ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Тэставы доступ да электронных рэсурсаў Амерыканскага фізічнага таварыства
Рэсурснае забеспячэнне Цэнтральнай гарадской публічнай бібліятэкі імя У.У. Маякоўскага (г. Санкт-Пецярбург)

Юбілей знакамітай мастачкі

Юбілей знакамітай мастачкі
Іншыя навіны

25 кастрычніка спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння Нінэль Іванаўны Шчаснай (1933–2013), мастака-жывапісца, графіка, члена Саюза архітэктараў СССР (1963) і Саюза мастакоў СССР (1966), заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1989).

Нарадзілася Нінэль Шчасная ў Полацку ў сям’і настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Дзяцінства прыпала на гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1941 годзе яна паспела скончыць 1-шы клас сярэдняй школы ў в. Новы Двор Смаленскага раёна. Потым разам з сям’ёй была эвакуіравана ў Тамбоўскую вобласць. У 1946 годзе вярнулася ў Беларусь, месцам жыхарства стаў Мінск.

У 1949 годзе пасля заканчэння з пахвальнай граматай сямі класаў сярэдняй школы № 15 Нінэль паступіла ў Мінскае мастацкае вучылішча (цяпер – Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава). Па ўспамінах самой мастачкі, стаць на творчы шлях ёй настойліва раіў мастак С. Каткоў. У 1955 годзе яна паступіла ў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна ў Ленінградзе (цяпер – Санкт-Пецярбургская акадэмія мастацтваў імя І.Я. Рэпіна) на факультэт жывапісу.

Пасля заканчэння вучобы пяць гадоў жыла ў Душанбе. Менавіта там пачала свой працоўны і творчы шлях: займалася афармленнем інтэр’ераў сучасных пабудоў, рэстаўрацыяй помнікаў дойлідства. Але па-сапраўднаму талент мастачкі раскрыўся на радзіме, куды яна вярнулася ў 1965-м. У той жа год у яе нарадзілася дачка Лада (1965–2007), якая таксама, як і маці, абрала шлях мастацтва.

Shchasnaja 2.jpg
Нясвіж. Партрэт дачкі, 1981 г.

Нінэль Шчасная працавала ў станковым жывапісе ў жанрах партрэта, пейзажа, нацюрморта, а таксама ў галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, у станковай і кніжнай графіцы. Яна стварыла сотні жывапісных і дзясяткі дэкаратыўна-прыкладных работ, шмат твораў станковай графікі і мастацкага посуду. З 1964 года ўдзельнічала ў міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выстаўках. У 1966-м была праведзена першая персанальная выстаўка Нінэль Шчаснай. Цікава, што ўсе яе выстаўкі, а іх было больш за 40, суправаджаліся такой традыцыяй: пры адкрыцці мастачка запальвала свечы, а па закрыцці – тушыла.

Асноўнае месца ў яе творчасці займае ўзаемадзеянне чалавека з навакольным асяроддзем, прыродай, космасам. Нінэль імкнулася паказаць сувязь са сваёй зямлёй і родам, што бачна на прыкладзе работ “Мая бабуля Ліда” (1956), “Бабуліны казкі” (1982), “Маё нараджэнне ля Сафіі Полацкай” (1981), “Кліч (дадому ў Полацк)” (1987) і інш. Яна стварыла партрэты гістарычных асоб, звязаных з Полацкам, – Еўфрасінняй Полацкай (1997), Францыскам Скарынам (2000), серыю партрэтаў пляяды беларускіх пісьменнікаў: М. Багдановіча, І. Мележа, У. Дубоўкі, І. Шамякіна, А. Пашкевіч (Цёткі), А. Макаёнка, М. Танка, А. Куляшова і інш.

Shchasnaja_3-5.jpg

Сярод работ мастачкі ёсць творы, прысвечаныя ваеннай тэме, – “Налібоцкая пушча 1944 года” (1975), “Холад смерці” (1977), “Толькі яго нявеста” (1984), “Вярнуўся” (1985) і інш., а таксама тэме Чарнобыля – “Чарнобыльская Мадонна” (1988).

Shchasnaja_6-7.jpg

Нінэль Шчасная аформіла больш за 30 кніг – “Калінавая рукавічка” А. Васілевіч, “Матрёшкины сказки” І. Бурсава, “Рыжая палянка” Д. Бічэль-Загнетавай, “Крылы” М. Хведаровіча, “Птушка сінязорка” Г. Дзмітрыева, “Заручыны” П. Макаля, “Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй” А. Лойкі і інш.

Shchasnaja 8.jpg

Яна заснавала новы від жывапісу на шкловалакне, стала распрацоўшчыкам унікальных вітражоў. Сярод самых вядомых кампазіцый – “Вада”, “Неба”, “Агонь”, “Зямля” (1972–1978), трыпціхі “Птушкі ў садзе”, “Птушкі ў небе” (1981–1982). Адзінаццаць прасторавых кампазіцый уключаны ў дзяржаўны Рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваюцца дзяржавай.

Shchasnaja 9.jpg
Вітраж “Неба”. Рэстаран “Свіслач”

Работам мастачкі ўласцівы мяккасць і лірызм светаадчування, экспрэсіўная тэхніка, арыгінальнасць колеравых вырашэнняў. Многія з твораў знаходзяцца ў музеях, галерэях, прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой. У 2001 годзе быў надрукаваны альбом Н. Шчаснай “Искры моей жизни”, які змясціў больш за 300 твораў.

Shchasnaja 10.jpg

Нінэль Іванаўна была адзначана шэрагам узнагарод, сярод якіх медалі ВДНГ (1975), “Ветэран працы” (1990), “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” (1997). Яна ўдастоена званняў заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1989) і ганаровага грамадзяніна горада Полацка (2004).

Бібліяграфічныя і тэкставыя матэрыялы аб таленавітай і самабытнай палачанцы змешчаны ў электронных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – электронным каталогу і анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Да 95-годдзя таленавітага бібліёграфа Зоі Антонаўны Сядой

20 Май 2024

Зоя Антонаўна нарадзілася ў г. Нова-Барысаў Мінскай вобласці ў сям'і ваеннаслужачага. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны яна скончыла пачатковую школу і разам з бацькамі эвакуіравалася ў сяло Аторма Зяметчынскага раёна Пензенскай вобласці.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

Зала дакументаў па мастацтве прапануе: рубрыка “Асобы. Даты. Падзеі”

18 Май 2024

Штогод 18 мая больш чым у 150 краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень музеяў, які шырока святкуецца і ў нашай краіне ў рамках акцыі “Ноч музеяў”. У межах пастаяннай рубрыкі “Асобы. Даты. Падзеі”, якая ладзіцца ў зале мастацтваў (пам. 306), запрашаем пазнаёміцца з кніжнай выстаўкай “Па маршрутах беларускіх музеяў”, прысвечанай айчыннай музейнай справе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам