ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Асвечана натхненнем Песняра. Супрацоўнiкi музея назвалi галоўныя артэфакты купалаўскiх мясцiн у Вязынцы i Ляўках
“Жыццё маё – ці васілёк, ці ружа…”

Да 100-годдзя з дня нараджэння Гедалія Маісеевіча Саф’яна

Да 100-годдзя з дня нараджэння Гедалія Маісеевіча Саф’яна
Іншыя Навіны

Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Гедалія Маісеевіча Саф’яна, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, выключнага спецыяліста, які прысвяціў больш за трыццаць гадоў свайго прафесійнага жыцця Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Нарадзіўся ён у 1920 г. у горадзе Мазыры. У 1938 г. пачаў навучанне на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, але далейшыя жыццёвыя планы перапыніла Вялікая Айчынная вайна.

З самых першых яе дзён Гедалій Саф’ян абараняў радзіму. Увесь ваенны час ён правёў у салдацкім шынялі, дайшоў да Германіі. Запісы з матэрыялаў асабістай справы сведчаць: чэрвень – лістапад 1941 г. – радавы; лістапад 1941 г. – май 1942 г. – у шпіталі на лячэнні; ліпень 1942 г. – лістапад 1945 г. – камандзір аддзялення.

Ваеннае ліхалецце забрала жыццё самых блізкіх яго людзей: бацька загінуў у Трасцянецкім лагеры ў сярэдзіне вайны, а маці – падчас першага пагрому Мінскага гета 7–8 лістапада 1941 г. Але аб гэтым Гедалій Маісеевіч даведаўся значна пазней і ўвесь салдацкі шлях прайшоў з надзеяй сустрэцца з роднымі.

За подзвігі і вялікі ўнёсак у агульную Перамогу Г.М. Саф’ян быў узнагароджаны двума медалямі “За отвагу” (1944, 1945) і медалём “За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.” (1945).

Пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся ў Мінск, аднавіў вучобу ва ўніверсітэце і ў 1946 г. атрымаў дыплом гісторыка.

З 1946 па 1947 г. працаваў у якасці навуковага супрацоўніка ў Дзяржаўным архіве БССР. З 1947 па 1949 г. вучыўся ў аспірантуры Акадэміі навук БССР, а ў 1948 г. уладкаваўся на працу ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна (сёння – Нацыянальная бібліятэка Беларусі), якой прысвяціў амаль палову свайго жыцця.

Працаваў спачатку на пасадзе старшага бібліятэкара (1948–1949), затым выконваў абавязкі вучонага сакратара (1949–1950), а потым на працягу трыццаці гадоў займаў пасаду загадчыка аддзела камплектавання.

Пасляваенны час быў няпростым для бібліятэкі. Невялікаму калектыву супрацоўнікаў давялося прыкласці ўсе намаганні, каб аднавіць фонды і зноў заняцца абслугоўваннем чытачоў.

Падчас вайны была знішчана ці вывезена значная колькасць дакументаў: з двух мільёнаў экзэмпляраў даваеннага фонду засталося толькі 320 тыс.

У першую пасляваенную пяцігодку, у значнай ступені дзякуючы абмену з іншымі бібліятэкамі СССР, колькасны склад фонду дасягнуў даваеннага ўзроўню. У сувязі з такім хуткім ростам адразу ж паўстала праблема яго ўліку і размяшчэння. Будынак бібліятэкі быў забіты кнігамі, а няўлічаныя экзэмпляры ляжалі паўсюль.

Менавіта ў такіх няпростых абставінах і пачаўся працоўны шлях Гедалія Маісеевіча. Цяжкасці былі не толькі ў вялікім аб’ёме работы і недастатковай колькасці вопытных супрацоўнікаў. Часам узнікалі пэўныя супярэчнасці з кіраўніцтвам бібліятэкі па пытаннях кнігаабмену. З успамінаў Кулагінай Рымы Іванаўны: “...Саф’ян быў загадчыкам аддзела камплектавання... У яго былі часам сутыкненні з Сіманоўскім праз кнігаабмен. Сіманоўскі проста “сядзеў” на кучы кніг і быў супраць абмену, а Гедалія быў больш сучасным... Вельмі цікавыя людзі былі. Мы, маладыя спецыялісты, многае ў іх перахапілі”.

Любоў да кніг і імклівае павелічэнне іх колькасці ў першыя пасляваенныя гады прывялі да таго, што нават напрыканцы ХХ ст. ва ўліковых дакументах у якасці крыніцы новых паступленняў будзе пазначана –“из внутренних резервов”.

Safjan-1.jpg

У пачатку 1980 г. па стане здароўя Гедалій Маісеевіч адышоў ад кіраўніцтва і працаваў спачатку на пасадзе галоўнага бібліятэкара, пазней – бібліятэкара аддзела камплектавання.

За гады сваёй працоўнай дзейнасці ён неаднаразова атрымліваў узнагароды, сярод якіх: значок “За отличную работу” (1962); Ганаровая грамата Міністэрства культуры БССР і Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў культуры (1967); медаль «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения Владимира Ильича Ленина» (1970); Ганаровая грамата Міністэрства культуры БССР і Беларускага рэспубліканскага камітэта работнікаў культуры (1970); Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР (1972).

Safjan-2.jpg

Паплечнікі Гедалія Маісеевіча ўспамінаюць яго як вельмі эрудзіраванага чалавека, дысцыплінаванага, ініцыятыўнага і стараннага работніка, які карыстаўся аўтарытэтам сярод калег, мог адстойваць свой пункт гледжання, валодаў не толькі замежнымі мовамі, але і швейкаўскім гумарам, умела кіраваў падначаленымі і прымаў актыўны ўдзел у грамадскай рабоце калектыву.

На жаль, жыццёвы шлях яго не быў доўгім. Памёр Гедалій Маісеевіч у 1985 г. Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.

Пра ветэранаў і супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы "Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах".

Навіны

Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

31 Май 2024

23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“Разумнейшыя за ўсіх на свеце!”: прапануем праграму дзіцячага МЕГАсвята

1 Чэр 2024

1 чэрвеня з 12.00 да 15.00 Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае дзяцей і іх бацькоў на дзіцячае МЕГАсвята “Разумнейшы за ўсіх на свеце!”, прымеркаванае да Дня абароны дзяцей.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Шчасце бачыць

1 Чэр 2024

Фотавыстаўка “Шчасце бачыць” арганізавана сумесна з Беларускім дзіцячым фондам і прымеркавана да Міжнароднага дня аховы дзяцей.

Мастацкія выстаўкі

Бібліятэкарам