ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіУшанаванне памяці Станіслава Манюшкі ў 2019–2024 гг.

Да 205-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі

 ► 
 ◄ 


Але ёсць слава, да якой і ты,
Як да агню матыль, ляціш заўжды,
І п’еш, як горкае віно, любоў.
Ды не знікае шлях у Менск дамоў,
Дзе музыка твая, як карані
Святога дрэва, што ўздымае дні
Краіны, што была і будзе ў нас,
У беларусаў на бясконцы час
Пакуль малітвай, музыкай святой
Тут поўніцца душа, каб быць жывой…

Віктар Шніп.
Фрагмент з верша “Балада Станіслава Манюшкі”. 2009 г.

У 2024 г. адзначаецца 205-годдзе з дня нараджэння Станіслава Манюшкі (1819–1872) – сусветна вядомага кампазітара і дырыжора, нашага земляка, які зрабіў значны ўнёсак у станаўленне беларускай музычнай культуры.

Пяць гадоў таму 200-гадовы юбілей кампазітара быў уключаны ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА. Дзякуючы гэтаму, 2019 г. стаў сапраўдным усплёскам цікавасці да асобы і творчасці С. Манюшкі, паспрыяў шырокаму святкаванню і шматлікім ініцыятывам. Да юбілею далучылася Нацыянальная бібліятэка Беларусі і стварыла віртуальны праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, у якім падкрэсліла ролю кампазітара менавіта для беларусаў.

У наш час цікавасць да лёсу і творчасці С. Манюшкі па-ранейшаму не згасае: яго асоба з’яўляецца адным з цэнтраў увагі нашых навукоўцаў і даследчыкаў, музыкантаў і мастакоў, гісторыкаў і музейных супрацоўнікаў, педагогаў і музычных выканаўцаў. Пра гэта сведчыць значная колькасць разнастайных мерапрыемстваў і ініцыятыў, якія ладзіліся ў Беларусі напрацягу апошняга пяцігоддзя (2019 – пачатак 2024 г.) і папоўнілі ўжо дзеючы віртуальны праект. Прапануем увазе карыстальнікаў усе навінкі, звязаныя з асобай і творчай дзейнасцю Станіслава Манюшкі.

Да 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара “манюшказнаўцы” падрыхтавалі шэраг навуковых манаграфій, навукова-папулярных выданняў, ілюстраваных альбомаў, выставачных каталогаў, зборнікаў артыкулаў.

Сярод гэтай панарамы кніг вылучаюцца даследаванні беларускіх аўтараў, знаўцаў творчасці Станіслава Манюшкі: Віктара Скорабагатава, Язэпа Янушкевіча, Святлены Немагай, Уладзіміра Мархеля, Ганны Каржанеўскай і іншых.

Заслугоўвае ўвагі кніга пісьменніка і архівіста Язэпа Янушкевіча “Літоўскі Пеўнік, або Мой Манюшка” (2019) з аўтографам аўтара, адрасаваным чытачам Нацыянальнай бібліятэкі. У выданні прапануюцца гісторыка-літаратурныя матэрыялы пра кампазітара, яго эпоху, радавод Манюшкаў, прыжыццёвыя рэцэнзіі і беларускае ліставанне нашага земляка.

У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца ўнікальны нарыс “Stanisław Moniuszko” (1873), а таксама яго алічбаваная копія. Аўтар даследавання – Аляксандр Валіцкі (1826–1893) – літаратар, музычны крытык, выдавец, зямляк і сябар С. Манюшкі. У 2019 г. пабачыла свет перавыданне гэтага аповеду-жыццяпісу пра кампазітара, якое ўпершыню было перакладзена з польскай мовы на беларускую і лічыцца рарытэтным. Пераклад зроблены Язэпам Янушкевічам і Камілай Янушкевіч, якім удалося захаваць аўтэнтычную пабудову сказаў і выказванняў аўтара ХIХ стагоддзя. Нарэшце беларусы могуць прачытаць адно з найбольш значных даследаванняў пра свайго земляка на роднай мове. Сам перакладчык, Язэп Янушкевіч, знаўца творчасці кампазітара, лічыць нарыс Аляксандра Валіцкага праўдзівым “Акіянам Манюшказнаўства”. Кніга даступна ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі з аўтографам аднаго з перакладчыкаў, адрасаваным чытачам “алмаза ведаў”.

Асобнае выданне спецыялісты-манюшказнаўцы на чале з Віктарам Скорабагатавым і Святленай Немагай прысвяцілі опернай творчасці кампазітара. Кніга “Лібрэта опер Станіслава Манюшкі” (2020) уводзіць чытача ў свет тэкстаў – літаратурных першаасноў сцэнічных твораў нашага земляка. У выданне ўвайшлі пераклады на беларускую мову лібрэта опер “Ідылія” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, “Галька” Уладзіміра Вольскага, “Страшны двор” (“Зачараваны замак”) Яна Хянцінскага і іншых. Апынуцца ў атмасферы манюшкаўскага тэатра дапамогуць фотаздымкі са спектакляў, якія цудоўна ілюструюць кнігу.

Навукоўцаў зацікавіць грунтоўны зборнік матэрыялаў Міжнароднага навукова-практычнага форуму “Мастацкая прастора Еўропы ХIХ – пачатку ХХI ст. і Станіслаў Манюшка: гісторыя, сучасны стан” (2021), які прайшоў у нашай краіне ў 2019 г. у гонар 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара. У выданні сабраны артыкулы, звязаныя з асобай і творчай спадчынай Манюшкі, падрыхтаваныя даследчыкамі з Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны і Казахстана.

Сярод выданняў апошняга пяцігоддзя вылучаюцца кнігі сучасных даследчыкаў-манюшказнаўцаў з розных краін свету: Магдалены Дзядэк, доктара мастацтваў, прафесара Універсітэта музыкі імя Фрэдэрыка Шапэна (Польшча), Рудзігера Рытэра, вучонага, гісторыка, музыказнаўца, куратара выстаў, выкладчыка Брэменскага ўніверсітэта (Германія) і іншых. Асаблівую цікавасць выклікае шыкоўны альбом рэпрадукцый з малюнкамі Чэслава Манюшкі, бацькі кампазітара, выявы якога ўпершыню пабачылі свет у поўным аб’ёме ў межах аднаго выдання.

У слайдары прадстаўлены вокладкі вышэйпералічаных і іншых кніг пра Станіслава Манюшку, якія даступны чытачам у фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Кнігі

Ноты

У апошняе пяцігоддзе пабачыў свет шэраг нотных выданняў твораў Станіслава Манюшкі. Шмат з іх падрыхтавала Польскае музычнае выдавецтва (Polskie Wydawnictwo Muzyczne, PWM Edition), якое папулярызуе музычную спадчыну кампазітараў Польшчы XVII–XXI стст.

Значны ўнёсак у нотавыданне твораў Станіслава Манюшкі ўнесла і Беларусь. Так, дзякуючы падтрымцы “Рымска-каталіцкай парафіі Святога Сымона і Святой Алены” ўдзельнікамі творчага калектыву “Беларуская капэла” на чале з Віктарам Скорабагатавым былі выдадзены 5 нотных сшыткаў “Песні нашага касцёла” з сачыненнямі кампазітара для розных інструментаў. Выданні былі падрыхтаваны ў межах серыі “Беларускі гістарычны нотазбор”, якую заснавала “Беларуская капэла” ў 1996 г. Нотныя сшыткі прызначаны як для прафесійных выканаўцаў, так і для аматараў музыкі. Кожны зборнік прадстаўляе розныя грані творчасці Станіслава Манюшкі. Напрыклад, у першым сшытку можна знайсці ноты арганных сачыненняў, у другім – творы для голасу і фартэпіяна, трэці змяшчае музычную спадчыну кампазітара для хору a capella і ў суправаджэнні аргана, чацвёрты таксама пазнаёміць з харавымі творамі, але ў суправаджэнні інструментальных ансамбляў, апошні сшытак прадстаўляе сачыненні для хору ў суправаджэнні фартэпіяна. Амаль кожны зборнік уключае ўступныя артыкулы і каментарыі музыказнаўцаў Святлены Немагай і Святланы Шэйпа.

Усе нотныя выданні, змешчаныя ў слайдары, даступны наведвальнікам у зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Бібліяграфічны спіс артыкулаў з перыядычных і кніжных выданняў з 2019 па 2023 гг. з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Чытачам прапануецца бібліяграфічны спіс артыкулаў пра Станіслава Манюшку, апублікаваных у апошнія гады ў газетах, часопісах і кнігах, якія захоўваюцца ў бібліятэчных фондах. Наяўнасць шыфра дапаможа замовіць тое ці іншае выданне па электоронным каталогу.

  • Часопісы
    1. 3ОК1214
      Балабановіч, А. Слухалі сваё! У Вялікім тэатры / А. Балабановіч // Мастацтва. – 2019. – № 9. – С. 22–25.
    2. 3ОК9229
      Дадзіёмава, В. У. Станіслаў Манюшка як сімвал культур розных народаў: беларускі аспект : да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі / В. У. Дадзіёмава // Весці Беларус. дзярж. акад. музыкі. – 2019. – Вып. 35. – С. 4–7.
    3. 3ОК235
      Корбут, В. Мінск Станіслава Манюшкі / В. Корбут // Беларус. думка. – 2019. – № 4. –
      С. 66–71.
    4. 3ОК9229
      Пилатова, И. В. Особенности трактовки жанра мессы в произведениях С. Монюшко «Жалобныя спевы» / И. В. Пилатова // Весці Беларус. дзярж. акад. музыкі. – 2019. – Вып. 35. – С. 8–12.
    5. 3ОК7327
      Янушкевіч, Я. Самы вядомы ў свеце мінчук : да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі / Я. Янушкевіч // Наша вера. – 2019. – № 2. – С. 28–31.
    6. 3ОК9229
      Ліхач, Т. У. Віленская рэдакцыя “Галькі” Станіслава Манюшкі / Т. У. Ліхач // Весці Беларус. дзярж. акад. музыкі. – 2020. – Вып. 36. – С. 77–83.
    7. 3ОК1420
      Смолік, А. І. Станіслаў Манюшка: кампазітар, дырыжор, педагог / А. І. Смолік // Нар. асвета. – 2020. – № 3. – С. 76–78.
    8. 3ОК7327
      Шэйпа, С. Харавая творчасць Станіслава Манюшкі ad majorem Dei gloriam / С. Шэйпа // Наша вера. – 2021. – № 4. – С. 62–67.
    9. 3Н//2566
      Шэйпа, С. И. Духовная сила сакральной музыки Станислава Монюшко / С. И. Шэйпа // Мастацтва і школа. – 2023. – № 2. – С. 14–17.

    Наверх

  • Газеты
    1. 4Н//334
      Асіпенка, М. Вялікія зоркі пры двары Радзівілаў / М. Асіпенка // ЛіМ. – 2019. – 14 чэрв. – С. 13.
    2. 4Н//334
      Аскера, В. Пастаноўка для Нясвіжа / В. Аскера // ЛіМ. – 2019. – 28 чэрв. – С. 15.
    3. 4Н//411
      Баршчэўскі, Л. І паўстаў Манюшка побач з Дуніным-Марцінкевічам / Л. Баршчэўскі // Нар. воля. – 2019. – 9 ліп. – С. 7.
    4. 4Н//323
      Бунцэвіч, Н. Падарожжы ў яго сусвет / Н. Бунцэвіч // Культура. – 2019. – 4 мая. –
      С. 12–13.
      Пра Міжнародны музычны фестываль, прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
    5. 4Н//323
      Бунцэвіч, Н. У гонар Манюшкі / Н. Бунцэвіч // Культура. – 2019. – 4 мая. – С. 3.
    6. 4Н//137
      Бурак, И. Вечера Большого театра / И. Бурак // Белорус. воен. газ. Во славу Родины. – 2019. – 22 июня. – С. 13.
    7. 4Н//137
      Бурак, И. “Стала б ты калінай”… ЮНЕСКО объявило 2019-й Годом Станислава Монюшко // Белорус. воен. газ. Во славу Родины. – 2019. – № 22. – С. 11.
    8. 4Н//334
      Варонка, Г. Род Міладоўскіх: лёс генія без герба / Г. Варонка // ЛіМ. – 2019. – 23 жн. (№ 33). – С. 15.
    9. 4Н//334
      Варонка, Г. Сяброўства вялікіх / Г. Варонка // ЛіМ. – 2019. – 12 ліп. – С. 15.
      Пра супрацоўніцтва С. Манюшкі з выдатнымі землякамі свайго часу.
    10. 4Н//436
      Дзвінская, Э. Вандроўка па мясцінах роду Манюшкаў / Э. Дзвінская // Наша слова. – 2019. – 31 ліп. – С. 6–7.
    11. 4Н//436
      Дзвінская, Э. Мелодыі, спеўнікі і оперы Манюшкі / Э. Дзвінская // Наша слова. – 2019. – 7 жн. – С. 4.
    12. 4Н//436
      Дзвінская, Э. Незабыўны Манюшка – на канцэртах і ў лекцыях / Э. Дзвінская // Наша слова. – 2019. – 29 мая. – С. 5.
    13. 4Н//436
      Дзвінская, Э. Пакінуў песні, оперы, кантаты : да 200-годдзя Станіслава Манюшкі / Э. Дзвінская // Наша слова. – 2019. – 2 мая. – С. 1.
    14. 4Н//334
      Дзенісенка, А. Ад песень ліцвінаў : карані Станіслава Манюшкі // ЛіМ. – 2019. – 3 мая. – С. 10.
    15. 4Н//116
      Дзенісенка, А. Зачынальнік нацыянальнай оперы // Навука. – 2019. – 10 чэрв. – С. 7.
      Пра выставу, прысвечаную 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі, у аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.
    16. 4Н//308
      [2 мая ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь музеі “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя” адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Вобразы эпохі ў творах Чэслава і Станіслава Манюшкаў”…] // Краязн. газ. – 2019. – № 18 (Май.). – С. 2.
    17. 4Н//334
      Іўковіч, М. “Галька”– на сталічным экране як даніна павагі Станіславу Манюшку / М. Іўковіч // ЛІМ. – 2019. – 29 лістап. – С. 3.
    18. 4Н//2768
      Исайчук, Д. Под музыку Монюшко / Д. Исайчук // Вечер. Минск. – 2019. – 8 авг. – С. 20.
    19. 4Н//2957
      Исайчук, Д. Чарующая классика : музыкальная капелла “Сонорус” покорила произведениями Станислава Монюшко / Д. Исайчук // Мин. курьер. – 2019. – 6 авг. – С. 4.
    20. 4Н//308
      Канцэрты і пленэры – класіку : да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі / А. Фралоў; падрыхтаваў У. Пучынскі // Краязн. газ. – 2019. – № 9 (Сак.). – С. 6.
    21. 4Н//620
      Костяхин, И. С чего начинается опера / И. Костяхин; беседовала И. Овсепьян // Совет. Белоруссия. – 2019. – 14 июня. – С. 12.
    22. 4Н//308
      Купрэвіч, Н. Беларускі фонд культуры як грамадская супольнасць / Н. Купрэвіч // Краязн. газ. – 2019. – № 17 (Май). – С. 3.
    23. 4Н//308
      Купрэвіч, Н. Дзень народзінаў прайшоў, ушанаванне прадоўжыцца : да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі / Н. Купрэвіч // Краязн. газ. – 2019. – № 19. – С. 1–2.
    24. 4Н//245
      Лазоўская, Т. Манюшка і маленькі Парыж / Т. Лазоўская // Звязда. – 2019. – 29 мая. – С. 11.
    25. 4Н//620
      Морунов, А. Станислав Монюшко: его идиллия / А. Морунов, А. Локотко // Совет. Белоруссия. – 2019. – 30 мая. – С. 11.
    26. 4Н//5160
      Музыка Монюшко прозвучит в Витебске // Витеб. вести. – 2019. – 19 окт. – С. 15.
    27. 4Н//1877
      Наркевіч, Г. Гэта музыка будзе вечнай… / Г. Наркевіч // Мін. праўда. – 2019. – 9 крас. – С. 9.
      Пра выставу, прысвечаную кампазітару Станіставу Манюшку, у Чэрвені.
    28. 4Н//323
      Немагай, С. Класіка – не постаць Камандора : ці не наспеў час фестывалю Станіслава Манюшкі? / С. Немагай, Н. Бунцэвич // Культура. – 2020. – 2 мая. – С. 6.
    29. 4Н//2957
      Орёл, Д. Услышать Париж / Д. Орёл // Мин. курьер. – 2019. – 2 авг. – С. 4.
    30. 4Н//245
      Палянская, С. Манюшка, Дон Жуан і “Адзінота ў сеціве” : сёння ўсе дарогі вядуць у Верхні горад / С. Палянская // Звязда. – 2019. – 15 чэрв. – С. 5.
    31. 4Н//1877
      Пашкевіч, А. На высокай ноце / А. Пашкевіч // Мін. праўда. – 2019. – 28 мая. – С. 7.
    32. 4Н//334
      Сімаковіч, Л. Гучаць па-беларуску : развагі з нагоды прэм’ера оперы Станіслава Манюшкі “Галька” на сцэне Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі / Л. Сімаковіч // ЛіМ. – 2019. – 12 крас. – С. 1, 15.
    33. 4Н//334
      Сімаковіч, Л. Стварэнне генія / Л. Сімаковіч // ЛіМ. – 2019. – 26 крас. – С. 15.
    34. 4Н//334
      Смірнова, Д. [У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя новага віртуальнага праекта бібліятэкі “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з міншчыны”...] / Д. Смірнова // ЛіМ. – 2019. – 26 крас. – С. 3.
    35. 4Н//308
      Скорабагатаў, В. Дунін-Марцінкевіч – музыкант? : да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі / В. Скорабагатаў, У. Мархель, Г. Каржанеўская // Краязн. газ. – 2019. – № 13 (Крас.). – С. 6.
    36. 4Н//308
      Скорабагатаў, В. Жыццёвы шлях : да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі / В. Скорабагатаў, У. Мархель, Г. Каржанеўская // Краязн. газ. – 2019. – Студз. (№ 2). – С. 6.
    37. 4Н//308
      Скорабагатаў, В. З “Хатняга спеўніка”: Станіслаў Манюшка і Ян Чачот : да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі / В. Скорабагатаў, У. Мархель, Г. Каржанеўская // Краязн. газ. – 2019. – № 4 (Студз.). – С. 6.
    38. 4Н//308
      Скорабагатаў, В. Люстэрка эпохі : беларускае ліставанне Станіслава Манюшкі : да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі / В. Скорабагатаў, У. Мархель, Г. Каржанеўская // Краязн. газ. – 2019. – Крас. (№ 14). – С. 6 ; Крас. (№ 15). – С. 6.
    39. 4Н//308
      Скорабагатаў, В. Манюшка. Маленькае пасляслоўе : да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі / В. Скорабагатаў, У. Мархель, Г. Каржанеўская // Краязн. газ. – 2019. – Чэрв. (№ 23). – С. 9–10.
    40. 4Н//308
      Скорабагатаў, В. «Ніхто і ніколі лепш за Банольдзі...» : да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі / В. Скорабагатаў, У. Мархель, Г. Каржанеўская // Краязн. газ. – 2019. – Крас. (№ 16). – С. 6 ; Май (№ 17). – С. 6.
    41. 4Н//308
      Скорабагатаў, В. Паэзія Адама Міцкевіча ў творчасці Станіслава Манюшкі / В. Скорабагатаў, У. Мархель, Г. Каржанеўская // Краязн. газ. – 2019. – № 10 (Сак.). – С. 6.
    42. 4Н//308
      Скорабагатаў, В. Паэзія філаматаў у творчасці Манюшкі : да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі / В. Скорабагатаў, У. Мархель, Г. Каржанеўская // Краязн. газ. – 2019. – № 3 (Студз.). – С. 6.
    43. 4Н//308
      Скорабагатаў, В. Пра опернае мастацтва Станіслава Манюшкі… і не толькі : да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі / В. Скорабагатаў, У. Мархель, Г. Каржанеўская // Краязн. газ. – 2019. – Май (№ 20). – С. 6 ; Июнь (№ 21–22). – С. 6.
    44. 4Н//308
      Скорабагатаў, В. Станіслаў Манюшка і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч : да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі / В. Скорабагатаў, У. Мархель, Г. Каржанеўская // Краязн. газ. – 2019. – № 11 (Сак.). – С. 6.
    45. 4Н//308
      Скорабагатаў, В. Станіслаў Манюшка і Уладзіслаў Сыракомля : да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі / В. Скорабагатаў, У. Мархель, Г. Каржанеўская // Краязн. газ. – 2019. – № 5 (Люты.). – С. 6.
    46. 4Н//560
      Стаін, А. Па слядах сціплага рамантыка / А. Стаін // Рэспубліка. – 2019. – 6 чэрв. – С. 16.
    47. 4//818
      Тельтевская, Ю. Реформатор / Ю. Тельтевская, С. Немогай // АиФ. – 2019. – 7 мая. – С. 39.
    48. 4Н//586
      Ускова, Т. Такому наследию место на сценах, а не в запасниках / Т. Ускова // Сел. газ. – 2019. – 11 мая. – С. 22.
    49. 4Н//323
      Фралоў, А. “Код Манюшкі”, увасоблены фарбамі / А. Фралоў // Культура. – 2019. – 6 ліп. С. 3.
    50. 4Н//620
      Фролов, А. По следам белорусского Моцарта / А. Фролов; И. Овсепьян // Совет. Белоруссия. – 2019. – 31 июля. – С. 9.
    51. 4Н//1877
      Халдеева, А. Палитра талантов / А. Халдеева // Мін. праўда. – 2019. – 11 чэрв. – С. 4.
    52. 4Н//334
      Цімошык, Л. Чысло М. Пяты дзень кожнага месяца як прысвячэнне 200-годдзю Станіслава Манюшкі / Л. Цімошык // ЛіМ. – 2019. – 18 студз. – С. 15.
    53. 4Н//245
      Цмыг, Г. “Па партытуры Манюшкі можна дакладна сказаць, што гэта – наш кампазітар” / Г. Цмыг, Н. Капыцько, І. Гарбушына ; запісала І. Кацяловіч // Звязда. – 2019. – 11 мая. – С. 12.
    54. 4Н//3257
      Чарняк, А. Падарожжа ў ХIХ стагоддзе / А. Чарняк // Аршан. газ. – 2019. – 27 жн. – С. 3.
    55. 4Н//620
      Часовитина, Н. В Смиловичи, на родину Монюшко / Н. Часовитина // Совет. Белоруссия. – 2019. – 15 июня. – С. 13.
    56. 4Н//323
      Чыжэўская, А. Драматызм у маладых галасах / А. Чыжэўская // Культура. – 2019. – 4 мая. – С. 12–13.
    57. 4Н//2957
      Шидловская, С. Дарованный Богом : 5 мая исполнится 200 лет со дня рождения Станислава Монюшко, великого композитора, нашего земляка / С. Шидловская // Мин. курьер. – 2019. – 19 марта. – С. 17.
    58. 4Н//245
      Шчарбачэвіч, Н. Манюшка ў сэрцах, Манюшка ў гісторыі / Н. Шчарбачэвіч // Звязда. – 2019. – 24 верас. – С. 13.
    59. 4Н//560
      Шымук, Т. Па слядах сціплага рамантыка : дзіцячыя партрэты ў музеі і віртуальны бібліятэчны праект: як на радзіме Станіслава Манюшкі адзначаюць яго 200-гадовы юбілей / Т. Шымук // Рэспуб. – 2019. – 16 мая. – С. 6.
    60. 4Н//560
      Юр’ева, І. Залатыя рыбкі музыкі : «Беларусь 3» прадстаўляе новы дакументальны фільм пра Станіслава Манюшку / І. Юр’ева // Рэспуб. – 2019. – 14 чэрв. – С. 17.
    61. 4Н//323
      Юркевіч, З. “Шлях Манюшкаў” і яго церні / З. Юркевіч // Культура. – 2019. – 25 мая. – С. 15.
    62. 4Н//334
      Амосава, Ю. Экскурс у віртуальнасць : новы праект на партале Нацыянальнай бібліятэкі / Ю. Амосава // ЛіМ. – 2020. – 5 чэрв. – С. 14.
    63. 4Н//334
      Шыцька, Я. Папулярызацыя гістарычнай навукі / Я. Шыцька // ЛіМ. – 2020. – 17 ліп. – С. 10.
      Прэзентацыя кнігі “Лібрэта опер Станіслава Манюшкі”. Мінск, 2020.
    64. 4Н//323
      Юркевіч, З. Таямніца каменнай лавы: знаходка, што памятае дотык класіка / З. Юркевіч // Культура. – 2020. – 15 лют. – С. 14.
    65. 4Н//323
      Юркевіч, З. Таямніцы Манюшкаў / З. Юркевіч // Культура. – 2020. – 21 сак. – С. 15 ; 28 сак. – С. 15 ; 4 крас. – С. 15 ; 11 крас. – С. 15 ; 18 крас. – С. 15 ; 25 крас. – С. 15 ; 2 мая. – С. 15 ; 16 мая. – С. 15 ; 30 мая. – С. 15.
    66. 4Н//323
      Юркевіч, З. Купала і Манюшка. Што яднае творцаў? / З. Юркевіч // Культура. – 2022. – 4 чэрв. – С. 14.
    67. 4Н//308
      Янушкевіч, Я. Люстэрка эпохі : беларускае ліставанне Станіслава Манюшкі / Я. Янушкевіч // Краязн. газ. – 2019. – Крас. (№ 15). – С. 6.

    Наверх

  • Газеты (электронныя рэсурсы)
    1. Андреева, Ю. В Доме Ваньковича показали рисунки Чеслава Монюшко [Электронны рэсурс] / Ю. В. Андреева // Совет. Белоруссия. – 2019. – 6 мая. – Рэжым доступу : https://www.sb.by/articles/v-dome-vankovicha-pokazali-risunki-cheslava-monyushko.html – Дата доступу : 17.01.2024.
    2. Антонава, Г. Станіслаў Манюшка ў Залессі [Электронный ресурс] / Г. Антонава // Светлы шлях. – 2019. – 5 нояб. – Рэжым доступу : https://www.shliah.by/news/obshhestvo/kultura/news17917.html. – Дата доступу : 17.01.2024.
    3. Выставку к 200-летию Станислава Монюшко открыли в Москве [Электронны рэсурс] // Звязда. – 2019. – 16 крас. – Рэжым доступу : https://zviazda.by/be/node/157711. – Дата доступу : 17.01.2024.
    4. Морунов, А. Чем завершился двухдневный форум Станислава Монюшко в Минске? [Электронны рэсурс] / А. Морунов // Совет. Белоруссия. – 2019. – 4 июня. – Рэжым доступу : https://www.sb.by/articles/chem-zavershilsya-dvukhdnevnyy-forum-stanislava-monyushko-v-minske.html. – Дата доступу : 17.01.2024.

    Наверх

  • Кніжныя выданні
    1. 1Н//836603(039)
      Запрудскі, І. М. С. Манюшка ва ўзаемаадносінах з А. Кіркорам і У. Сыракомлем / І. М. Запрудскі // Беларуская літаратура і культура XIX стагоддзя: асаблівасці развіцця і актуальныя пытанні даследавання / І. М. Запрудскі ; Беларус. дзярж. ун-т. – Мінск, 2021. – С. 51–60.
    2. 3Н//3409
      Лакотка А. І. Яркая старонка музычнай культуры (да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі) // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 26 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі ; навук. рэд. А.І. Лакотка. – Мінск : Права і эканоміка, 2019. – С. 7–10.

    Наверх


Ушанаванне памяці Станіслава Манюшкі ў 2019–2024 гг.

Юбілей Станіслава Манюшкі быў уключаны ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА на 2019 г. і шырока адзначаўся культурнай грамадскасцю ўсяго свету.

У Беларусі 2019 г. таксама стаў надзвычай плённым на разнастайныя мерапрыемствы, якія ладзіліся ў гонар кампазітара па ўсёй краіне. Ініцыятывы па ўшанаванні памяці нашага славутага земляка ажыццяўляліся згодна з Планам мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі, спецыяльна распрацаваным Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Адзначаць юбілейны год кампазітара ў Беларусі пачалі яшчэ зімой, аднак найбольшая колькасць культурных падзей прыйшлася на вясну, сярод якіх былі ініцыятывы не толькі рэспубліканскага, але і міжнароднага ўзроўню з удзелам беларусаў. Напрыклад, у красавіку 2019 г. у Дзелавым і культурным комплексе Амбасады Беларусі ў Расіі (г. Масква) адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі. У экспазіцыю, падрыхтаваную Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, увайшлі копіі малюнкаў бацькі кампазітара Чэслава Манюшкі, нотныя зборнікі, афішы, фотаздымкі тэатральных пастановак, творы сучасных беларускіх мастакоў, створаныя да юбілею. Наведвальнікаў мерапрыемства чакаў унікальны канцэрт, на якім гучалі творы кампазітара, выкананыя студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і айчыннымі опернымі спевакамі.

У 2019 г. у Музеі літоўскага тэатра, музыкі і кіно (г. Вільнюс) праходзіла выстаўка “Станіслаў Манюшка – васемнаццаць гадоў творчасці і кахання ў Вільнюсе”. У стварэнні экспазіцыі сярод іншых устаноў розных краін браў удзел і Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей (г. Чэрвень Мінскай вобласці), які прадставіў свае экспанаты.

6 мая 2019 г. у гістарычным цэнтры Вільнюса, у касцёле Святых Янаў прайшоў канцэрт ансамбля “Вытокі” і салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь сумесна з літоўскімі калегамі. Сімвалічна, што ў касцёле захаваўся перавезены ў XIX стагоддзі з Полацкай езуіцкай акадэміі раскошны барочны арган, на якім напрацягу 18 гадоў іграў Станіслаў Манюшка падчас жыцця ў Вільні.

У юбілейны год кампазітара прадстаўнікі Беларусі бралі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай Манюшку, якая адбылася ў чэрвені ў Літоўскай нацыянальнай бібліятэцы імя М. Мажвідаса, а хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі выступіў у канцэрце да 200-годдзя Станіслава Манюшкі ў Кракаўскай музычнай акадэміі.

У верасні 2019 г. у пасольстве Літвы ў Беларусі адбылася навуковая канферэнцыя, прысвечаная кампазітару, а ў мінскім храме Прасвятой Тройцы быў арганізаваны сумесны канцэрт беларускіх і літоўскіх музыкантаў, на якім выканалі духоўныя творы нашага земляка.

Значнай навуковай і культурнай падзеяй 2019 года стаў Міжнародны навукова-практычны форум “Мастацкая прастора Еўропы XIX–ХХ стагоддзяў і Станіслаў Манюшка: гісторыя, сучасны стан”, які прайшоў 30–31 мая ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску.

Форум сабраў больш за 100 навукоўцаў з розных краін: Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны, Малдовы, Расіі, Казахстана. У мерапрыемстве бралі ўдзел і супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія пазнаёмілі прысутных з новым віртуальным праектам “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, створаным да юбілею кампазітара.

У межах форуму ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма тэлеканала “Беларусь 3” “Залатыя рыбкі музыкі Станіслава Манюшкі” (аўтар фільма – Алеся Зелянко).

Кінастужка распавядае пра станаўленне асобы творцы, яго значэнне ў кантэксце беларускай і сусветнай музычнай культуры, пра захаванне памяці кампазітара на яго радзіме. Цудоўным музычным аздабленнем фільма сталі кампазіцыі С. Манюшкі ў выкананні ансамбля салістаў “Вытокі”, арганісткі Святлены Немагай, піяніста Юрыя Блінова, салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, а таксама студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, якія пад кіраўніцтвам Аляксандра Высоцкага прэзентавалі двухактовую оперу Манюшкі “Галька”. Акрамя гэтага, у фільме прынялі ўдзел звыш 20 “манюшказнаўцаў” і музыкантаў.

Мерапрыемства працягнулася канцэртам з твораў мінска-віленскага перыяду творчасці кампазітара ў выкананні музычнай капэлы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (кіраўнік – Галіна Цмыг).

Падчас канцэрта ў гонар С. Манюшкі. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі. 30.05.2019. Фота з сайта бібліятэкі
Падчас канцэрта ў гонар С. Манюшкі. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі. 30.05.2019. Фота з сайта бібліятэкі

Падчас канцэрта ў гонар С. Манюшкі.
Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі. 30.05.2019.
Фота з сайта бібліятэкі

У рамках форуму былі арганізаваны кніжныя выстаўкі НАН Беларусі: экспазіцыі навуковых выданняў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры і аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа, прысвечаныя 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі.

Навуковы форум працягнула насычаная культурная праграма з наведваннем памятных мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю Станіслава Манюшкі і ўшанаваннем яго памяці, у тым ліку наведванне раздзела экспазіцыі “Станіслаў Манюшка – дзеяч беларускай музычнай культуры” ў Чэрвеньскім раённым краязнаўчым музеі. Падвядзенне вынікаў форуму адбылося ў “Музычнай гасцёўні Станіслава Манюшкі” ў г.п. Смілавічы (Чэрвеньскі раён).

Па выніках міжнароднага навукова-практычнага форуму быў выдадзены зборнік артыкулаў удзельнікаў, які даступны ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Акрамя значных міжнародных мерапрыемстваў, увесь 2019 год быў насычаны цікавымі рэспубліканскімі ініцыятывамі. Пра гэта яскрава сведчыць творчая дзейнасць Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь (далей – Вялікі тэатр Беларусі) у юбілейны год. Так, у маі ў тэатры прайшоў Рэспубліканскі святочны канцэрт, прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння кампазітара, на якім гучаў мікс вядомых арый і дуэтаў з опер “Галька”, “Страшны двор” і “Сялянка”. Кампанію артыстам Вялікага тэатра Беларусі склаў польскі дырыжор Раман Рэваковіч. На канцэрце прадставілі і рэспубліканскую прэм’еру – гістарычны дывертысмент на музыку балета С. Манюшкі “На пастоі”. Гала-канцэрт быў запісаны Белтэлерадыёкампаніяй аб’ектывамі васьмі HD-камер новай перасовачнай тэлевізійнай станцыі і трансліраваўся на тэлеканале “Беларусь 3”.

У маі ў Вялікім тэатры Беларусі прайшла ўнікальная выстаўка з архіва ўстановы, прысвечаная юбілею Станіслава Манюшкі, у якой былі прадстаўлены фатаграфіі, каштоўныя кнігі, афішы спектакляў, пастаўленых у розны час у беларускім Вялікім тэатры паводле твораў кампазітара.

Фрагменты экспазіцыі. Май 2019 г. Фота з сайта Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь

Фрагменты экспазіцыі. Май 2019 г. Фота з сайта Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь

Пазней у камернай зале тэатра можна было пачуць захапляльнае апавяданне пра гісторыю беларускай оперы “Ад Манюшкі да нашых дзён” заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, даследчыка старадаўняй беларускай музыкі і мастацкага кіраўніка створанай ім “Беларускай капэлы” Віктара Скорабагатава.

15 чэрвеня 2019 г. у межах праекта “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” прайшла канцэртная праграма “Станіслаў Манюшка на Радзіме”. У выкананні вядучых салістаў тэатра прагучалі “Вечаровая песня”, “Да Нёмна”, “Лірнік вясковы”, “Domine ne in furore tuo”, “Цыганская песня”, “Праснічка” і іншыя. У якасці рэжысёра і вядучага выступіў Віктар Скорабагатаў.

Значны ўклад у святкаванне юбілею нашага земляка ўнесла Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі (БДАМ). Так, з 5 па 11 красавіка 2019 г. акадэмія сумесна з Польскім інстытутам у Мінску, Нацыянальнай камісіяй па справах ЮНЕСКА ў Беларусі і Кракаўскай музычнай акадэміяй правялі Міжнародны музычны фестываль, у межах якога адбыўся цэлы шэраг канцэртаў. Цудоўным адкрыццём стала пастаноўка сцэн з “Галькі” – дэбютнай оперы кампазітара. Спектакль быў падрыхтаваны студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, музычным кіраўніком, дырыжорам Аляксандрам Высоцкім і рэжысёрам-пастаноўшчыкам Ганнай Маторнай.

8 красавіка музычны марафон працягнуў тэатралізаваны канцэрт “Маляўнічы гасцінец – паэтычны настрой” з твораў Станіслава Манюшкі з удзелам студэнтаў кафедры опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі БДАМ. Канцэрт адбыўся ў вялікай зале акадэміі музыкі. 9 красавіка тут прайшоў канцэрт лаўрэатаў і дыпламантаў І Рэспубліканскага конкурсу вакалістаў імя С. Манюшкі.

Фіналам фестывалю стала грандыёзная падзея: 11 красавіка ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі ў рамках праекта “Вечар у кансерваторыі” хорам акадэміі музыкі былі выкананы “Крымскія санеты” кампазатара і шэраг яго сімфанічных твораў.

Афішы канцэртаў Міжнароднага музычнага фестывалю
да 200-годдзя Станіслава Манюшкі.
Фота з сайтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі
і Беларускай дзяржаўнай філармоніі

Падвядзеннем вынікаў Года Манюшкі ў БДАМ стала Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Музычны тэатр у прасторы мастацкай культуры: праблемы і перспектывы (да 200-годдзя з дня нараджэння С. Манюшкі і 90-годдзя з дня нараджэння Я.А. Глебава)”, якая прайшла з 26 па 29 лістапада 2019 г.

Серыя канцэртаў у гонар нашага выбітнага земляка арганізавала і Беларуская дзяржаўная філармонія. 23 мая 2019 г. адбыўся “Канцэрт да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі”. У ім бралі ўдзел як беларускія, так і запрошаныя з Польшчы музыканты, якія выканалі творы кампазітара. 28 чэрвеня 2019 г. слухачам была прадстаўлена праграма “Вытокі беларускай музычнай класікі”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння С. Манюшкі. Сярод шэрагу твораў сусветных кампазітараў у выкананні камернага аркестра “Прэлюдыя” (дырыжор – Людміла Каліноўская) прагучалі сачыненні і нашага земляка.

Афішы канцэртаў. З сайта Беларускай дзяржаўнай філармоніі

Акрамя сталіцы, да канцэртаў у гонар С. Манюшкі актыўна далучыліся іншыя гарады, калектывы і ўстановы культуры Беларусі. Так, яшчэ напачатку юбілейнага года кампазітара, 27 студзеня 2019 г. у Белай гасцінай палаца Румянцавых і Паскевічаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля пры падтрымцы Польскага інстытута (г. Мінск) прайшоў канцэрт “Жыццё ў песні. Старонкі “Хатніх спеўнікаў” Станіслава Манюшкі”. Творы прагучалі ў выкананні салістаў Вялікага тэатра Беларусі – лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Ірыны Кучынскай (сапрана) і Ільі Сільчукова (барытон), а таксама ўдзельніка ансамбля “Вытокі”, фагатыста і дырыжора Аляксея Фралова.

5 красавіка 2019 г. у канцэртнай зале Магілёўскага гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу прайшоў канцэрт да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі. Сімфанічны аркестр, салісты і хор Магілёўскай капэлы пад кіраўніцтвам Сяргея Лішчанкі прадставілі творы кампазітара.

21 мая 2019 г. Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце і Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы арганізавалі канцэрт “Манюшка: Жамчужыны оперы”. Брэстчане і госці горада атрымалі асалоду ад опер кампазітара: на галоўнай гарадской сцэне, у вялікай зале Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы прагучалі ўрыўкі з опер “Зімовая казка”, “Галька”, “Страшны двор”, “Графіня”, “Verbum Nobile” і іншыя ў выкананні саліста Нацыянальнай оперы ў Варшаве Артура Янды (бас-барытон) і салісткі Варшаўскай камернай оперы Эвеліны Асоўскай (каларатурнае сапрана) у суправаджэнні Сімфанічнага аркестра Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага.

Канцэрты ў гонар кампазітара ў абласных цэнтрах Беларусі працягнуліся і восенню. Напрыклад, 23 кастрычніка 2019 г. заслужаны калектыў Беларусі Дзяржаўны камерны хор пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай выступіў у Віцебскай абласной філармоніі, дзе прадставіў публіцы канцэрт камернай музыкі “На хвалі паччуццяў”. На канцэрце прагучалі малавядомыя старонкі творчасці кампазітара: меса для жаночага хору, “Сумныя песні” (меса рэ-мінор), Ecce lignum crucis для змешанага хору, харавыя мініяцюры без акампанемента, арыі і дуэты, рэдкія арганныя творы.

З энтузіязмам далучыўся да святкавання юбілею кампазітара Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь. Адзначаць Год Станіслава Манюшкі супрацоўнікі ўстановы разам з прыхільнікамі творчасці кампазітара пачалі яшчэ зімой: 5-га чысла кожнага месяца “манюшказнаўцы” збіраліся тут на канцэртах, прысвечаных нашаму земляку, а 3 мая 2019 г. у музеі адбыўся круглы стол да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі. У сустрэчы ўзялі ўдзел даследчыкі творчасці кампазітара, музыканты, выкладчыкі, бібліятэкары, мастацтвазнаўцы, музейныя супрацоўнікі. Прысутныя пазнаёміліся з віртуальным праектам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, а таксама абмеркавалі творчасць нашага земляка і далейшыя ініцыятывы ўшанавання яго памяці ў Беларусі.

Падчас круглага стала ў гонар 200-годдзя С. Манюшкі. Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь. 03.05.2019. Фота з інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Падчас круглага стала ў гонар 200-годдзя С. Манюшкі. Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь. 03.05.2019.
Фота з інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Да юбілею кампазітара музей падрыхтаваў выстаўку “Станіслаў Манюшка. Падарожжа ў XIX стагоддзе”. Экспазіцыя пазнаёміла з прадметамі інтэр’ера роднага фальварка Манюшкаў, што ў мястэчку Убель на Міншчыне. У зале музея былі рэканструяваны тры куткі з выкарыстаннем антыкварных рэчаў-аналагаў мінулага стагоддзя паводле малюнкаў, а асобнае месца было адведзена копіям малюнкаў бацькі кампазітара Чэслава Манюшкі, партрэтам яго родных і блізкіх, замалёўкам мясцовых пейзажаў. Наведвальнікі музея змаглі азнаёміцца з нотнымі зборнікамі, з афішамі і фотаздымкамі пастановак паводле твораў кампазітара на сучасных тэатральных падмостках, з карцінамі беларускіх мастакоў, створаных спецыяльна да 200-годдзя кампазітара.

1 лістапада 2019 г. выстаўка “Станіслаў Манюшка. Падарожжа ў XIX стагоддзе”, падрыхтаваная Музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, была прадстаўлена ў Музеі-сядзібе М.К. Агінскага ў Залессі.

З 2 мая па 10 ліпеня 2019 г. у філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь музеі “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя” (г. Мінск) працавала выстава “Вобразы эпохі ў творах Чэслава і Станіслава Манюшкаў”, арганізаваная пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску. Экспазіцыя прадставіла вокладкі нотных сшыткаў Станіслава Манюшкі і аркушы з малюнкамі з альбомаў яго бацькі Чэслава Манюшкі са збору Музычнага таварыства імя Станіслава Манюшкі ў Варшаве.

Музеі іншых гарадоў таксама ініцыявалі і прадстаўлялі публіцы свае праекты. Так, 5 красавіка 2019 г. у Музычнай гасцёўні Станіслава Манюшкі, якая дзейнічае ў г.п. Смілавічы Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці, урачыста адкрылася музейная экспазіцыя, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння кампазітара. Абноўленая экспазіцыя размясцілася ў дзвюх залах. Першая прысвечана дзіцячым і юнацкім гадам Манюшкі, а другая расказвае пра варшаўскі перыяд яго жыцця. На сённяшні дзень гэта ўнікальны, адзіны ў свеце музей Станіслава Манюшкі.

Да святкавання юбілею далучыўся і Лідскі гісторыка-мастацкі музей, супрацоўнікі якога ў дзень 200-годдзя Станіслава Манюшкі правялі музычную сустрэчу. Падчас яе наведвальнікі пазнаёміліся з жыццём і творчасцю легендарнага кампазітара і праслухалі яго творы ў выкананні скрыпачкі Наталлі Батаргінай.

Каштоўныя праекты ў гонар С. Манюшкі ажыццяўлялі і выстывачныя галерэі. Напрыклад, з 19 чэрвеня да 4 жніўня 2019 г. у Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва (г. Мінск) працавала выстава жывапісу, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі. Экспазіцыя была арганізавана Беларускім саюзам мастакоў з мэтай раскрыцця малавядомых старонак жыцця і творчасці кампазітара ў творах сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі. У экспазіцыі былі прадстаўлены каля 30 твораў сучасных мастакоў, якія распавялі пра дзіцячыя і юнацкія гады Станіслава ў Убелі. Некаторыя працы прысвечаны вучобе ў Берлінскай музычнай акадэміі, сяброўству з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, стварэнню першай беларускай оперы “Сялянка” (“Ідылія”).

Афіша і фрагменты экспазіцыі. Гарадская мастацкая галерэя твораў Л.Д. Шчамялёва (г. Мінск). Лета 2019 г. Фота Э. Дзвінскай з інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Афіша і фрагменты экспазіцыі.
Гарадская мастацкая галерэя твораў Л.Д. Шчамялёва (г. Мінск). Лета 2019 г.
Фота Э. Дзвінскай з інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Не абышлі ўвагай юбілей Станіслава Манюшкі і юныя мастакі са Смілавіч, малой радзімы Станіслава Манюшкі, дзе прайшлі першыя гады яго дзяцінства. У верасні ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры выхаванцы смілавіцкага арт-цэнтра “Вулей”, якія з маленства ведаюць імя свайго славутага земляка, прадставілі свае малюнкі, прысвечаныя кампазітару, на выстаўцы “Станіслаў Манюшка. Музыка ў душы і вобразах”. Сярод работ экспазіцыі – партрэты выбітнага земляка, настроі і ўражанні ад арганнай музыкі Манюшкі, выявы родных мясцін – берагі ракі Волмы, Смілавіцкі старадаўні палац Манюшкаў, які зараз рэстаўрыруецца. Агульнымі намаганнямі ўсіх удзельнікаў быў створаны адмысловы свет, мастацкая прастора Станіслава Манюшкі.


Каштоўны матэрыял да юбілею кампазітара падрыхтаваў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. У 2019 г. на сайце ўстановы была прадстаўлена віртуальная выстава, , якая прадэмантравала архіўныя дакументы з фонду “Мінскі губернскі дваранскі дэпутацкі сход”, звязаныя з гісторыяй роду Манюшкаў.

Не засталіся ўбаку ад святкавання значнай даты і бібліятэкі краіны. Так, Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў 2019 г. падрыхтавала маштабны некамерцыйны віртуальны праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, які абагульніў усю дзейнасць кампазітара, раскрыў для шырокай аўдыторыі яго імя, паказаў багацце літаратуры пра нашага земляка, захаванай у фондах “алмаза ведаў”.

24 красавіка 2019 г. у галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі прайшоў творчы вечар “Музыкай святой тут поўніцца душа...” да юбілею кампазітара. Падчас імпрэзы адбылася прэзентацыя новага віртуальнага рэсурсу “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”.

З 3 мая 2019 па 15 лютага 2020 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праходзіла кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Музыкай святой тут поўніцца душа…”, прымеркаваная да юбілею С. Манюшкі. Экспазіцыя прадставіла больш за 50 дакументаў, у тым ліку і прыжыццёвыя выданні твораў кампазітара.

Цікавыя мерапрыемствы ў гонар С. Манюшкі праходзілі напрацягу года і ў іншых бібліятэках краіны. Напрыклад, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі падрыхтавала віртуальную выставу “Музычны класік з Міншчыны”, у якой прадставіла каштоўныя матэрыялы з фондаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі.

29 красавіка 2019 г. бібліятэка Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў сумесна з Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна правяла музычную гадзіну “Люстэрка эпохi”, дзе прадставіла прысутным мультымедыйную прэзентацыю і кніжную выстаўку.

23 мая 2019 г. у аддзеле літаратуры па мастацтве Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага прайшла сустрэча-прысвячэнне да 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара. Да юбілейнай даты была прэзентавана кніжная выстаўка “На крылах твораў Манюшкі”. Музычным аздабленнем сустрэчы сталі выступленні навучэнцаў Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р. Шырмы.

Падчас мерапрыемства. 23.05.2019.
Фота з сайта Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага

30 мая 2019 г. Славянская бібліятэка-філіял установы “Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У.І. Леніна” арганізавала музычную кампазіцыю “Дараваны Богам”. Мерапрыемства было падрыхтавана дзякуючы шматгадоваму супрацоўніцтву Славянскай бібліятэкі з Гомельскім дзяржаўным каледжам мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага. У выкананні выкладчыкаў і навучэнцаў каледжа прагучалі песні, рамансы, мазуркі і арыі кампазітара. Насычаную музычную частку праграмы дапоўніла мультымедыйная прэзентацыя і кніжная выстаўка “Класік вакальнай лірыкі” пра жыццёвы і творчы шлях С. Манюшкі, падрыхтаваная супрацоўнікамі бібліятэкі.

З цікавасцю да юбілею кампазітара падышлі і ўстановы адукацыі рэспублікі. Напярэдадні 200-годдзя з дня нараджэння С. Манюшкі творчыя імпрэзы ў яго гонар прайшлі ў Чэрвеньскай дзіцячай школе мастацтваў, Дзіцячай школе мастацтваў г.п. Краснаполле Магілёўскай вобласці, Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Так, у апошнім, 11 красавіка 2019 г. прайшло адкрытае вучэбна-выхаваўчае мерапрыемства “Невядомы Станіслаў Манюшка”, прысвечанае юбілею кампазітара.

Унікальным стала свята нацыянальнай оперы, гастраноміі, адпачынку і забаў у стылі XIX ст. “Манюшка-фэст і 5D-опера”, якое адбылося 22 чэрвеня 2019 г. у Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі. Госці далучыліся да беларускіх традыцыйных танцаў і праспявалі народныя песні з удзельнікамі “Спеўнага сходу”, а заслужаны артыст Беларусі Віктар Скорабагатаў прачытаў лекцыю пра Станіслава Манюшку і яго творчасць. Напрыканцы свята прагучала опера Манюшкі “Verbum Nobile” ў фармаце 5D пры ўдзеле сімфанічнага аркестра і хору Белтэлерадыёкампаніі.

Заключнае мерапрыемства, якое стала своеасаблівым падсумаваннем юбілейнага года кампазітара, адбылося 18 снежня 2019 г. Святочная імпрэза ў гонар Станіслава Манюшкі была арганізавана Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь. У мерапрыемстве прынялі ўдзел члены Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, партнёры камісіі, дыпламаты пасольства Польшчы ў Беларусі, кіраўніцтва Польскага інстытута ў Мінску, прадстаўнікі сфер культуры і адукацыі нашай краіны. Пасля ўрачыстай часткі госці змаглі больш падрабязна пазнаёміцца з віртуальным праектам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, а таксама ўзяць на памяць сувенірную прадукцыю з выявай кампазітара, падрыхтаванай супрацоўнікамі “алмаза ведаў” спецыяльна для мерапрыемства.

Удзельнікі азнаёміліся з выстаўкай “Станіслаў Манюшка. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе”, арганізаванай Музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Напрыканцы імпрэзы студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі выканалі творы С. Манюшкі, а навучэнцы Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава падрыхтавалі для прысутных лінагравюры ў якасці памятных сувеніраў.

У гонар 200-годдзя кампазітара ў мiнскім Архiкатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі была ўсталявана мемарыяльная шыльда з выявай С. Манюшкі. Ініцыятарам ушанавання памяці нашага земляка ў мінскай катэдры выступіў Віктар Скорабагатаў і яго паплечнікі.

Напрыканцы Года кампазітара з 27 снежня 2019 г. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусціў у абарачэнне памятную манету “Станіслаў Манюшка. 200 год”. На аверсе манеты можна пабачыць выяву ластаўкі на фоне фрагмента малюнка беларускага мастака Напалеона Орды “Маёнтак Манюшкі, в. Убель” і нотных станаў з нотамі. На рэверсе манеты ў цэнтры на фоне нотных станаў – партрэт Станіслава Манюшкі.

Аверс і рэверс памятнай манеты “Станіслаў Манюшка. 200 год”.
Выявы з сайта Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь

Пасля юбілейнага года мерапрыемствы па ўшанаванні памяці Манюшкі працягваліся. Так, у 2020 годзе ў выдавецтве “Беларуская навука” пабачыла свет факсімільнае выданне “Станіслаў Манюшка. Прыжыццёвыя выданні твораў музычнага класіка з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”.

З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

20 мая 2022 г. у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры прайшоў канцэрт “Прамяністыя спевы Станiслава Манюшкі”, прымеркаваны да 150-годдзя з дня смерці кампазітара. Праграму канцэрта склалі творы нашага земляка на словы Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Яна Чачота і іншых. Многія песні ўпершыню былі прадстаўлены ў перакладах на беларускую мову і прагучалі ў выкананні майстроў вакалу: саліста Вялікага тэатра Беларусі Юрыя Гарадзецкага (тэнар) і салісткі Белдзяржфілармоніі Галіны Сакольнік (меца-сапрана). Вядучай канцэртнай праграмы выступіла музыкант і мастацтвазнаўца Святлена Немагай.

У красавіку 2023 г. на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў чарговы раз прайшоў III Рэспубліканскі адкрыты конкурс вакалістаў імя С. Манюшкі. Творчае спаборніцтва арганізоўваецца з мэтай адкрыцця юных талентаў сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сферы культуры.

Знакавыя творы кампазітараў Станіслава Манюшкі, Клеафаса Агінскага і Фрыдэрыка Шапэна ігралі 30 мая 2023 г. у Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. Асноўную частку кампазіцый выканалі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі і Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 імя Л.П. Александроўскай. Таксама была арганізавана экспазіцыя карцін, прымеркаваная да гэтага вечара.

Па-ранейшаму актыўную дзейнасць па ўшанаванні памяці Станіслава Манюшкі вядзе Музычная гасцёўня ў Смілавічах. Штогод ва ўстанове ладзіцца шэраг ініцыятыў. Напрыклад, у ліпені 2023 г. у межах экскурсійнай праграмы сіламі вучняў і педагогаў Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў быў арганізаваны канцэрт, дзе гучалі творы кампазітара.

У 2024 годзе адзначаецца 205-годдзе Станіслава Манюшкі. Мерапрыемствы па ўшанаванні яго памяці ў нашай краіне ўжо пачаліся. Так, 14 лютага ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася лекцыя з цыкла “Творы сучасных беларускіх кампазітараў у кантэксце гісторыі еўрапейскай музыкі”. Супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі распавялі прысутным пра камерна-вакальныя жанры ў творчасці кампазітараў Беларусі, а ўдзельнікі музычнай капэлы ўстановы выканалі найбольш яркія ўзоры ў гэтым жанры, сярод якіх прагучалі рамансы Станіслава Манюшкі.

Такім чынам, пытанні па адраджэнні, захаванні і трансляцыі гісторыка-культурнай спадчыны Станіслава Манюшкі, па папулярызацыі яго імя і творчасці застаюцца актуальнымі і важнымі для сучасных беларусаў. Рэалізацыя шматлікіх ініцыятыў, якія ладзяцца ў гонар кампазітара ў нашай краіне, спрыяюць дасягненням і адкрыццям у галіне сусветнага “манюшказнаўства”.


На галоўную

Пераход да раздзелаў

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты