4 красавіка ў бібліятэцы адкрылася выстаўка твораў сучасных беларускіх мастакоў са збору ААТ “Белінвестбанк”.
Ужо чвэрць стагоддзя Белінвестбанк не толькі прадастаўляе поўны спектр фінансавых паслуг, але і ўдзельнічае ў сацыяльна значных ініцыятывах, падтрымлівае нацыянальныя культурныя праекты, а таксама дапамагае грамадскім арганізацыям і аб’яднанням. Неаднаразова банк аказваў спонсарскую падтрымку ў правядзенні міжнародных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў – “Славянского базара”, “Лістапада” і інш. За важкі ўклад у развіццё і станаўленне айчыннай культуры ў 2014 годзе Белінвестбанк быў узнагароджаны дыпломам “Мецэнат культуры Беларусі”.
Гонарам банка з’яўляецца збор твораў мастацтва, напісаных у 1990-я гады. З прычыны свайго 25-годдзя Белінвестбанк прадставіў са сваёй калекцыі шырокай публіцы 44 творы сучасных беларускіх мастакоў. Гасцей мерапрыемства парадавалі работы, прысвечаныя вясновай тэматыцы. Родная прырода расцвітае на палотнах мастакоў і абуджае да жыцця ўсіх, хто ўмее да яе прыслухоўвацца. Тут і “Вясновыя матывы” С. Бойкі, “Бэз” Ф. Кісялёва, “Вясна” С. Давыдовіча і “Яблыні ў квецені” невядомага аўтара. Знаўцы гісторыі змаглі пазнаёміцца з работамі М. Басалыгі – “Князь Давыд Гарадзенскі”, “Канцлер ВКЛ Леў Сапега”, “Грунвальдская бітва 1410 г.”. Розныя па тэматыцы і тэхніцы выканання творы з’яўляюцца зборным вобразам Радзімы вачамі беларускіх мастакоў – з яе маляўнічай прыродай, незвычайнай архітэктурай і багатай гісторыяй.
Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі падзякаваў кіраўніцтву Белінвестбанка за цесныя партнёрскія стасункі і рэалізацыю сумесных праектаў, а таксама выказаў упэўненасць у тым, што святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання адкрые новыя гарызонты для супрацоўніцтва і плённай сумеснай працы.
Старшыня праўлення Белінвестбанка Андрэй Брышцелеў у сваім выступленні адзначыў, што захаванасць духоўнага нацыянальнага багацця з’яўляецца адным з важных кірункаў у дзейнасці банка. Сёння ў карпаратыўнай калекцыі жывапісу – звыш ста карцін, сорак з якіх, найбольш каштоўных, прадставілі на агляд наведвальнікаў бібліятэкі.
У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні Асацыяцыі беларускіх банкаў Аляксандр Кучынскі і старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік, члены Беларускага саюза мастакоў Сяргей Давідовіч, Алесь Суша і іншыя мастакі – аўтары карцін са збору ААТ “Белінвестбанк”.
Азнаёміцца з экспазіцыяй можна ў галерэі “Ракурс” (2-гі паверх) да 2 мая 2017 года.
Дата заканчэння работы выстаўкі можа быць зменена.
Тэлефоны для даведак: (8 017) 293 27 56, 293 28 23, 266 37 37.
Е-mail: pr@nlb.by