8 студзеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння таленавітага празаіка, публіцыста, грамадскага дзеяча Алеся Савіцкага (1924–2015), творчая дзейнасць якога займае асобае месца ў сучаснай беларускай літаратуры.
Прызначэнне літаратуры, мастацтва, культуры ўвогуле заўсёды адказнае:
назапашваць, памнажаць інтэлектуальны пласт грамадства,
падтрымліваць, узнаўляць, замацоўваць перш-наперш гістарычны вопыт народа.
А. Савіцкі
Алесь (Аляксандр Ануфрыевіч) Савіцкі нарадзіўся ў Полацку. У гэтым горадзе прайшлі першыя гады яго жыцця, тут ён пайшоў у школу. У 1939 г. сям’я пераехала ў Гродна, дзе Алесь прадоўжыў вучыцца ў сярэдняй школе.
У гады нашэсця нямецка-фашысцкіх захопнікаў юнак са зброяй у руках адстойваў свабоду і незалежнасць Радзімы: спачатку ў партызанскіх атрадах на Віцебшчыне, а пасля вызвалення Беларусі – у Савецкай арміі. На яго рахунку больш за дзесяць падарваных эшалонаў, мноства спаленых і ўзарваных мастоў у тыле ворага, удзел у баях за вызваленне Літвы, Польшчы, за ўзяцце Берліна. Алесь Савіцкі быў тройчы паранены. Пасля дэмабілізацыі працаваў у рэдакцыі полацкай абласной газеты “Бальшавіцкі сцяг”, на старонках якой у 1948 г. быў надрукаваны яго першы твор – апавяданне “Рыбацкае шчасце”.
У 1958 г. скончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, у 1961 г. – аспірантуру пры ім. У 1961–1962 гг. працаваў загадчыкам рэдакцыі выдавецтва “Ураджай”, у 1962–1969 гг. – вучоным сакратаром Літаратурнага музея Якуба Коласа. Потым да 1973 г. загадваў сектарам мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ.
З 1973 г. Алесь Савіцкі поўнасцю прысвяціў сябе творчасці. Да гэтага часу ўжо выйшлі ў свет яго аповесці “Кедры глядзяць на мора”, “Пасля паводкі”, раман “Жанчына”, аповесць пра будаўнікоў – “Самы высокі паверх” (адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі, 1972).
Пазней былі напісаны раманы “Верай і праўдай” (1976), “Літасці не чакай” (1982) і “Памерці заўсёды паспееш” (1983), якія склалі своеасаблівую трылогію. Атрымалася шырокае мастацкае палатно, дзе глыбока і пераканаўча ўзнаўляецца гістарычная панарама партызанскай барацьбы з фашысцкімі акупантамі на беларускай зямлі ад першых дзён вайны да вызвалення. Па тэматычнай накіраванасці да трылогіі блізка стаяць раманы “Зямля не раскажа” (1980), “Верасы” (1987), аповесць “Белая знічка” (1984).
Яшчэ адну старонку гераічнай барацьбы беларускага народа з фашысцкімі захопнікамі А. Савіцкі адкрыў у рамане “Обаль”. Дзякуючы гэтаму твору нічым не прыметная да вайны чыгуначная станцыя Обаль, што пад Полацкам, увайшла ў гісторыю як месца змагання беларускіх маладагвардзейцаў, аб’яднаных у камсамольскую падпольную арганізацыю “Юныя мсціўцы”.
Па меркаванні Т.І. Шамякінай, доктара філалагічных навук, мужнасць і адкрытасць праўды, пафас чалавечнасці – гэта той маральны фундамент, на якім трымаецца мастацкі свет А. Савіцкага ва ўсіх яго ваенных творах. Літаратуразнаўца адзначала: “Захаваць памяць свайго пакалення, данесці яе да ўсё новых пакаленняў беларусаў – такі свой патрыятычны і чалавечы абавязак пранёс праз жыццё пісьменнік-грамадзянін Алесь Ануфрыевіч Савіцкі”.
Кола творчых інтарэсаў пісьменніка даволі шырокае: праблемы вясковага жыцця (раман “Палын – зелле горкае”, апавяданні “Вёска была за лесам”, “Мітуліца”), духоўны свет сучасніка (аповесць “І нічога ўзамен”, раман “Толькі аднойчы”, апавяданні “Сезоннікі”, “Вольга прыехала” і інш.), тэма дзяцінства (“Дзівосы Лысай Гары”, “Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка”, “Яўгенка, Лінда і Рык”, “Прыгоды Муркі” і інш.). Алесь Савіцкі – аўтар шэрага публіцыстычных артыкулаў. Шмат яго твораў перакладзены на рускую, украінскую, узбекскую, грузінскую, славацкую і іншыя мовы.
Сведчаннем прызнання ваенных і творчых заслуг Алеся Ануфрыевіча Савіцкага з’яўляюцца шматлікія ўзнагароды: ордэны Чырвонай Зоркі, Славы III ступені, Айчыннай вайны I ступені, “Знак Пашаны”, Францыска Скарыны і шматлікія медалі. Пісьменнік быў удастоены звання “Ганаровы грамадзянін Полацка” (1987). Яго творы неаднаразова станавіліся лаўрэатамі розных прэмій.
Больш інфармацыі пра А.А. Савіцкага можна знайсці ў рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: электронным каталогу і анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”.
У зале беларускай літаратуры (пам. 205) з 6 студзеня па 4 лютага праходзіць юбілейная кніжная выстаўка “Пісьменнік-грамадзянін”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Алеся Савіцкага.
Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.