ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Кнігі з Венесуэлы папоўнілі фонды Нацыянальнай бібліятэкі
Мая краіна

Юбілей вядомага беларускага мастака

Юбілей вядомага беларускага мастака
Іншыя Навіны

28 чэрвеня спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння Барыса Цітовіча, таленавітага графіка, іканапісца, скульптара, лаўрэата дзяржаўнай прэміі “За духоўнае адраджэнне”, кавалера ордэна Францыска Скарыны.

Барыс Барысавіч Цітовіч нарадзіўся ў 1948 годзе на Урале ў сям’і ваеннага. Бацька паходзіў са шляхецкага роду Цітовічаў з Беларусі, аднак па службе яму з сям’ёй прыходзілася жыць у розных рэгіёнах Расіі. У 1960-х гадах Цітовічы пераехалі на гістарычную радзіму. Сям’я ўладкавалася ў Мінску, дзе Барыс скончыў 8 класаў і здаў іспыты ў мастацкую школу. Першым настаўнікам, які аказаў вялікі ўплыў на фарміраванне поглядаў будучага мастака, быў Леанід Дударэнка. У 1966 годзе юнак паступіў ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (сёння – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), дзе на працягу шасці гадоў вучыўся на аддзяленні кніжнай графікі. Дыпломнай работай сталі ілюстрацыі да рамана Івана Мележа “Людзі на балоце”, якія вылучаліся высокай мастацкай якасцю. У 1975 годзе на Усесаюзным конкурсе “Мастацтва кнігі” Б. Цітовіч атрымаў дыплом ІІ ступені за ілюстрацыі да кніг І. Мележа “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”.

1-2-Iliustracyja-da knihi_Liudzi-na-balocie.jpg
Ілюстрацыі да кнігі І. Мележа “Людзі на балоце”

3-Iliustracyja-da-knihi-Podych-navalnicy.jpg
Ілюстрацыі да кнігі І. Мележа “Подых навальніцы”

Першыя гады пасля заканчэння інстытута малады мастак працаваў ілюстратарам у выдавецтвах “Мастацкая літаратура” і “Беларусь”, удзельнічаў у выстаўках рознага ўзроўню. У 1974 годзе ён разам з жонкай, актрысай і рэжысёрам, пакінуў сталіцу і пераехаў на пастаяннае жыхарства ў вёску Заброддзе Вілейскага раёна. Тут працягваў займацца ілюстраваннем кніг, пісаў карціны, ствараў графічныя серыі.

На працягу свайго творчага жыцця Барыс Цітовіч праілюстраваў каля двух дзясяткаў кніг беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку “Дзве аповесці” В. Казько, “Завеі, снежань” І. Мележа, “Пушча” В. Карамазава, “Марат Казей” П. Броўкі, зборнік вершаў і паэм “Песня свабоды” Я. Купалы на малдаўскай мове, “Летуценнік” і “Смутак белых начэй” І. Навуменкі, “У родника: повести” Я. Брыля, “Зеніт” І. Шамякіна і інш. Мастак на высокім прафесійным узроўні валодаў уменнем перадаваць не толькі характар герояў кніг, але і каларыт мастацкага тэксту.

9-Zaviei-sniezan-Lietuciennik.jpg

4-Iliustracyja-da-kazki-Sharlia-Piero.jpg
Ілюстрацыі да казкі Шарля Перо “Подарок феи”

Вялікай сілай эмацыянальнага ўздзеяння вылучаюцца графічныя серыі “Памяці Брэста”, “Салдацкім удовам прысвячаецца”, “Тыя, хто прынёс вайну”; сялянскае жыццё апяваюць серыі “Поры года”, “Мае аднавяскоўцы”, “Сялянскі накцюрн”, “Хроніка з нататкамі на палях”. Мастак выканаў шэраг кампазіцый насценнага роспісу Свята-Ціханаўскай царквы г. Вілейка. Ім створаны таксама цыкл жывапісных станковых работ аб Мінску, на біблейскія сюжэты. Асноўныя творы Б. Цітовіча выкананы ў тэхніцы афорта, літаграфіі, гравюры, шаўкаграфіі. Яны звяртаюць увагу жыццёвай праўдай, рэльефнасцю вобразаў, а ілюстрацыі да рамана “Людзі на балоце” і сёння лічацца адным з вышэйшых дасягненняў беларускай кніжнай графікі.

8-Paltauskaja-bitva.jpg
Палтаўская бітва. Эстамп

6-Naciurmort-sa-skrypkaj.jpg
Нацюрморт са скрыпкай. Эстамп

Citovich_Dziedavy_rehalii.jpg
Дзедавы рэгаліі. Аўталітаграфія

Творы мастака (малюнкі, гравюры, жывапісныя палотны) зберагаюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, фондах Беларускага саюза мастакоў, выставачным аб’яднанні “Цэнтральны дом мастака” (Расія), прыватных зборах Беларусі, Расіі, ЗША, Германіі, Італіі, Польшчы і інш. краін.

Барыс Цітовіч быў не толькі творцам, але і чалавекам актыўнай жыццёвай пазіцыі, ініцыятарам і арганізатарам штогадовых мерапрыемстваў патрыятычнай і духоўна-гістарычнай тэматыкі, аўтарам многіх памятных знакаў у гонар воінаў, якія загінулі ў гады айчынных войнаў, заснавальнікам мясцовага дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду “Крокі”, адным з аўтараў праекта і першым галоўным мастаком мастацка-этнаграфічнага комплексу “Дудуткі”, актыўным удзельнікам адукацыйнай работы з моладдзю. Па праекце Б. Цітовіча пабудавана Барысаглебаўская капліца як помнік аб загінулых у сусветных войнах. З часам побач з капліцай была ўзведзена званіца. У гэтых пабудовах разгорнута інфарматыўная музейная экспазіцыя, якую Барыс Барысавіч аформіў з бездакорным густам.

Barysahliebskaja kaplica-Zabrodze.jpg

Шматлікая і шматаспектная дзейнасць мастака была высока ацэнена дзяржавай. Ён стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” (2004), кавалерам ордэна Францыска Скарыны (2015), быў узнагароджаны медалямі “За працоўныя заслугі” (2007), “За заслугі ва ўвекавечанні памяці загінулых абаронцаў Айчыны” (2012), нагруднымі знакамі і ганаровымі граматамі. З 2008 года стаў ганаровым грамадзянінам Вілейскага раёна.

Таленавіты мастак, ідэйны і натхнёны арганізатар, разважлівы і мудры дарадца, апантаны даследчык ваеннай і царкоўнай гісторыі, народнай культуры і мастацтва, адказны грамадзянін – гэта далёка не поўны пералік адметных характарыстык шматграннай асобы Барыса Барысавіча Цітовіча, усё жыццё якога было прыкладам самаадданага служэння абранай справе і людзям.

Інфармацыя пра мастака змешчана ў электронных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”, электронным каталогу, Нацыянальнай базе даных аўтарытэтных запісаў. У фондзе бібліятэкі захоўваецца шэраг эстампаў мастака.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Сфарміравана праграма ХІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Электронная культура”

7 Чэр 2024

Як бібліятэкі ўзаемадзейнічаюць са сферай адукацыі і інтэгруюць лічбавы кантэнт у школьную або праграму ВНУ, як вырашаюцца праблемы вэб-архівавання рэсурсаў? Стварэнне электроннай бібліятэкі, асаблівасці ўкаранення штучнага інтэлекту, – гэтыя і іншыя пытанні будуць абмяркоўвацца на гэтай сустрэчы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Нацыянальнай бібліятэцы сустрэлі гасцей з Азербайджанскай Рэспублікі

6 Чэр 2024

6 чэрвеня беларускі “алмаз ведаў” наведала дэлегацыя з Азербайджанскай Рэспублікі на чале з намеснікам прэм’ер-міністра Азербайджанскай Рэспублікі Алі Джавадавічам Ахмедавым.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Чацвёртая выстаўка цыкла “Зара вызвалення займаецца над Беларуссю”

7 Чэр 2024

Напярэдадні святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (3 ліпеня) і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў экспануецца заключная частка выхаваўча-патрыятычнага цыкла “Зара вызвалення займаецца над Беларуссю”, які звяртаецца да хронікі падзей і да ўвекавечання памяці аб героях-удзельніках.

Кніжныя выстаўкі

Беларуская натарыяльная палата і Нацыянальная бібліятэка Беларусі: захоўваем гісторыю разам

5 Чэр 2024

5 чэрвеня ў зале адукацыйных тэхналогій у рамках падпісанага раней пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферы інфармацыйнай дзейнасці паміж Беларускай натарыяльнай палатай і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі адбылася ўрачыстая перадача ў фонды "алмаза ведаў" унікальнага выдання, прысвечанага этапам станаўлення інстытута натарыята на беларускіх землях.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Кніжная спадчына Дома Мамонічаў

3 Чэр 2024

З 3 чэрвеня ў музеі кнігі арганізавана выстава, прымеркаваная да 450-годдзя з пачатку дзейнасці друкарні Мамонічаў – аднаго з самых адметных беларускіх выдавецкіх цэнтраў ХVІ – пачатку ХVІІ ст.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам