ГалоўнаяМерапрыемствыВыстава акварэлі Марыі Сыракваш “Вандроўкі ў мінулае”
Сям’я і шлюб: прававыя асновы
Запрашаем на музейныя заняткі “Дзень птушак”

Выстава акварэлі Марыі Сыракваш “Вандроўкі ў мінулае”

Выстава акварэлі Марыі Сыракваш “Вандроўкі ў мінулае”
Іншыя Мерапрыемствы
24 сакавіка – 26 мая
Дата правядзення
12.00–23.00
Час правядзення
галерэя "Панарама" (22-гі паверх)
Месца правядзення

24 сакавіка ў галерэі “Панарама” (22-гі паверх) пачала працу выстава акварэлі Марыі Сыракваш “Вандроўкі ў мінулае”, прымеркаваная да Года гістарычнай памяці.

Марыя Сыракваш – маладая беларуская мастачка. Вучылася ў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў, у 2019 годзе паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на адзяленне графікі. Працуе ў галіне акварэльнага жывапісу. Марыя – удзельніца шматлікіх выставачных праектаў, інсталяцый, перформансаў, тэматычных конкурсаў сярод навучэнцаў.

“Вандроўкі ў мінулае” знаёмяць з улюбёнымі аб’ектамі акварэльнага жывапісу мастачкі – архітэктурнымі помнікамі, якія і сёння можна ўбачыць падчас падарожжа па Беларусі.

Выстава – вынік шматлікіх вандровак “нон-стоп” па Беларусі і ў гістарычную мінуўшчыну роднай зямлі, наведвання знакавых мясцiн i малавядомых куткоў. “У маёй падсвядомасцi адбiлiся выявы старых сядзiб i палацаў, каплiц i храмаў, старых паркавых дрэў i пакрытых iмхамi камянёў”, – кажа Марыя. У многiх мясцiнах мастачка бывала па некалькi разоў i на ўласныя вочы бачыла, як бязлiтасны час лiтаральна на вачах давяршае тое, што не паспелi зрабiць людзi. Так нарадзiлася iдэя адлюстраваць у выглядзе серыі акварэльных малюнкаў бясконцы карагод вобразаў знiкаючай Беларусi, паказаць іх чароўную прыгажосць i скамянелую гiсторыю. Серыя складаецца з некалькiх дзясяткаў прац, створаных у перыяд 2019–2021 гг.

У экспазіцыі – Крэўскі і Смалянскі замкі, царква і касцёл у Ракаве, сядзібы Рэйтанаў, Дамейкаў, Храптовічаў, касцёл у Івянцы, капліца ў Залессі, кляштар картузіянцаў, краявіды навокал Гальшанскага замка, Наваградскага фарнага касцёла і інш. На паперы зіхацяць адбіткі дзіўных дрэў, вясковых дахаў, наліваюцца дажджом нябёсы.

Бязважкасць, свежасць, атмасфернасць і празрыстасць уласцівы акварэлям мастачкі. Яе асаблівая палітра – жывапісныя колеры, упэўненыя лініі, абстрактныя вобразныя элементы, эмацыянальны кантэкст. Уяўны парыў ветра, рух травы, гульня святла на вежах, сакавітыя фарбы – акварэльныя пейзажы нібыта матэрыялізуюцца ў паветры і ўяўленні, прымройваюцца гледачам – настолькі насычана кожная выява.

Выстава прымеркавана да Года гістарычнай памяці. Сапраўды, варта ўзгадаць культурнае багацце краіны, годнасць архітэктуры, шэраг гістарычных падзей, якія стаяць за кожным помнікам, вежай, царквой і касцёлам. Рамантычныя і шчырыя акварэльныя вобразы аўтаркі даюць магчымасць зазірнуць праз чароўнае акно ў свет слаўнага мінулага нашай краіны, усвядоміць, што гістарычнае мінулае калісьці было сённяшнім днём, што зробленае ўчора дасць плён заўтра.


Наведванне экспазіцыі ўваходзіць у кошт наведвання агляднай пляцоўкі.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы агляднай пляцоўкі.

Выстаўка будзе працаваць да 26 мая 2022 г.
Дата заканчэння працы экспазіцыі можа быць зменена.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 28 33.

Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.

Мерапрыемствы

Вялікія бітвы Вялікай Айчыннай

03.06.2024

З 3 чэрвеня па 26 жніўня ў зале прававой інфармацыі (пам. 207b) адкрыта тэматычная выстава “Вялікія бітвы Вялікай Айчыннай”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі і пачатку стратэгічнай аперацыі “Баграціён” супраць фашысцкіх захопнікаў.

Беларусь няскораная

03.06.2024

З 6 мая па 5 ліпеня ў зале даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання (пам. 257) праходзіць кніжная выстава “Беларусь няскораная”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Шчасце бачыць

30.05.2024

Фотавыстаўка “Шчасце бачыць” арганізавана сумесна з Беларускім дзіцячым фондам і прымеркавана да Міжнароднага дня аховы дзяцей.

Здароўе або цыгарэта – вам выбіраць!

30.05.2024

З 30 мая па 30 чэрвеня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Здароўе або цыгарэта – вам выбіраць!”, прысвечаная Сусветнаму дню без тытуню.



Бібліятэкарам