ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Малахітавая шкатулка
Канстытуцыя – гарант беларускай дзяржаўнасці

“Прыязджайце дадому”: кніга выбранай паэзіі Генадзя Бураўкіна

“Прыязджайце дадому”: кніга выбранай паэзіі Генадзя Бураўкіна
Іншыя Навіны

Выдавецтва “Мастацкая літаратура” прадаўжае серыю кніг “100 вершаў”.

Праект нарадзіўся невыпадкова. Чытачы, бібліятэкары звяртаюць увагу на тое, што часам сёння кнігі паэзіі выходзяць вялікімі фаліянтамі. Здараецца, у некалькі соцень старонак. Сустракаючы такое выданне, задумваешся, а ці будзе чытаць сучаснік такі збор вершаў як раман. Паэзія – заўсёды вобразы, параўнанні, адзіны радок...

– Вось мы і задумаліся, што і як зрабіць, каб вярнуць увагу чытача да паэзіі, – тлумачыць дырэктар “Мастацкай літаратуры” Алесь Бадак. – І прыйшлі да такой высновы, што і ў вялікага, знакамітага і, магчыма, меней вядомага паэта можна выбраць сто самых лепшых вершаў і выдаць адной невялікай кнігай. Так склалася серыя “100 вершаў”. Часам нам падказваюць кнігарні, бібліятэкі, каго перш-наперш выдаць. Часам мы арыентуемся на меркаванні літаратурнай грамадскасці. У выніку, пачынаючы з 2017 года, выдалі пяць кніг. Адзін калектыўны зборнік паэзіі прысвяцілі вершам пра малую радзіму. Аўтары іншых збораў, дзе пастараліся выбраць самае лепшае са спадчыны паэтаў, – Міхась Стральцоў, Яўгенія Янішчыц, Пімен Панчанка. Цяпер вось – “Ніці лёсу” Генадзя Бураўкіна.

“Ці то раніцай звонкай, / Ці то вечарам ціхім – / Прыязджайце дадому, / Прыязджайце дадому / На сустрэчу / З яшчэ не забытым дзяцінствам, / Дзе матуля / Калыску люляла малому...” Гэтыя радкі верша “Прыязджайце дадому” нарадзіліся пасля знаёмства чытача са знакамітым вершам Рыгора Барадуліна – і ў эпіграф нават Генадзь Бураўкін вынес: “Трэба дома бываць часцей...” Многія творы аўтара кнігі “Ніці лёсу”, якую ўклаў чуйны да паэтычнага слова Віктар Шніп, – гэта добра вядомыя беларусам песні. “Снежная імпрэсія” – гэта ж “Завіруха” (“Ты куды мяне клічаш, / паслухай? – / На дварэ ні машын, ні людзей. / Белы снег, / Белы цень, / Белы дзень...” А хіба вы не ведаеце на памяць з маленства вось гэтыя словы: “Доўгі дзень, / Цёплы дзень / Адплывае за аблокі. / Сіні цень, / Сонны цень / Адпаўзае ў кут далёкі. / Збеглі зайкі ўсе ў лясы...”?.. Вядома ж, “Калыханка”!.. Не песня, а цэлы драматычны спектакль, які можна ўяўляць у любое надвор’е, у любую пару года. Бо ў вершы “спяць і мышкі, і стрыжы. / Спяць машыны ў гаражы”, а толькі не спяць словы, ствараючы вобразныя карціны, узбагачаючы нашы ўяўленні дзеямі, насычаючы паветра вакол нас сняжынкамі. І нясецца, выбіваючы капытамі галасы прыроды, “Конь незацугляны”. Упэўнена нагадвае пра спаконвечнае “Малітва” (“Божа, / Захіні маю Радзіму / Мудрасцю, / Спакоем / І цяплом!”)...

“Ніці лёсу” – выдатны напамін пра неўміручасць беларускай паэзіі, пра яе вышыні. І яшчэ – якраз той выпадак, калі вершаваная кніга чытаецца ад першай да апошняй старонкі.

Аўтар публікацыі: Мікола Берлеж.

Крыніца: Звязда

Навіны

Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

31 Май 2024

23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“Разумнейшыя за ўсіх на свеце!”: прапануем праграму дзіцячага МЕГАсвята

1 Чэр 2024

1 чэрвеня з 12.00 да 15.00 Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае дзяцей і іх бацькоў на дзіцячае МЕГАсвята “Разумнейшы за ўсіх на свеце!”, прымеркаванае да Дня абароны дзяцей.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Шчасце бачыць

1 Чэр 2024

Фотавыстаўка “Шчасце бачыць” арганізавана сумесна з Беларускім дзіцячым фондам і прымеркавана да Міжнароднага дня аховы дзяцей.

Мастацкія выстаўкі

Бібліятэкарам