З 15 сакавіка па 11 красавіка ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пакой 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстаўка "Водныя рэсурсы для будучыні", прысвечаная Сусветнаму дню водных рэсурсаў і Міжнароднаму дзесяцігоддзю дзеянняў “Вада для ўстойлівага развіцця (2018–2028)”.
Ідэя правядзення Сусветнага дня водных рэсурсаў упершыню прагучала на Канферэнцыі ААН па ахове навакольнага асяроддзя і развіцці (ЮНСЕД), якая адбылася з 3 па 14 чэрвеня 1992 года ў Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія). У снежні 1992 года, Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю 47/193, у якой пастанавіла абвясціць 22 сакавіка Сусветным днём водных рэсурсаў і адзначаць яго штогод, пачынаючы з 1993 года.
Мэтай правядзення гэтага Дня з'яўляецца прапаганда актыўных дзеянняў, накіраваных на заахвочванне, захаванне і рацыянальнае выкарыстанне водных рэсурсаў.
Вада – аснова чалавечага жыцця і адзін з найбольш каштоўных прыродных рэсурсаў, без яе немагчыма чалавечае існаванне. Яна адыгрывае першарадную ролю ў самых разнастайных працэсах і з'явах жывой і нежывой прыроды. Водныя рэсурсы маюць вялікае значэнне ва ўсіх сферах эканамічнага, сацыяльнага і чалавечага развіцця.
Хоць 70 % зямной паверхні пакрыта вадой, 97 % – гэта салёная вада. З астатніх 3 % прэснай вады, амаль 70 % – замерзлая вада ледзяных шапак і леднікоў. Толькі адзін працэнт ад агульнага аб'ёму водных рэсурсаў планеты даступны для выкарыстання чалавекам. Сусветныя запасы прэснай вады не павялічваюцца, а яе спажыванне пастаянна расце. У ХХ стагоддзі насельніцтва зямнога шара вырасла ў тры разы. За гэты ж перыяд спажыванне прэснай вады павялічылася ў сем разоў.
Па даных ААН, сёння дэфіцыт водных рэсурсаў закранае больш за 40 % людзей у свеце. Доступу да чыстай вады пазбаўленыя 783 млн жыхароў планеты. Больш за 663 млн чалавек не маюць крыніц пітной вады паблізу месцаў пражывання, і каб забяспечыць сябе вадой людзі вымушаныя марнаваць вялікую колькасць часу, прастойваючы ў чэргах, або пераадольваць вялікія адлегласці пешшу. Да сярэдзіны ХXI стагоддзя колькасць тых, хто жыве пры пастаянным недахопе вады перавысіць 4 млрд чалавек.
Сусветны дзень водных рэсурсаў з'яўляецца ўнікальнай магчымасцю нагадаць чалавецтву пра надзвычайную важнасць водных рэсурсаў для навакольнага асяроддзя і развіцця грамадства.
Арганізацыяй мерапрыемстваў у рамках Дня займаецца Структура “ААН–вада” – міжустановачны механізм, створаны для вырашэння праблем у галіне водакарыстання, – а таксама дзяржавы-члены і партнёрскія агенцтвы. Кожны год гэтая Структура выбірае пэўную тэму, звязаную з будучымі або цяперашнімі выклікамі. Сёлета Дзень прысвечаны пытанню выкарыстання прыродных фактараў для пераадолення водных праблем XXI стагоддзя. Тэма Дня 2018 года – "Прырода і вада".
21 снежня 2016 года Генеральная Асамблея ААН аднадушна адобрыла рэзалюцыю A / RES / 71/222 пад назвай "Міжнароднае дзесяцігоддзе дзеянняў «Вада для ўстойлівага развіцця», 2018–2028 гады", спонсарамі якой выступілі 177 дзяржаў-членаў ААН. Дадзенае дзесяцігоддзе будзе садзейнічаць дасягненню мэтаў устойлівага развіцця ў галіне комплекснага кіравання воднымі рэсурсамі, рэалізацыі і прасоўванні праектаў і праграм у галіне водных рэсурсаў, умацаванню супрацоўніцтва, а таксама ахопліваць пытанні, звязаныя з эфектыўным выкарыстаннем водных рэсурсаў і інтэграцыяй паміж воднымі рэсурсамі, харчаваннем, энергетыкай і навакольным асяроддзем.
На выстаўцы прадстаўлена больш за 100 дакументаў на рускай і англійскай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, мімеаграфаваныя матэрыялы ААН, брашуры, буклеты.
Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:
- водныя рэсурсы свету, іх стан і выкарыстанне;
- міжнародныя прававыя дакументы ў галіне аховы, захавання і выкарыстання водных рэсурсаў;
- міжнародныя вадацёкі: ахова і кіраванне трансгранічнымі воднымі рэсурсамі;
- дэфіцыт прэснай вады – глабальная праблема;
- вада для ўстойлівага развіцця. Прырода і вада;
- выкарыстанне, стан і ахова водных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь.
Выстаўка зацікавіць вучоных, студэнтаў, аспірантаў, спецыялістаў у галіне гідралогіі, эканомікі прыродакарыстання, аховы навакольнага асяроддзя і ўсіх тых, каго хвалююць праблемы экалагічнай абароны водных рэсурсаў.
Карысныя спасылкі
- Сусветны дзень водных рэсурсаў
- Міжнароднае дзесяцігоддзе дзеянняў “Вада для жыцця”
- Афіцыйны сайт Сусветнага дня вады
- Сетка “ААН – водныя рэсурсы”
- Вада і санітарыя
- Сусветны дзень акіянаў (8 чэрвеня)
- Міжнародны год прэснай вады (2003 год)
- Міжнародны год санітарыі (2008 год)
- Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ)
- Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Аб'яднаных Нацый (ФАО)
- Праграма Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па навакольным асяроддзі (ЮНЭП)
- Матэрыялы па пытаннях трансгранічных водных рэсурсаў:
Дакументы:
- Міжнароднае дзесяцігоддзе дзеянняў “Вада для ўстойлівага развіцця”, 2018–2028 гады
- Захаванне якасці рэсурсаў прэснай вады і забеспячэнне ёю: прымяненне комплексных падыходаў да асваення водных рэсурсаў, вядзення воднай гаспадаркі і водакарыстання (Частка 18, Парадак дня на XXI стагоддзе)
- Экалагічна бяспечнае выдаленне цвёрдых адходаў і пытанні, звязаныя з ачысткай стокавых вод (Частка 21, Парадак дня на XXI стагоддзе)
- Сусветны даклад ААН аб стане водных рэсурсаў, 2017 год
- Душанбінская дэкларацыя па скарачэнні бедстваў, звязаных з вадой