ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Ноч музеяў – 2021: Гістарычны калапс
Эксперымент у музеі (+відэа)

Як жыць у музеі

Як жыць у музеі
Іншыя навіны

Музей пад назвай «Старасвецкія карункі» нядаўна стварылі сужэнцы Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі ва ўласнай кватэры. Калі сталі шырока адзначацца ночы музеяў і бібліятэк, Аксана загарэлася ідэяй: правесці ў музеі ці бібліятэцы ноч! Але была расчараваная: як высветлілася, падобныя мерапрыемствы хаця і заканчваюцца пазней, чым звычайныя, на ноч установы ўсё адно мусяць зачыняцца. Нічога іншага не заставалася, як зрабіць музей ва ўласным доме. Яны з Ярашам сабралі немалую калекцыю старажытных рэчаў, знойдзеных у закінутых дамах ці набытых у вяскоўцаў. Некаторыя экспанаты атрымалі ў падарунак. Пра тое, з чаго складаецца хатняя калекцыя, сямейная пара расказала карэспандэнту «ЛіМа».

– Ператварыць кватэру ў музей – ідэя смелая! З чаго ўсё пачыналася?

Яраш Малішэўскі: Як музыкант, збіраю гадамі разнастайныя музычныя інструменты, на якіх іграю ў розных калектывах. Кожны інструмент – праца майстра, беларускага ці замежнага. Усе інструменты маюць сваю душу, гісторыю, гучанне. Тут і скрыпкі, і лера, і дуды, і акарыны, і гуслі, і варганы… Паралельна як гісторык збіраў і розную старасвеччыну. Пазней да гэтага далучылася і Аксана. Ідэя зрабіць хатні музей належыць жонцы.

Аксана Спрынчан: Я і сама заўсёды збірала старыя рэчы! Ёсць экспанаты, якія трапілі да мяне задоўга да нашага з Ярашам знаёмства! Можна сказаць, я жыла ў музеі. Калі ў кватэрах маіх школьных сябровак у савецкія часы былі дываны і модныя гарнітуры, то ў нас – тканыя дываны і посцілкі, зробленыя бабуляй.

– Раскажыце, што складае асноўны гонар вашай калекцыі.

Я. М.: Цяпер усе старадаўнія рэчы, ужо агульныя, аформіліся ў хатні музей пад назвай «Старасвецкія карункі». Аксана прапанавала ўкласці ўсё ў асэнсаваную форму, якая і надала новы кірунак нашаму калекцыянаванню. Стварылі мы яго напрыканцы мінулага года. У музеі можна пачуць старадаўнюю музыку, пабачыць абразы. Па іх можна вывучаць гісторыю беларускага жывапісу і іканапісу. Асабліва цікава яна адбіваецца на прыкладзе ўніяцкіх абразоў з розных куточкаў Беларусі. Некаторыя выратаваныя ад знішчэння. У іх спалучаюцца і заходні, і ўсходні кірункі, пераломленыя на беларускай глебе. Своеасаблівасць у тым, што абразы гэтыя адыходзяць ад праваслаўнага канона, таму, магчыма, не ўсе святары разумеюць іх каштоўнасць і не захоўваюць належным чынам. Напрыклад, адзін з выратаваных экспанатаў – барочны абраз святога Анупрэя (вельмі шанаванага ва ўніяцкай царкве) сярэдзіны XVIII стагоддзя. Паходзіць з храма, што фундавалі Агінскія. Знойдзены на гарышчы, дзе ўлетку пад бляшаным дахам тэмпература падымаецца пад 70 градусаў, а ўзімку там жа – вільготнасць і мароз. Абраз набрыньвае вільгаццю і псуецца… У выніку атрымліваецца пакамечанае палатно, фарба вісіць кавалкамі, і калі скалануць – усё асыпаецца. Рэстаўраваў палатно знакаміты майстар Уладзімір Нікіцін. Анупрэй, паводле падання, быў сынам персідскага цара ў IV стагоддзі і сышоў у пустыню. Дзесяцігоддзямі жыў там. Яго спакушаў д’ябал, а нябёсы дапамагалі… Мастак наш, ніколі не бываўшы на Блізкім Усходзе, паспрабаваў гэта намаляваць. Тыпаж атрымаўся беларускі. Прысутнічае леў, падобны да сабачкі… Замест трапічных пладоў намаляваныя рэдзька, цыбуля, грушы, ягады нашых лясоў…

А бывала, што на абразах малявалі д’ябла з тварам суседа, з якім напярэдадні пасварыліся…

А. С.: А вось кафля з гарадзенскай камяніцы канца ХІХ стагоддзя, з палаца ў Жамыслаўі ў Іўеўскім раёне, які будаваўся паводле ўзору каралеўскай рэзідэнцыі ў Лазенках пад Варшавай. Там была кафляная печ, дзе на кожнай плітачцы – асобны сюжэт. Калі туды прыехалі, высветлілася, што хтосьці раструшчыў печку… Ёсць і кафля з-пад Нарачы, выканана ў стылі вясковага прымітывізму стогадовай даўніны. Майстар распісаў гліну прамымі лініямі. Сёння захапляюцца падобнымі афрыканскімі вырабамі… Трапілі да нас і фрагменты дзвярэй у алтар з Брыгіцкага касцёла з Гродна XVII стагоддзя, якія цудам захаваліся. З царквы ў Найдзёнавічах – праменьчыкі з алтара, скульптуркі, фрагменты фератрона – двухбаковага абраза XVIII стагоддзя, які хацелі спаліць. Знайшлі ў кучы будматэрыялаў...

– Уражвае калекцыя жабак, якая займае палову пакоя: каля 500 жаб самай рознай формы і стылю ўпрыгожваюць шматлікія паліцы. За што вы так любіце гэтую жывёлінку?

А. С.: Яна ніколі не здаецца, збівае лапкамі масла і смятану, вылазіць і жыве далей. Як і беларусы ў сваёй спрадвечнай гісторыі… Зубная шчотка, мыла ў выглядзе жабы, вяхотка, мыльніца, посуд, камп'ютарная мышка, нажнічкі, ліхтарык, – жабак самага рознага выгляду мне прывозяць з усіх краін.

– З жабамі суседнічаюць і розныя іншыя артэфакты…

Я. М.: Так, каменная сякера, яе ўзрост каля 10 стагоддзяў, гэта падарунак краязнаўцы. Акрамя таго, калі ў нас назапасілася шмат ручнікоў, паўстала пытанне, што іх трэба прасаваць – абавязкова так, як гэта рабілі продкі, каб людзі бачылі, як гэта адбывалася – з’явіўся старадаўні прас. Калі пад яго накрыўку насыпаць вугалькоў, ён сапраўды працуе.

– Ручнікоў і элементаў народнага касцюма ў вашым музеі шмат: імі ўпрыгожаныя амаль усе сцены кватэры…

А. С.: Так, напрыклад, адметная калекцыя бездзежскіх фартушкоў, якія падобныя да спаднічак. Шыкоўны ручнік з Дубліна (вёска на Гомельшчыне). Мае любімыя – ручнікі з птушкамі… Адзін з самых даўніх – ручнік 1914 года, дзе вышытае імя гаспадыні: «Кто: Марыя Зенькова», а таксама чытэльны надпіс: «Зло не верит, что на свете добро». На ім жа – паведамленне, што пачалася вайна: «1914 года месяц август. Но не знаем, когда окончится, один Бог святы знае». Можна меркаваць, ручнік быў вышыты ў першы дзень вайны. У ім выкарыстана рэдкая тэхніка пад назвай «перавіць з насцілам», якой цяпер і не сустрэнеш. Яна заснавана на высмыкванні прадольных і папярочных нітак тканіны для ўтварэння краткавай сеткі. Ручнікі выкананы ў традыцыйных колерах. Ёсць і з асаблівай вышыўкай: шэрымі ніткамі на шэрай тканіне, якая здалёк бачыцца як карункі…

Аўтар публікацыі: Яна Будовіч.
Крыніца: Звязда

Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам