ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Да 110-годдзя з дня нараджэння Зоі Уладзіміраўны Дзьяканавай
Рукапісы Якуба Брайцава чакалі выдання на радзіме больш за паўстагоддзя

Вядомаму беларускаму асяціну, мастаку-партызану Мікалаю Гуціеву – 110 год

Вядомаму беларускаму асяціну, мастаку-партызану Мікалаю Гуціеву – 110 год
Іншыя Навіны

У апошні дзень адыходзячага года, які праходзіў пад знакам Года гістарычнай памяці, ёсць нагода ўспомніць і яшчэ аб адной даце – юбілеі таленавітага мастака-графіка з асецінскімі каранямі, які са сваіх пражытых 95 гадоў 66 прысвяціў служэнню беларускай зямлі, беларускаму мастацтву.

Нарадзіўся Мікалай Цімафеевіч Гуціеў 31 студзеня 1912 года ў Растове-на-Доне (Расія). Пра сваю сям'ю ён расказваў так: “Прабабуля – напалову казачка, напалову хахлушка; дзядуля – таксама «палавіністы» – паляк-немец, меў дзве ўніверсітэцкія адукацыі, валодаў шасцю мовамі. Маці – полька-немка, мела цудоўную музычную адукацыю, добра спявала і іграла на фартэпіяна. Бацька Цімафей Гуціеў – чыстакроўны асецін – урач-неўрапатолаг, карыстаўся вялікім аўтарытэтам у родным краі, у Асеціі”.

Пасля заканчэння школы разам з атэстатам сталасці Мікалай атрымаў дыплом электратэхніка. Уладкаваўся на працу, увайшоў у штат мастацкага аддзела вялікага часопісна-газетнага выдавецтва “Колхозная правда”, дзе ўдасканальваў сваё майстэрства пад кіраўніцтвам вопытнага графіка Э. Аўсберга.

У 1938 годзе паспяхова скончыў Растоўскі мастацкі тэхнікум і адзіны атрымаў накіраванне ў Ленінградскі інстытут жывапісу, разьбярства і архітэктуры (цяпер – Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна). Аднак вучыцца ў Ленінградзе М. Гуціеву так і не ўдалося: ён спазніўся на ўступныя экзамены і быў прызваны ў армію. Удзельнічаў у савецка-фінскай вайне. Дэмабілізаваўся з марай заняцца жывапісам. Але лёс зноў распарадзіўся інакш: пачалася Вялікая Айчынная вайна. З першых яе дзён Гуціеў на фронце. Увосень 1941 года ў ліку байцоў 19-й арміі патрапіў у акружэнне і быў узяты ў палон. Потым быў фашысцкі канцлагер пад Полацкам. Там кулямётчык Гуціеў пазнаёміўся з мастаком Мікалаем Абрыньбай. У жніўні 1942-га, падрабіўшы дакументы, разам з групай смельчакоў збег з палону і апынуўся ў Лепельскай партызанскай брыгадзе на Віцебшчыне.

Hucijeu-2.jpg
Партызаны-мастакі Мікалай Гуціеў (справа) і Мікалай Абрыньба.
Лепельская партызанская зона. 1943 г.

М. Гуціеў удзельнічаў ва ўсіх баявых аперацыях, быў і кулямётчыкам, і разведчыкам. Па гарачых слядах рабіў замалёўкі алоўкам, акварэллю, тушшу. Стварыў партрэтную галерэю сваіх баявых таварышаў, серыю вострых сатырычных плакатаў-улётак. Плакаты выразаліся на лінолеуме, тыражаваліся ў партызанскай друкарні і разам з улёткамі з дапамогай паветранага змея закідваліся ў варожыя гарнізоны, распаўсюджваліся сярод мясцовага насельніцтва, расклейваліся на сценах дамоў, выклікаючы паніку ў фашыстаў. З’яўленне ўлётак на акупіраванай тэрыторыі мела вялізны рэзананс. Праўда, як насельніцтва, так і гітлераўцы лічылі, што ў партызан ёсць сувязь з Вялікай зямлёй і раскідваецца друкаваная прадукцыя з самалётаў. Фашыстам было няўцям, як можна было так аператыўна сабраць інфармацыю і выпусціць такую вялікую колькасць улётак на тэму ўчорашніх падзей. Аб тым, што ў лесе ў партызан ёсць свая друкарня, яны і падумаць не маглі. А вось што казаў пра гэта сам мастак Гуціеў: “…Добрая вестка, злая карыкатура, як нішто іншае, уздымалі настрой людзей. Вось наробіш улётак, прыходзяць з акупіраваных  вёсак нашы сувязныя і разносяць іх. Першы час рыхтаваў уручную па дзесяць-пятнаццаць штук. А калі друкарня зарабіла, справа весялей пайшла. Пракруцяць у фрыцаў у гарнізоне кіно, успыхне ў зале святло, а сцены мільгаюць улёткамі-карыкатурамі на Гітлера”.

Hucijeu-3.jpg
Замалёўкі мастака па гарачых слядах баявых аперацый

Такім чынам, два прафесійныя мастакі, Гуціеў і Абрыньба, наладзілі ў атрадзе творчую працу. Паступова назапасіўся самавіты арсенал выяўленчых жанраў. З’явіліся нават карціны на баявыя сюжэты. Усё гэта і спарадзіла легенду пра партызанскую карцінную галерэю, якую жартам называлі “Лясной Траццякоўкай”. У 1943 годзе партызанская карцінная галерэя самалётам была вывезена ў Маскву і доўгі час экспанавалася ў Траццякоўцы.

Hucijeu-4.jpg
М. Гуціеў. Партызанскі аэрадром

Hucijeu-5.jpg
Партрэты баявых таварышаў, створаныя М. Гуціевым у партызанскім атрадзе.
Фота з экспазіцыі Ушацкага музея народнай славы

Пасля заканчэння вайны М.Ц. Гуціеў уладкаваўся ў Мінску. Спраўдзілася яго даўняя мара, ён пачаў працаваць у рэспубліканскім выдавецтве “Беларусь”, узначальваў рэдакцыю мастацкага афармлення (1944–1972). У 1960 годзе, нягледзячы на ўзрост, скончыў Маскоўскі паліграфічны інстытут (цяпер – Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт друку імя І. Фёдарава). 

Праца ў выдавецтве ўсё больш захапляла мастака. Паступова ён сфарміраваўся як прафесійны кніжны ілюстратар. З яго малюнкамі выдаваліся творы Я. Коласа, І. Шамякіна, К. Чорнага, а таксама творы А. Пушкіна, М. Гогаля, Л. Талстога, У. Шэкспіра і інш. Шмат і плённа мастак працаваў над ілюстраваннем беларускіх народных казак, імкнучыся надаць ілюстрацыям непаўторны нацыянальны каларыт, шырока выкарыстоўваючы этнаграфічны і фальклорны матэрыял.

З’яўляючыся майстрам шырокага творчага дыяпазону, М.Ц. Гуціеў стварыў некалькі графічных серый, прысвечаных мірнай, стваральнай працы. Але галоўнай у творчасці майстра заставалася партызанская тэма. Вядомыя серыі монагравюр “Беларусь – край партызанскі”, “Партызанскія будні”. Шырокую вядомасць набыў і зборнік партызанскай паэзіі “Лясныя песні”, аформлены партызанскімі замалёўкамі Мікалая Цімафеевіча.

Hucijeu-6.jpg

Hucijeu-7.jpg
Афармленне зборніка паэзіі беларускіх партызан "Лясная песня" (Мн., 1974)

М.Ц. Гуціеў быў не толькі творчым работнікам, але і грамадскім дзеячам, вопытным педагогам. Яго карціны, карыкатуры, плакаты, ілюстраваныя ім кнігі шмат разоў дэманстраваліся на выставах у Мінску і іншых гарадах. Адначасова з працай у выдавецтве “Беларусь” мастак выкладаў асновы кампазіцыі на графічным факультэце Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Сярод яго вучняў былі вядомыя сёння А. Лось, В. Шаранговіч, В. Грамыка, Г. Паплаўскі, А. Дзямарын, М. Селяшчук, Ю. Савіч, В. Славук.

Сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя былі найболей знамянальнымі ў жыцці мастака. Тады ў Беларусь з’язджаліся з іншых саюзных рэспублік найлепшыя спецыялісты паліграфіі. Ехалі для вывучэння вопыту майстроў старэйшага выдавецтва. У тыя гады Мікалай Цімафеевіч быў першым намеснікам старшыні Саюза мастакоў рэспублікі, членам праўлення Саюза мастакоў СССР, займаўся журналістыкай. Яго змястоўныя артыкулы публікаваліся ў часопісе “Искусство”, газетах “Советская Белоруссия”, “Вячэрні Мінск” і іншых. 

За праяўленую мужнасць у гады ваеннага ліхалецця партызан-мастак быў удастоены ордэна Айчыннай вайны II ступені, медаля “Партызану Айчыннай вайны” I ступені і іншых узнагарод.

Hucijeu-8.jpg
Узнагародны ліст М. Гуціева.
Фота з рэсурсу, створанага Выдавецкім домам “Беларусь сегодня” і Нацыянальным архівам Беларусі

Мікалай Цімафеевіч Гуціеў, нашчадак асецін, мастак, у цяжкія часы Вялікай Айчыннай вайны прыраўняў пяро і аловак да штыка, а пасля Перамогі сваім талентам спрыяў захаванню народнага подзвігу ў памяці нашчадкаў.

Больш інфармацыі пра жыццё і творчую дзейнасць мастака-партызана, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь М.Ц. Гуціева можна даведацца, звярнуўшыся да інфармацыйных рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, у тым ліку анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах i падзеях”. Аб ім зняты два дакументальныя фільмы; захаваліся асабістыя ўспаміны мастака, надрукаваныя ў газеце “Культура” (2014, №№ 26, 27).

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

“На сцежках светлай вясны” Паўлюка Труса

21 Май 2024

16 мая ўдзельнікі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі Уздзенскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Труса, дзе ўзялі ўдзел у літаратурна-музычным свяце “На сцежках светлай вясны…”, прымеркаваным да 120-годдзя з дня нараджэння выдатнага паэта, удзельніка літаб’ядання “Маладняк”, ураджэнца Уздзеншчыны Паўлюка Труса (1904–1929).

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт

20 Май 2024

17 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках адукацыйнага семінара “Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт” прайшоў практычны трэнінг па правядзенні патэнтнага пошуку.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У песні ёсць крылы

22 Май 2024

Юбілейная кніжная выстаўка “У песні ёсць крылы”, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта Адама Герасімавіча Русака (1904–1987), праходзіць з 22 мая па 13 чэрвеня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам