ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Святочны канцэрт да Дня абаронцаў Айчыны
Запрашаем прыняць удзел у практычным вебінары па дробным рамонце папяровых дакументаў

23 лютага спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Мікалаевіча Піятуховіча, вядомага беларускага літаратуразнаўцы

23 лютага спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Мікалаевіча Піятуховіча, вядомага беларускага літаратуразнаўцы
Іншыя Навіны

Вядомы беларускі літаратуразнаўца, крытык і педагог М.М. Піятуховіч быў адным з актыўных удзельнікаў працэсу станаўлення і развіцця беларускай літаратурнай навукі.

Міхаіл Мікалаевіч нарадзіўся 23 лютага 1891 г. у в. Алексінічы Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Сенненскі раён Віцебскай вобласці) у сям’і праваслаўнага святара. Па сямейнай традыцыі атрымаў сярэднюю адукацыю ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. У 1917 г. скончыў Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут і працягнуў навучанне на кафедры рускай мовы і славеснасці ў Петраградскім універсітэце, куды быў накіраваны для падрыхтоўкі да прафесарскага звання. У 1920 г. па сямейных абставінах быў вымушаны пераехаць у Адэсу, дзе жылі сваякі жонкі. У гэтым горадзе працаваў на розных адміністрацыйна-педагагічных пасадах.

У сувязі з утварэннем БССР і пачаткам працэсу беларусізацыі М.М. Піятуховіч у 1921 г. вярнуўся на радзіму і заняўся навуковай і педагагічнай дзейнасцю. Да 1934 г. жыў у Мінску, працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў педагагічным тэхнікуме. Пасля адкрыцця ў лютым 1922 г. Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіл Мікалаевіч быў запрошаны чытаць лекцыі па дысцыплінах “Беларуская літаратура”, “Заходнееўрапейская літаратура” спачатку ў званні дацэнта, а з кастрычніка 1926 г. – у званні прафесара. У маі 1926 г. ён стаў дэканам педагагічнага факультэта.

Навуковая кар’ера М.М. Піятуховіча як крытыка і даследчыка беларускай літаратуры пачалася ў 1920-я гг. Яго першыя работы з’явіліся ў друку ўжо ў 1921 г. У верасні гэтага ж года навуковец стаў членам навукова-тэрміналагічнай камісіі, у лютым 1922 г. – даследчыкам, у 1925 г. – актыўным членам Інбелкульта, у 1929 г. – правадзейным членам Акадэміі навук БССР. Валодаючы вялікай працаздольнасцю, адначасова працаваў у Інбелкульце, на кафедры гісторыі беларускай літаратуры, і ў Інстытуце літаратуры і мастацтва Акадэміі навук.

У пачатку 1930-х гг. над вучоным навісла пагроза рэпрэсій з прычыны “непралетарскага паходжання” і падазрэння ў нацдэмакратызме. Таму ён вырашыў пакінуць Беларусь і разам з сям’ёй у 1934 г. (па іншых звестках, у 1936 г.) пераехаў на Каўказ. Жыў у Арджанікідзэ, працаваў выкладчыкам славяназнаўства (літаратуры) у Паўночна-Каўказскім і Паўночна-Асецінскім педагагічных інстытутах. Аднак рэпрэсіі не абмінулі і яго: 9 студзеня 1937 г. М.М. Піятуховіч быў арыштаваны і адпраўлены ў Мінск, дзе ў выніку быў расстраляны. Згодна з рашэннем Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР быў рэабілітаваны 27 снежня 1957 г.

За свой творчы шлях М.М. Піятуховічу ўдалося зрабіць многае. Ён даследаваў гісторыю беларускай літаратуры, фальклор, творчасць Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, Ядвігіна Ш., З. Бядулі, К. Чорнага, Я. Купалы, Я. Коласа, П. Труса, Ц. Гартнага, М. Чарота. Вынікам даследчай дзейнасці сталі шматлікія навуковыя артыкулы і шэраг кніг, прысвечаных беларускай літаратуры і фальклору. Сярод іх – “Францышак Багушэвіч, як ідэолёг беларускага адраджэньня і як мастак” (1925), “Паэтычнае светаадчуванне ў творчасці Якуба Коласа” (1927), “Нарысы гісторыі беларускай літаратуры” (1928), “Лірыка і проза Ц. Гартнага” (1928), “Звычаі і песні беларускага селяніна ў іх гаспадарчай аснове” (1928) і інш. Міхаіл Мікалаевіч быў аўтарам уступных артыкулаў да твораў П. Труса (1934, 1935), Ц. Гартнага (1930), зборнікаў Чатырохсотлецце беларускага друку: 1525–1925 (1926), “Сборник белорусской поэзии: в переводах русских поэтов” (1930).

pijatuchovicz_2.jpg

Навуковыя працы вучонага, зроблены ім агляд літаратурна-ідэалагічных плыней XIX–XX стст. мелі істотнае значэнне ў метадалагічных пошуках таго часу. Спадчына М.М. Піятуховіча была высока ацэненая айчыннай навуковай грамадскасцю і забяспечыла яму ганаровае месца ў гісторыі беларускага літаратуразнаўства.

Інфармацыю пра Міхаіла Мікалаевіча Піятуховіча можна знайсці ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

У бібліятэцы ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “Знайдзі скарбы”

3 Чэр 2024

3 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся фінал культурна-асветніцкай акцыі “Знайдзі скарбы”, ініцыяванай прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

3–9 чэрвеня 1944 года. 13 тыдняў да Вызвалення

4 Чэр 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Беларусь няскораная

3 Чэр 2024

З 6 мая па 5 ліпеня ў зале даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання (пам. 257) праходзіць кніжная выстава “Беларусь няскораная”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Кніжныя выстаўкі

Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

31 Май 2024

23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам