ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Усе грані Нацыянальнай бібліятэкі – у серыі праекта “Беларусь стваральная”
Завяршыўся X Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”

Віншуем з 85-годдзем ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, цудоўнага прафесіянала бібліятэчнай справы Ірыну Аляксандраўну Прылішч!

Віншуем з 85-годдзем ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, цудоўнага прафесіянала бібліятэчнай справы Ірыну Аляксандраўну Прылішч!
Іншыя Навіны

Сёння адзначае юбілей дзейны спецыяліст высокай кваліфікацыі, прафесійны вопыт якога заслугоўвае асаблівай увагі і павагі. Ірына Аляксандраўна Прылішч з пляяды бібліятэкараў, якіх без перабольшання можна назваць творцамі бібліятэчнай справы, якія праз гады пранеслі захопленасць любімай прафесіяй і аддалі ёй усе свае сілы.

Нарадзілася яна ў горадзе Балашове Саратаўскай вобласці ў сям’і настаўніка. У 1939 годзе дзяўчынка з бацькамі пераехала на Паўночны Каўказ, у станіцу Сянцоўская Сунжанскага раёна Грозненскай вобласці (цяпер – Рэспубліка Інгушэція), дзе пайшла ў першы клас.

З 1948 года пастаянным месцам жыхарства сям’і стала Беларусь, вёска Цімкавічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці, дзе Ірына працягнула школьнае навучанне.

Скончыўшы ў 1956 годзе з сярэбраным медалём Цімкавіцкую сярэднюю школу імя К. Чорнага, дзяўчына ўпершыню пазнаёмілася з бібліятэчнай працай “знутры”: на працягу некалькіх месяцаў яна працавала ў бібліятэцы Блеўчыцкай сямігадовай школы.

Prylishch-2.jpgВырашыўшы звязаць сваё жыццё з бібліятэчнай справай, Ірына ў гэтым жа годзе паступіла на бібліятэчны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (цяпер – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). У 1960 годзе атрымала дыплом бібліятэкара і бібліёграфа вышэйшай кваліфікацыі і была накіравана ў бібліятэчную інспекцыю ўпраўлення культурна-асветніцкіх устаноў Міністэрства культуры БССР на пасаду старшага інспектара.

Праз год Ірына Аляксандраўна па ўласным жаданні была пераведзена ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі), дзе больш за дзесяць гадоў працавала старшым бібліёграфам, старшым рэдактарам і галоўным бібліятэкарам у аддзеле апрацоўкі і каталогаў.

З матэрыялаў асабістай справы: “Тав. Прылішч І.А. узначальвае самы адказны ўчастак работы па стварэнні двух новых каталогаў, яна дамаглася значнага перавыканання планавых заданняў падначаленымі ёй работнікамі за кошт павышэння прадукцыйнасці працы, укаранення новых, больш эфектыўных метадаў работы”.

Бліскучыя прафесійныя веды, поўная самааддача і высокая працаздольнасць Ірыны Аляксандраўны былі заўважаны кіраўніцтвам бібліятэкі і ў маі 1975-га яе перавялі на пасаду загадчыцы аддзела мастацтва.

“Бібліятэка выгадавала мяне як чалавека і спецыяліста. З дапамогаю старэйшых калег я набіралася вопыту і майстэрства […] На якім бы ўчастку я ні працавала, мне заўсёды было цікава, работа захоплівала мяне, а таму лічу сябе шчаслівым чалавекам. Цікава мне было таму, што хацелася шукаць, нешта мяняць і ўдасканальваць”, – піша яна праз гады.

У ліпені 1980 года І.А. Прылішч перайшла на пасаду дырэктара Рэспубліканскай навукова-педагагічнай бібліятэкі.

“Па запрашэнню Міністэрства адукацыі БССР пераводам заняла пасаду дырэктара гэтай бібліятэкі. Працаваць было цікава, але пакутавала ад настальгіі па сваёй Ленінцы, дзе на той час ужо адпрацавала 20 гадоў, а таму праз 6 гадоў вярнулася ўсё ж назад”, – успамінае яна гэты перыяд свайго жыцця.

Вярнулася Ірына Аляксандраўна ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна на важную і адказную пасаду – намесніка дырэктара па навуковай рабоце. Складана пераацаніць яе ўклад у развіццё галоўнай бібліятэкі краіны і бібліятэчнай галіны ў цэлым. Валодаючы выдатнымі аналітычнымі здольнасцямі, высокім узроўнем адказнасці і бясконцай адданасцю любімай справе, І.А. Прылішч бездакорна спраўлялася з задачамі, якія ставіла прафесійнае жыццё перад ёй і ўсёй бібліятэчнай супольнасцю.

Prylishch-3.jpg
Ірына Аляксандраўна справа на пярэднім плане

У сваіх успамінах яна пералічвае найбольш значныя, на рашэнне якіх было прыкладзена нямала працы: “Нават уласны папярэдні вопыт не пазбавіў ад неабходнасці напружваць усе сілы і веды для вырашэння канкрэтных праблем. З іх запомніліся найбольш значныя: адстойванне ў Міністэрстве культуры метадычнай функцыі Нацыянальнай бібліятэкі, змены ў структуры Бібліятэкі аддзелаў, падведамасных намесніку дырэктара па навуковай рабоце; аптымізацыя структуры ў сістэме бібліятэк рэспублікі; пошукі аптымальных метадаў узаемадзеяння з абласнымі бібліятэкамі; работа па стварэнню і ўдзелу ў дзейнасці Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі”.

Prylishch-4.jpgДзякуючы асабістым намаганням Ірыны Аляксандраўны абласныя бібліятэкі ўмацавалі свой статус навукова-метадычных цэнтраў рэгіёнаў, пры яе ўдзеле фарміравалася бібліятэчная сетка краіны, праходзіў працэс аўтаматызацыі бібліятэчна-бібліяграфічных працэсаў. У пачатку 1990-х па ініцыятыве І.А. Прылішч была распрацавана праграма “Спадчына”, накіраваная на павышэнне ролі бібліятэк у адраджэнні нацыянальнай культуры.

Нямала ўвагі і часу надавала Ірына Аляксандраўна распрацоўцы рэгламентуючых і нарматыўных дакументаў па бібліятэчнай справе, у тым ліку Закона аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь (1995), Канцэпцыі развіцця бібліятэчнай справы краіны і інш.

Prylishch-5.jpg
На пасяджэнні Савета ветэранаў, 2007 г.
Ірына Аляксандраўна ў цэнтры

Ірына Аляксандраўна – рэдактар і складальнік цэлага шэрагу выданняў: “Работа с изобразительными материалами в массовой библиотеке: инструктивно-методическое письмо” (1977), “Работа с нотами в централизованной библиотечной системе: инструктивно-методические рекомендации” (1980), “Ведение документов по учету библиотечных фондов в школьных библиотеках: методические рекомендации”, “Тэатр кнігі: (метадычныя рэкамендацыі бібліятэкам)” (1988), “Арганізацыя бібліятэчнага абслугоўвання жыхароў маланаселеных пунктаў: (метадычныя парады)” (1992), “Краязнаўчая дзейнасць бібліятэк: (метадычныя рэкамендацыі)” (1994), “Зборнік нарматыўна-рэгламентуючых дакументаў па бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь” (1996), “Бібліятэчны менеджмент: тэарэтычныя аспекты і метадалагічныя рэкамендацыі” (1998) і інш.

Prylishch-6.jpg

Разнапланавую прафесійную дзейнасць ёй лёгка ўдавалася сумяшчаць з удзелам у грамадскім жыцці бібліятэкі: неаднаразова абіралася членам камсамольскага бюро, уваходзіла ў склад рэдкалегіі “Комсомольского прожектора”, з’яўлялася старшынёй прафкама і групы народнага кантролю, намеснікам сакратара партыйнай арганізацыі па ідэалогіі.

Шматгадовая плённая праца І.А. Прылішч была адзначана ўзнагародамі рознага ўзроўню: Ганаровай граматай Міністэрства культуры БССР і БРК прафсаюза работнікаў культуры (1968), юбілейным медалём “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна” (1970), значком “За выдатную працу” Міністэрства культуры СССР (1972), Ганаровай граматай Міністэрства асветы БССР (1985), медалём “Ветэран працы” (1986). У 1991 годзе за актыўную культурна-асветніцкую дзейнасць Ірына Аляксандраўна была ўдастоена медаля Надзеі Канстанцінаўны Крупскай.

У 1997 годзе яна пайшла на заслужаны адпачынак, але і сёння жыва цікавіцца жыццём любімай бібліятэкі, з задавальненнем прымае запрашэнні на сустрэчы ветэранаў.

Prylishch-7.jpg
На святкаванні 95-годдзя НББ, 2017 г.
Ірына Аляксандраўна крайняя справа

“Азіраючыся на сваё жыццё (менавіта жыццё), пражытае ў сценах НББ, хочацца падкрэсліць надзвычай цёплую атмасферу, якая заўсёды мяне акружала, пачынаючы ад аддзела апрацоўкі і заканчваючы дырэкцыяй. Спакойныя, роўныя, таварыскія адносіны стваралі ўмовы для таго, каб усе сілы можна было накіроўваць на выкананне сваіх службовых абавязкаў”, – з настальгіяй успамінае Ірына Аляксандраўна.

Prylishch-8.jpg

З вялікай павагай і радасцю калектыў Нацыянальнай бібліятэкі віншуе Ірыну Аляксандраўну з юбілейнай датай! Наймацнейшага здароўя і дабрабыту, доўгіх гадоў і жаночага шчасця, самых яркіх сонечных фарбаў у жыцці! Хай моцным будзе тое, што даражэй за ўсё на свеце, – здароўе і сям’я! Няхай на душы заўсёды будзе свята, жыццё радуе цёплымі сустрэчамі, радаснымі падзеямі, усмешкамі і добрымі словамі блізкіх сэрцу людзей.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.

Пра ветэранаў і супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

“На сцежках светлай вясны” Паўлюка Труса

21 Май 2024

16 мая ўдзельнікі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі Уздзенскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Труса, дзе ўзялі ўдзел у літаратурна-музычным свяце “На сцежках светлай вясны…”, прымеркаваным да 120-годдзя з дня нараджэння выдатнага паэта, удзельніка літаб’ядання “Маладняк”, ураджэнца Уздзеншчыны Паўлюка Труса (1904–1929).

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт

20 Май 2024

17 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках адукацыйнага семінара “Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт” прайшоў практычны трэнінг па правядзенні патэнтнага пошуку.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

20–26 мая 1944 г. 15 тыдняў да Вызвалення

21 Май 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам