ГалоўнаяМерапрыемствыМы прыйшлі на зямлю, каб любіць
Памяць спаленых вёсак
Выстаўка Рыгора Мяжуева “На мяжы рэальнасці”

Мы прыйшлі на зямлю, каб любіць

Мы прыйшлі на зямлю, каб любіць
Іншыя Мерапрыемствы
22 сакавіка – 30 красавіка
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 205
Месца правядзення

Юбілейная выстаўка “Мы прыйшлі на зямлю, каб любіць”, прысвечаная 75-годдзю беларускага паэта, перакладчыка, публіцыста, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Генадзя Пятровіча Пашкова, праходзіць з 22 сакавіка па 30 красавіка ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).

Генадзь Пашкоў належыць да таго пісьменніцкага пакалення, актыўнае творчае станаўленне якога прыпала на 1970-я. Друкавацца паэт пачаў яшчэ ў юнацкія гады і ўвайшоў у беларускую паэзію молада і ўпэўнена. Майстар слова істотна ўзбагаціў нацыянальную літаратуру яркімі мастацкімі вобразамі, стварыў шэдэўры інтымнай, пейзажнай і філасофскай лірыкі. Галоўныя крыніцы яго творчага натхнення – непаўторная беларуская прырода, уласны духоўны досвед і багатыя жыццёвыя назіранні.

У раздзеле выстаўкі “Зямное і вечнае” можна пазнаёміцца творчасцю паэта. Першыя вершы былі надрукаваны ў калектыўным зборніку маладых універсітэцкіх паэтаў “Натхненне” (1967). У 1975 г. Пашкоў заявіў пра сябе кнігай паэзіі з мілагучнай назвай “Кляновік”, дзе сабраны ў асноўным пейзажныя замалёўкі. У 1977 г. выйшаў зборнік яго нарысаў “Будзень як свята”. З невялікім часовым прамежкам былі выдадзены кнігі самага рознага жанравага дыяпазону: “Дыстанцыя небяспекі”, “Красный жаворонок”, “Гравюры дарог”, “Зямлю слухаю”, “Маналог на кастрышчы”, “Крокі”, “Люблю, спадзяюся, жыву…”, “Журавінавы востраў”, “Палескія вандроўнікі”, “Пціч”, “Маё лета”, “Зорнае поле”, “Колькі ў небе зор…: Смаргоншчына літаратурная...”. У раздзеле экспануюцца таксама зборнікі паэзіі для дзяцей: “Дзяўчынка з блакітным мячыкам”, “Вясёлыя канікулы”, “У далонях свету” і г.д.

У раздзеле “З голасам чыстым і звонкім” прадстаўлены паэтычныя зборнікі Г. Пашкова, у якіх гучыць роздум пра будучыню, гісторыю і культуру роднага краю, сэнс чалавечага існавання, складанасць часу, асэнсаванне ўбачанага ў іншых краінах, тэма кахання. Ім створаны паэтычныя вобразы М. Багдановіча, Я. Купалы, Ф. Скарыны. Вершы паэта рамантычна-ўзнёслыя, глыбока лірычныя. Яго творы прывабліваюць маляўнічымі краявідамі, шматгалоссем лесу і поля, водарам лугавых траў, белізной снегавых прастораў, сонечнымі фарбамі. Прагучала ў паэзіі Пашкова і трагедыя чарнобыльскай бяды. Новыя вершы і паэмы, напісаныя ў апошнія гады, увайшлі ў зборнік “Тваім святлом благаславены”. Кніга напоўнена чысцінёй і святлом пачуццяў да самага дарагога ў жыцці паэта – да жанчыны, да зямлі, дзе нарадзіўся і жыве.

Генадзь Пятровіч не абмяжоўваецца адной творчай дзейнасцю, яго захапляе рэдакцыйная і перакладчыцкая справа. Вынікі гэтай працы змешчаны ў адпаведным раздзеле выстаўкі.


Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 16.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Шчасце бачыць

30.05.2024

Фотавыстаўка “Шчасце бачыць” арганізавана сумесна з Беларускім дзіцячым фондам і прымеркавана да Міжнароднага дня аховы дзяцей.

Здароўе або цыгарэта – вам выбіраць!

30.05.2024

З 30 мая па 30 чэрвеня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Здароўе або цыгарэта – вам выбіраць!”, прысвечаная Сусветнаму дню без тытуню.

Талент, дабрыня, служэнне

24.05.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Талент, дабрыня, служэнне”, прысвечаная 180-годдзю з дня нараджэння рускага мастака Васіля Дзмітрыевіча Паленава (1844–1927), праходзіць з 24 мая па 1 ліпеня ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).



Бібліятэкарам