ГалоўнаяНавіныМастацкія выстаўкі
Форум “Гісторыя для будучыні. Расія і Беларусь”
Нацыянальную бібліятэку наведала дэлегацыя Башкартастана

Вышыты раманс

Вышыты раманс
Іншыя Навіны

Мастацкая выстаўка Таісіі Кухчынскай “Вышыты раманс”, прымеркаваная да Дня маці, пачала працаваць 12 кастрычніка ў галерэі “Панарама” (22-гі паверх).

Экспазіцыя зладжана сумесна з клубам “Прырода і фантазія”, членам якога з’яўляецца мастачка. Клуб існуе з 1968 года і спачатку функцыянаваў як секцыя “Прырода і творчасць” пры сталічным “Доме прыроды” і Беларускім таварыстве аховы прыроды. 40 гадоў членам клуба была народная артыстка БССР Стэфанія Станюта. У 2023 годзе клубу аматараў і творцаў споўнілася 55 гадоў.

Таісія Кухчынская займаецца дэкаратыўным мастацтвам больш за 60 гадоў, яе работы ўдзельнічалі ў сумесных выстаўках клуба, адбылося некалькі персанальных выставак у бібліятэках горада. У 2019-м творы мастачкі экспанаваліся на фестывалі “Славянскі базар” і атрымалі 2-е месца ў намінацыі “Вышыўка стужкай”.

Экспазіцыя “Вышыты раманс” прадстаўляе работы, выкананыя ў тэхніках алмазнай мазаікі, вышыўкі стужкамі, крыжыкам і бісерам, а таксама ў змешаных тэхніках.

Важна, што гісторыя вышыўкі шаўковымі стужкамі, бісерам, дэкаратыўнай мазаікай і ніткамі сыходзіць у глыб вякоў, захоўваючы ў кожным шыўку спрадвечную мудрасць і назапашаныя стагоддзямі веды. Карані найстаражытнейшых відаў рамесніцтва можна адшукаць ва ўсіх краінах свету. Вышываннем спрадвеку захапляліся і майстрыхі на Русі, і рамесніцы на Усходзе, і мастакі-індзейцы ў Паўночнай Амерыцы. Сёння рукадзельнае мастацтва натхнёна і плённа развіваецца і ў Беларусі.

“Вышыты раманс” – гэта пейзажы, нацюрморты, партрэты, архітэктурныя і кветкавыя кампазіцыі. Чароўны свет ствараецца на кавалачках тканіны з дапамогай маленькай іголкі і рознакаляровых нітачак, ззяючых кропляў бісерынак і стужак. Лірычныя, рамантычныя сюжэты ўзнікаюць пад рукамі аўтаркі ў разнастайнасці колераў і адценняў. Надзвычайная дэталёвасць дае магчымасць не толькі перадаць багатую каляровую гаму, але і стварае адчуванне, што перад гледачом не вышыўка, а карціна, напісаная алеем. Дэкаратыўныя работы напоўнены ўтульнасцю і цяплом вобразаў.

З кожным годам, з жыццёвым вопытам расце майстэрства мастачкі, не знікае яе жаданне несці радасць людзям, упрыгожваць жыццё жывапіснай вышыўкай, дзе кожны шывок матэрыялам зроблены ад сэрца і дзеля таго, каб зрабіць свет больш добрым і шчаслівым.

Вясновая раніца, летняе мора, лясны пейзаж, лунаючыя ў летнім марыве жаночыя сілуэты, абрысы начнога горада, багацце кветак – усе створаныя з матчынай руплівасцю, цярплівасцю, дабрынёй работы ладзяць святочную прастору выстаўкі “Вышыты раманс” і становяцца своеасаблівым падарункам і падзякай мамам – наведвальніцам галерэі.


Выстаўка будзе працаваць да 14 студзеня 2024 года.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.

Наведванне экспазіцыі ўваходзіць у кошт наведвання агляднай пляцоўкі.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы агляднай пляцоўкі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 368 37 37.

Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.

Навіны

“На сцежках светлай вясны” Паўлюка Труса

21 Май 2024

16 мая ўдзельнікі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі Уздзенскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Труса, дзе ўзялі ўдзел у літаратурна-музычным свяце “На сцежках светлай вясны…”, прымеркаваным да 120-годдзя з дня нараджэння выдатнага паэта, удзельніка літаб’ядання “Маладняк”, ураджэнца Уздзеншчыны Паўлюка Труса (1904–1929).

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт

20 Май 2024

17 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках адукацыйнага семінара “Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт” прайшоў практычны трэнінг па правядзенні патэнтнага пошуку.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У песні ёсць крылы

22 Май 2024

Юбілейная кніжная выстаўка “У песні ёсць крылы”, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта Адама Герасімавіча Русака (1904–1987), праходзіць з 22 мая па 13 чэрвеня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам