ГалоўнаяНавіныМастацкія выстаўкі
Бяспечная, рэгуляваная і легальная міграцыя ў XXI стагоддзі
У БДУ падвялі вынікі 30-гадовага супрацоўніцтва Беларусі і Ірана

Выстаўка “Адметныя 85”: да 85-годдзя Беларускага саюза мастакоў

Выстаўка “Адметныя 85”: да 85-годдзя Беларускага саюза мастакоў
Іншыя Навіны

14 снежня ў бібліятэцы адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Адметныя 85”, прымеркаванай да юбілею Беларускага саюза мастакоў (БСМ).

Выстаўка зладжана ў межах Трыенале сучаснага беларускага мастацтва, якое знаёміць з лепшымі традыцыямі і дасягненнямі нацыянальнага выяўленчага мастацтва. Бібліятэка прымае ўдзел у маштабнай мастацкай падзеі ўжо не першы год.

Сёння Беларускі саюз мастакоў – гэта значнае для краіны аб’яднанне майстроў выяўленчага мастацтва, якія займаюцца не толькі творчасцю, але і арганізацыяй выставак, выкладчыцкай дзейнасцю, папулярызацыяй айчыннага мастацтва, захаваннем нацыянальных мастацкіх каштоўнасцей. Праект “Адметныя 85” знаёміць з разнастайным, выразным, своеасаблівым беларускім жывапісам 1950-х – 1990-х гг., прадстаўляе работы найвыдатнейшых беларускіх жывапісцаў, якія зрабілі адметны ўнёсак у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва, у развіццё і дзейнасць БСМ, – работы аўтараў, якія ў розныя часы займалі пасаду старшыні саюза, выконвалі абавязкі кіраўніка саюза, былі адзначаны званнямі народных мастакоў Беларусі (альбо БССР), заслужаных дзеячаў мастацтва, культуры Беларусі (альбо БССР), лаўрэатаў дзяржаўных узнагарод і інш.

У экспазіцыі – творы, якія адлюстроўваюць значныя этапы станаўлення айчыннага жывапісу, уплыў падзей гісторыі і культуры краіны, характэрныя рысы часу, выбар жанраў і стыляў. Майстры жывапісу, гонар беларускага выяўленчага мастацтва, аўтары “Адметных 85” – Іван Ахрэмчык, Яўген Зайцаў, Уладзімір Сухаверхаў, Павел Гаўрыленка, Павел Масленікаў, Віталь Цвірка, Натан Воранаў, Уладзімір Стэльмашонак, Віктар Грамыка, Віктар Пратасеня, Уладзімір Гардзеенка, Анатоль Бараноўскі, Гаўрыіл Вашчанка, Аляксандр Кішчанка, Георгій Паплаўскі, Леанід Шчамялёў, Уладзімір Тоўсцік і інш. Мастакі перадаюць складаны пасляваенны час, аднаўленне краіны, вялікую ўвагу надаюць краявідам радзімы, вобразам рабочага класа і беларускім творцам. Партрэты і пейзажы прасякнуты рамантычным подыхам 70-х – 80-х. У нацюрмортах і кампазіцыях адчуваецца авангардны пошук 80-х – 90-х гг. Увогуле жывапісу ўласцівы глыбокі па-за-змест, абагульненасць, “апісанне” заўжды выходзіць за межы прадмета і сюжэта.

На выстаўцы экспануюцца і рэдкія дакументы аб дзейнасці найстарэйшай у Беларусі грамадскай творчай арганізацыі, каталогі калектыўных і персанальных выставак, альбомы-каталогі выставак саюза і яго асобных секцый, тэматычныя артыкулы мастацтвазнаўцаў у рэспубліканскіх часопісах, прысвечаныя гісторыі яго стварэння і дзейнасці.

Бібліятэка як захавальніца нацыянальнай гісторыі і культуры з гонарам прадстаўляе “Адметныя 85” – вынік плённай працы з багатымі фондамі Беларускага саюза мастакоў. Шмат сумесных з саюзам праектаў здзейснена, спадзяёмся – наперадзе яшчэ больш яскравыя.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Віктар Пшыбытка, першы намеснік  старшыні Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч, галоўны захавальнік фондаў Беларускага саюза мастакоў  Кацярына Пінчук, загадчык кафедры малюнка мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар, народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік.


Запрашаем наведаць выстаўку ў галерэі “Атрыум” (3-ці паверх) да 25 лютага 2024 года.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.

Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 368 37 37.

Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.

Навіны

“На сцежках светлай вясны” Паўлюка Труса

21 Май 2024

16 мая ўдзельнікі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі Уздзенскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Труса, дзе ўзялі ўдзел у літаратурна-музычным свяце “На сцежках светлай вясны…”, прымеркаваным да 120-годдзя з дня нараджэння выдатнага паэта, удзельніка літаб’ядання “Маладняк”, ураджэнца Уздзеншчыны Паўлюка Труса (1904–1929).

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт

20 Май 2024

17 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках адукацыйнага семінара “Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт” прайшоў практычны трэнінг па правядзенні патэнтнага пошуку.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У песні ёсць крылы

22 Май 2024

Юбілейная кніжная выстаўка “У песні ёсць крылы”, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта Адама Герасімавіча Русака (1904–1987), праходзіць з 22 мая па 13 чэрвеня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам