ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Што прыснілі б творцы: пра кнігу “Сны сноў” Антоніа Табукі
Фестываль інтэлектуальнай кнігі “Pradmova” вяртаецца. Чаму абавязкова варта яго наведаць?

“Усміхаюцца кветкі лабеліі…”, “Раманс вінаграднай лазы” і яшчэ два вершы – “Звязда” публікуе невядомыя рукапісы вершаў Караткевіча

“Усміхаюцца кветкі лабеліі…”, “Раманс вінаграднай лазы” і яшчэ два вершы – “Звязда” публікуе невядомыя рукапісы вершаў Караткевіча
Іншыя навіны

Ужо хутка мы адзначым 90-годдзе класiка беларускай лiтаратуры Уладзiмiра Караткевiча, якi вельмi не любiў, калi яго называлi рамантыкам.

Але створаны iм сапраўды рамантычны вобраз Беларусi – гераiчнай, шляхецкай, старасвецкай, iнсургенцкай – прыцягнуў да беларушчыны не адно пакаленне лiтаратараў. I прыцягвае дагэтуль – летась самай прадаванай кнiгай Беларусi сталi “Каласы пад сярпом тваiм”. Спадчына Уладзiмiра Караткевiча, як спадчына кожнага генiяльнага творцы, – невычэрпная крынiца для вывучэння. Бо ўвесь час адкрываюцца новыя факты, знаходзяцца новыя матэрыялы. Тут маюць каштоўнасць любыя артэфакты: скрэмзаная паперка цi дароўны надпiс на кнiзе, службовая заява цi хай сабе рахунак з крамы, якi чамусьцi захоўваў класiк. Ну а самае жаданае для навукоўцаў – вядома, знайсцi рукапiсы. Нават калi гэта вядомыя творы – арыгiналы, напiсаныя рукой аўтара, могуць расказаць вельмi шмат i прынесцi сапраўдныя адкрыццi.

Аднойчы невядомыя раней рукапiсы чатырох вершаў Уладзiмiра Караткевiча трапiлi да галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая лiтаратура” паэта Вiктара Шнiпа. Вось што распавядае пра гэта Вiктар Анатолевiч:

– Вясной 2010 года, калi ў “Мастацкай лiтаратуры” рыхтавалася да друку кнiжка пра кампазiтара Яўгена Глебава, яго жонка Ларыса Васiлеўна, седзячы ў мяне ў кабiнеце, раптам сказала: “Я хачу зрабiць вам невялiкi падарунак. У мяне ёсць чатыры вершы Уладзiмiра Караткевiча, якiя ён падарыў мне ў 1964 годзе. Я раней думала iх аддаць аднаму паэту, але перадумала. Аддаю вам”. Чым каштоўныя гэтыя рукапiсы? У першую чаргу – гэта арыгiналы. I яшчэ тым, што ў “Рамансе Марылi”, калi параўноўваць рукапiс i публiкацыю верша ў зборы твораў, што выходзiць у 25 тамах, ёсць чатыры радкi, якiя зусiм невядомыя чытачам i, магчыма, даследчыкам творчасцi Уладзiмiра Караткевiча. Ды i ў астатнiх рукапiсных творах ёсць невялiкiя адрозненнi ад кнiжных.

Зараз чытачы маюць магчымасць упершыню пабачыць факсiмiле згаданых рукапiсаў.

Давайце ўважлiва пазнаёмiмся з гэтымi рарытэтамi, параўнаем iх з тым варыянтам, у якiм яны пададзены ў другiм томе збору твораў Уладзiмiра Караткевiча ў 25 тамах.

Усе чатыры вершы пабачылi свет у зборнiку “Мая Iлiяда”, якi выйшаў у 1969 годзе. Напiсаныя яны ў складаны для паэта час. У 1958-м ён перабраўся ў Маскву, вучыўся на Вышэйшых лiтаратурных курсах, пасля – на сцэнарных курсах, у Iнстытуце кiнематаграфii. У гэты час ён перажыў моцнае, але нешчаслiвае каханне да сваёй выкладчыцы з лiтаратурных курсаў, вядомай мастацтвазнаўцы Нiны Молевай. Караткевiч апiсаў гэтыя падзеi ў рамане “Нельга забыць”, набор якога быў рассыпаны ў 1963-м. Зрэшты, пра няшчаснае каханне – усе чатыры вершы, нават самы аптымiстычны – “Песня закаханага”.

Да сустрэчы з той, што стане жонкай вялiкага рамантыка, пройдзе яшчэ некалькi гадоў – з гiсторыкам Валянцiнай Нiкiцiнай Уладзiмiр Караткевiч пазнаёмiцца ў 1967-м.

Давайце паглядзiм, якiя праўкi былi ўнесены ў вершы, падораныя Ларысе Глебавай.

Тэксты вершаў паводле т. 2 збору твораў Уладзiмiра Караткевiча ў 25 тамах.

Песня закаханага

Песня закаханага.jpg

У “Песнi закаханага” змянiлася назва. Цяпер гэты твор вядомы як “Легкаважная песня, якую я спяваў, iдучы да каханай цераз хрыбет Мангугай”. У новай назве – водгулле вандровак паэта па Камчатцы, менавiта ў Прымор’i знаходзiцца Мангугай. Радок “I баркасы спяць на вадзе” ператварыўся ў “I кунгасы спяць на вадзе”. Кунгас – невялiкi карабель з ветразем, такiя часта сустракаюцца на Далёкiм Усходзе. Вiдавочна, што Караткевiч надаваў вершу далёкаўсходнi каларыт. Дык i напiсаў жа верш ва Уладзiвастоку падчас свайго незвычайнага падарожжа. Адбылося гэта, згодна з успамiнам Рыгора Барадулiна, так: “Сядзелi мы ўтрох у мяне на кватэры па вулiцы Бялiнскага. Калi бутэлькi на стале можна было падстаўляць ветру, каб свiстаў, сумна пачалi разважаць, што хочацца паездзiць, свету пабачыць. Мне цюкнула ў галаву пазванiць генералу Аляксееву, якi ўзначальваў ваенна-шэфскую камiсiю пры Саюзе пiсьменнiкаў... I пазванiў я генералу Аляксееву, каб паслаў ён нас на стажыроўку ў якую-небудзь вайсковую газету. Нас – гэта Уладзiмiра Караткевiча, Генадзя Кляўко i мяне”.

Ну вось вясёлыя пiсьменнiкi i наклiкалi на свае мудрыя галовы прыгодаў: восенню 1964-га ўсiм тром даслалi павесткi ў ваенкамат, а 1 жнiўня 1965-га яны ўжо адзначалi прылёт ва Уладзiвасток у вакзальнай рэстарацыi, а пасля пачалася стажыроўка ў газеце Цiхаакеанскага флоту “Баявая вахта”. Караткевiч знаходзiў магчымасць набрацца ўражанняў – блукаў па запаведнiках, вiдаць, i плаваў на згаданых кунгасах. А яго тагачасны настрой адлюстроўвае запiс у дзённiку за 29 жнiўня 1965 года: “Пане ты мой Божа! Няўжо дзеля таго, каб рабiць тую справу, дзеля якой ты створаны i якую можаш скончыць толькi ты, – трэба ўцякаць у скiт ад iлжэпрыяцеляў, iлжэжанчын, iлжэлюдзей i iлжэдумак? I, калi трэба, – дзе ён, гэты скiт? А калi проста ўцячы ў нейкую леснiчоўку – як сумясцiць з гэтым жаданне вiруючай дзейнасцi сярод сабе падобных i яшчэ жаданне адшукаць i знайсцi тую адзiную жанчыну...” 1 верасня аўтар гэтага запiсу пачынае пiсаць верш “Песня закаханага”.

Легкаважная песенька, якую я спяваў, iдучы да каханай цераз хрыбет Мангугай

Паветра п’янае, бы Цынандалi.
Крочу я проста ў дзень,
I рытм па скалах чаканяць сандалi,
I кунгасы спяць на вадзе.
Успудзiў кайру. Яна наракае,
Што iду без дарог,
I языкамi капуста марская
Лiжа сцежку ля самых ног.
На вуснах свiст, як матыль, трапеча.
Доўгi шлях. За гарой гара.
I ў моры рыфаў магутныя свечы
Ў сонцы раннiм гараць.

1,4(7?) верасня 65 г. Уладзiвасток

Раманс шлагбаума

Раманс шлагбаума.jpg

Верш пазначаны датай “15.VI.63”. У творы адчуваюцца тыя ж самыя рытмы, што i ў вершах з рамана “Нельга забыць”. Зноў – няшчаснае каханне, надрыў, герой, якi атаясамлiвае сябе са шлагбаумам i развiтваецца з вераломнай каханай: “Ён упаў на дарогу, ён тросся ад болю. «Ну нашто так? Ты ж бачыш, – Спакой у вачах». I шлагбаум устаў. Даволi... Даволi...”

У гэтым вершы нiякiх правак не ўзнiкла.

Параўноўвайце рукапiсы з апошнiмi варыянтамi вершаў, углядайцеся ў почырк нашага ўлюбёнага пiсьменнiка i проста атрымлiвайце асалоду ад цудоўнай паэзii, прасякнутай палкiм пачуццём.

Ён упаў на дарогу,
Ён тросся ад болю.
“Ну нашто так?
Ты ж бачыш, –
Спакой у вачах”.
I шлагбаум устаў.
Даволi...
Даволi...
Гэта будзе нiколi,
Нiколi,
Нiколi –
Колаў стук
I прысады...
Гасцiнец
I шлях.
Не гляджу наўздагон.
Хай знiкае
Ў лагчыне...
Не гляджу!
Як цiкава:
Трава...
Раса...
Хай шлагбаум глядзiць
Узнятай вяршыняй,
Як знiкаеш ты...
Кропкай...
Пад ценем...
Прысад.

15.VI.63

Раманс Марылі

У 1963 годзе Караткевiч пiша тужлiвы лiст Нiне Молевай – апошнi вядомы яго лiст да названай асобы (“До сих пор не могу придти в себя, и мне делается не по себе от воспоминаний о нашей последней встрече”). Тады ж нараджаецца “Раманс Марылi”, гераiня якога – Марыля Верашчака, каханая Адама Мiцкевiча, якая не змагла стаць яго жонкай. Зразумела, чаму паэт звярнуўся да гэтага сюжэта, дзякуючы якому выказаў уласныя перажываннi. Дарэчы, i вобраз хлопчыка, якi сцiскае горла лебедзю, мог узнiкнуць невыпадкова: у 1963-м пiсьменнiк атрымаў кватэру на мiнскай вулiцы Карла Маркса, непадалёк ад сквера, дзе стаiць скульптура “Хлопчык з лебедзем”. Вядома, што Караткевiч любiў там бываць.

Як змяняўся верш? Кветкi алыя зрабiлiся сiнiя, ружа белая – алая. Слова “быццам” заменена на “нiбы”, “Пад вясёлак халодны звон” – на “Праз вясёлак халодны звон”. Але ў вынiку правак з’явiлася таўталогiя – замест “бо ў шуме i грае”, як было ў арыгiнале, з’яўляецца “бо ў звоне i граi”, то-бок паўтараецца слова “звон”, якое ўжывалася трыма радкамi вышэй. А самае галоўнае – знiкла страфа, якая, наколькi вядома, больш не сустракаецца нi ў адным вядомым варыянце верша. У гэтых строфах гучыць прыхаваны дакор да гераiнi, якая забылася на закаханага ў яе паэта:

Усмiхаюцца кветкi лабелii,
Архiдэя падступна маўчыць,
Пад руку з камелiяй белаю
Ходзяць “кручаныя панiчы”.

Раманс Марылі.jpg

Сонца палiць над шатамi парку,
Ў вочы людзям дзiдамi б’е,
Людзi – кветкi нясуць на карках
Пчол назойлiвых – думы свае.
Кветкi сiнiя, вогненна-чорныя,
Хмель хiстаецца ўгору i ўнiз,
Ружы алай нешта гаворыць
Самаўпэўнена – тонкi нарцыс.
Сярод гэтага кветнiка п’янага
(Мо было ўжо такое калiсь?)
Ты праходзiш адна ля фантана,
Найпрасцейшая кветка зямлi.
Нiбы цiхая сумная музыка,
Ты праходзiш з пакорай сваёй,
Абдуванчык на ярасным лузе,
Кветка з жоўтаю галавой.
I з фантана, раскрылiўшы крылы,
Праз вясёлак халодны звон
Ўсiмi рэшткамi бронзавай сiлы
Лебедзь рвецца табе наўздагон.
Марна рвецца, бо ў звоне i граi,
У мiльёнах вясёлкавых слёз
Хлопчык лебедзю шыю сцiскае,
Як адвечны няўмольны лёс.
I гляджу я змрочна на тое,
Як, абернуты ў шумнай вадзе,
Цень Мiцкевiча нада мною
Лебядзiную песню вядзе.

15.VI.63

Раманс вiнаграднай лазы

Раманс вiнаграднай лазы.jpg

Гэты верш Уладзiмiр Караткевiч напiсаў у Рагачове 12 мая 1962 года, знаходзячыся ў самым эпiцэнтры сваiх куртуазных перажыванняў. У Рагачове Караткевiч часта гасцяваў у дзедавай хаце, у свайго дзядзькi Iгара, настаўнiка. Там плённа пiсалася “ў старасвецкай хаце, у дзедаўскiм родным гняздзе”. У рамане “Нельга забыць” яскрава апiсваецца, як герой, у стрэсе ад выбрыкаў жорсткай каханай, прыязджае да дзядзькi i ратуецца старасвецкай атмасферай i апантанай творчасцю. “Раманс вiнаграднай лазы” вельмi рытмiчны, нагадвае вершы Гарсii Лоркi, у iм нiбыта чуюцца рытмы гiтары, якая згадваецца ў творы. Змен адбылося няшмат, хiба што скарочаны паўтор слова “Уюцца”, “У завулках так плача гiтара” стала адным радком, “Што з таго, што калiсьцi” – наадварот, двума.

Па туманах касых
Вiнаградныя вусiкi
Ўюцца
I iмкнуцца спаймаць
Малады
I гарэзлiвы месяц.
За глыбокiя вочы твае,
Што ў тумане,
Блакiтным тумане
Смяюцца,
Хай мяне на праменнях
Туманных,
Абвiтых,
Спайманых
Праменнях
Павесяць...
Ах, як вiшнi цвiлi!
Як здрадлiвая
Белая мара!
Зацягнулi,
Завабiлi
Песняй
Птушынай сваёю.
А цяпер у завулках,
У завулках так плача гiтара
Ненадзейнай,
Пакiнутай,
Цалкам адрынутай,
Цалкам жаночай
Тугою.
О, як хочацца жыць!
Што з таго,
Што вясенняй парой
З вiшань квецень
Зляцела
Завеяй,
Пяшчотнай і сiняй.
Што з таго,
Што калiсьцi
Памруць
Пад асенняй
Халоднай касой
Залатыя вяргiнi...
Вяргiнi...
Вяргiнi...
Дваццаць год яшчэ можна кахаць!
Дыхаць квеценню,
Летам i маем.
Дваццаць год
Вiнаградныя вусiкi
Будуць вiцца
Па месячных струнах...
Ах, няхай яны ўшчэнт заплятуць,
Ах, няхай яны мякка спаймаюць
Гэты месяц гарэзлiвы,
Месяц вясёлы
I юны.

12.V.62 Рагачоў

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.
Крыніца: Звязда

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам