Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
З 29 студзеня па 28 лютага ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Пра мінулае і адвечнае”, прысвечаная 75-годдзю вядомага беларускага мастака, уладальніка дыплома і медаля Францыска Скарыны Міколы Купавы.
Адзін з прадстаўнікоў беларускага Адраджэння, руплівы змагар за збіранне і захаванне гістарычных помнікаў нашай краіны, каштоўнасцей мінулага, з якім непарыўна звязана будучыня, Мікола Купава – чалавек, які шчыра і аддана, па-сапраўднаму любіць нашу невычэрпную культурную спадчыну і родную мову, перажывае за развіццё нацыянальнай школы ў мастацтве. Ён перакананы, што беларуская культура – гэта вялікі мацярык са шматлікімі скарбамі.
Мікалай Мікалаевіч нарадзіўся ў Оршы, старажытным горадзе з багатай гісторыяй і культурай. Атрымаў адукацыю ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе вучыўся ў П. Любамудрава, В. Шаранговіча. З 1972 г. да сённяшніх дзён М. Купава вядзе актыўную выставачную дзейнасць, працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі, акварэлі, жывапісу, гістарычнай кампазіцыі, экслібрыса. Ён выканаў мастацкае аздабленне звыш 30 кніг і альбомаў, стварыў цэлую галерэю партрэтаў слынных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры, адлюстраваў вобразы спрадвечных помнікаў прыроды, цудоўныя беларускія краявіды.
На выстаўцы экспануюцца рэпрадукцыі твораў Міколы Купавы, прысвечаныя галоўным тэмам яго творчасці – пісьменнікам Янку Купале і Якубу Коласу, розным перыядам іх жыцця, звязаным з імі мясцінам. Напрыклад, прадстаўлены копіі лінарытаў з альбома “Шляхамі Янкі Купалы”. Прывабяць увагу наведвальнікаў рэпрадукцыі да твораў Цёткі, а таксама шэраг кніг з ілюстрацыямі Купавы: “На шырокі прастор” С. Александровіча, “Браткі” Д. Бічэль-Загнетавай, “Той курган векавечны…” К. Цвіркі, “Судны дзень Скарыны” М. Арочкі, “Фрэскі” С. Тарасава, альбом “Францішак Бенядзікт Багушэвіч”, беларускія народныя казкі і іншыя выданні.
Дапаўняюць выстаўку публікацыі пра Міколу Купаву, інтэрв’ю з ім, а таксама яго артыкулы, кнігі і каталогі выставак, укладальнікам якіх з’яўляецца мастак.
На працягу доўгага часу Мікалай Мікалаевіч з’яўляецца чытачом Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, яго ведаюць і паважаюць супрацоўнікі, а кніжныя фонды “алмаза ведаў” поўняцца выданнямі з цудоўнымі ілюстрацыямі Міколы Купавы. Графік прымае актыўны ўдзел у мастацкіх выстаўках бібліятэкі. Так, яго экслібрысы прадстаўлены ў экспазіцыі музея кнігі “З кніг Уладзіміра Караткевіча”, а на выстаўцы “Княства вобразаў і слоў” экспануюцца акварэлі М. Купавы да казак У. Караткевіча. Удзельнічае Мікалай Мікалаевіч і ў выдавецкіх праектах бібліятэкі: ён аказаў значную дапамогу ў афармленні электроннага дыска “«Не пакідайце ж мовы нашай беларускай»: да 180-годдзя Ф. Багушэвіча”, яго творы часткова ўпрыгожваюць вокладку і ўнутраны інтэрфейс гэтага выдання.
Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі шчыра жадаюць шаноўнаму Мікалаю Мікалаевічу моцнага здароўя, невычэрпнага творчага натхнення і стваральнай энергіі, а таксама шмат гадоў плённай працы на карысць нашай нацыянальнай культуры!
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.
Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.