З 28 лістапада па 16 студзеня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная выстаўка “Прававая і сацыяльная абарона інвалідаў”, прысвечаная Міжнароднаму дню інвалідаў.
Гэты Дзень быў абвешчаны Генеральнай асамблеяй ААН у 1992 годзе (рэзалюцыя А/RES/47/3) падчас правядзення Дзесяцігоддзя інвалідаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (1983–1992) і штогод адзначаецца 3 снежня.
Інвалідам прызнаецца асоба, якая ў сувязі з абмежаваннем жыццядзейнасці з прычыны наяўнасці фізічных або разумовых недахопаў мае патрэбу ў сацыяльнай дапамозе і абароне. На сённяшні дзень на планеце пражывае прыкладна 1 млрд інвалідаў, або каля 15 % насельніцтва свету. Людзі з інваліднасцю дэманструюць больш нізкія рэзультаты адносна здароўя, больш нізкія дасягненні ў галіне адукацыі, меншую эканамічную актыўнасць і больш высокія паказчыкі беднасці, чым неінваліды. Гэта звязана з тым, што інваліды сутыкаюцца з фізічнымі, сацыяльна-эканамічнымі і паводзіннымі бар’ерамі, якія выключаюць іх з поўнамаштабнага, эфектыўнага і раўнапраўнага ўдзелу ў жыцці грамадства.
Менавіта таму правядзенне Міжнароднага дня інвалідаў накіравана на прыцягненне ўвагі грамадства да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі, абарону іх годнасці, праў і дабрабыту.
У снежні 2006 года Генеральная асамблея ААН прыняла Канвенцыю аб правах інвалідаў. Гэтая канвенцыя, якая налічвае 169 удзельнікаў, – адзін з найбольш шырока ратыфікаваных міжнародных дакументаў па правах чалавека. Яе прыняцце дазволіла нацыянальным і мясцовым уладам, дзелавым колам, а таксама ўсім суб’ектам грамадства актывізаваць і аб’яднаць намаганні, накіраваныя на ліквідацыю дыскрымінацыі, фізічных і паводзінных бар’ераў, якія не дазваляюць інвалідам карыстацца сваімі грамадзянскімі, палітычнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі правамі.
Прыняцце Канвенцыі аб правах інвалідаў стала лагічным працягам шматгадовай працы ААН у гэтым напрамку. А Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года і шэраг асноўных глабальных стратэгій у галіне развіцця замацоўваюць асновы дзейнасці па далейшым умацаванні правоў інвалідаў. Парадак дня да 2030 года накіраваны на дасягненне дабрабыту для ўсіх жыхароў планеты. Інваліды могуць унесці свой пасільны ўклад у вырашэнне гэтай задачы. Тэма міжнароднага Дня ў 2017 годзе – “Змены, накіраваныя на стварэнне ўстойлівых супольнасцей для ўсіх”.
Рэспубліка Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў 18 кастрычніка 2016 года. Асноватворны дакумент, закліканы забяспечыць стварэнне неабходных умоў і механізмаў для рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі ў нашай краіне, – Нацыянальны план дзеянняў па рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў на 2017–2025 гады.
На сённяшні момант у рэспубліцы пражывае 555 тыс. інвалідаў, у тым ліку 29 тыс. дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў. Удзельная вага інвалідаў у агульнай колькасці насельніцтва складае 5,8 %. Сацыяльная абарона інвалідаў – адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, накіраванай на забеспячэнне іх роўнасці і паўнапраўны ўдзел у жыцці грамадства. У рэспубліцы дзейнічаюць рэабілітацыйныя ўстановы, распрацоўваюцца і ўкараняюцца сучасныя тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі, ствараецца безбар’ернае асяроддзе.
Прапанаваная чытачам выстаўка налічвае каля 70 дакументаў на рускай і англійскай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, брашуры.
Большую частку экспазіцыі складаюць дакументы міжнародных арганізацый (ААН, ЮНЕСКА, Еўрапейскага саюза, Савета Еўропы і інш.).
Экспазіцыя складаецца з наступных тэматычных раздзелаў:
- Інваліды і грамадства (агульныя пытанні)
- Міжнародныя нормы і стандарты адносна інвалідаў, правы інвалідаў
- Сацыяльная абарона і адукацыя інвалідаў
- Праблемы дзіцячай інваліднасці
- Медыцынская і псіхалагічная рэабілітацыя інвалідаў
- Прававая бяспека сацыяльнай абароны інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь
Выстаўка будзе цікавая спецыялістам у галіне сацыяльнай палітыкі і сацыяльнай работы, медыцынскім работнікам і работнікам службаў сацыяльнай абароны насельніцтва, сацыёлагам, самім інвалідам, студэнтам і выкладчыкам сацыяльных дысцыплін.
Карысныя спасылкі
Міжнародныя інструменты
- Канвенцыя аб правах інвалідаў (2006)
- Выніковы дакумент пасяджэння высокага ўзроўню Генеральнай асамблеі, прысвечанага пытанням дасягнення мэт у галіне развіцця, сфармуляваных у Дэкларацыі тысячагоддзя, і іншых узгодненых на міжнародным узроўні мэт у галіне развіцця ў інтарэсах інвалідаў: шлях наперад – парадак дня ў галіне развіцця з удзелам інвалідаў на перыяд да 2015 года і пасля яго (2013)
- Стандартныя правілы забеспячэння роўных магчымасцей для інвалідаў (1993)
- Прынцыпы абароны псіхічна хворых асоб і паляпшэння псіхіятрычнай дапамогі (1991)
- Сусветная праграма дзеянняў адносна інвалідаў (1982)
- Дэкларацыя аб правах інвалідаў (1975)
- Дэкларацыя аб правах разумова адсталых асоб (1971)
Сістэма ААН
- UN Enable – Развіццё і правы чалавека для ўсіх
- Камітэт па правах інвалідаў
- Інваліднасць і статыстыка (EN)
- МАП: Інваліднасць і занятасць (EN)
- УВКПЧ: Правы інвалідаў
- ЮНЕСКА: Дзеці з абмежаванымі магчымасцямі (EN)
- УВКБ ААН: Перамешчаныя асобы-інваліды (EN)
- ЮНІСЕФ: Інваліднасць (EN)
- СААЗ: Інваліднасць
- ААН: Жанчыны (EN)
Мерапрыемствы
- Пасяджэнне высокага ўзроўню па тэме “Шлях наперад: парадак дня ў галіне развіцця да 2015 года і на наступны перыяд, які ахоплівае пытанні інваліднасці” (23 верасня 2013 года)
Міжнародныя дні:
- Міжнародны дзень інвалідаў (3 снежня)
- Сусветны дзень людзей з сіндромам Дауна (21 сакавіка)
- Сусветны дзень распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму (2 красавіка)
- Дзень праў чалавека (10 снежня)