12 красавіка ў галерэі “Атрыум” адкрылася фотадакументальная выстаўка “Беларуска-італьянскія культурныя сувязі ў гісторыі і сучаснасці”.
Выставачны праект арганізаваны Пасольствам Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва.
Гэтым важным мерапрыемствам ў межах Года італьянскай культуры ў Беларусі адзначаецца 25-я гадавіна ўсталявання дыпламатычных зносінаў паміж Італьянскай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь. На працягу чвэрці стагоддзя адносіны паміж краінамі вызначаліся шэрагам мерапрыемстваў у галіне культуры, эканомікі, якія дазволілі ўмацаваць сяброўства паміж народамі Беларусі і Італіі.
На выстаўцы прадстаўлены матэрыялы з афіцыйных архіваў Міністэрства замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Італьянскай Рэспублікі, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускага тэлеграфнага агенцтва (БелТА), Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Сярод экспанатаў – вербальныя ноты, службовыя лісты і тэлеграмы, пратакольныя фотаздымкі, асабістыя дакументы беларускіх оперных спевакоў М. Забэйды-Суміцкага, П. Конюха, В. Скарабагатава, пераклады вершаў, зробленыя М. Танкам, М. Стральцовым, Я. Семяжонам, праграмы навуковых канферэнцый і іншыя матэрыялы. Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадставіла кніжную экспазіцыю, у якой – выданні пра першадрукара Францыска Скарыну, каралеву Рэчы Паспалітай і вялікую княгіню літоўскую Бону Сфорца, унікальная кніга “Песня пра постаць, дзікі нораў зубра і паляванне на яго” Міколы Гусоўскага.
У адкрыцці выстаўкі прынялі ўдзел Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Стэфана Б’янкі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Пётр Краўчанка, першы міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Яўген Шастакоў, намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Ганна Запартыка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Музычную частку вернісажу прадставіў ансамбль “Bon Voyage” пад кіраўніцтвам Вольгі Перагуд.
Пазнаёміцца з экспазіцыяй можна да 16 мая 2017 года.
Дата заканчэння работы выстаўкі можа быць зменена.
Тэлефоны для даведак: (8 017) 293 27 56, 293 79 80, 266 37 37.
Е-mail: pr@nlb.by