ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
ІІІ Міжнародны бібліяграфічны кангрэс
Няскончаныя творы класікаў

Семінар “Імёны, прозвішчы, мянушкі: што гавораць генеалагічныя крыніцы?” (+відэа)

Семінар “Імёны, прозвішчы, мянушкі: што гавораць генеалагічныя крыніцы?” (+відэа)
Іншыя Навіны

27 красавіка ў бібліятэцы прайшоў семінар па генеалогіі. Мерапрыемства адбылося па ініцыятыве навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў супрацы са спецыялістамі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.

Праграма семінара ўключала даклады экспертаў у галіне генеалогіі, якія закранулі цікавую тэму даследаванняў, звязаную з імёнамі, мянушкамі і прозвішчамі.

1. Суша А.А..jpg

Мадэратарам мерапрыемства выступіў Аляксандр Суша, кандыдат культуралогіі, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які нагадаў пра вялікую цікавасць грамадства да гісторыі ўласных радаводаў і сваіх каранёў, што робіць вельмі запатрабаванымі і актуальнымі генеалагічныя даследаванні. Выступоўца акрэсліў шэраг інстытуцый у свеце і Беларусі, якія займаюцца вывучэннем дадзенага пытання. Аляксандр Аляксандравіч падзякаваў суарганізатарам семінара і выказаў упэўненасць, што навуковыя мерапрыемствы па генеалогіі будуць мець працяг.

Вадзім Урублеўскі, кандыдат гістарычных навук, загадчык сектара выставачнай дзейнасці, тэматычных і генеалагічных даследаванняў аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, выступіў з дакладам “Фарміраванне сялянскіх прозвішчаў у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях у перыяд Расійскай імперыі” (час трансляцыі 13.55).

2. Урублеўскі В.В..jpg

У паведамленні былі адлюстраваны асноўныя тэндэнцыі ў складаным працэсе фарміравання прозвішчаў “немарнатраўніцкай масы” – сялянскага насельніцтва Беларусі. У агульных рысах адзначана эвалюцыя тэрміну “фамілія”, акрэслены працэс распаўсюджання прозвішчаў у ХІІ–XVI стст. у Еўропе агулам і ў Рэчы Паспалітай у прыватнасці. Асаблівая ўвага была нададзена феномену прынцыповай замены аднаго прозвішча другім, акрэслена храналагічная мяжа паміж існаваннем сялянскага прозвішча як феномену справаводства і як феномену права (канец ХІХ – пачатак ХХ ст.), згаданы ўплывы немясцовых фамільнаўтваральных традыцый у працэсе фарміравання сялянскіх прозвішчаў Беларусі.

Дзяніс Лісейчыкаў, кандыдат гістарычных навук, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, выступіў з дакладам “Ці можна вызначыць канфесійную прыналежнасць паводле імені?: імёны-«маркёры» ў гістарычных крыніцах” (час трансляцыі 46.41).

3. Лісейчыкаў Дз.В..jpg

Выступоўца распавёў пра традыцыі надання імёнаў рознымі хрысціянскімі канфесіямі на беларускіх землях у XVII–XIX стст. Дзяніс Васільевіч прывёў прыклады імёнаў, якія былі больш характэрныя для заходняй, а якія да ўсходняй традыцый, паведаміў, паводле якіх тыповых імёнаў у тагачасных пісьмовых крыніцах можна выявіць праваслаўных, рыма-каталікоў, уніятаў, кальвіністаў, расказаў пра “вынаходніцтва традыцыі” нацыянальнага імёнаслова Беларусі.  Увага была нададзена яскравым імёнам-“маркёрам” Іасафат і Напалеон.

З дакладам “Татарская анамастыка: спецыфіка генеалагічнага пошуку” выступіла Алёна Любая, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, прафесар кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы (час трансляцыі 1.21.29).

4. Любая А.А..jpg

Даследчыца адзначыла, што ў выніку міграцый канца XV – пачатку XVI ст. на тэрыторыі ВКЛ сфарміравалася татарская этна-канфесійная меншасць, якая карысталася як мусульманскімі і арабскімі імёнамі, так і традыцыйнымі цюркска-татарскімі. У дакладзе былі акрэслены крыніцы для вывучэння татарскай анамастыкі і генеалогіі. Для ранняга новага часу гэта попісы войска (1528, 1567), рэвізіі татарскіх уладанняў (1559 і 1631). Крыніцы XVII–XVIII стст.: кнігі судовыя – земскія, гродскія, магістрацкія з месцаў лакалізацыі татарскай супольнасці (Навагрудак, Гародня, Слонім, Вільня і г.д.) Для XIX ст. гэта рэвізскія сказкі, дваранскія вывады, метрычныя кнігі, судовыя справы.

Алёна Аляксандраўна падкрэсліла, што татары ў ВКЛ сяліліся кампактна родаплемяннымі групамі. Яны вельмі доўга карысталіся патронімамі для ідэнтыфікацыі асобы, таму бывае складана аднавіць роднасныя сувязі. Напрыклад, князі роду Юшынскіх (Уйшун): толькі адна лінія князя Цімірчы (XV ст.) дала пачатак Садоўскім, Рамановічам, Каплеўскім, Кулзімановічам і г.д. Доўгі час татарскія імёны перадаваліся пісарамі пры дапамозе фанетычнага запісу, што прыводзіла да непазнавальных скажэнняў. Ускладняла ідэнтыфікацыю асоб таксама тое, што ў імёны маглі запісаць частку тытула, напрыклад з запісу “Кадзі Дэрвіш Хаджы Чэлебі Мурзі” толькі “Мурзі”, хутчэй за ўсё, прозвішча – ідэнтыфікатар прыналежнасці да пэўнага роду. Акрамя таго, татарамі ўжываліся падвойныя імёны ўнутры супольнасці і па-за яе межамі: Стэфан-Мустафа, Сулейман-Сямён, Алі-Аляксандр і г.д.

Прагучаў даклад “Яўрэйскія імёны i прозвішчы ў архіўных крыніцах 1920-х – 1930-х гг. (на прыкладзе Віцебшчыны)” Канстанціна Карпекіна, кандыдата гістарычных навук, галоўнага захавальніка фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці (час трансляцыі 1.51.39).

5. Карпекін К.Р..jpg

Даследчык адзначыў, што пры пошуку звестак да ўласнай генеалогіі ў абласных архівах варта звярнуць увагу на такія віды дакументаў, як дэкларацыі пра даходы насельніцтва (фонды фінансавых губернскіх і акруговых аддзелаў выканкамаў), разнастайныя спісы і пасведчанні асобы, пашпартныя кніжкі і г.д. Канстанцін Рыгоравіч падкрэсліў, што ў дакументах, якія створаны ў 1920-я – 1930-я гады, могуць утрымлівацца звесткі за больш ранні перыяд. Пры пошуку таксама трэба ўлічваць распаўсюджанасць некаторых яўрэйскіх імёнаў і прозвішчаў (Гурэвіч, Каган, Левін, Ліўшчыц і інш.) Навуковец раіць назапашваць дадатковую інфармацыю, каб упэўніцца, што асобы з гэтымі прозвішчамі з’яўляюцца вашымі продкамі.

Неабходна ўлічваць і магчымую рознаварыянтнасць прозвішчаў і імёнаў (чаргаванне звонкіх і глухіх літар). Як сведчаць дакументы Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, выкарыстоўваліся імёны як іўрыцкай традыцыі, так і ідыш (Залман і Саламон). Адметнай для яўрэйскага асяроддзя была практыка ўжывання двайных імёнаў. У дакладзе было таксама адзначана, што для 20–30-х гг. XX ст. уласціва выкарыстанне як уласна яўрэйскіх, так і больш характэрных для неяўрэйскага асяроддзя імёнаў (Міхаіл, Аляксандр).

Наталля Гарковіч, кандыдат гістарычных навук, выступіла з дакладам “Прозвішчы праваслаўных святароў у беларускіх губернях паводле Мінскіх і Літоўскіх епархіяльных ведамасцей – пра што кажуць крыніцы?” (час трансляцыі 2.13.35).

6. Гарковіч Н.В..jpg

Даследчыца прадставіла Літоўскія і Мінскія епархіяльныя ведамасці як грунтоўную крыніцу па генеалогіі сярэдзіны XIX – пачатку XX ст., распавяла пра беларускія святарскія роды, а таксама святароў з тэрыторыі Расійскай імперыі, якія служылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў азначаны перыяд. Наталля Віктараўна акрэсліла, якія звесткі пра святароў знаходзяцца ў епархіяльных ведамасцях – рукапалажэнні, узнагароды, перамяшчэнні з прыхода на прыход, прызначэнні, прычым, заўсёды пазначаўся прыход, дзе служыў і куды прызначаўся святар, дыякан, іераманах, ігумен, паслушнік. У епархіяльных ведамасцях змяшчаецца таксама інфармацыя пра свецкіх асоб, напрыклад, царкоўных стараст з пазнакай месца жыхарства і сацыяльнага статусу, што надзвычай каштоўна для даследчыкаў-генеалогаў.

Дакладчыца паведаміла, што Нацыянальная бібліятэка Беларусі рыхтуе сістэматычны і бібліяграфічны паказальнік артыкулаў Мінскіх і Літоўскіх епархіяльных ведамасцей у супрацы з Мінскай духоўнай акадэміяй і семінарыяй. Было адзначана, што гэта выданне стане добрай крыніцай для даследчыкаў розных кірункаў.

З дакладам “Как звали предка?: «ловушки» для генеалога” выступіла Алена Кароўчанка, каардынатар валанцёрскай групы па індэксацыі генеалагічных крыніц Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (час трансляцыі 2.32.58).

7. Кароўчанка А.В..jpg

Дакладчыца сфармулявала крэда-параду для пачаткоўцаў і аматараў генеалагічных росшукаў: “Шукайце ад сябе і ў глыбіню, стаўцеся да генеалогіі і пошуку продкаў як да навукі, бо гэта і ёсць навука. Не падганяйце звесткі пад сямейную легенду. Няхай прыгожыя легенды застануцца легендамі”. Выступоўца таксама паведаміла пра поспехі валанцёрскай працы па індэксацыі вопісаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, агучыла імёны лепшых валанцёраў. На дадзены момант ў групе 150 чалавек, якімі было праіндэксавана і ўнесена ў базу каля 185 000 найменняў спраў. У кантэксце аб’ёмаў фондаў у архіве (спраў больш за мільён) праца зроблена фундаментальная. Па словах каардынатара праекта, частка базы (адрэдагаваная) размешчана на сайце Нацыянальнага гістарычнага архіва. Алена Валер’еўна запрасіла ўсіх ахвотных да ўдзелу ў годным і значным праекце.

Напрыканцы семінара прайшло падвядзенне вынікаў, былі дадзены адказы на пытанні (час трансляцыі 2.44.55).

8.jpg

Семінар адбыўся ў жывым эфіры з трансляцыяй у Ютубе. Запіс можна паглядзець тут:

Гэта ўжо трэці тэматычны семінар, які адбыўся на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Глядзіце таксама:

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.

Навіны

Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

31 Май 2024

23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“Разумнейшыя за ўсіх на свеце!”: прапануем праграму дзіцячага МЕГАсвята

1 Чэр 2024

1 чэрвеня з 12.00 да 15.00 Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае дзяцей і іх бацькоў на дзіцячае МЕГАсвята “Разумнейшы за ўсіх на свеце!”, прымеркаванае да Дня абароны дзяцей.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Шчасце бачыць

1 Чэр 2024

Фотавыстаўка “Шчасце бачыць” арганізавана сумесна з Беларускім дзіцячым фондам і прымеркавана да Міжнароднага дня аховы дзяцей.

Мастацкія выстаўкі

Бібліятэкарам