З 14 снежня па 20 студзеня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць юбілейная выстаўка “Сэнс жыцця – у пошуку…”, прысвечаная 80-годдзю беларускага крытыка і літаратуразнаўца, акадэміка НАН Беларусі У.В. Гніламёдава.
Сваімі працамі Уладзімір Васільевіч Гніламёдаў унёс значны ўклад у развіццё літаратурнай навукі. Ён даследуе сучасную беларускую паэзію, гісторыю, тэорыю і метадалогію беларускай літаратуры і літаратурнай крытыкі.
Як адзначыў літаратуразнавец А.А. Яскевіч, “Уладзімір Васільевіч належыць да тых людзей, якія здольныя не толькі паспяваць за нашым бурлівым і хуткаплынным часам, але і па-навуковаму асэнсоўваць складаныя падзеі літаратурнага і культурнага жыцця, маюць зайздросны талент быць заўсёды мудра разважлівымі і адначасова дзёрзкімі і смелымі ў творчых асэнсаваннях і ацэнках”.
У даследчыцкім арсенале вучонага – як традыцыйныя метадалагічныя прыёмы, так і найноўшыя спосабы раскрыцця законаў, па якіх развіваецца мастацкае слова. Навуковы інтарэс даследчыка распаўсюджваецца як на асобных аўтараў (Я. Колас, А. Куляшоў, В. Зуёнак, Е. Лось, К. Кірэенка, М. Танк, П. Панчанка і інш.), так і на беларускую літаратуру ХХ ст. як адну з формаў нацыянальнай духоўна-эстэтычнай свядомасці. На выстаўцы прадстаўлены шматлікія манаграфіі літаратуразнаўца, сярод якіх “Іван Мележ: нарыс жыцця і творчасці”, “Янка Купала: жыццё і творчасць”, “Пятрусь Броўка”, “Класікі і сучаснікі”, “Традыцыі і наватарства”, “Сучасная беларуская паэзія” і інш., а таксама літаратуразнаўчыя артыкулы ў калектыўных зборніках і часопісах.
Акрамя таго, экспазіцыя дае магчымасць наведвальнікам пазнаёміцца з Уладзімірам Гніламёдавым – таленавітым празаікам. Цыкл раманаў пісьменніка – “Уліс з Прускі”, “Расія”, “Вяртанне”, “Валошкі на мяжы”, ”Вайна” – гэта панарамная карціна жыцця беларуса-заходніка, энцыклапедыя ведаў пра сацыяльныя, палітычныя, гістарычныя і этнаграфічныя аспекты быцця чалавека з народа ў першай палове ХХ ст.
Асобны раздзел выстаўкі прысвечаны працы Уладзіміра Васільевіча ў якасці навуковага рэдактара і члена рэдакцыйнай калегіі. Пры яго ўдзеле выйшлі навуковыя працы “Гісторыя беларускай літаратуры ХІ–ХІХ стагоддзяў”, “Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя”, серыя кніг “Залатая калекцыя беларускай літаратуры”, шматтомныя зборы твораў беларускіх пісьменнікаў, кнігі В.С. Макарэвіча “Святло імёнаў дарагіх”, В.П. Жураўлёва “Непадкупны суд памяці”, навуковае выданне “Паэтыка літаратурных сувязей” і інш.
Завяршаюць экспазіцыю матэрыялы пра жыццё і творчасць юбіляра.
Кантактны тэлефон: (8 017) 293 27 16.