ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Тонкая лірыка пейзажу
Прайшоў фінал конкурсу “Жывая класіка – 2020”

Усякі дзень першы

Усякі дзень першы
Іншыя навіны

Старонкі з дзённіка пісьменніка Уладзіміра Ліпскага.

Два незабыўныя дні – у Нацыянальным парку «Прыпяцкі».

Пры пад’ездзе да яго на небе высвецілася ўсімі колерамі нябесная вясёлка. Шырозная брама на ўсё неба. Як бы запрашальнік у прыродны парк. Цуд дый толькі!

Здаецца, пабываў у чароўнай краіне. Тут гаспадары – старажытная рака Прыпяць, мноства старыц, поймаў, тонкіх жылак рэчачак, канаў, ручаёў ды незлічоная колькасць азерцаў, сажалак, копанак.

Вольна крыляюць тут арланы белахвостыя, чаплі, журавы, чорныя буслы, чайкі, вялізныя совы.

Забаўляе дзівосная смеласць, рахманасць тутэйшых звяроў. Нібыта ведаюць, што іх аніхто не кране.

Асцярожна едзем па лясной дарозе і раптам бачым двух ласянят. Футры ў іх пад колер спелых жалудоў. Стаяць дзеці ласіхі каля дарогі і цікавяцца, хто па ёй катаецца? Мо закарцела мець у сябе такія цацкі? От бы ведаць, яны самастойна завіталі да дарогі ці з дазволу мамы?

Ніколі не забуду тых цікаўных ласянят!

Белы буксірчык упіраецца, цягне па рацэ дзве даўжэзныя баржы. У іх – тысячы тон мікашэвіцкага шчэбню. Дзіва, як машыніст вырульвае гэты абоз на крутых паваротах Прыпяці.

У рабацінні хваль, каля шырокага лапушыння блёхнуўся шчупак. Хоча, каб на яго звярнулі ўвагу. Цешыцца, што ён тут пад апекай Чалавека. Не палохаецца ні блясны, ні сеткі.

А ў самой вёсцы Ляскавічы, цэнтры парка, каля сарака хат клякочуць ад радасці вольныя буслы. Спакойна гадуюць сваіх буськаў ды з вышыні гнёздаў радуюцца за людзей-дружбаноў.

Няўзнак завітаў у палескую казку. І цяпер смела абвяшчаю: хто на Прыпяці не пабываў, той чароўнага Беларускага Палесся не пазнаў.

*  *  *

З Галінай Дзягілевай, дырэктарам і артысткай тэатра «Зніч», выступаем перад дзецьмі.

Дзяржынскія шчасліўчыкі бесклапотна бавяць час на адпачынку ў лагеры «Дружба». Тут іх сытна кормяць. Пасцелькі чыстыя. У вокны пакояў зазіраюць беластволыя бярозы. Нібыта нянькі, нашэптваюць лістотай калыханкі.

І вось гэтых балаўняў сабралі нам у клубе. Загула дзятва, як пчолы ў вуллі.

А мы не смяшыць іх сабраліся, не весяліць. Чытаем старонкі кнігі «Мая Беларусь». Яе я пісаў словамі, якія знаходзіў на сподзе душы. Складваў з тых мігаў мінуўшчыны і явы, якія ўскалыхвалі сэрца.

І вось цяпер мае творчыя мукі мы ўдыхаем у свядомасць маладзенькіх галовак.

Сядзяць ціха.

Слухаюць пранікнёна.

Вочкі панятліва адсвечваюць пачутае.

Божа! Ты дорыш той міг, калі ўсё маё – пачуцці, думкі, словы – пераліваецца ў сэрцы слухачоў. Я – шчаслівец на творчым уроку з дзецьмі.

А як жа натхнёна чытае маю аповедзь пра Айчыну слынная артыстка Галіна Дзягілева!

Задаволеныя вяртаемся ў Мінск.

У машыне – цымбалістка Маргарыта, адміністратар тэатра Марына, рулёвец, ён жа і артыст, Слава. На першым сядзенні сама Дзягілева.

У шчырай размове я прызнаўся, што пішу дзённік «Усякі дзень апошні». Галіна Аляксееўна ўдакладніла:

– І ўсякі дзень першы!

Згодзен!

Кожненькі дзянёчак ранкам – першы, новы. К захаду сонца – апошні, адлятунец.

Куды адлятае?

У вырай памяці, каб вярнуцца?

Ці ў багну бяспамяцтва?

Давайма, чалавек, часцей задумвацца пра гэта.

Давайма пранікнемся пажаданнямі Госпада сваім архангелам у трагедыі «Фаўст»:

А вас, сыноў сапраўдных рая,

Няхай уцешыць прыгажосць святая,

І вечна творчы дух нябёс

Вас вузамі любові няхай абвяжа,

А ўсё няпэўнае, няяснае, як лёс,

Няхай ахопіць думка ваша.

*  *  *

А я маладым не зайздрошчу.

Чамусьці шкадую іх.

Хочацца паспачуваць неапераным. Ім яшчэ дыбаць і дыбаць па лесвіцы жыцця.

Уздымацца і падаць.

Дамагацца і страчваць.

Шукаць і ашуквацца.

Гарэць і тлець.

Кахаць і ненавідзець…

Колькі ж ім яшчэ прайсці, пакаштаваць горкага і салодкага, наталіцца, нагаравацца, адсмяяцца, наплакацца!..

А я ўсё гэта прайшоў!

Не люблю маладых з патухлымі вачыма, са штучнымі слухаўкамі ў вушах, з пярсцёнкамі ў носе, з наколкамі на целе. Навошта гэта набрыдзь?

Моладзь, як і вясна, мусіць быць у шалёнай зеляніне, з нябесна-блакітным позіркам, з пераліўным, гуллівым ранкавым сонейкам. І незабывайма пры гэтым, што жыццё надта кароткае, а шлях да ісціны дужа доўгі ды ўхабісты.

Уся прыродная краса, прываба павінны зіхацець у настроі, паходцы, позірку, подыху душы. А інакш – паталогія, замарозка, млявасць, ранняя старасць.

Гэта вам гаворыць чалавек, якому на вышыні гадоў хочацца ўсяго ўзвышанага.

Lipski-1.jpg

Беларусь гуляе.

Незалежнасць адзначае.

Герояў вайны прыкмячае. Яны здабылі для ўсіх вызваленне ад фашысцюгаў. Ім – слава!

А мы з Нінай у сваім садовым доміку п’ем чай. Прыгадваем ваеннае маленства.

Нам, калі аб’явілі вызваленне, было па чатыры годзікі.

Перажылі ліхалецце.

Разам з дарослымі хаваліся ў лясах, балотах. Елі не тое, што хацелася, а тое, што было. Перажылі страх, пажары. Бачылі кроў. Жахаліся ад стрэлаў.

Дзеці вайны цяпер становяцца апошнімі сведкамі пякучай трагедыі.

Мы ў «Вясёлцы» выпусцілі кнігу «Я помню ўсё». Вядомыя пісьменнікі прыгадваюць сваё ваеннае маленства. Яно жыве з імі ў снах і наяву.

Мая вайна – гэта спаленая вёска, хата наша. Згарэлі і мае цацкі. Жылі ў куранях, зямлянках. Гуляў у вайнушку не прыдуманую, а падгледжаную.

А калі прыйшло вызваленне, у нашу вёску Шоўкавічы прывезлі чужыя пасылкі. У іх – заморская чорная квасоля, далікатэснае тоненькае пячэнне ды тэпці з непрамакальнай тканіны. Дзіва для старых і малых!

Ніна помніць салдат у яе Бабовішчах. Вельмі ж вясёлыя і шчодрыя былі. Адзін даў ёй цэлую жменю цукерак. Другі падарыў футравыя пальчаткі. Нічога іншага не меў, а вельмі ж хацеў усцешыць кірпатую дзяўчынку.

Далёка адышла вайна. А на семдзесят пятых угодках драпае нашы сэрцы. Балюча адгукаецца ў памяці.

Над Мінскам бабахае салют. Нашы дзеці і ўнукі любуюцца каляровым відовішчам.

Мы ж з Нінай жывём у ланцугу барвовай памяці. Ад яе нават салодкі чай здаецца гаркавым…

Kupallie-2.jpg

На Купалу шукаю запалу.

Усе скіравалі ў Александрыю, на міжнароднае свята «Купалле». І я там быў мінулым ліпенем. І вырвалася з маіх грудзей прызнанне: папараць-кветка – гэта і ёсць мая Беларусь. Знайдзі Айчыну, упусці ў душу і тады напоўню карыстайся яе дарамі. Адмыкай замок мудрасці, разумей мову зубра, напевы салаўя, перашэпт бяроз. Спазнавай сябе самога ды разумей кожнай клетачкай моц купальскай красы. І табе захочацца Чалавекам звацца.

Сяджу на беразе лысагорскай сажалкі. Вуда ляжыць у траве. Паплавок бадзёрыцца над вадой, а мне хораша думаецца пра знойдзеную, адшуканую папараць-кветку. Зусім па-іншаму бачацца людзі, якія гэтым днём падыходзяць да сажалкі.

Адно сямейства вывела вывадак, каб дзеці пакідалі каменьчыкі ў ваду, каб нарвалі лілей. Хацелася буркнуць бацькам: «Вучыце не засмечваць, а чысціць ваду, не рваць, а садзіць, вырошчваць».

Другое сямейства выгуляла да сажалкі сабаку-лашару:

– Ну, міленькі, пакупайся, паплавай!..

А яму не вельмі ахвота мачыць лапы. Хіба ён дурань? Пастаяў, пачмыхаў і павярнуў на бераг.

Трэцяя сям’я завітала да вады з купальскім настроем. Мама і дачка з вянкамі папаратніку на галавах. Прывялі з сабою сведкаў – бабулю і дзядулю. Пабегалі па беразе, паспявалі. Пасля кідалі вянкі ў ваду. Прыгожа, весела ўсім. Па-купальску!

Тры сям’і бачыў.

І толькі адной паверыў. Яны сапраўды шукаюць чароўную кветку жыцця. І хай жа вам, мае харошыя, пашанцуе.

О, паплавок рвануўся ў ваду.

Карась пажадаў сустрэцца са мною. Мо таму, што святочна думаў пра Купалле?

Крыніца: СБ – Беларусь сегодня

Навіны

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

Бібліятэкарам