ГалоўнаяНавіныВыставачныя мультыпраекты
Цуд на далонях вечнасці
Шчасце, сонца, дружба – вось што дзецям трэба

Са смакам горычы і адценнем болю: выстаўка памяці ахвяр Трасцянца

Са смакам горычы і адценнем болю: выстаўка памяці ахвяр Трасцянца
Іншыя Навіны

7 чэрвеня ў атрыуме 2-га паверха бібліятэкі адкрылася інфармацыйна-дакументальная выстаўка «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць».

У гісторыі розных народаў розных краін свету існуе памяць са смакам горычы і адценнем болю – жудасныя падзеі, якія не ўкладаюцца ў галаве «чалавека разумнага», які мае сэрца, душу, пачуцці. Падзеі, праз якія былі пазбаўлены жыцця мільёны бязвінных людзей, бо хтосьці так вырашыў.

Іншы раз хочацца забыць і не ўспамінаць тое, што здарылася… Але немагчыма і нельга! Немагчыма – бо душа баліць за свой народ, які прайшоў небывалыя выпрабаванні, нельга – бо падобнае можа паўтарыцца, калі страцім памяць і ўсведамленне жудаснай трагедыі, якая адбылася.

Такім болем у памяці беларускага, ды й не толькі беларускага народа адгукаецца лагер смерці Трасцянец. Раней, да вясны 1942 года, на гэтым месцы было наваколле вёскі Малы Трасцянец: ішло няпростае ваеннае жыццё, штодзённая барацьба за выжыванне і свабоду. Але аб гэтым ужо мала хто ўспомніць – сёння Трасцянец узгадваецца як найбуйнейшае на тэрыторыі Беларусі месца масавага знішчэння людзей у гады нямецка-фашысцкай акупацыі.

Паводле ацэнкі, дадзенай Надзвычайнай дзяржаўнай камісіяй у жніўні 1944 года, колькасць ахвяр лагера смерці склала 206 500 чалавек, сярод каторых – савецкія ваеннапалонныя, яўрэі Беларусі і заходнееўрапейскіх дзяржаў, падпольшчыкі і партызаны, жыхары Мінска, схопленыя ў палон.

Выставачны праект «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць» распавядае аб месцах масавага знішчэння і заклікае аддаць даніну памяці іх ахвярам. Вялікая ўвага нададзена біяграфічным партрэтам ахвяр Трасцянца: чырвонаармейцу Фёдару Шуваеву, яўрэям Ханушу Мюнцу, Цыры Гольдзінай, Лілі Грун, Эрыху Клібанскаму, жыхару Мінска Яўгену Клумаву, члену руху Супраціву з Мінска Мікалаю Валахановічу. Асобныя раздзелы прысвечаны ўрочышчу Благаўшчына, «Аперацыі 1005», забойству ў Шашкоўцы.

У адкрыцці выстаўкі ўзялі ўдзел першы намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алена Далгаполава, пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Петэр Дэтмар, начальнік упраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Віталіна Рудзікава, намеснік кіраўніка Народнага саюза Германіі па даглядзе за ваеннымі магіламі ў Рэспубліцы Беларусь Людміла Радкоўская, дырэктар Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Рау Віктар Балакіраў, дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Мінску Якаб Рачак, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Ганна Галінская.


Наведаць інфармацыйна-дакументальную выстаўку «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць» і аддаць даніну памяці бязвінным ахвярам можна да 31 студзеня 2019 года.
Дата завяршэння работы выстаўкі можа быць зменена.

Тэлефоны для даведак: (8 017) 266 37 37, 293 28 23.
Е-mail: pr@nlb.by

Навіны

У бібліятэцы ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “Знайдзі скарбы”

3 Чэр 2024

3 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся фінал культурна-асветніцкай акцыі “Знайдзі скарбы”, ініцыяванай прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларусь няскораная

3 Чэр 2024

З 6 мая па 5 ліпеня ў зале даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання (пам. 257) праходзіць кніжная выстава “Беларусь няскораная”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Кніжныя выстаўкі

Вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

31 Май 2024

23 мая 2024 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 зацверджаны вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“Разумнейшыя за ўсіх на свеце!”: прапануем праграму дзіцячага МЕГАсвята

1 Чэр 2024

1 чэрвеня з 12.00 да 15.00 Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае дзяцей і іх бацькоў на дзіцячае МЕГАсвята “Разумнейшы за ўсіх на свеце!”, прымеркаванае да Дня абароны дзяцей.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам