ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
ЮНЕСКА і Беларусь: этапы плённага ўзаемадзеяння
У бібліятэцы прэзентавалі кнігу “Дом мечты для моей мамы”

Да 105-годдзя Іраіды Аляксандраўны Карзенка

Да 105-годдзя Іраіды Аляксандраўны Карзенка
Іншыя Навіны

За векавую гісторыю Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў яе сценах працавала цэлая пляяда высакакласных спецыялістаў, намаганнямі якіх установа нязменна займала і займае галоўнае месца ў інфармацыйнай інфраструктуры рэспублікі. Адным з такіх значных прафесіяналаў, на вопыце якога вучылася не адно пакаленне бібліятэкараў, была Іраіда Аляксандраўна Карзенка.

Яна нарадзілася ў 1919 годзе ў горадзе Сталіна Сталінскай вобласці (цяпер – Данецк, Данецкая вобласць). Ваенныя падзеі першай паловы ХХ ст. чырвонай лініяй прайшлі праз дзяцінства і маладосць Іраіды, неаднойчы ўносячы непрадбачаныя карэктывы ў яе планы і мары і пакідаючы на ўсё жыццё глыбокі след. Яе бацька Аляксандр Кузьміч быў удзельнікам Грамадзянскай вайны 1917–1922 гг., падчас якой быў сур’ёзна паранены, а малодшы брат Уладзімір загінуў у 19-гадовым узросце, абараняючы ад акупантаў родную краіну ў разгар Вялікай Айчыннай вайны.

У 1937 г. Іраіда скончыла сярэднюю школу і паступіла ў Саратаўскі аўтадарожны інстытут (цяпер – Саратаўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Ю.А. Гагарына). Адвучыўшыся першы курс, яна выйшла замуж і пераехала ў Краснадар, дзе паступіла на горны факультэт Краснадарскага хіміка-тэхналагічнага інстытута (цяпер – Кубанскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт). Але тут у жыццё Іраіды Аляксандраўны халоднай віхурай уварвалася Вялікая Айчынная вайна, якая вымусіла пакінуць вучобу і эвакуіравацца з двума маленькімі дзецьмі ў пасёлак Чырвоны Яр Саратаўскай вобласці. У эвакуацыі яна працавала ў калгасе “Чырвоны фронт”, была старшынёй сельсавета, працавала ў выканкаме і райкаме партыі.

У 1946 г. І.А. Карзенка з сям’ёй пераехала ў вёску Моніна Маскоўскай вобласці. Тут яна ўпершыню пазнаёмілася з бібліятэчнай справай – працавала на пасадзе старшага бібліятэкара ў бібліятэцы Ваенна-паветранай акадэміі, дзе на той момант вучыўся яе муж.

Як і большасць з сем’яў вайскоўцаў, сям’я Іраіды Аляксандраўны часта пераязджала, мяняючы адрас пражывання ў адпаведнасці з месцам службы. У 1950 г. яны пераехалі ў горад Першамайск Адэскай вобласці, дзе Іраіда Аляксандраўна працавала загадчыцай бібліятэкі партыйнага кабінета Камуністычнай партыі. Яшчэ праз некалькі гадоў – у Латвійскую ССР, дзе першапачаткова яна была загадчыцай дзіцячага сада № 2 горада Крустпілс, а пазней – узначаліла працу мясцовай партыйнай бібліятэкі.

Працягвала заставацца на бібліятэчнай ніве Іраіда Аляксандраўна і ў польскім горадзе Бжэг, дзе яны жылі амаль цэлы год. Тут яна загадвала афіцэрскай бібліятэкай вайсковай часці № 10377.

Неўзабаве сям’я вярнулася ў СССР, са студзеня па май 1957 года І.А. Карзенка выконвала абавязкі загадчыцы чытальнай залы гарадской бібліятэкі горада Манчагорска Мурманскай вобласці.

Karzenka-2.jpg
Іраіда Аляксандраўна ў цэнтры

Летам 1957 г. сям’я Іраіды Аляксандраўны пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Мінск, дзе ў кастрычніку з пасады памочніка бібліятэкара і пачалася яе прафесійная гісторыя ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

Зусім хутка яна перайшла на пасаду старшага бібліятэкара чытальні перыёдыкі і масавай работы пры агульнай чытальнай зале, а праз пяць гадоў, з верасня 1962 г., І.А. Карзенка ўзначаліла працу аддзела кнігазахоўвання, “сэрца бібліятэкі”, як яна сама яго называла. На гэтым няпростым і аб’ёмным участку бібліятэчнай работы яна працавала наступныя 14 гадоў.

З матэрыялаў асабістай справы: “Праяўляе вялікі клопат аб захаванасці кніжных фондаў. Пад яе кіраўніцтвам праведзена вялікая работа па аказанні дапамогі бібліятэкам рэспублікі ў выкарыстанні і арганізацыі кніжных фондаў бібліятэк рэспублікі”.

Службовыя абавязкі Іраіда Аляксандраўна паспяхова сумяшчала з атрыманнем спецыяльнай адукацыі: у 1959 г. скончыла гадавыя бібліятэчныя курсы, у 1966-м – бібліятэчны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (цяпер – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка), атрымаўшы ў выніку навучання спецыяльнасць бібліятэкара-бібліёграфа вышэйшай кваліфікацыі.

Karzenka-3.jpg
Іраіда Аляксандраўна трымае сцяг

Лёгка спраўляючыся з шэрагам службовых абавязкаў, Іраіда Карзенка паспявала прымаць актыўны ўдзел у жыцці калектыва і грамадскай працы: была сябрам і сакратаром партыйнага бюро бібліятэкі, неаднойчы абіралася старшынёй мясцовага прафсаюзнага камітэта, актыўна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзенні выбарчых кампаній па выбарах у Раду дэпутатаў.

Karzenka-4.jpg
Іраіда Аляксандраўна злева

Уклад І.А. Карзенка ў развіццё бібліятэкі і бібліятэчнай справы ў цэлым быў адзначаны вялікай колькасцю ўзнагарод рознага ўзроўню: Ганаровай граматай Міністэрства культуры БССР і БРК прафсаюза работнікаў культуры (1962, 1967, 1969, 1977), значком “За выдатную працу” (1968), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР “За актыўную працу ў галіне бібліятэчнай справы” (1972), знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1973 года” (1974), медалямі “За доблесную працу” (1970), “За працоўныя заслугі” (1976) і “Ветэран працы” (1976).

Karzenka-5.jpg

У кастрычніку 1976 г. Іраіда Карзенка пайшла на заслужаны адпачынак.

Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якім пашчасціла працаваць з Іраідай Аляксандраўнай, праз гады пранеслі любоў і павагу да яе. Апроч выдатных прафесійных здольнасцей яны адзначаюць яе цудоўныя чалавечыя якасці: чуласць, уважлівасць, праяўленне праўдзівага матчынага клопату аб кожным у сваім калектыве, бо ў яе заўсёды і для ўсіх знаходзілася добрае слова, падтрымка і слушная парада.

“Бабуля – гэта вытрымка і знешні спакой у любых сітуацыях. Яна ніколі і ні на каго не павышала голас. Бабуля была інтэлігентная, тактоўная, заўсёды магла знайсці словы і падыход да любога чалавека”, – успамінае Іраіду Аляксандраўну яе ўнучка, Юлія Барысаўна Твердахлебава, якая працягнула сямейную дынастыю бібліятэкараў і з 1994 г. звязала жыццё з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Ідучы па шляху роднага чалавека, яна таксама адказвае за багатыя фонды галоўнай бібліятэкі краіны, узначальваючы працу аддзела захоўвання спецыялізаваных фондаў.

У снежні 2003 г. жыццёвы шлях Іраіды Карзенка скончыўся.

Матэрыял падрыхтаваны галоўным бібліятэкарам навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Ірынай Кукетай.

Пра ветэранаў і супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

У бібліятэцы ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “Знайдзі скарбы”

3 Чэр 2024

3 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся фінал культурна-асветніцкай акцыі “Знайдзі скарбы”, ініцыяванай прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

3–9 чэрвеня 1944 года. 13 тыдняў да Вызвалення

4 Чэр 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Беларусь няскораная

3 Чэр 2024

З 6 мая па 5 ліпеня ў зале даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання (пам. 257) праходзіць кніжная выстава “Беларусь няскораная”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Кніжныя выстаўкі

Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

31 Май 2024

23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам