ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Танцы народаў свету
Творчыя заняткі “Татаў караблік”

Настаўнік-наватар, заснавальнік Гродзенскага заапарка

Настаўнік-наватар, заснавальнік Гродзенскага заапарка
Іншыя Навіны

12 лютага спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Яна (Івана Іосіфавіча) Каханоўскага (1894–1942), біёлага, настаўніка і стваральніка Гродзенскага заапарка.

Нарадзіўся Ян Каханоўскі ў Гродна ў сям’і чыноўніка. Вучыўся ў Гродзенскай гімназіі, потым паступіў у сельскагаспадарчую акадэмію (Чэхія). Навучанне перапыніла Першая сусветная вайна. У 1914 г. Ян перавёўся на сельскагаспадарчы факультэт Юр’еўскага ўніверсітэта (з 1918 г. – Тартускі, Эстонія). З-за абвастрэння міжнароднай сітуацыі ў 1918 г. вярнуўся ў Гродна, дзе застаў акупацыю спачатку нямецкімі, потым польскімі войскамі. Дыплом аб вышэйшай адукацыі ён атрымаў толькі ў 1925 г. пасля заканчэння Галоўнай сельскагаспадарчай школы ў Варшаве.

Kachanouski-2.jpg

Kachanouski-3.jpg

З 1919 па 1939 г. Ян Каханоўскі выкладаў біялогію ў Гродзенскай мужчынскай гімназіі імя А. Міцкевіча. У педагагічнай дзейнасці імкнуўся выкарыстоўваць наглядныя прыклады, пад яго кіраўніцтвам вучні збіралі расліны для гербарыяў, даглядалі дробных жывёл, рыбак. Ён праводзіў шматлікія экскурсіі для дзяцей, для настаўнікаў біялогіі школ горада арганізоўваў сумесныя пасяджэнні, на якіх разглядаліся пытанні вывучэння прыроды краю, аховы рэдкіх відаў жывёл і раслін і інш.

Kachanouski-4.jpg

У 1925 г. Ян Каханоўскі адкрыў біялагічны сад-агарод (размяшчаўся на ўчастку, дзе калісьці быў батанічны сад Ж. Жылібера), да канца вучэбнага года там расло 309 відаў раслін, у канцы 1920-х гг. іх колькасць павялічылася да 830. У 1927–1928 гг. дадаткова адкрыў заалагічны аддзел, у якім спачатку налічвалася 17 відаў жывёл. Дзякуючы такой цудоўнай вучэбнай базе вучні знаёміліся з біяразнастайнасцю прыроды, ажыццяўлялі паглыбленае вывучэнне і дагляд за раслінным і жывёльным светам, набывалі якасную біёлага-экалагічную адукацыю, вопыт даследчыцкай працы.

У верасні 1929 г. пры садзейнічанні Я. Каханоўскага па рашэнні гарадскіх улад заалагічнаму аддзелу перададзена тэрыторыя былога велатрэка і грашовыя сродкі для рамонту агароджы і перамяшчэння жывёл (да 1936 г. іх налічвалася каля 400). Сярод іх былі і такія рэдкія звяры, як леў, леапард, зубр і інш. У 1939 г. Гродзенскі заапарк стаў дзяржаўным, калекцыя папаўнялася, колькасць наведвальнікаў таксама расла.

Kachanouski-5.jpg

Прыродаахоўная дзейнасць Я. Каханоўскага садзейнічала станаўленню экалагічнай навукі. Пры яго актыўным удзеле у 1920-х гг. у Гродна адкрыўся музей прыроды. Ян Каханоўскі быў выбраны намеснікам старшыні камітэта, які кіраваў працай музея, адначасова з’яўляўся членам камісіі па збору экспанатаў. Ён адзін з заснавальнікаў таварыства аматараў прыроды, секцыя якога была рэгіянальным аддзяленнем дзяржаўнага камітэта па ахове прыроды. Да 1939 г. быў грамадскім інспектарам, кантраляваў Гродзенскі, Аўгустоўскі, Сакольскі і Сувальскі паветы. Выступаў на канферэнцыях, публічных лекцыях, арганізоўваў выстаўкі на прыродаахоўныя тэмы.

Kachanouski-6-7.jpg

Яну Каханоўскаму належыць ідэя выдання ў Гродна гісторыка-краязнаўчага часопіса “Нёман” (1935–1939), ён быў адным з рэдактараў, адказваў за такія раздзелы, як ахова прыроды, помнікаў гісторыі і культуры, ахова прыроды ў школе. Адной з заслуг эколага была ахова баброў, гэтай тэме ён прысвяціў некалькі сваіх артыкулаў.

Далейшы лёс даследчыка склаўся трагічна. Пасля закрыцця гімназіі ён выкладаў біялогію ў адной са школ Гродна. У 1942 г. быў арыштаваны немцамі як заложнік. У заложнікі трапіў і настаўнік Ю. Вевюрскі, бацька 6 малалетніх дзяцей. Ян Каханоўскі дабіўся ўключэння ў расстрэльны спіс сябе замест яго. 20 кастрычніка 1942 г. ён і яшчэ 24 чалавекі былі расстраляны каля в. Навумавічы.

Kachanouski-8.jpg

У памяць Яна Каханоўскага рашэннем Гродзенскага гарадскога савета народных дэпутаў у 1990 г. была ўсталявана памятная дошка, у 1994 г. адной з вуліц побач з заапаркам прысвоена яго імя, а перад уваходам усталяваны памятны знак.

Kachanouski-9.jpg

Інфармацыю аб жыцці і дзейнасці беларускага педагога і біёлага можна знайсці ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”, якая ў тым ліку змяшчае бібліяграфічныя звесткі на выданні з фонду Нацыянальнай бібліятэкі.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

У бібліятэцы абмеркавалі міжнародныя стандарты і выбарчы працэс

20 Вер 2024

19–20 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Міжнародныя стандарты і выбарчы працэс: вопыт і перспектывы развіцця”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“«Песняры»: малітва галасоў і сэрцаў”: бібліятэка стварае новы віртуальны праект

20 Вер 2024

У гэтым годзе адзначаецца 55-годдзе з часу заснавання Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” – легендарнага гурта, любімага мільёнамі слухачоў у розных краінах свету.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“На ўсходзе сонца”: заключны фільм кінатрылогіі “Доўгія вёрсты вайны”

19 Вер 2024

18 верасня зала дакументаў па мастацтве (пам. 306) у чарговы раз стала месцам прыцягнення прыхільнікаў творчасці Васіля Быкава і экранізацый яго глыбокіх твораў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Кніга – лепшы падарунак

19 Вер 2024

Напярэдадні святкавання Дня бібліятэк у рамках дабрачыннай акцыі “Год якасці: фарміруем фонды разам”, якая праводзіцца з мэтай дакамплектавання фондаў бібліятэк краіны, супрацоўнікі аддзела камплектавання фондаў на працягу ўсяго святочнага тыдня наведвалі бібліятэкі Рэспублікі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Сафіі адзначылі Дзень народнага адзінства

18 Вер 2024

17 верасня да Дня народнага адзінства ў Рускім Доме ў Сафіі адкрылася фотавыстава “Беларусь: прыгожыя імгненні”, падрыхтаваная Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з тэлеканалам “Беларусь 24”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам