ГалоўнаяНавіныПраект “Сведкі эпохі: Беларусь на старонках газет 100-гадовай даўніны”
Міжнародная канферэнцыя “Central Asia – 2023”
Невычэрпнае багацце слова

Музычнае жыццё гарадоў Беларусі – Віцебск: па матэрыялах газет 1917 – пачатку 1918 г.

Музычнае жыццё гарадоў Беларусі – Віцебск: па матэрыялах газет 1917 – пачатку 1918 г.
Іншыя Навіны

У рамках папулярызацыі газетнага фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) і праекта “Сведкі эпохі: Беларусь на старонках газет 100-гадовай даўніны” знаёмім чытачоў з газетнымі артыкуламі, рэцэнзіямі, аб’явамі і іншымі матэрыяламі 1917–1922 гг. аб музычным жыцці гарадоў Беларусі.

1917 год, багаты на рэвалюцыйныя падзеі, актывізаваў грамадскае жыццё. Узрасла цікавасць да мастацтва ў цэлым і музыкі ў прыватнасці: узнікалі клубы, музычныя школы, народныя кансерваторыі. Музыка гучала на канцэртах, гуляннях, святочных мерапрыемствах, у тэатральных пастаноўках.

Віцебск у 1917 г. быў невялікім правінцыйным гарадком. Пра ўстойлівую цікавасць да музыкі тут сведчылі шматлікія і разнастайныя газетныя аб’явы, ад анонсаў тэатральных пастановак або выступленняў эстрадных артыстаў да прыватных урокаў.

1_Vitebskie_gazety.jpg

У Віцебску дзейнічала некалькі музычных тэатраў. Адзін з іх – “Інтымны тэатр” Д.І. Ціхантоўскага.

Інтымны тэатр, нароўні з тэатрам мініяцюр, – разнавіднасць камернага тэатра. Першы тэатр такога тыпу быў адкрыты ў Стакгольме (1907–1910 гг.), пазней і ў іншых гарадах Заходняй Еўропы, Расійскай імперыі. Пастаноўкі, якія насілі адкрыта забаўляльны характар, былі вельмі папулярныя ў радавога гледача.

Давід Іосіфавіч Ціхантоўскі да працы ў “Інтымным тэатры” з 1891 г. быў адміністратарам і кіраўніком Віцебскага гарадскога тэатра. Цікава, што Рыгор Давідавіч Ціхантоўскі стаў дырэктарам першага ў СССР дзяржаўнага прафесійнага тэатра эстрады – Ленінградскага тэатра эстрады і мініяцюр (цяпер – Тэатр эстрады імя А.І. Райкіна) і ўзначальваў яго з дня заснавання ў 1939 г. і да канца 1950-х.

У Віцебску “Інтымны тэатр” быў арганізаваны Д.І. Ціхантоўскім у будынку, спецыяльна пабудаваным для тэатра ў 1908 г. у садзе “Еўропа”. Пасля 1917 г. у будынку размяшчаўся гарнізонны клуб, затым – тэатральная студыя, Тэрэўсат (Тэатр рэвалюцыйнай сатыры) і інш.

Спектаклі ў “Інтымным” (аперэты і фарсы) ішлі штодня, па два за вечар, у суправаджэнні струннага аркестра [5]. Падчас антрактаў у садзе граў аркестр.

2_IntimnyjTeatrTihantovskogo.jpg
“Интимный театр” Д.И. Тихантовского. [Анонс].
Известия Витебского революционного Совета
солдатских и рабочих депутатов, 1917, 26 ліст., с. 4

Пастаяннай трупы ў тэатра не было, тут гастралявалі петраградскія артысты.

3_IntimnyjTeatrTihantovskogo_Gastroli.jpg
“Интимный театр” Д.И. Тихантовского.
Витебский вестник, 1917, 6 крас., с. 4

Пастаноўкі карысталіся каласальным поспехам. Але ўсё ж такі ў тэатра быў канкурэнт – кінематографы, у якіх ішлі баевікі і меладрамы.

Яшчэ адзін тэатр – “Арлекін-Ілюзіён” – таксама ставіў вясёлыя аперэты і фарсы [6]. Для заваблівання публікі ў аб’явах выкарыстоўваліся найвышэйшыя ступені слоў-характарыстык: “Грандиозная бесподобная программа” [6, 26 лістапада]; “Величайшая оперетта! Беспрерывный смех! Смех несмолкаемый!” [6, 24 снежня].

4_ArlekinIllyuzion.jpg
Театр "Арлекин-Иллюзион".
Известия Витебского революционного Совета
солдатских и рабочих депутатов, 1917, 26 ліст., с. 4

У горадзе гучала і сур’ёзная оперная і сімфанічная музыка, у асноўным на сцэне Гарадскога тэатра, найстарэйшага ў Віцебску.

Віцебскі Гарадскі тэатр – першы пастаянны прафесійны тэатр Віцебска, адкрыты ў 1845 г. на Замкавай гары яшчэ ў драўляным, перабудаваным з жылога дома будынку. У 1873–1874 гг. для тэатра быў перабудаваны двухпавярховы цагляны будынак жандарскай каманды на Смаленскай рыначнай плошчы (цяпер – плошча Леніна, на месцы абласной філармоніі).

2_Gorodskoj teatr Vitebsk.jpg
Гарадскі тэатр, Віцебск, [паміж 1904 і 1914 гг.]. Паштоўка з фонду НББ

Гарадскі тэатр запрашаў на ранішнія і вячэрнія пастаноўкі “Рускай оперы”. Так, з 6 па 11 красавіка тут ішлі “Аіда”, “Травіята” і “Рыгалета” Дж. Вердзі, “Кармэн” Ж. Бізэ, “Дэман” А. Рубінштэйна, “Яўгеній Анегін” П. Чайкоўскага, “при участии известного драматического тенора Энрико Ганфа” і “полного ансамбля Московского народного дома под управлением Д.Д. Друзякина” [1]. Захаваўся гуказапіс выканання Э. Ганфа [25].

5_Gorodskojteatr_Gastroli.jpg
Городской театр. [Анонс].
Витебский вестник, 1917, 6 крас., с. 4

Са сцэны Гарадскога тэатра гучала і сімфанічная музыка [13; 15].

Ствараліся таксама самадзейныя калектывы, да прыкладу, прафесійны саюз таварна-прамысловых служачых арганізаваў свой струнны аркестр [12].

У Віцебску дзейнічалі грамадскія і палітычныя арганізацыі, якія праводзілі свае музычныя мерапрыемствы: музычна-драматычнае таварыства [9; 10]; літоўскае культурна-асветніцкае таварыства “Лайсве” [14]; віцебскі камітэт Працоўнай народна-сацыялістычнай партыі [4]; Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя і Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз “Бунд” [20]; Віцебскі салдацкі клуб [2; 3].

6_Litovskijvecher.jpg
Хроника. Литовский вечер.
Борьба, 1917, 27 сн., с. 3–4

Часта мерапрыемствы праводзіліся з дабрачыннымі мэтамі. Так, выканаўчы камітэт воінаў-беларусаў Паўночнага фронту запрашаў 28 снежня на “вокально-музыкальный вечер с танцами в здании женского духовного училища (по Духовской набережной)”; збор меркавалася накіраваць “в пользу белорусских военных организаций” [16].

3_ZHensk duhovnoe uchilishche Vitebsk.jpg
Жаночае духоўнае вучылішча, [Віцебск, паміж 1890 і 1918 гг.]. Паштоўка з фонду НББ

Пераднавагоднюю ёлку і дабрачынны танцавальны вечар у зале Акруговага суда ладзіў Саюз малодшых служачых урадавых, грамадскіх, прыватных устаноў, хатняй прыслугі – “при участи оркестра военной музыки союза” [18].

7_Elkavecher.jpg
Ёлка и благотворительный танцевальный вечер.
Известия Витебского революционного Совета
солдатских и рабочих депутатов, 1917, 29 сн., с. 1

4_Okruzhnoj sud Vitebsk.jpg
Акруговы суд, Віцебск, [паміж 1890 і 1918 гг.]. Паштоўка з фонду НББ

Музыка суправаджала і кінасеансы: у кінатэатры “Мастацкі” 5 снежня 1917 г. быў анансаваны “грандиозный боевик” “Свет народаў”, “картина сопровождается духовым оркестром музыки” [8]. Дарэчы, у аб’яве сустрэўся сучасны нам тэрмін – “баявік”.

8_Kinoboevik.jpg
“Мир народов”.
Известия Витебского революционного Совета
солдатских и рабочих депутатов, 1917, 5 сн., с. 4

Яшчэ адна цікавая тэма ў газетных аб’явах гэтага перыяду – прапановы ад прафесіяналаў па навучанні ігры на музычных інструментах: фартэпіяна [11], скрыпцы і мандаліне [7; 17; 21]. А хтосьці хацеў навучыцца граць на гітары і даваў аб’яву аб пошуку настаўніка [19].

9_Rudnik.jpg
10_Ishchuprep_gitary.jpg
Известия Витебского революционного Совета
солдатских и рабочих депутатов, 1917, 29 сн., с. 4

Азнаёміцца з першакрыніцамі можна пры наведванні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ці набыцці электроннага выдання “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917–1922 гг.”, у якім на двух дысках размешчаны электронныя копіі 2 400 нумароў газет (амаль 80 найменняў), якія выдаваліся ў 1917–1922 гг. на тэрыторыі сучаснай Беларусі ці за яе межамі, але мелі дачыненне да Беларусі.

Камплект дыскаў “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917–1922 гг.” можна набыць па падпісцы або купіць у кіёску, размешчаным на 1-м паверсе каля галоўнага ўвахода. Рэжым работы кіёска адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.


Спіс крыніц:

  1. Объявления // Витебский вестник. – 1917. – 6 апр. – С. 4.
  2. Открытие солдатского клуба // Известия Витебских Советов крестьянских, солдатских и рабочих депутатов. – 1917. – 19 июля. – С. 4.
  3. Музыкально-вокально-литературный вечер // Известия Витебских советов крестьянских, солдатских и рабочих депутатов. – 1917. – 22 июля. – С. 2.
  4. Вечер национальных песен // Витебское слово. – 1917. – 6 окт. – С. 4.
  5. "Интимный театр" Д.И. Тихантовского. [Анонсы] // Известия Витебского революционного Совета солдатских и рабочих депутатов. – 1917. – 26 нояб. – С. 4; 5 дек. – С. 4; 23 дек. – С. 4; 29 дек. – С. 4.
  6. Театр "Арлекин-Иллюзион" // Известия Витебского революционного Совета солдатских и рабочих депутатов. – 1917. – 26 нояб. – С. 4; 23 дек. – С. 4; 24 дек. – С. 4.
  7. Возобновил прием учеников преподаватель скрипки и мандолины Шалыт // Известия Витебского революционного Совета солдатских и рабочих депутатов. – 1917. – 5 дек. – С. 4; 23 дек. – С. 4; 24 дек. – С. 4; 28 дек. – С. 4; 29 дек. – С. 4.
  8. "Мир народов" // Известия Витебского революционного Совета солдатских и рабочих депутатов. – 1917. – 5 дек. – С. 4.
  9. Витебское музыкально-драматическое общество // Известия Витебского революционного Совета солдатских и рабочих депутатов. – 1917. – 23 дек. – С. 1.
  10. Местная жизнь. Костюмированный бал // Известия Витебского революционного Совета солдатских и рабочих депутатов. – 1917. – 23 дек. – С. 4.
  11. Ученик высшего курса Петроградской консерватории дает уроки музыки (рояль) // Известия Витебского революционного Совета солдатских и рабочих депутатов. – 1917. – 23 дек. – С. 4; 24 дек. – С. 4; 28 дек. – С. 4.
  12. Хроника // Известия Витебского революционного Совета солдатских и рабочих депутатов. – 1917. – 23 дек. – С. 4.
  13. Осенние скрипки // Известия Витебского революционного Совета солдатских и рабочих депутатов. – 1917. – 24 дек. – С. 4; 28 дек. – С. 4.
  14. Хроника. Литовский вечер // Борьба. – 1917. – 27 дек. – С. 3–4.
  15. Местная жизнь. Вечер оркестрантов // Известия Витебского революционного Совета солдатских и рабочих депутатов. – 1917. – 28 дек. – С. 4.
  16. Местная жизнь. Музыкальный вечер // Известия Витебского революционного Совета солдатских и рабочих депутатов. – 1917. – 28 дек. – С. 4.
  17. Г. Рудник, скрипач из Англии // Известия Витебского революционного Совета солдатских и рабочих депутатов. – 1917. – 29 дек. – С. 4; Даются уроки на скрипке у приехавшего из Англии Г.Б. Рудника // Витебскій рабочій. – 1918. – 22 янв. – С. 4.
  18. Елка и благотворительный танцевальный вечер // Известия Витебского революционного Совета солдатских и рабочих депутатов. – 1917. – 29 дек. – С. 1.
  19. Ищу преподавателя гитары // Известия Витебского революционного Совета солдатских и рабочих депутатов. – 1917. – 29 дек. – С. 4.
  20. Литературно-вокально-музыкальный вечер // Витебскій рабочій. – 1918. – 17 янв. – С. 4; 19 янв. – С. 4; 22 янв. – С. 4.
  21. Военный капельмейстер В.Л. Мессерман вновь открывает прием уроков [по] скрипке и мандолине (нотная система) // Витебскій рабочій. – 1918. – 19 янв. – С. 4.

Дадатковыя крыніцы:

  1. Витебск. Женское духовное училище [Изоматериал] : [открытка]. – [Витебск] : изд. Ф. Доброго и М. Голощекина, [между 1890 и 1918]. – 1 л.
  2. Витебск. Окружной суд [Изоматериал] : [открытка]. – [Витебск] : изд. Ф. Доброго и М. Голощекина, [между 1890 и1918]. – 1 л.
  3. Витебск. Вокзал [Изоматериал] : [открытка]. – [Витебск] : S. Z. J., [между 1904 и 1909]. – 1 л.
  4. Витебск. Городской театр [Изоматериал] : [открытка]. – Вильна : изд. А. И. Фиалко, [между 1904 и 1914]. – 1 л.
  5. Leoncavallo, R Ridi, Pagliaccio (opera "Pagliacci", act 1) [Грамзапись] / Ruggero Leoncavallo ; il cant. Enrico Ganf // Мир русской грамзаписи. – Рэжым доступу: https://www.russian-records.com/search.php?search_keywords=%C3%E0%ED%F4,%20%DD%ED%F0%E8%EA%EE. – Дата доступу 28.10.2022.

Аўтар публікацыі: Л.Г. Тупчыенка-Кадырава, галоўны бібліёграф
інфармацыйна-аналітычнага аддзела НББ.

Навіны

“На сцежках светлай вясны” Паўлюка Труса

21 Май 2024

16 мая ўдзельнікі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі Уздзенскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Труса, дзе ўзялі ўдзел у літаратурна-музычным свяце “На сцежках светлай вясны…”, прымеркаваным да 120-годдзя з дня нараджэння выдатнага паэта, удзельніка літаб’ядання “Маладняк”, ураджэнца Уздзеншчыны Паўлюка Труса (1904–1929).

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт

20 Май 2024

17 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках адукацыйнага семінара “Пошук патэнтных дакументаў у сетцы Інтэрнэт” прайшоў практычны трэнінг па правядзенні патэнтнага пошуку.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

20–26 мая 1944 г. 15 тыдняў да Вызвалення

21 Май 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам