ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
II фестываль кнігі “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку”
Чытка забароненай п'есы Кандрата Крапівы была прызначана на дванаццаць ночы

24 чэрвеня – 120 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага

24 чэрвеня – 120 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага
Іншыя Навіны

Майстар беларускай сацыяльна-псіхалагічнай і інтэлектуальна-філасофскай прозы сваімі творамі стварыў шырокую панараму чалавечага жыцця на пераломных этапах гісторыі нашай краіны, выявіў багатыя вобразныя магчымасці беларускай мовы.

У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) захоўваецца самая буйная калекцыя твораў пісьменніка (як прыжыццёвыя, так і больш познія выданні) і літаратуры аб ім. Даведацца пра гэтыя дакументы можна праз электронны каталог. У зводным ЭІР “Нацыянальная бібліяграфія Беларусі” знаходзіцца інфармацыя і пра тыя публікацыі, якія ў НББ адсутнічаюць. Лічбавыя копіі асобных твораў К. Чорнага з перыядычных выданняў прадстаўлены у віртуальным рэсурсе “Беларуская літаратурная спадчына. Часопісы 1919–1939 гг.”. Звесткі пра жыццё і творчасць пісьменніка можна знайсці ў фактаграфічнай базе даных “Беларусь у асобах і падзеях” і ў віртуальным праекце “На хвалі часу, у плыні жыцця”.

Кузьма Чорны (сапраўднае імя Мікалай Карлавіч Раманоўскі, 1900–1944) нарадзіўся ў вёсцы Боркі Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер в. Жабчава Капыльскага раёна Мінскай вобласці). Самым дарагім месцам на зямлі стала для пісьменніка мястэчка Цімкавічы, адкуль паходзілі бацькі і куды сям’я пераехала ў 1908 г. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, Беларускім дзяржаўным універсітэце.

chorny7.PNG

З 1923 г. уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”. У 1926–1931 гг. быў старшынёй літаратурнага аб’яднання “Узвышша”, з 1927 па 1931 г. – галоўным рэдактарам аднайменнага часопіса.

chorny6.PNG

У 1938 г. Кузьма Чорны быў беспадстаўна арыштаваны, 8 месяцаў правёў у мінскай турме. У гады Вялікай Айчыннай вайны жыў у Маскве. Нягледзячы на дрэнны стан здароўя, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, пісаў артыкулы, адозвы, фельетоны.

Свае творы пісьменнік падпісваў уласным прозвішчам, крыптанімамі М. Р., М. Р-скі, К. Ч., псеўданімамі Максім Алешнік, М. Біруля, Ігнат Булава з-пад Турава, Вясёлы, Сымон Чарапкевіч, К. Чорны і інш. Ён аўтар зборнікаў апавяданняў “Срэбра жыцця” (1925), “Па дарозе” і “Хвоі гавораць” (1926), “Вераснёвыя ночы” (1929), “Нянавісць” і Буры” (1930), “Вялікае сэрца” (1945), аповесцей “Лявон Бушмар” (1930), “Вясна” (1931), “Люба Лук’янская” (1937), “Насцечка” (1941) і інш.

У гісторыю беларускай літаратуры К. Чорны ўвайшоў і як майстар буйных празаічных твораў. Раманы “Сястра” (1927–1928), “Зямля” (1928), “Вецер і пыл” (1927–1929), “Ідзі, ідзі” (1930), “Бацькаўшчына” (1932), “Трыццаць год” (1934), “Трэцяе пакаленне” (1935), “Пошукі будучыні” (1943), “Вялікі дзень” (1941–1944), “Млечны шлях” (1944), “Сумліцкая хроніка” (1941–1944) лічацца сапраўдным дасягненнем айчыннай прозы, вылучаюцца глыбокім гісторыка-філасофскім зместам, напружаным, аналітычным псіхалагізмам. Некаторыя з раманаў засталіся незавершанымі. К. Чорны – таксама аўтар п’ес “Бацькаўшчына”, “Базылевічава сям’я”, “Ірынка” і інш. Ён пераклаў на беларускую мову шэраг твораў А. С. Пушкіна, М. Гогаля, А. Астроўскага, М. Горкага, У. Караленкі.

Кузьма Чорны быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і партызанскім медалём. На яго радзіме (аграгарадок Цімкавічы Капыльскага раёна) заснаваны Літаратурны музей Кузьмы Чорнага – філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Імем славутага пісьменніка названы вуліцы ў Мінску, Нясвіжы, Бабруйску, Слуцку.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Чытайце таксама:


Навіны

У бібліятэцы ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “Знайдзі скарбы”

3 Чэр 2024

3 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся фінал культурна-асветніцкай акцыі “Знайдзі скарбы”, ініцыяванай прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

3–9 чэрвеня 1944 года. 13 тыдняў да Вызвалення

4 Чэр 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Беларусь няскораная

3 Чэр 2024

З 6 мая па 5 ліпеня ў зале даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання (пам. 257) праходзіць кніжная выстава “Беларусь няскораная”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Кніжныя выстаўкі

Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

31 Май 2024

23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам