ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны
Прэзентацыя праекта, прысвечанага Станіславу Манюшку, у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры

Твой дом – Брагін

Твой дом – Брагін
Іншыя навіны

Зусім нядаўна выйшла кніга пра Сяргея Палуяна «Палуян. След, Вечна жывы: Творы. Успаміны. Прысвячэнні. Даследаванні» (Мінск: Кнігазбор, 2018), у якой сабраны амаль што ўсе вядомыя на дадзены момант творы Палуяна, яго перапіска, успаміны аб ім і яго радавод. У выданне ўвайшоў артыкул Якава Анапрэенкі «Усё пачалося з Брагіна», які амаль цалкам узяты з яго больш ранняга твора «Здаецца мне… Эсэ пра Палуяна».

paluyan1.jpgАўтар паспрабаваў вызначыть, дзе быў дом Сяргея Палуяна ў Брагіне, у якім той нарадзіўся. Таксама пісьменнік упершыню прадставіў і архіўныя звесткі аб продках Сяргея: Палуянах, Бахонках, Лаўрусенках – прыгонных сялянах графа Ракіцкага. Праўда, звесткі гэтыя не былі сістэматызаваны. Якаў Анапрэенка і не ставіў сабе за мэту дасканала вывучыць радавод Сяргея Палуяна, а толькі паспрабаваў распачаць даследаванне, зрабіць першы крок да раскрыцця таямніцы сямейнай гісторыі гэтага роду. Ён упершыню паказаў чытачу месца, якое некаторыя брагінскія старажылы называлі Палуянаўшчынай. Верагодна, менавіта там і была зямля нашых Палуянаў. І гэта можа быць вельмі важным аргументам у справе пошукаў дома, у якім нарадзіўся Сяргей Палуян.

На жаль, не абышлося ў эсе і без некаторых памылак, якія я хацеў бы выправіць. Першае і самае галоўнае, у чым не магу пагадзіцца з аўтарам, – гэта вызначанае месца, дзе мог стаяць дом Сяргея Палуяна.

Якаў Анапрэенка палічыў, што гэтым месцам магло быць Загароддзе (сучасная вуліца Кірава ў Брагіне): «Дом сям’і Палуянаў знаходзіўся таксама на гэтай жа вуліцы з неафіцыйнай назвай Загароддзе».

Каб неяк пацвердзіць сваю гіпотэзу пра месцазнаходжанне дома, аўтар прыводзіць словы загародскіх старажылаў. Так, аўтар піша, што Аляксей Марчанка сцвярджаў, нібы на гэтай вуліцы жыў дзед Сяргея Палуяна. Аднак, па маіх разліках, ні адна з мноства сямей Палуянаў не жыла на Загароддзі ні ў 1858 (дадзеныя рэвізскай сказкі), ні ў 1926 (перапіс насельніцтва). Ці жыў хто з Палуянаў паміж гэтымі датамі, невядома, а старажылы гэтага часу не засталі і памятаць аніяк не могуць.

Аляксей Марчанка ў апошняй размове са мной ніякіх Палуянаў на Загароддзі не згадаў.

«А гаспадар дома [вул. Кірава] № 44 Гардзяйчук Анатоль Вячаслававіч у гутарцы сказаў, што “невядомыя людзі” прыпыняліся каля яго дома і фатаграфавалі, таму што тут некалі нарадзіўся “вялікі чалавек”». На жаль, акрамя гэтых слоў Анатоля Гардзейчука (дарэчы, ён не брагінскі, а прыезджы), Якаў Анапрэенка больш падрабязна не піша: што за невядомыя людзі? Якога вялікага чалавека яны мелі на ўвазе? Ці меў ён нейкае дачыненне менавіта да Палуянаў? Адказу на гэтыя пытанні няма.

paluyan.jpeg

Трэба ўдакладніць, што Загароддзе – назва старажытная, і гэтая вуліца да 1935 года так афіцыйна і называлася.

Выснову, што сям’я жыла менавіта тут, аўтар эсэ зрабіў, верагодна, па той прычыне, што нашыя Палуяны хадзілі ў Мікалаеўскую царкву, а ўсе загародцы былі яе прыхаджанамі. Але Якаў Анапрэенка не ведаў, што ў прыход царквы ўваходзілі не толькі раён Загароддзя (вул. Кірава), Гатка (вул. Чырвонаармейская) і амаль не заселенага на той час вялізнага Звярынца (ад вул. Зіновіча да Аэрадромнай), але і далёкі раён паміж вуліцамі Пралетарскай і Манжоса, аддзелены ад Мікалаеўскай царквы ручаём і габрэйскімі кварталамі, таксама належаў да гэтага прыходу. І якраз там, па маіх разліках, жыў дзед Сяргея Палуяна. Толькі цяпер з архіўных дакументаў стала вядома, што за добрую службу Іван Палуян у 1867-м атрымаў ад графа Людвіга Ракіцкага 6 дзес. ворыва на Звярынцы каля выгану, сенакос і сядзібную (дзе і раней стаяў дом сям’і) зямлю. Мной быў зроблены падрабязны аналіз нумарацыі сялянскіх двароў па рэвізскіх сказках 1834–1858 гг., а таксама вывучаны перапіс насельніцтва 1926 г. Хата Івана Палуяна ў перыяд 1834–1867, верагодна, і пазней, стаяла на рагу сучасных вул. Махава і Пралетарскай (былая Траецкая). Калі тут жыў дзед Сяргея з сынам Епіфанам, то, магчыма, менавіта тут нарадзіўся і сам Сяргей. Наўрад, што пасля таго, як Іван атрымаў ворыва і сенакос, ён пабудаваў новую хату ў другім месцы Брагіна. А падоранае ворыва, якім карыстаўся Іван Палуян, было недалёка ад хаты і магло знаходзіцца на месцы цяперашняга мікрараёна (канец вуліц Гагарына і Аэрадромнай). Дарэчы, гэтае месца некаторыя старажылы называлі «Палуянаўшчынай». Але большая частка старажылаў згадвае на гэтым месцы так званы «сад Васанскага» і яго цагляны завод.

Зразумела, што па звестак перапісу насельніцтва 1926 года, сям’я нашых Палуянаў ужо не жыве ў Брагіне. Але на магчымым месцы жыхарства Івана Палуяна ў 1926 годзе пражывае якраз сям’я Васанскіх, якая карысталася і дадатковым яблычным садам, і цагляным заводам на былой «Палуянаўшчыне». Гэта можа сведчыць аб тым, што Васанскія нейкім чынам былі звязаны з Палуянамі ці проста жылі потым на іх месцы. Сёння знойдзеныя мною нашчадкі тых Васанскіх не могуць нічога згадаць ні пра Палуянаў, ні пра Палуянаўшчыну, на якой некалі яны самі нарадзіліся і жылі.

Далей аўтар піша, что «Бахонкі згадваюцца [у Брагіне] толькі да сярэдзіны ст.» (с.10 // с. 233).

Гэта не зусім так. Бахонкі працягваюць жыць там і пазней, аж да пачатку ХХ ст. Маці Сяргея Палуяна была з заможнага сялянскага роду Бахонак, якія жылі ў Брагіне на Загароддзі на адным і тым жа месцы больш за стагоддзе. Сям’я згадваецца ў рэвізскіх сказках яшчэ з 1795 года. Але, пачынаючы з 1850 года галавой сям’і, дзе жылі Бахонкі, запісаны іх прымак – бяспрозвішчны Іван Нікіфараў. На самай справе прозвішча яго было Панёўчык (гэта мой продак), які ў самым пачатку ХІХ ст. прыйшоў да Ермалая Бахонкі ў прымы, ажаніўшыся з яго дачкой Ганнай. Верагодна, Якаў Анапрэенка, праглядаючы рэвізскія сказкі, проста не заўважыў Бахонак у сям’і Івана Нікіфарава.

У звестках пра продкаў і родзічаў Сяргея Палуяна аўтарам прыведзены вялікі спіс усіх Палуянаў Брагіна з рэвізскай сказкі.

Але ў Брагіне было 2 лініі роду Палуянаў:

1. Лінія Сцяпана Васільева (1755–1818).

2. Лінія Кірыла Цімафеева (1755–1813).

Невядома, ці былі яны паміж сабою сваякамі, бо не захавалася дакументаў раней 1795 г. Продкам Сяргея быў Сцяпан Васільеў, таму ў прыведзеным спісе прадстаўнікоў роду Палуянаў прыкладна палова з іх не мае дачынення да сваякоў і продкаў Сяргея Палуяна.

Таксама і па лініі бабулі па маці Алены Лаўрусенкі прыведзены вялізны спіс усіх Лаўрусенкаў Брагіна з рэвізскай сказкі. Аднак у Брагіне пражывалі прадстаўнікі як мінімум 4 ліній роду Лаўрусенкаў (невядома, ці былі яны ў сваяцтве паміж сабой). З гэтай прычыны ў прыведзеным спісе толькі малая частка яго адносіцца да продкаў Сяргея Палуяна.

У радаводзе Сяргея Палуяна таксама маюцца яшчэ невялікія недакладнасці ў датах, звязаныя з разыходжаннем дат паміж рэвізскімі сказкамі і метрычнымі кнігамі. Зразумела, што дакладныя даты будуць у метрычнай кнізе, а разыходжанне з рэвізскай сказкай можа дасягаць у некалькіх гадоў, гэта вядомы факт. Выпраўляць такія даты я не буду, а толькі ўдакладню некаторыя запісы:

Маці Івана Бахонкі была Ульяна (1767–1813), а не Кацярына, яна – другая жонка.

Дарэчы, род брагінскіх Бахонак ідзе ад аднаго чалавека і за родапачынальніка можна лічыць Ермалая Іванава Бахонку 1765–1828.

Бахонка Галіна Ермалаеўна. Яе звалі Ганна (1792– 1853). Цікава, што імя Галіна – звычайнае праваслаўнае імя – ні разу не сустракаецца ў Брагіне ў архіўных дакументах ХІХ ст.

Палуян Марына Міхайлаўна, 1795 – трэба Маісееўна, 1791.

Палуян Дзмітрый Епіфанавіч 1897 (Крышычы) – 194 (?) – на самай справе ён памёр у Аргенціне ў 1960-м. Раней лічылася, што Дзмітрый не меў дзяцей і нашчадкаў. Але гэта не так. Падрабязней даведацца пра новыя знаходкі аб сям’і Дзмітрыя і яго брата Рыгора можна ў маім артыкуле ў часопісе «Маладосць» № 9, 2018 г.

 Яшчэ застаюцца не вывучанымі многія старонкі жыцця брагінскіх Палуянаў – продкаў Сяргея. На жаль, шмат архіўных дакументаў другой паловы ХІХ ст. страчаны назаўсёды. Але не страчана памяць. Таму можна не сумнявацца, што пройдзе пэўны час і ў Брагіне нарэшце з’явіцца вуліца, названая ў імя знакамітага беларуса і сына Брагінскай зямлі – вуліца імя Сяргея Палуяна.

Аўтар публікацыі: Віктар Гілеўскі.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам