ГалоўнаяМерапрыемствыУ свеце дабрыні
Запрашаем на музейныя заняткі “Буквіца”
Заняткі “Цікава пачытаць” па кнізе “Моя Беларусь. Атлас для детей”

У свеце дабрыні

У свеце дабрыні
Іншыя Мерапрыемствы
7 верасня – 16 кастрычніка
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 205
Месца правядзення

Юбілейная выстаўка “У свеце дабрыні”, прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння беларускай паэтэсы, перакладчыцы, аўтара шматлікіх твораў для дзяцей Эдзі Агняцвет (1913–2000), праходзіць з 7 верасня па 16 кастрычніка ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).

Эдзі Агняцвет – паэтэса яркай індывідуальнасці. Творы яе вызначаюцца надзённасцю, глыбокім паэтычным роздумам аб жыцці, пачуццём шчырай любові да Радзімы. Яна надавала значную ўвагу важным падзеям і датам, дзеячам сусветнай і нацыянальнай культуры. Яе пранікліва-лірычныя вершы пра спаконвечныя маральныя каштоўнасці: каханне і прыроду, лёс чалавека і сэнс жыцця, будучыню чалавецтва. Вобразы, да якіх звярталася паэтэса, кранаюць гуманістычнай, пазнавальнай і развіццёвай скіраванасцю.

Э. Агняцвет бездакорна валодала словам, умела знайсці для яго тое месца, дзе яно, як кажуць, заспявае. Музыку на яе вершы пісалі М. Аладаў, І. Лучанок, У. Алоўнікаў, Г. Вагнер, Я. Глебаў, Ю. Семяняка і іншыя кампазітары. Сярод яе твораў – вядомыя песні “Мы яшчэ сустрэнемся”, “Зямля з блакітнымі вачамі” і інш. У Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца больш за 100 нотных выданняў, дзе змешчаны песні на словы паэтэсы. Некаторыя з гэтых выданняў можна ўбачыць на выставачных паліцах.

У першым раздзеле выстаўкі “Азбука пачуццяў” прадстаўлены зборнікі паэзіі “Маё пакаленне” (1935), “Вершы” (1938), “Вясновай раніцай” (1941), “Край мой родны” (1945), “Дарога ў будучыню” (1949), “Беларуская рабіна” (1959), “Лірыка” (1965) і інш.

Э. Агняцвет актыўна займалася перакладчыцкай дзейнасцю. Яна пераклала на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, М. Някрасава, У. Маякоўскага, М. Ушакова, А. Барто, С. Міхалкова і інш., пазнаёміла беларускіх чытачоў з творчасцю П. Беранжэ, Г. Апалінэра, А. Экзюперы. Таксама ў экспазіцыі – кнігі і зборнікі, дзе надрукаваны яе творы, перакладзеныя на мовы свету.

У другім раздзеле “Радкі, поўныя сонца” прадстаўлены яе творы для дзяцей. Гэта такія кнігі, як “Васількі” (1947), “Будзем сябраваць” (1955), “Твае таварышы” (1957), “Госць з далёкай зямлі” (1958), “Ад зярнятка да вясёлкі” (1981), “Хто пачынае дзень?” (1982), “Хай часцей смяюцца дзеці” (1997), “У свеце дабрыні” (2013) і інш.

У апошнім раздзеле “На паэтычным небасхіле” экспануюцца кнігі і артыкулы пра жыццё і творчы шлях паэтэсы.

Эдзі Сямёнаўна шчодра аддавала свой талент мастака і педагога дзецям. Яна ўзнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Х. Андэрсана за кнігу вершаў і перакладаў для дзяцей “На двары Алімпіяда”.


Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 16.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Чацвёртая выстаўка цыкла “Зара вызвалення займаецца над Беларуссю”

07.06.2024

Напярэдадні святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (3 ліпеня) і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў экспануецца заключная частка выхаваўча-патрыятычнага цыкла “Зара вызвалення займаецца над Беларуссю”, які звяртаецца да хронікі падзей і да ўвекавечання памяці аб героях-удзельніках.

Вялікія бітвы Вялікай Айчыннай

03.06.2024

З 3 чэрвеня па 26 жніўня ў зале прававой інфармацыі (пам. 207b) адкрыта тэматычная выстава “Вялікія бітвы Вялікай Айчыннай”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі і пачатку стратэгічнай аперацыі “Баграціён” супраць фашысцкіх захопнікаў.

Беларусь няскораная

06.05.2024

З 6 мая па 5 ліпеня ў зале даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання (пам. 257) праходзіць кніжная выстава “Беларусь няскораная”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Шчасце бачыць

30.05.2024

Фотавыстаўка “Шчасце бачыць” арганізавана сумесна з Беларускім дзіцячым фондам і прымеркавана да Міжнароднага дня аховы дзяцей.



Бібліятэкарам