата, окажет содействие в напечатании его произведений и сохранит их для будущих поколений».

На гэтым лісце 6 лютага 1960 г. Пятрусь Броўка зрабіў рэзалюцыю: «А. Кучару. Прашу вырашыць справу». Але на пасяджэнні прэзідыума праўлення СП БССР пытанне пра стогадовы юбілей Якуба Брайцава і выданне яго твораў не разглядалася. Мяркую, што ліст Васіля Якаўлевіча з прыкладзеным да яго нарысам Дамінікоўскага быў перададзены ў рэдакцыю газеты «Літаратура і мастацтва», дзе 17 лютага 1961 г. быў змешчаны невялікі юбілейны артыкул пра Брайцава. 

У хуткім часе завязалася перапіска літаратурнага архіва з Васілём Якаўлевічам, і ў пачатку мая 1961 г. ён прыехаў у Мінск, каб перадаць рукапісную спадчыну свайго бацькі. З той пары прайшло больш як шэсцьдзясят гадоў. Многія літаратуразнаўцы звярталіся да твораў Брайцава, аналізаваўся яго раман «Среди болот и лесов», а найбольш аповесць «Богачи». І толькі ў 2013 годзе пабачыў свет зборнік яго твораў.

Радзіма. Сям’я. Выхаванне

Якуб Раманавіч Брайцаў нарадзіўся 19 лютага 1861 г. у сяле Забялышын Клімавіцкага павета Магілёўскай губерніі ў сялянскай сям’і. Па ўспамінах сваякоў, бацька быў суровым і працавітым гаспадаром, таму і дзяцей выхоўваў у выключнай дысцыпліне, далучаў да працы. Сам жа пісьменнік згадваў: «Суровый отец мой не любил шутить делом». У сям’і выхоўвалася чацвёра дзяцей: сыны Якуб, Іван, Васіль і дачка Марыя. Усе тры браты Брайцавы, дзякуючы прыродным здольнасцям і выхаванай змалку працавітасці, атрымалі выдатную адукацыю і сталі вядомымі людзьмі свайго часу: Іван (1870–1947) стаў матэматыкам, доктарам фізіка-матэматычных навук, прафесарам; Васіль (1878–1964) знакамітым хірургам, вучоным у галіне эксперыментальнай і клінічнай хірургіі, прафесарам, сапраўдным членам Акадэміі медыцынскіх навук СССР. Самым вялікім рамантыкам у сям’і быў старэйшы сын Якуб, з юначых гадоў схільны да філасофскага аналізу, да такога ўспрыняцця літаратурных твораў, што мог не спаць усю ноч... Але яго захапленне літаратурай не спрыяла адносінам з бацькам, які не падзяляў імкненні сына. 

Выбар шляху і таемнае вянчанне

Юнак меў вялікую мару «выйсці ў людзі». Пасля сканчэння ў 1878 г. павятовага вучылішча, будучы на раздарожжы і пакуль яшчэ падпарадкоўваючыся волі бацькі, ён застаўся ў Забялышыне і працаваў памочнікам пісара Забялышынскай управы. У хуткім часе адправіўся шукаць шчасця на Украіну, уладкаваўся канторшчыкам на цукровы завод памешчыка Цярэшчанкі. Праз два гады юнак вымушаны быў вярнуцца ў сваю вёску «на прызыў» у салдаты. Але ад вайсковай службы быў вызвалены як старэйшы сын у сям’і. Толькі на гаспадарцы заставацца не захацеў. Насуперак бацьку вырашыў ехаць у Маскву. Была ў яго і аднадумца – Праскоўя Кілесава, фельчарка мясцовай бальніцы, нявеста. З ёй і адправіўся ў далёкі шлях. На паштовай станцыі Звянчатка (паміж Крычавам і Рослаўлем) маладыя павянчаліся. 

Бухгалтар садавода Ноева і літаратурны поспех

У Маскве Якуб Брайцаў уладкаваўся на працу ў кантору садавода Ноева, дзе ў хуткім часе атрымаў пасаду бухгалтара. Нягледзячы на тое што праца давала добрую магчымасць утрымліваць сям’ю, а пасля і арганізаваць выданне кніг, бухгалтарам па натуры ён не быў. Брайцаў шукаў шлях у літаратуру. Увесь вольны час аддаваў вывучэнню рускай і сусветнай класікі, сістэматычна наведваў Румянцаўскую бібліятэку. Пад уражаннем твораў рускіх пісьменнікаў напісаў вялікую аповесць «Богачи», якая выйшла асобным выданнем у тыпаграфіі Кушнярова ў 1889 г., адначасова стварыў аповесці «Невдашечка Анюта», «Старая деревня». У гэты час сям’я Брайцава, дзякуючы яго нястомнай працы і выданню «Богачей», жыве ў матэрыяльным дастатку. Якуб Раманавіч нават бярэ на ўтрыманне сваіх малодшых братоў і дапамагае паступіць ім у Маскоўскую гімназію, а пасля і ва ўніверсітэт. Так што «выйшлі ў людзі» яны не без удзелу свайго старэйшага брата. Якуб Брайцаў пасля выхаду з друку аповесці стаў адметнай асобай у маскоўскім літаратурным асяроддзі. Ён знаёміцца з многімі пісьменнікамі, яго майстэрства адзначае Леў Талстой, а пасля неаднойчы прымае Брайцава ў сваім доме. Пад уражаннем ад знаёмства Брайцаў напісаў псіхалагічны эцюд «Іуда».

Навука развядзення кветак і цяжкія дні

У 1890-я гады Якуб Раманавіч спасцігае сакрэты адвакацкай практыкі. Юрыдычнай адукацыі Брайцаў не меў. Але, відавочна, карыстаючыся існаваннем у той час інстытута прыватных павераных, падаў прашэнне і здаў неабходны экзамен. У гэты ж час па прыкладу Ноева захапіўся навукай развядзення кветак. У яго была даўняя мара – мець сваю ўласную кветкавую краму. Недзе ў другой палове 1890-х крама была адчынена. Але, да вялікага расчаравання, прадпрыемства не ўдалося. У выніку – банкруцтва. Набраныя ў выдавецтве аповесці «Невдашечка Анюта» і «Дудалёва лоза» з-за немагчымасці аплаціць друк так і не ўбачылі свет. Для Якуба Раманавіча наступілі цяжкія дні. Падрасталі сыны Дзмітрый, Іван, Георгій. Самаму старэйшаму з іх, Дзмітрыю, было ўсяго дзесяць гадоў. Да таго ж, пад яго апекай заставаўся самы малодшы брат Васіль. Пакінуць іх без сродкаў ён не мог, а пачынаць усё з таго, з чаго пачынаў дваццаць гадоў таму, азначала кінуць сям’ю на паўгалоднае існаванне. І яны разам з жонкай Праскоўяй Сяргееўнай прымаюць рашэнне вярнуцца ў Забялышын на «бацькоўскія парогі». Памёр бацька, маці засталася зусім адна, а гаспадарка патрабавала догляду. Такім вось горкім чынам спраўдзілася бацькава надзея: старэйшы сын усё ж прыняў «тастамент» на сялянскія клопаты.

Сямейная трагедыя. Забялышынскія клопаты

Рамантык Якуб Брайцаў марыў не гэтулькі пра росквіт сваёй уласнай гаспадаркі, колькі пра вялікую літаратуру, а таму ў хуткім часе і ў Забялышыне літаратурны занятак стаў для яго галоўным. Пражытыя гады ў Маскве пазбавілі звычаяў сялянскага жыцця. Ён у большай ступені ўжо быў гараджанінам, і сельская гаспадарка давалася цяжка. Да таго ж у хуткім часе сям’ю напаткала вялікае гора: пасля нараджэння чацвёртага сына – Васіля – памерла жонка, Праскоўя Сяргееўна. Застаўшыся ўдаўцом з чатырма малымі сынамі, Брайцаў павінен быў дбаць не толькі пра іх матэрыяльнае забеспячэнне, але і пра адукацыю. Якуб Раманавіч вырашыў заняцца адвакацкай практыкай. Маючы выдатную эрудыцыю, практычны вопыт з маскоўскага адвакацкага мінулага і валодаючы талентам прамоўцы, Якуб Брайцаў у хуткім часе стаў вельмі папулярным у сваёй акрузе. Пераадолеўшы дэпрэсію пасля банкруцтва, смерці жонкі, стаўшы больш-менш матэрыяльна забяспечаным, зноў вярнуўся да літаратурнай творчасці. У 1905 г. ён піша камедыю «Беда цыгана», збірае матэрыялы да задуманых аповесцей. 1905–1906 гг. засталіся ў яго жыццяпісе як час актыўнай падтрымкі рэвалюцыйных выступленняў, спадзяванняў на вялікія перамены.

У 1913 г. Якуб Брайцаў прыступіў да стварэння рамана «Среди болот и лесов». Ён завяршыў яго ў 1916 г., але да публікацыі справа не дайшла. Патрэбны былі грошы, якіх пісьменнік не меў. Ды і не кожны выдавец мог адважыцца друкаваць раман пра экспрапрыятара Аляксандра Савіцкага, вобраз якога Брайцаў рамантызаваў і ўзвышаў да ролі рэвалюцыянера і змагара за народную справу.

1917 год. Грамадская праца. Зноў сямейная трагедыя

Жыццё Якуба Брайцава ад лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. набыло іншы сэнс і змест. Нягледзячы на даволі паважаны ўзрост, ён актыўна ўключыўся ў новую плынь падзей: стаў сакратаром Забялышынскага валаснога павятовага выканкама, пасля – Клімавіцкага павятовага выканкама, нейкі час займаў пасаду павятовага пракурора. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працягваў працаваць у Клімавіцкім выканкаме, з’яўляўся членам калегіі Клімавіцкага павятовага аддзела сацыяльнай абароны, членам калегіі зямельнага аддзела, некаторы час загадваў сельскагаспадарчым складам. У 1923 г. вярнуўся ў Забялышын, дзе займаўся грамадскай працай, быў членам сельскага савета, у 1925–1927 гг. выкладаў курс земляробства ў школе сялянскай моладзі. Незадоўга да вяртання ў родную вёску Якуб Брайцаў перажыў вялікую асабістую трагедыю: у 1920 г. пайшоў з жыцця, маючы ўсяго 28 гадоў, сын Іван, у 1922 г. – старэйшы сын Дзмітрый, якому было 32 гады. Гэта моцна падарвала здароўе пісьменніка. Але літаратурную працу Якуб Брайцаў не спыняе. У гэты час ён вяртаецца да свайго рамана «Среди болот и лесов», дапрацоўвае яго і рыхтуе да друку. Як вядома, і на гэты раз жаданае не здзейснілася. Піша ў гэты час Брайцаў і аповесць «Хозяин», артыкулы для «Крестьянской газеты», вершы.

«Думаю будаваць хутарок»

Як ён жыў, пра што марыў, аб чым клапаціўся апошнія свае гады жыцця ў Забялышыне, вельмі ярка сведчыць яго ліст у Маскву да сына Васіля, які, атрымаўшы медыцынскую адукацыю, рабіў свае першыя крокі ў практычнай хірургіі.

«Думаю строить хуторок. Это будет тебе, Вася! Здесь будет на 8 дес. сплошной луг. Я переберусь туда с весны. С помощью кредита на 15 лет (в разсрочку) полагаю всё устроить. Не правда ли, надо? Это будет доходный во всех отношениях хутор, т.к. условия очень благоприятные. Коси и продавай сено и баста! Можно завести плодовый питомник и скот. Выкопаем и пруд. Там же великолепная глина для горшечного и кирпичного производства. Впрочем, будущее покажет, что делать.

Литературой занимаюсь неослабно. В №№ 1, 10 и 11 "Крестьянской газеты" (Редакция Москва, ул. Воздвиженка, 9) помещены мои статьи. Недели 2 тому назад я послал 2 тетради (45 листов писчей бумаги) стихотворений в Союз Всероссийских Крестьянских писателей (Тверской бульвар, д. № 25, ком. 1), причём писал им, чтобы Васе (сыну) дали ответ. Если будет время, ты, Вася, зайди и спроси. Я [переписываю] большую повесть из белорусской крестьянско-бедняцкой жизни под названием "Хозяин" и пошлю её туда же. Союз требовал от меня работы, и я обещал. Вот и выполняю "данное слово". Во всяком случае, стихи хорошие и повесть не дурна. Главное, времени у меня свободного мало, пишу по вечерам и ночам. Если не станут печатать, ты, Вася, забирай рукописи. Тогда придётся перекочевать в Минск. Там скорее это [дело] в ход пойдёт».

Якуб Брайцаў быў сябрам папулярнай у той час і адной з самых масавых літаратурных арганізацый, але творы яго публікаваць не спяшаліся. Узгаданая ў лісце аповесць «Хозяин» была, відавочна, ухвалена і перададзена для разгляду ў выдавецтва «Художественная литература», але яе не выдалі. 

Думаецца, што ад ідэі будаўніцтва «хутарка» сыны Георгій і Васіль бацьку адгаварылі. Здароўе яго пагаршалася. 2 сакавіка 1931 г. пісьменнік пайшоў з жыцця, так і не ўбачыўшы публікацый сваіх твораў. Пахавалі яго на Забялышынскіх могілках. І да сёння на магіле захаваўся помнік, а аднавяскоўцы шчыра шануюць памяць пра земляка – пісьменніка і «прыгожага чалавека».

Аўтар публікацыі: Ганна Запартыка.
Крыніца: Звязда

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам