ГалоўнаяНавіныПраект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”
Апошняя воля Адама Багдановіча
“Лабірынты” Вацлава Ластоўскага: забі Мінатаўра ўнутры сябе

4 мая 1945 года. 5 дзён да Перамогі

4 мая 1945 года. 5 дзён да Перамогі
Іншыя Навіны

75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”.
З 30 студзеня па 9 мая 2020 г. штодня на партале бібліятэкі публікуюцца матэрыялы, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей з публікацый адпаведнага перыяду ў газетах Савецкай Беларусі 1945 г.

Салют у гонар узяцця Берліна. Ваенныя парады. У тэатры музкамедыі і кінатэатрах Мінска. Смерць Гітлера. К. Сіманаў у пераможаным Берліне. Газеты: “Звязда” (№ 81), “Советская Белоруссия” (№ 80).

Галоўная навіна газет гэтага дня – поўнае авалоданне Берлінам! На першай паласе апублікаваны загад з удзячнасцю за яго ўзяцце і паведамленнем пра салют у азнаменаванне гэтай падзеі. Салют адбыўся 2 мая ў Маскве “дваццаццю чатырма залпамі з трохсот дваццаці чатырох гармат”. Гэта азначала, што быў дадзены салют першай з трох магчымых ступеняў (ёю адзначалася вызваленне сталіц саюзных рэспублік або ўзяцце сталіц іншых дзяржаў).

Войскамі 2-га Беларускага фронту пад камандаваннем маршала К.К. Ракасоўскага 2–3 мая было ўзята некалькі гарадоў – важных абарончых і транспартных вузлоў, захоплена 328 самалётаў; у палон здаліся больш за 10 тыс. нямецкіх салдат. У гонар гэтых перамог быў дадзены салют трэцяй ступені – “дванаццаццю артылерыйскімі залпамі са ста дваццаці чатырох гармат”. За ўвесь час вайны, пачынаючы з 1943 года, калі ў СССР была ўведзена традыцыя адзначаць ваенныя поспехі артылерыйскімі залпамі, салюты першай ступені (24 залпы з 324 гармат) прагрымелі над сталіцай СССР 26 разоў, другой ступені (20 залпаў з 224 гармат у гонар вызвалення або ўзяцця буйных гарадоў, фарсіравання вялікіх рэк, завяршэння важных аперацый) – 206, а трэцяй ступені (12 залпаў са 124 гармат) – 122 разы.

Яшчэ адна важная падзея, якая адбылася ў гэтыя дні, была звязана з іншай традыцыяй – правядзеннем ваенных парадаў. Гэтая традыцыя пасля перапынку на час вайны была адноўлена 1 мая 1945 года. На газетных палосах былі размешчаны рэпартажы пра ўрачыстыя агляды войскаў на Чырвонай плошчы ў Маскве і на плошчы Леніна ў Мінску. На фотаздымках бачны засяроджаныя твары пяхотнікаў, стройныя шэрагі кавалерыстаў, танкі, якія праязджаюць міма помніка Леніну (“Звязда”, № 81; “Советская Белоруссия”, № 80).

У Мінску традыцыя ваенных парадаў вядзе свой пачатак з сярэдзіны 1920-х, з 1934 года яны праводзіліся на плошчы Леніна. Цікава, што 16 ліпеня 1944 года быў праведзены зусім адмысловы парад – партызанскі. Толькі што вызвалены Мінск на полі былога іпадрома прымаў больш за 30 тыс. удзельнікаў партызанскага руху БССР з 30 брыгад.

Забаўны выпадак адбыўся падчас гэтага шэсця: сярод яго ўдзельнікаў быў заўважаны казёл. Аказваецца, гэта “партызанская” жывёла па мянушцы Малыш з’явілася тут не выпадкова: з 1943-га года казёл знаходзіўся ў складзе адной з брыгад, пераносіў усе нягоды палявога жыцця, перавозіў на сабе медыкаменты, а аднойчы заехаў на танку ў амаль вызвалены горад. Партызаны брыгады, для якіх ён быў своеасаблівым талісманам, палічылі яго вартым удзелу ў парадзе.

Перамога над Берлінам, хай пакуль і не над усёй Германіяй, натхніла працаўнікоў тылу на новыя здзяйсненні. На прадпрыемствах, ва ўстановах, калгасах прайшлі мітынгі, дзе віталі радасную і пераможную вестку, прымалі абавязацельствы ў адказ на вестку пра гістарычныя поспехі Чырвонай арміі перавысіць выкананне паказчыкаў майскага плана (“Звязда”, № 81; “Советская Белоруссия”, № 80).

Як звычайна, цэнтральныя газеты запрасілі жыхароў Мінска на спектаклі і кінапаказы. У Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР (у памяшканні Акруговага Дома Чырвонай арміі) ішла аперэта “Тры сустрэчы” (1942) М.Л. Старакадомскага. У кінатэатрах дэманстраваліся савецкія кінафільмы: “Паядынак” (1944) рэжысёра У. Лягошына, зняты паводле аповесці Льва Шэйніна “Военная тайна”; “Няўлоўны Ян” (1942) рэжысёраў І. Аненскага і У. Пятрова, заснаваны на рэальных падзеях барацьбы чэхаславацкіх патрыётаў супраць гітлераўскіх акупантаў; “Малахаў курган” (1944) рэжысёраў А. Зархі і І. Хейфіца, створаны па літаратурных матэрыялах Б. Войцехава; кінакамедыя “Антоша Рыбкін” (1942) рэжысёра К. Юдзіна, якая апавядае пра воінскія подзвігі кухара-байца (“Советская Белоруссия”, № 80).

Кармен и Симонов.jpg

Яшчэ адна падзея, апісаная ў газеце “Звязда” (№ 81, с. 4), вяртае нас зноў у Берлін: германскае радыё позна вечарам 1 мая паведаміла пра смерць Гітлера і прызначэнне ім яшчэ 30 красавіка сваім пераемнікам адмірала К. Дзёніца. Аднак у ТАСС лічаць, што паведамленне пра смерць дыктатара “ўяўляе сабой новы фашысцкі трук”, мэта якога – даць “Гітлеру магчымасць сысці са сцэны і перайсці на нелегальнае становішча”. 2 мая Канстанцін Сіманаў пабываў у рэйхсканцылярыі – апошнім месцы знаходжання Гітлера. Пісьменнік піша пра тое, што тут актыўна заняты пошукамі: “ищут труп Геббельса. … Ищут и труп Гитлера. … Кабинет Гитлера поврежден бомбой и завален обломками. Одна из соседних комнат цела. Кто-то говорит мне, что это кабинет Бормана. … Комната цела, но в ней все перевернуто. По полу рассыпаны какие-то квадратные бумажки. Поднимаю одну, переворачиваю, оказывается, это экслибрисы библиотеки Гитлера». У гэты ж вечар К. Сіманаў пабываў ля рэйхстага (“к нему уже целое паломничество. Идут и идут люди”); паблукаў па берлінскім заапарку, які ўяўляў тады сумнае відовішча пасля ўсіх бамбёжак пачынаючы з 1941 года. Ваенкара К. Сіманава і яго спадарожніка правёў па заапарку наглядчык-немец, які з жонкай усю вайну быў побач са сваімі жывёламі. “В единственном оставшемся секторе ходит унылый голодный слон”; адзін з двух бегемотаў жывы, другі забіты мінай. Таксама забітыя, як прадставіў іх наглядчык, “самая большая в Европе горилла и самый большой в Европе шимпанзе”: у іх памяшканні хаваліся эсэсаўцы, аўтаматная чарга, прызначаная для фашыстаў, забіла і жывёл. Сіманаў працягвае: “старик стоит рядом с нами у дверей. Кажется, ему очень жалко обезьян. Он стоит молча и по-стариковски трясёт головой”. Адзінае, пра што папрасіў гэты стары, – “провианта для своих животных” (Сіманаў К.М. Незадолго до тишины: записки 1945 г.: март–апр.–май. Масква, 1974, с. 213–218).

6 дзён засталося да Перамогі…

Аўтар публікацыі: Л. Тупчыенка-Кадырава, аддзел карпаратыўнага ўзаемадзеяння НББ.

Усе матэрыялы праекта даступны на партале НББ і сайце “Беларусь у інфармацыйнай прасторы”.

Навіны

“На сцежках светлай вясны” Паўлюка Труса

21 Май 2024

16 мая ўдзельнікі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі Уздзенскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Труса, дзе ўзялі ўдзел у літаратурна-музычным свяце “На сцежках светлай вясны…”, прымеркаваным да 120-годдзя з дня нараджэння выдатнага паэта, удзельніка літаб’ядання “Маладняк”, ураджэнца Уздзеншчыны Паўлюка Труса (1904–1929).

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт

20 Май 2024

17 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках адукацыйнага семінара “Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт” прайшоў практычны трэнінг па правядзенні патэнтнага пошуку.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

20–26 мая 1944 г. 15 тыдняў да Вызвалення

21 Май 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам