ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіЗ архіва Вялікага тэатра Беларусі

З архіва Вялікага тэатра Беларусі

 ◄ 



Значную частку спадчыны Станіслава Манюшкі складаюць музычна-тэатральныя жанры: камедыйныя аперэты і велічныя оперы, якія прыцягваюць увагу рэжысёраў і ставяцца ў шматлікіх краінах свету. Неаднаразова пастаноўкі твораў нашага земляка рэалізоўваліся і на беларускай опернай сцэне

У дадзеным раздзеле змешчаны выявы каштоўных дакументаў з архіва Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь (Вялікага тэатра Беларусі). Сярод матэрыялаў – алічбаваныя афішы опер Станіслава Манюшкі “Галька” і “Страшны двор”, а таксама фотафрагменты з пастановак гэтых выбітных твораў кампазітара, якія некалі былі прадстаўлены беларускай публіцы на сцэне Вялікага тэатра Беларусі.

Даследчыкам даецца магчымасць спампоўваць дакументы з мэтай іх далейшага выкарыстання з абавязковай спасылкай на захавальнікаў фондаў (архіў Вялікага тэатра Беларусі). Звяртаем увагу, што ўсе подпісы пад копіямі фотаздымкаў і афіш дакладна вывераны супрацоўнікамі тэатра.

Найбольш вядомай у творчасці Станіслава Манюшкі з’яўляецца опера “Галька” (1847), напісаная паводле паэмы Уладзімежа Вольскага. Опера раскрывае трагедыю сялянскай дзяўчыны і прасякнута спачуваннем да простага чалавека. Пастаноўка славутай оперы ўпершыню прайшла ў 1854 годзе ў Вільні, у 1856-м яна прагучала ў Мінску, а потым – і ў Гродне. У ХХ стагоддзі паказ “Галькі” таксама ажыццяўляўся: опера была прадстаўлена ў Мінску ў 1975 годзе на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета. Яе паставіў польскі рэжысёр з Вроцлава Баляслаў Янкоўскі. Для выканання галоўных партый у Мінск былі запрошаны салісты Лодзінскага тэатра Халіна Раманоўска і спявак оперы Шлёнска ў Катавіцах Баляслаў Паўлюс. За дырыжорскім пультам стаяў выхаванец Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (цяпер – Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі) Леў Лях, які ў гэтай пастаноўцы дасягнуў высокай музычнай дакладнасці і зладжанасці выканання.

На фотаздымках прадстаўлены сцэны з оперы “Галька” ў пастаноўцы 1975 года на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета.

Каля 90 гадоў чакала сцэнічнага ўвасаблення ў Беларусі опера “Страшны двор” (1861–1864) – вяршыня опернага майстэрства Станіслава Манюшкі. Гэты твор непарыўна звязаны з радзімай нашага земляка – Смілавічамі – і ўвасабляе легенды Смілавіцкага замка, які ў дзяцінстве наведваў будучы кампазітар падчас прыездаў да родных. Упершыню на айчыннай опернай сцэне беларусы пабачылі пастаноўку выбітнага твора толькі ў 1952 годзе.

Пасля прэм’еры крытыкі пісалі: “Опера гучала на беларускай мове, у маляўнічым афармленні, якое ўвасабляла карціну прыроды, сціплую абстаноўку простага сельскага дома і патрыярхальны радавы маёнтак братоў Стэфана і Збігнева. Глядач без намаганняў пазнаваў матывы роднага краю”. Характэрна, што знакаміты маскоўскі музыказнаўца Ігар Бэлза адзначыў майстэрства аўтара дэкарацый – вядомага жывапісца Паўла Масленікава, які ў той час працаваў мастаком-пастаноўшчыкам опернага тэатра.

Фотаздымкі прадстаўляюць фрагменты пастаноўкі 1952 года, дзе можна пабачыць унікальныя выявы артыстаў перад і пасля прэм’еры спектакля, а таксама выканаўцаў галоўных роляў і пастановачную групу на чале з рэжысёрам Ларысай Александроўскай. Дзякуючы гэтым каштоўным фотаздымкам карыстальнікам даецца цікавая магчымасць прайсці ўвесь шлях пастаноўкі “Страшнага двара”: ад рэпетыцый і наказаў рэжысёра перад выхадам на сцэну да авацый пасля паспяховай прэм’еры і фінальнай памятнай фатаграфіі натхнёных і шчаслівых артыстаў.


На галоўную

Пераход да раздзелаў

Бібліятэкарам