ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Выстаўка “Вялікі талент, вялікая работа, вялікае сэрца”
З душою, поўнай сонца

Вера Вярба і жаночы сусвет яе паэзіі

Вера Вярба і жаночы сусвет яе паэзіі
Іншыя Навіны

14 студзеня спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння Веры Вярбы (1942–2012), вядомай беларускай паэтэсы, перакладчыцы, творчасць якой узбагаціла беларускую літаратуру другой паловы ХХ ст.

Нарадзілася Вера Вярба (сапраўднае імя Сакалова Гертруда Пятроўна) у вёсцы Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і служачых. Яе бацька загінуў у 1941 г. пад Смаленскам яшчэ да нараджэння дачкі.

У 1958 г. Вера паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З гэтага ж года ў рэспубліканскіх часопісах “Вясёлка”, “Бярозка”, “Маладосць”, “Полымя” і іншых пачалі публікавацца яе вершы. У 1962 г. выйшла першая кніга паэтэсы “Вочы вясны”, якая была высока ацэнена крытыкамі. Яны адзначалі эмацыянальнасць аўтаркі, меладычнасць яе паэзіі, пранікнёны лірызм, абвостранае пачуццё прыгожага. На адзін з вершаў – “Ручнікі” – кампазітар Мікалай Пятрэнка напісаў музыку. “Ручнікі” ўвайшлі ў рэпертуар “Песняроў” і дзякуючы выканальніцкаму майстэрству ансамбля сталі сапраўды народнай песняй. Так да зусім яшчэ маладой Веры Вярбы прыйшла шырокая  вядомасць. Пазней песні на вершы паэтэсы былі напісаны таксама I. Барсуковым, Л. Свердзелем.

Vera-Viarba-1.jpg

З 1964 г. яна член Саюза пісьменнікаў БССР. Працавала пазаштатным карэспандэнтам часопіса “Маладосць” (1964–1969), старшым інспектарам аддзела прапаганды літаратуры Упраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па друку (1969–1971), з 1972 г. – літсупрацоўнік, потым загадчыца аддзела пісем і інфармацыі рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, з 1977 г. – няштатны карэспандэнт часопіса “Работніца і сялянка”, у 1980–1983 гг. працавала ў рэдакцыі часопіса “Беларусь” (1980–1983).

Вера Вярба – аўтар паэтычных кніг “Белыя пісьмы” (1967), “Пралеска” (1968), “Высакосны год” (1969), “Сіняя бухта” (1975), “Альфа” (1978), “Мая маленькая планета” (1982), “Яраслаўна” (1986). У 1976 г. выйшла “Выбранае”, у 1987-м – зборнік выбранай паэзіі “Белыя пісьмы”, у 1995-м – “Апошні верасень”.

Vera-Viarba-2.jpg

Кожная яе кніга – своеасаблівы лірычны маналог, напоўнены рамантычна ўзнёслым настроем. Пераважае інтымная лірыка, галоўныя тэмы творчасці – каханне, маладосць, мацярынства. Ужо ў кнізе “Белыя пісьмы” яскрава праявілася жаноцкасць паэзіі аўтара. 3 твораў ранняга перыяду паўстае вобраз маладой, наіўнай, закаханай і вельмі ранімай жанчыны. У больш позніх вершах адчуваецца драматызм, галоўная гераіня часам поўная трывогі і цяжкіх прадчуванняў. Гэта вынік няспраўджаных надзей на ўзаемнае каханне і шчаслівае жыццё. Гэтай тэме прысвечаны паэмы “Сіняя бухта”, “Альфа”, вершы “У мяне каханне...”, “Партрэт”, “Цераз нягоды і гады...”, “Тваё імя”, “Мімозы” і шмат іншых.

Яркай адметнасцю жаноцкасці ў творчасці В. Вярбы стала тэма мацярынства. Вобраз жанчыны-маці з асаблівай выразнасцю ўвасоблены ў яе паэзіі. У кнізе вершаў пра сына “Мая маленькая планета” лірычная гераіня раскрывае маштабнасць мацярынскага пачуцця, калі дзіця для маці – цэлы сусвет і яна гатова за яго ахвяраваць усім, нават уласным жыццём. З тэмай мацярынства цесна звязаны вобраз Радзімы. Выхаваўчым пафасам, зваротам да маладых прасякнуты многія творы паэтэсы. Сустракаюцца вершы, дзе адчуваецца хваляванне за духоўнае пераўтварэнне жыцця, народны лёс, гармонію існавання.

Vera-Viarba-3.jpg

Вера Вярба прысвяціла некалькі твораў гераічнаму вобразу Веры Харужай, якая стала для яе ідэалам справядлівасці і мужнасці (“Веры Харужай”, “Харужай”, “Вера”, асобны раздзел з ліра-эпічнай паэмы “Каліна” – “Прыпяць”, прадмова да паэтычнага твора “Вера” і інш.). Менавіта гэта гераіня паўплывала на выбар псеўданіма паэтэсы. Што тычыцца яго другой часткі, то паэтэса ўспрымала дрэвы як блізкіх істот, вярба для яе – сімвал смутку, плачу. Многія старонкі кніг Веры Вярбы прысвечаны прыродзе, краявідам роднай Беларусі.

Паэтэса доўгі час жыла сярод шахцёраў Салігорска. Напісала пра іх нарысы ў прозе. Займалася таксама перакладчыцкай дзейнасцю. Пісьменніца перакладала з украінскай, яўрэйскай, рускай, літоўскай, узбекскай і некаторых іншых моў, самым прыкметным і плённым стаў яе пераклад на беларускую мову аповесці Р. Фраермана “Дзікі сабака дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне” (1975). Яе творы перакладаліся на рускую і іншыя мовы. Цікавы факт, што ўласную кнігу “Снежная горка” на рускую мову яна пераклала сама.

Вера Вярба не пакінула аўтабіяграфіі, яна перастала пісаць вершы задоўга да таго, як пайшла з жыцця. Вядомая аматарам лірыкі сваім асаблівым стылем, узвышанымі і мудрымі вершамі, многія з якіх зачароўваюць сваёй сардэчнасцю, непасрэднасцю.

Vera-Viarba-4.jpg

Інфармацыю аб паэтэсе можна знайсці ў электронным каталогу, анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”. З 4 студзеня па 17 лютага ў зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі праходзіць кніжная выстаўка “Кругі быцця”, прымеркаваная да 80-годдзя з дня нараджэння беларускай паэтэсы.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Застацца чалавекам на вайне: фільм “Сыны ідуць у бой”

6 Ліс 2024

5 лістапада зала дакументаў па мастацтве (пам. 306) у чарговы раз сабрала аматараў кіно, якія ў межах цыкла кінапаказаў “Магія кінакадра” паглядзелі адзін з лепшых айчынных фільмаў пра вайну – “Сыны ідуць у бой” (1969) Віктара Турава.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У бібліятэцы прайшла экскурсія да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі

6 Ліс 2024

Напярэдадні святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі Нацыянальную бібліятэку Беларусі наведалі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі і тэхналогіі будаўніцтва.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адбыўся запуск сістэмы “Тэлеліфт”

6 Ліс 2024

6 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пасля будаўніча-мантажных і пусканаладачных работ адбыўся першы запуск транспартнай сістэмы адраснай дастаўкі выданняў “Тэлеліфт” (ТСАД).

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пракаціліся па бібліятэцы на легендарнай “Победе”

5 Ліс 2024

5 лістапада адбылася прэзентацыя кнігі Вячаслава Бандарэнкі “Великая «Победа». От мечты до легенды”, прымеркаванай да 80-годдзя з дня стварэння легендарнага савецкага легкавога аўтамабіля.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты