Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
З 8 чэрвеня па 2 жніўня ў зале прававой інфармацыі (пам. 207b) адкрыта выстава “Праблемы наркаманіі скрозь прызму права”, прысвечаная Міжнароднаму дню барацьбы з ужываннем наркотыкаў і іх незаконным абаротам.
Злоўжыванне наркатычнымі сродкамі і псіхатропнымі рэчывамі, іх незаконны абарот – шматгранная, комплексная сацыяльная праблема, якая ў апошнія дзесяцігоддзі набыла глабальны характар і востра стаіць практычна перад усім светам. ААН афіцыйна назвала наркаманію нароўні з ядзернай вайной і экалагічнай катастрофай адной з трох галоўных пагроз цывілізацыі.
З моманту прыняцця Канвенцыі ААН аб барацьбе супраць незаконнага абароту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў 1988 г. і станаўлення прававых асноў міжнароднай сістэмы кантролю за абаротам хімічных рэчываў, якія часта выкарыстоўваюцца пры незаконным вырабе наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, кампетэнтныя органы многіх краін выдалі адпаведныя нацыянальныя заканадаўчыя і iншыя акты, укараніўшы як абавязковыя, так і рэкамендаваныя канвенцыяй меры і механізмы кантролю.
У мэтах забеспячэння абароны жыцця і здароўя грамадзян Рэспублікі Беларусь, стварэння ўмоў для бяспечнага развіцця дзяцей і моладзі, спынення распаўсюджвання наркаманіі як пагрозы для дэмаграфіі і здароўя нацыі, забеспячэння бяспекі грамадства і дзяржавы, 28 снежня 2014 г. быў прыняты Дэкрэт № 6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”, які ўступіў у сілу 1 студзеня 2015 г. i замацаваў шэраг антынаркатычных ініцыятыў. Дэкрэт прадугледжвае як удасканаленне ўжо існуючага нацыянальнага заканадаўства, так і шэраг новаўвядзенняў, якія не маюць аналагаў у нормах міжнароднага антынаркатычнага права.
Высокая ступень грамадскай небяспекі распаўсюджвання наркотыкаў прымусіла зрабіць больш жорсткім крымінальную адказнасць за падобныя злачынствы. З 4 лютага 2015 года ўступіў у сілу дапаўненні і змены ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, якія зрабілі больш жорсткай крымінальную адказнасць за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Так, быў павялічаны максімальны тэрмін пазбаўлення волі за збыт наркотыкаў заведама непаўналетняму – да 15 гадоў, уведзена крымінальная адказнасць за дзеянні, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека ў выніку спажывання ім наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў, у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 12 да 25 гадоў. У прафілактычных мэтах мінімальны ўзрост, з якога наступае адказнасць за збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў або аналагаў, зніжаны да 14 гадоў (раней быў з 16 гадоў).
Трэба адзначыць, што ў апошнія гады ў Рэспубліцы Беларусь скарацілася колькасць злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам і спажываннем наркотыкаў, у тым ліку з удзелам непаўналетніх, асаблівую пагрозу сёння ўяўляе фарміраванне пранаркатычнай свядомасці, перш за ўсё ў маладых людзей.
Выстава можа быць карысная выкладчыкам і студэнтам (курсантам) устаноў вышэйшай адукацыі юрыдычнага профілю, работнікам праваахоўных органаў. На ёй прадстаўлена каля 100 кніг, аўтарэфератаў, перыядычных выданняў.
Выстава ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:
- Міжнароднае супрацоўніцтва ў барацьбе з незаконным абаротам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў
- Крымінальная адказнасць за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў: расійскі і замежны досвед
- Удасканаленне антынаркатычнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь
- Праблемы папярэджання і процідзеяння наркаманіі сярод моладзі
Матэрыял прадстаўлены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.