ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Творчыя заняткі “Ільвяня”
Да 100-годдзя галоўнай інтэлектуальнай скарбніцы: Аксана Кніжнікава ў эфіры Беларускага радыё

Любіў Уітмена, лавіў шпіёнаў: да 105-годдзя Пімена Панчанкі

Любіў Уітмена, лавіў шпіёнаў: да 105-годдзя Пімена Панчанкі
Іншыя Навіны

Да 105-годдзя народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі ўзгадваем адметныя факты з яго біяграфіі.

Ёсць пах, які нам мілы і родны ад нараджэння і да смерці: матчыных рук, малочны пах валосікаў сястрычкі і малога браткі, пах напаленай печы, свежавымытай падлогі, печанага хлеба, смажаных дранікаў, скошанага сена, разагрэтага бору, распілованых дошак, суботняй лазні, складзеных у грудок яблык і груш, вянкоў цыбулі і часнаку, каўбас на гарышчы, смажанага кабана, новых алоўкаў, падручнікаў і чаравікаў, палыну, чабору, мяты, пчалінага мёду, свежаразваранай і печанай бульбы, квашанай капусты, расцёртага лістка таполі, першага снегу, абдадзенага дажджом пылу, агню з бярозавых і яловых дроў, новага кажуха, конскага поту, талага снегу і грыбоў, грыбоў, грыбоў у розным стане...

Так пісаць можа чалавек не толькі таленавіты, але і вельмі добры, шчыры, тонкі...

Гэтыя радкі належаць народнаму паэту Беларусі Пімену Панчанку, якому 23 жніўня споўнілася б 105 гадоў з дня нараджэння.

Дэлегацыя беларускiх лiтаратараў на IV з’ездзе пiсьменiкау СССР. У цэнтры — Пiмен ПАНЧАНКА. Масква, 1967 г.
Дэлегацыя беларускiх лiтаратараў на IV з’ездзе пiсьменiкау СССР. У цэнтры – Пiмен Панчанка. Масква, 1967 г.

Нарадзіўся ля мора

Ні шторму, ні буры тады не было,
Калі нарадзіўся я ў Таліне.
Звычайнае сонца
звычайна ўзышло
Пасля гадзіны світальнай.

Не ўсе, чытаючы вершы народнага паэта, ведаюць, што ён нарадзіўся ля мора, і любоў да марскіх хваляў ужывалася ў ім побач з любоўю да беларускіх пушчаў. Сям'я яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі адправілася ў пошуку заробкаў у Рэвель, цяперашні Талін. Бацькі працавалі на суднабудаўнічым заводзе... Потым бацьку забралі ў войска, і маці Дар'я Панчанка з двума малымі дзецьмі падалася да маці на Ашмяншчыну. Але ўражанні ранняга дзяцінства засталіся назаўсёды.

Бясконцыя расповеды мамы, эстонскія і латышскія словы і фразы, якія яна часам ужывала, успаміны аб тым, як у Рэвелі рэвалюцыю рабілі, ды і свае нейкія няпэўныя бачанні мора і караблёў, пакінулі ў душы маёй прыкметны след. Адсюль мая цяга да мора. Ужо, як кажуць, мужчынам у гадах я нямала паплаваў па морах і акіянах: і па Чорным, і па Каспійскім, і па роднай Балтыцы; плаваў вакол Еўропы і да Берага Слановай Косці, а ў 1958 годзе ў снежні ў моцны шторм пераплыў на лайнеры «Куін Мэры» Атлантычны –ад Нью-Ёрка да Шэрбура.

У дзяцінстве лавіў шпіёнаў

У 1921-м сям'ю пераправілі праз граніцу ў СССР. Дзяцінства паэт правёў у Бягомлі. Тут скарыла яшчэ адна стыхія: лес. Тым больш пасля грамадзянскай вайны бацька абраў для сябе лясную прафесію: працаваў дзясятнікам, аб'ездчыкам, прарабам, ляснічым.

У мястэчку Бягомль, у дрымучых лясах вярхоўя Бярэзіны, прайшло маё дзяцінства... Духмяная звонкая зямля, родны дом, напоўнены казкамі, паданнямі, легендамі. З малых гадоў усе мы вучыліся пасвіць у лесе кароў, збіраць ягады і грыбы, вязаць венікі, выразаць з балотнай бярозы чачоткавыя кіі, а з лазы – дудкі і свісткі, знаходзіць птушыныя гнёзды, запасаць на зіму арэхі і рабіну...

Успаміны тае пары цёплыя:

У мястэчку, акрамя беларусаў, жыло шмат яўрэяў, былі рускія, татары, палякі і нават адзін літовец. Але я не памятаю ніводнага выпадку якога-небудзь «нацыянальнага канфлікту».

Але быў і іншы аспект:

Раён наш быў памежны, і мы з піянерскіх гадоў былі прывучаны глядзець, ці не з'явіўся і ў нашых месцах чужы шпіён. Гульні нашы таксама мелі моцны памежны акцэнт.

Янка Купала чытаў яго вершы

Пімен Панчанка распавядаў сваім родным, як у 1939-м, калі яму было 22 гады, давялося сустрэцца з Янкам Купалам. Адбылося гэта, калі пасля вызвалення Заходняй Беларусі пісьменнікі ехалі ў Беласток на народны сход, дзе мусіла адбыцца знакавая падзея – заканадаўчае замацаванне ўваходжання Заходняй Беларусі ў БССР. Сярод маладых літаратараў быў і Пімен Панчанка. З Купалам сустрэліся выпадкова, калі той ішоў па вагоне. І Янка Купала сказаў маладому Панчанку ўхвальнае: «Чытаў, чытаў».

Другі б літаратар з гэтай фразы зрабіў цэлую легенду ў падмацаванне свайго аўтарытэту. Але Панчанка быў чалавекам сціплым. Па сведчанні родных, казаў толькі: «Не ведаю, ці сапраўды чытаў мае творы Купала, ці не...»

Злева направа: М. Дубянецкі, А. Адамовіч, П. Панчанка, В. Быкаў, Н. Гілевіч, 1979 г.
Злева направа: М. Дубянецкі, А. Адамовіч, П. Панчанка, В. Быкаў, Н. Гілевіч, 1979 г.

Любіў Уітмена і сустракаўся з Меерхольдам

Рабочы Бабруйскага дрэваапрацоўчага завода, малады вясковы настаўнік, пачынаючы паэт – ва ўсе часы Пімен Панчанка апантана чытаў кнігі...

У юнацтве мы прагна накідваліся на «Ціхі Дон» і «Разгром», на «Хаджэнне па пакутах» і артыкулы Максіма Горкага, а потым чыталі Ніцшэ і Панцеляймона Раманава, Панаіта Істраці і Бабеля, а яшчэ захапіўся Генрыхам Гейнэ, французамі, асабліва Арцюрам Рэмбо, Уітмэнам.

Як бачыце, спіс годны і для сённяшняга чытача. А на той час – амаль неверагодны. Ніцшэ, Бабель, Панцеляймон Раманаў – адна крамола...

Калі ў 1938-м Пімен Панчанка прыняў удзел ва Усесаюзных курсах – канферэнцыі маладых пісьменнікаў нацыянальных рэспублік, кругагляд яшчэ пашырыўся. Давялося сустракацца з Аляксеем Талстым, экскурсію па «Траццякоўцы» для маладых пісьменнікаў і паэтаў праводзіў Грабар.

Цікавай была сустрэча з Усеваладам Меерхольдам. Ён быў глыбока перакананы, што тэатр будучыні злучыць у сабе драму, оперу, балет, цырк і яшчэ шмат.

Дарэчы, у музыцы Панчанка таксама быў густоўны. Па сведчанні родных, любіў оперу «Норма» Беліні, «Балеро» Равеля.

Літаратурныя густы Пімена Панчанкі былі не самымі авангарднымі, але і кансерватарам назваць яго нельга.

А я маладых не лаю
За доўгія валасы,
А я маладым не раю
Галіцца дзеля красы.
Не бэшчу ні міні, ні максі,
А джынсы і сам надзеў.
Былі б толькі твары, не маскі
У маладых людзей.

Прасіўся з Ірана на Беларусь

Калі мы з архівістам Віталем Скалабанам рыхтавалі артыкул пра ліставанне пісьменнікаў з уладамі, сярод прыкладаў быў ліст, адпраўлены Піменам Панчанка 28 мая 1945 года першаму сакратару ЦК КП(б)Б Панцеляймону Панамарэнку.

Дорогой Пантелеймон Кондратьевич! Простите за беспокойство и назойливость. Осмелюсь еще раз просить об отзыве меня в Минск на какую угодно работу. Четыре года я не был в Белоруссии, а в настоящее время и вовсе оторван от моего народа, родного языка, белорусской общественной и литературной жизни и минской прессы. Из-за этого я не могу писать на темы, которые меня волнуют. Отечественная война окончена, но меня не отпускают и не думают отпускать. Свой патриотический долг я выполнял честно. Теперь, мне кажется, я принесу больше пользы произведениями и отдам делу возрождения Белоруссии все свои силы и скромные способности. Вся надежда на Вас.

Тое, што паэт засумаваў па роднай Беларусі, не дзіўна. Ён пайшоў у армію ў 1939-м годзе, ужо аўтарам двух паэтычных зборнікаў – «Упэўненасць» (1938) і «Вераснёвыя сцягі» (1940). Але служба зацягнулася... Пімен Емяльянавіч прымаў удзел у вызваленні Заходняй Беларусі, потым пачалася Вялікая Айчынная вайна. Бранскі фронт, затым Калінінскі, праца ў франтавой газеце «За свабодную Беларусь» і ў сатырычным часопісе «Партызанская дубінка». Потым паэт быў пераведзены на Паўночна-Заходні фронт пад Старую Русу, дзе працаваў у газеце «Героический штурм». Колькі выдатных вершаў пра вайну тады напісалася!

А ў 1944 г. штаб, дзе служыў Пімен Панчанка, перакінулі ў Іран.

Гартанная песня завязла ў вушах,
Ад пылу зрабіўся я мельнікам.
Раве, нібы дрэнны акцёр, мой ішак,
Здзекуецца з пісьменніка.
Маўляў, раз прыехаў на поўдзень –
цярпі.
І горы, і спёку пякельную.
Даволі пісаў пра жніво і сярпы,
Пра смачны дымок
над патэльняю.
Падумаеш –
хітрасць у рыфмы цаляць
У садзе, ружовым ад сораму.
А вось паспрабуй
напісаць пра цялят,
Што пасвіць іранец пад зорамі.

Вось адтуль, з экзатычных краявідаў, Панчанка і пісаў Панамарэнку.

Ні славы, ні скарбаў я не хачу,
Мне б толькі
прыйсці непрыкметна,
Зямлю сваю пад нагамі адчуць,
Надыхацца родным паветрам.

Дэмабілізаваўся паэт у 1946 г. Вярнуўся ў Мінск і ўладкаваўся на працу ў часопіс «Вожык», які ўзначальваў Міхась Лынькоў, які Панчанку і запрасіў, а сярод супрацоўнікаў быў даўні сябар, Максім Танк.

Ажаніўся з сястрою дзяўчыны, з якой сустракаўся

Пасля «Вожыка» Пімен Панчанка перайшоў у штотыднёвік «Літаратура і мастацтва». Там працавала тэатральным крытыкам Тамара Бушко. Паэт пачаў заляцанні, маладыя людзі сталі сустракацца... Аднойчы Пімен праводзіў Тамару дахаты і пазнаёміўся з яе малодшай сястрой Зояй. Зоя была на сем гадоў маладзейшай за Панчанку... Але менавіта яна стала ягоным лёсам. Пімен і Зоя ажаніліся і шчасліва пражылі жыццё. Унук Панчанкі ўспамінаў:

Па характары такой жонкі, як Зоя Кірылаўна, пакуль што ў нашых пісьменнікаў не адшукаць. Бабуля нідзе не працавала, хоць у яе была вышэйшая педагагічная адукацыя. Яна ўсю сябе прысвяціла мужу і яго творчасці. Калі творы дзеда перавыдаваліся, Зоя Кірылаўна рыхтавала іх да друку... Аднойчы была такая гісторыя. Зоя Кірылаўна паклікала доктара да Пімена Емяльянавіча. Але лекар кінуў дзеда, як толькі глянуў на бабулю, хуценька памераў ёй ціск, паклаў на насілкі і павёз на «хуткай дапамозе». Таму што ў Зоі Кірылаўны быў ціск за дзвесце! Яна мала ўдзяляла ўвагі сабе, бо цалкам ахвяравала сябе дзеду.

Будзіў сям'ю, каб паглядзець на зоры

Безумоўна, склад душы паэта самы што ні на ёсць рамантычны... Калі сям'ёй адпачывалі ў доме творчасці Каралішчавічы, у жніўні, у час зарападаў, мог пабудзіць усіх сярод ночы: «Пайшлі, пайшлі!».

«І ён вёў нас на жытнёвае поле, яшчэ не зжатае. Мы выходзілі ў яго цэнтр і назіралі, як зоркі падаюць. Прыгожа. Цікава. І ў жыце ён распавядаў пра неба, пра зоркі. І адну сваю кніжку так і назваў "Млечны шлях", – распавядаў унук Андрэй.

Той дзень, лічы,
завянуў пустацветам,
Калі ты пяць хвілін пашкадаваў,
Каб дзецям паказаць
куточак свету
І хараство людзей, і дрэў, і траў.

У інтэрнэце можна знайсці шмат мудрых цытат Піменка Панчанкі. Вось некаторыя з дзённікаў паэта:

  • У знойдзеным егіпецкім папірусе запісаны гордыя словы аднаго з фараонаў: «Я не чыніў зла людзям. Я не забіваў. Я не ставіў перашкоды на шляху бягучай вады...»
  • Вось толькі падганю, вось толькі дараблю, прыдбаю на жыццё, тады і пажыву – так думаем, хоць ведаем: ніколі не падгонім, ніколі не даробім; яны ніколі не канчаюцца – жыццё і праца...
  • Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.
    Малюнак Алега Карповіча.

    Крыніца: Звязда

    Навіны

    Беларуская натарыяльная палата і Нацыянальная бібліятэка Беларусі: захоўваем гісторыю разам

    5 Чэр 2024

    5 чэрвеня ў зале адукацыйных тэхналогій у рамках падпісанага раней пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферы інфармацыйнай дзейнасці паміж Беларускай натарыяльнай палатай і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі адбылася ўрачыстая перадача ў фонды "алмаза ведаў" унікальнага выдання, прысвечанага этапам станаўлення інстытута натарыята на беларускіх землях.

    Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

    Кніжная спадчына Дома Мамонічаў

    3 Чэр 2024

    З 3 чэрвеня ў музеі кнігі арганізавана выстава, прымеркаваная да 450-годдзя з пачатку дзейнасці друкарні Мамонічаў – аднаго з самых адметных беларускіх выдавецкіх цэнтраў ХVІ – пачатку ХVІІ ст.

    Кніжныя выстаўкі

    У бібліятэцы ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “Знайдзі скарбы”

    3 Чэр 2024

    3 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся фінал культурна-асветніцкай акцыі “Знайдзі скарбы”, ініцыяванай прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

    Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

    3–9 чэрвеня 1944 года. 13 тыдняў да Вызвалення

    4 Чэр 2024

    Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

    Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

    Беларусь няскораная

    3 Чэр 2024

    З 6 мая па 5 ліпеня ў зале даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання (пам. 257) праходзіць кніжная выстава “Беларусь няскораная”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

    Кніжныя выстаўкі

    Бібліятэкарам