ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
“Цікава пачытаць”: заняткі па серыі кніг “Энцыклапедыя ў кішэні”
Самаму смешнаму і “калючаму” беларускаму часопісу – 80 гадоў!

Віншуем з 85-гадовым юбілеем ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Ніну Міхайлаўну Гардзеенка

Віншуем з 85-гадовым юбілеем ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Ніну Міхайлаўну Гардзеенка
Іншыя навіны

Нарадзілася Ніна Міхайлаўна 1 жніўня 1936 года ў вёсцы Прысна Магілёўскага раёна.

Вялікая Айчынная вайна прымусіла дзяўчынку рана пасталець, пакінуўшы глыбокі след у яе лёсе. Пяцігадовая Ніна страціла бацькоў у самым пачатку таго страшнага перыяду ў гісторыі краіны. Бацька быў прызваны ў рады Савецкай арміі і дадому ўжо не вярнуўся, у жніўні 1941 года фашысты назаўсёды забралі маму. Асірацелыя Ніна з малодшым братам Колем да 1942 года жылі з дзядулем і бабуляй, пакуль жыцці і гэтых блізкіх людзей не забраў жорсткі ўраган вайны. Памяць Ніны Міхайлаўны і сёння захоўвае страшныя ўспаміны пра тое, як на іх дзіцячых вачах за сувязь з партызанамі былі расстраляныя родныя людзі.

Калі ў хуткім часе фашысты спалілі вёску, Ніна і яе брат апынуліся спачатку ў партызанскім атрадзе, а пазней – у прыёмных сем’ях. Толькі ўлетку 1944 года дзеці сустрэліся і наступныя дзесяць гадоў правялі ў дзіцячым доме № 1 г. Шклова.

Са слязамі ўспамінае Ніна Міхайлаўна той час: “... Выхавацелькамі у нас былі дзяўчаткі 18 гадоў, якія гледзячы ў нашы галодныя вочы, аддавалі свой хлеб. Усё там жылі як адна сям’я…”.

У 1954 годзе, пасля заканчэння 10 класаў, дзяўчына паступіла ў Кіеўскі тэхналагічны інстытут харчовай прамысловасці (цяпер – Нацыянальны ўніверсітэт харчовых тэхналогій). Але неўзабаве ў яе пачаў рэзка падаць зрок, з’явіліся праблемы са здароўем. І паколькі ў Кіеве ў Ніны не было нікога з родных, яна прыняла прапанову брата пераехаць да яго ў Мінск. У сталіцы Ніна перавялася на бібліятэчны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (цяпер – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка).

2_Gordeenko.jpg

Па заканчэнні ВНУ ў 1958 годзе Ніна Міхайлаўна атрымала дыплом і была прынятая на працу ў гарадскую бібліятэку імя Я. Купалы, дзе працавала на працягу сямі гадоў, пяць з якіх загадвала абанементам.

У верасні 1963 года яна выйшла замуж за Уладзіміра Цітавіча Гардзеенку, педагога мастацкага вучылішча, які стаў вядомым мастаком і быў уганараваны званнем “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”.

3_Gordeenko.jpg

У сувязі з нараджэннем дачкі Ніна Міхайлаўна ў 1965 годзе звольнілася з бібліятэкі, а ў маі 1968 года была залічана на часовую пасаду бібліятэкара ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

4_Gordeenko.jpg

Праз год Н.М. Гардзеенка была пераведзена на пастаянную пасаду ў сектар абавязковых экзэмпляраў аддзела камплектавання, дзе працавала на ўчастку па прыёме, адборы і апрацоўцы перыядычных выданняў і выданняў з працягам.

5_Gordeenko.jpg

З ліпеня 1973 года Ніна Міхайлаўна была прызначана на пасаду старшага бібліятэкара, з 1985-га ўзначаліла сектар камплектавання нацыянальнага фонду. Дзякуючы выдатным прафесійным ведам і вялікаму досведу бібліятэчнай працы ўжо праз год была пераведзена на пасаду загадчыцы аддзела. Пад яе чулым кіраўніцтвам аператыўна і якасна выконваліся задачы па фарміраванні, выкарыстанні і забеспячэнні захаванасці фонду бібліятэкі.

6_Gordeenko.jpg

Н.М. Гардзеенка вылучалася выключнай працавітасцю. Ёй было ўласціва імкненне да пастаяннага самаўдасканалення і пошуку новых метадаў у рабоце. З вялікай адказнасцю Ніна Міхайлаўна падыходзіла да выканання ўскладзеных на яе абавязкаў і заўсёды аргументавана адстойвала свой пункт гледжання.

Яна плённа займалася пытаннямі папулярызацыі беларускай літаратуры ў бібліятэках рэспублікі, пры камплектаванні фонду Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна прыкладала ўсе намаганні для дасягнення максімальнай паўнаты яго нацыянальнага складніку.

7_Gordeenko.jpg

На кіруючай пасадзе Н.М. Гардзеенка прапрацавала больш за 5 гадоў, да самага выхаду на заслужаны адпачынак.

Ніна Міхайлаўна прымала актыўны ўдзел і ў грамадскім жыцці калектыву: доўгі час была прафоргам аддзела, членам народнага кантролю бібліятэкі.

За 24 гады працоўнага стажу ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна імя Ніны Міхайлаўны не аднойчы заносілася на Дошку гонару, часта яна атрымлівала падзякі ад кіраўніцтва. У 1987 годзе за шматгадовую і добрасумленную працу з асноўнымі фондамі бібліятэкі Н.М. Гардзеенка была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры БССР. Яе прафесійныя заслугі былі адзначаны медалём “Ветэран працы”.

8_Gordeenko.jpg

Ніне Міхайлаўне ад усяго калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – самыя шчырыя віншаванні і пажаданні даўгалецця, невычэрпнай энергіі і сіл, шчасця і дабрабыту, любові і ўвагі родных і блізкіх людзей.

У публікацыі выкарыстаны фота з асабістага архіва Вольгі Уладзіміраўны Гардзеенка.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.

Аб ветэранах і супрацоўніках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы навін “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.


Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам