ГалоўнаяМерапрыемствыЛірычны пейзажыст з Бялыніч
Запрашаем юных сяброў кнігі на музейныя заняткі “Па старонках «Малой падарожнай кніжкі» Францыска Скарыны”
Сацыяльная роўнасць і справядлівасць

Лірычны пейзажыст з Бялыніч

Лірычны пейзажыст з Бялыніч
Іншыя Мерапрыемствы
11 лютага – 20 сакавіка
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 306
Месца правядзення

З 11 лютага па 20 сакавіка ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Лірычны пейзажыст з Бялыніч”, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння Вітольда Бялыніцкага-Бірулі (1872–1957), вядомага беларускага мастака, майстра пейзажа, прадстаўніка імпрэсіянізму ў нацыянальным жывапісе.

“Любіце прыроду, працуйце на прыродзе, вывучайце яе ва ўсе поры года, кожны дзень і кожную хвіліну”, – такія кранальныя словы пакінуў мастак у сваіх успамінах, дзе звярнуўся не толькі да сваіх сучаснікаў, але нібы да ўсіх нас, яго нашчадкаў. Тонкі лірык, з дзяцінства зачараваны пяшчотнай прыгажосцю родных краявідаў, ён стварыў цэлую пейзажную галерэю вобразаў беларускай прыроды. Разам з тым, працаваўшы доўгі час у Расіі, Бялыніцкі-Біруля па-майстэрску змог адлюстраваць паэтычныя пушкінскія мясціны, “музычныя” алеі дома П. Чайкоўскага ў Кліну, перадаць суровасць Запаляр’я, халодныя адценні вады Баранцава мора.

Мастак быў незвычайнай асобай, шмат бачыў і вытрымаў: знаходзіўся ўдалечыні ад радзімы, перажыў дзвюх жонак, пахаваў дачку… Яго лёс быў няпростым, але абставіны не паменшылі яго любові да прыроды. Невыпадкова рускі мастак А. Герасімаў адзначыў: “Усё жыццё, углядаючыся ў пейзажы Вітольда Каятанавіча, бачыў, як у іх ніколі не страчваецца пяшчотнае, улюбёнае пачуццё да прыроды. Ён піша так пяшчотна, як можа пісаць толькі васямнаццацігадовы юнак, закаханы ў сваю цудоўную дзяўчыну”.

У экспазіцыі прадстаўлены рэпрадукцыі лепшых твораў мастака: “Зімовы сон”, “Змярканне юнага мая”, “Час цішыні. Возера Удомля”, “Беларусь. Зноў заквітнела вясна” і іншыя. Прыемна ўбачыць мінскія ваколіцы, Белую дачу, старыя беларускія вёскі. Бялыніцкі-Біруля стварыў новы від пейзажа – мемарыяльны: выстаўка дае магчымасць палюбавацца цудоўнымі серыямі карцін, прысвечаных дзеячам рускай культуры. Асобна прадстаўлены рэпрадукцыі індустрыяльных пейзажаў жывапісца: будаўніцтва Азоўсталі, апатытавыя руднікі г. Кіраўска, што на Кольскім паўвостраве. Варта ўбачыць і нацюрморты В.К. Бялыніцкага-Бірулі, якія менш вядомыя і рэдка экспануюцца.

Дапаўняюць экспазіцыю артыкулы пра майстра сучасных даследчыкаў яго творчасці (У. Пракапцова, Н. Усавай, Л. Камінскай), каталогі выставак пейзажыста, матэрыялы пра музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве і родныя мясціны жывапісца ў Бялынічах. Спасцігнуць тонкі ўнутраны свет мастака дапамогуць яго ўспаміны, лісты, дзённікі дачкі, а таксама аповесць-эсэ В. Карамазава “Крыж на зямлі і поўня ў небе”, прысвечаная жыццю Вітольда Каятанавіча.


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Вялікія бітвы Вялікай Айчыннай

03.06.2024

З 3 чэрвеня па 26 жніўня ў зале прававой інфармацыі (пам. 207b) адкрыта тэматычная выстава “Вялікія бітвы Вялікай Айчыннай”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі і пачатку стратэгічнай аперацыі “Баграціён” супраць фашысцкіх захопнікаў.

Беларусь няскораная

03.06.2024

З 6 мая па 5 ліпеня ў зале даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання (пам. 257) праходзіць кніжная выстава “Беларусь няскораная”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Шчасце бачыць

30.05.2024

Фотавыстаўка “Шчасце бачыць” арганізавана сумесна з Беларускім дзіцячым фондам і прымеркавана да Міжнароднага дня аховы дзяцей.

Здароўе або цыгарэта – вам выбіраць!

30.05.2024

З 30 мая па 30 чэрвеня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Здароўе або цыгарэта – вам выбіраць!”, прысвечаная Сусветнаму дню без тытуню.



Бібліятэкарам