З 20 па 23 красавіка Нацыянальная бібліятэка Беларусі прымае ўдзел у XVII Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях "ТІБО-2010".
Па маштабе экспазіцый, складзе ўдзельнікаў, колькасці наведвальнікаў і ўвазе з боку СМІ форум "ТІБО" па-ранейшаму з’яўляецца лідэрам сярод выставачных мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь. Выстаўка разлічана на шырокую аўдыторыю зацікаўленых асоб, як прафесіяналаў, так і звычайных карыстальнікаў.
Удзел у форуме "ТІБО" стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця міжнароднага супрацоўніцтва, усебаковых зносін спецыялістаў, спрыяе рэалізацыі стратэгіі інавацыйнага развіцця краіны, укараненню перадавых тэхналогій.
На стэндзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прадстаўлены яе інфармацыйныя рэсурсы і паслугі – "Віртуальная чытальная зала", "Нацыянальная бібліятэка ў прэсе", "Віртуальны цэнтр прававой інфармацыі", "Электронны архіў нацыянальнай перыёдыкі", "Электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі", рэклама на будынку і інш. Наведвальнікі маюць магчымасць азнаёміцца з выдавецкай і паліграфічнай дзейнасцю бібліятэкі, яе разнастайнай інфармацыйнай прадукцыяй, у тым ліку з базамі даных як уласнай вытворчасці, так і вядучых сусветных вытворцаў.
Запрашаем ўсіх зацікаўленых асоб наведаць стэнд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі на выстаўцы "ТІБО-2010".