ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Музейныя заняткі на выстаўцы “Францыск Скарына і яго эпоха”
Не помнікі, а жывыя людзі

Вобразы беларускіх друкаваных выданняў ХІХ–ХХІ стст.

Вобразы беларускіх друкаваных выданняў ХІХ–ХХІ стст.
Іншыя Навіны

У межах міжнароднай выстаўкі “Францыск Скарына і яго эпоха” размешчана экспазіцыя “Вобразы беларускіх друкаваных выданняў ХІХ–ХХІ стст.”.


Трыста прапанаваных выданняў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі перадаюць вобразы трох стагоддзяў беларускага друку. Усе сабраныя ў экспазіцыі выданні вельмі каштоўныя. Па-першае, гэта арыгіналы. Па-другое, гэта “жывыя” асобнікі, якімі на працягу пэўнага часу, актыўна карысталіся і карыстаюцца чытачы бібліятэкі.

ХІХ стагоддзе прадстаўлена выданнямі, якія адлюстроўваюць тэматыку, геапалітычныя ўмовы, рэпертуар тагачаснага беларускага друку і захаваліся ў фондзе бібліятэкі ў найлепшым стане.

ХІХ ст. у экспазіцыі прадстаўлена выданнямі, друкаванымі лацініцай, пераважна польскамоўнымі, а таксама кнігамі, напісанымі на тагачаснай беларускай мове. У першым раздзеле можна пабачыць творы грамадскіх дзеячаў і творцаў у галіне навукі і культуры: братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў, Т. Нарбута, А. Кіркора, У. Сыракомлі і інш., а таксама прыжыццёвыя выданні класікаў беларускай літаратуры А. Міцкевіча, Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча. Як правіла, пісалі і друкаваліся яны на польскай мове, але ў большасці сваіх твораў адлюстроўвалі жыццё нашай краіны, яе гісторыю, выступалі як шчырыя патрыёты Беларусі.

Пры аналізе друкаваных кірыліцаю кніг XIX ст., культурна і гістарычна звязаных з Беларуссю, прасочваецца пэўная заканамернасць: пераважаюць апісанні этнографаў, выданні фальклорных запісаў, даследаванні помнікаў старажытнай гісторыі і літаратуры. Гэта шэраг капітальных прац па гісторыі, этнаграфіі, фальклоры, мове і літаратуры Беларусі, у тым ліку працы А. Сапунова, М. Нікіфароўскага, М. Доўнара-Запольскага, мовазнаўчыя даследаванні І. Насовіча, Я. Карскага і інш.

Пачатак ХХ стагоддзя характарызуецца хуткім развіццём беларускага кнігадрукавання, цэнтрамі якога сталі Пецярбург, Вільня, Мінск, Віцебск, Гродна і Магілёў. У 1905 г. расійскія ўлады адмянілі забарону беларускамоўнага друку, у выніку чаго беларуская кніга выйшла ў народ. З’явіліся легальныя газеты, часопісы, лемантары, чытанкі, падручнікі, краязнаўчыя і мастацкія выданні на беларускай мове.

20-30-я гг. ХХ ст. прадстаўлены ў экспазіцыі найцікавейшымі прыкладамі кніжнай графікі. Лепшыя мастакі-графікі працавалі пры Дзяржаўным выдавецтве БССР. Сярод іх – П. Гуткоўскі, Г. Змудзінскі, М. Філіповіч, В. Волкаў, А. Тычына, М. Эндэ, М. Малевіч. З’явіліся новыя ілюстратары – В. Літко, Г. Ізмайлаў, М. Гусеў, М. Сяўрук.

Каштоўнымі гістарычнымі крыніцамі экспазіцыі з’яўлюцца выданні часоў Вялікай Айчыннай вайны. Яны ствараліся беларускімі пісьменнікамі, партызанамі, падпольшчыкамі. Друкаваліся ў эвакуацыі і былі сапраўднай зброяй у барацьбе з захопнікамі.

Кнігадрукаванне другой паловы ХХ – пач. ХХІ ст. адлюстравана ў экспазіцыі сімвалічна – праз выданні, узнагароджаныя Дыпломам імя Францыска Скарыны – вышэйшай узнагародай Беларусі за выдатныя дасягненні ў мастацкім афармленні і паліграфічным выкананні друкаваных выданняў, якая была ўстаноўленa ў 1967 г. у сувязі з 450-годдзем беларускага кнігадрукавання і прысуджаецца на рэспубліканскім (цяпер – Нацыянальным) конкурсе “Мастацтва кнігі”.

Экспазіцыя “Вобразы беларускіх друкаваных выданняў ХІХ–ХХІ стст.” працуе з 15 верасня па 31 снежня ў выставачнай зале (пам. 104) у межах міжнароднай выстаўкі “Францыск Скарына і яго эпоха”.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 28 86.

Навіны

Кнігі пра вайну бібліятэцы падарыла сям’я з Чалябінска

29 Май 2024

Традыцыйна Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымлівае ў дар кніжныя выданні не толькі ад беларускіх літаратараў, але і ад аўтараў твораў краін блізкага і далёкага замежжа.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У бібліятэцы прайшоў Адзіны дзень інфармавання

29 Май 2024

29 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў Адзіны дзень інфармавання з удзелам дэлегата Усебеларускага народнага сходу ад галіны “Культура”, члена пастаяннай камісіі Мінгарсавета Святланы Вінакуравай.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Дзіцячае МЕГАсвята “Разумнейшыя за ўсіх на свеце!”

28 Май 2024

1 чэрвеня з 12.00 да 15.00 Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае дзяцей і іх бацькоў на дзіцячы конкурс “Разумнейшы за ўсіх на свеце!”, прымеркаваны да Дня абароны дзяцей.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам