ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Памяць дарог
З нагоды святкавання дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі

Што хавала ад нас Цётка: эксклюзіўна да юбілею пісьменніцы

Што хавала ад нас Цётка: эксклюзіўна да юбілею пісьменніцы
Іншыя навіны

Даня Карчашкіна

15 ліпеня спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі) – вядомай беларускай пісьменніцы, аўтаркі вершаў, прозы і публіцыстыкі, пачынальніцы дзіцячай дыдактычнай літаратуры на Беларусі, а таксама грамадскай дзяячкі, якая зрабіла вельмі шмат для развіцця і папулярызацыі беларускай культуры, мовы, асэнсавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Многія яе думкі і выказванні да нашага часу захоўваюць сваю надзённасць, а творы з’яўляюцца бясспрэчнай класікай.

Як вядома, жыццё часам падкідвае сюрпрызы нават там, дзе не чакаеш. І ў нечым даўно зразумелым і ў відавочным знаходзіцца нешта на дзіва новае. Нешта, што, магчыма, і ляжала навідавоку, але не заўважалася. Сёння мы хочам звярнуць увагу паважанага чытача менавіта на такія рэчы, а дакладней, творы. Так, нават не адзін твор, а два, аўтарам якіх, верагодна, магла быць добра знаёмая кожнаму Цётка.

Пачнём з невялікай гістарычнай даведкі. Вядомы ў гісторыі нашай літаратуры факт, што Алаіза Пашкевіч з’яўлялася рэдактарам першага беларускага часопіса для вясковай моладзі “Лучынка”. Хоць давайце называць рэчы сваімі імёнамі: нейкі час яна была так званым шэрым кардыналам гэтага выдання, бо на вокладцы першых нумароў часопіса мы бачым іншае імя і прозвішча – Аляксандр Уласаў. І толькі пазней, усяго два нумары былі падпісаны ‒ “Літаратурны рэдактар А. Крапіўка”. Гэта агульнавядомы псеўданім А. Пашкевіч.

Да гэтага часу часопіс вывучаўся даследчыкамі з пункту гледжання апублікаванай на яго старонках творчасці пэўнага аўтара, таму большасць псеўданімаў, што сустракаюцца ў часопісе, у наш час маркіраваныя. Вядома, што Цётка сама актыўна друкавалася на старонках выдання. Яна пісала на розныя тэмы ‒ навукова-папулярныя артыкулы аб з’явах вакольнага свету (напрыклад, “Газа”), мастацкія творы, якія таксама мелі адукацыйны (“Гутаркі аб птушках”) ці маралізатарскі (“Міхаська”) характар.

На жаль, няма ў нашым літаратуразнаўстве комплекснага даследавання выдання “Лучынка”. Некаторыя публікацыі на старонках часопіса надрукаваны ўвогуле без указання аўтара ці падпісаныя загадкавымі крыптанімамі, якія не фіксуюцца ў “Слоўніку беларускіх псеўданімаў”. У большасці з гэтых тэкстаў пазнаюцца вядомыя творы беларускіх аўтараў: Якуба Коласа, Уладзіслава Галубка, самой Алаізы Пашкевіч і інш. Але некаторыя публікацыі былі надрукаваны толькі ў “Лучынцы”, і аўтарства іх дакладна не вызначана.

Так, у першым нумары часопіса змешчаны артыкул “Тытаніка”, які падпісаны цікавым крыптанімам Б-а. Размяшчаем тэкст публікацыі ніжэй (фота) і паспрабуем абгрунтаваць гіпотэзу, што аўтарам артыкула была Алаіза Пашкевіч.

Калі мы маем рацыю, то зусім не дзіва, што аўтарка абрала для адлюстравання тэму гібелі трансатлантычнага лайнера “Тытанік”. Цётка інтуітыўна звярталася да тэм з невычэрпным тэрмінам актуальнасці. Яе мастацкая проза зараджана тым, што пазней ляжа ў аснову эстэтыкі экзістэнцыялізму. І, вядома, падобныя творы доўгі час не губляюць папулярнасці. Яе артыкулы, прысвечаныя стану беларускай мовы і культуры у пачатку ХХ ст. і сёння цяжка чытаць без слёз, бо усведамляеш, што за стагоддзе мала што змянілася. Тое ж і з “Тытанікам”… Ці магла ведаць Цётка, што гісторыя крушэння лайнера стане для сусветнай культуры брэндам?

Аналізуючы яе вядомыя артыкулы, надрукаваныя ў “Лучынцы”, адразу заўважаецца тыпалагічнае падабенства з прапанаваным вашай увазе тэкстам. Характэрны для Цёткі ўступ: асвета, дзеці, народ і добрыя якасці, якія яна патэнцыяльна ў беларускім народзе бачыць. Нават не будзем праводзіць паралелі, але ўзгадаем фінал “Успамінаў пра паездку ў Фінляндыю”, дзе аўтарка расказвае пра гісторыю і ментальнасць фінаў, прыводзячы іх не столькі ў прыклад беларусам, а, хутчэй, як доказ, што і так, як у іх, магчыма. Якраз тут, напачатку артыкула, развагі пра духоўныя каштоўнасці скіроўваюць думку чытача да брытанцаў і прыкладаў праявы імі сваіх лепшых чалавечых якасцей пры крушэнні “Тытаніка”.

У апісанні інтэр’еру лайнера таксама адчуваецца ўласцівае Цётцы імкненне да дэталізацыі. Апісанне дробязных і, магчыма, для некага не важных элементаў дэкору, якія дапамагаюць у стварэнні найбольш яркага ўяўлення. Прыклад таму – і раней згаданыя падарожныя нататкі па Фінляндыі, і такія артыкулы Цёткі, як “Газа”, “Папараць-кветка”, “Наша народная беларуская песня” і інш.

Зварот да пэўнай асобы, канкрэтнага персанажа быў для аўтаркі вельмі важным. Гэта таксама дадае яркія дэталі ва ўзнаўленні карціны (а часопіс, нагадаем, выдаваўся для вясковай моладзі і павінен быў быць зразумелым кожнаму). Да падобнага прыкладу з творчасці Цёткі можна аднесці ўлёткі Беларускай сацыялістычнай грамады, аўтарства якіх таксама спрэчнае, але найбольш частае меркаванне, што пісала іх Алаіза Пашкевіч. чаму на карысць даволі шмат аргументаў.


“Што рабіць?” – бледнымі вуснамі шэпча цар Мікалай. (З улёткі “Чым ратуецца цар”).


…а ў тэлефон спешна паведамляе маладзенькага тэлеграфіста Філіпса: “Высылайце тэлеграмы ўсім караблём, што наш карабель прадзюраўлены <…>”. Тэлеграфіст пры апараце збялеў як хустка, але цвёрдай рукой бьець тэлеграмы ва ўсе староны бязмернага акеяна! (“Тытаніка”).


Зразумела, што і бледныя вусны цара Мікалая, і рашучасць у жахлівай сітуацыі маладзенькага Філіпса трэба ўспрымаць як элементы мастацкага вымыслу. Гэтыя прыёмы значна насычаюць аповед эмоцыямі.

І тут жа падкрэслім, што напісаны тэкст вельмі проста. Простыя словы, простыя вобразы. Тут нават далёка хадзіць не трэба: для Цёткі, якая імкнулася да асветы народа, зразумеласць яе тэкстаў чытачам любой катэгорыі была галоўным прыярытэтам.

Асабліва кранае фінал твора. Чытач павінен адчуць і пераканацца, што трагічная смерць тэлеграфіста, капітана, музыкаў і пасажыраў не будзе марнай: “…будзе яна будзіць у сэрцах новых веліканаў”. Нават у самых змрочных сваіх творах са зразумелым фіналам Цётка заўсёды імкнулася правесці думку, што кожны чалавек зрабіў карысць для гэтага свету і нават смерцю сваёй пакінуў след. Герой Міхаська з аднайменнага апавядання пасля смерці жоўтым лісцем па крынічцы прашалясцеў сваю гісторыю аўтару, які “падслухаў” і перадаў яе “беларусу малому, брату”. У памерлых старых Сымона і Міхала з “Асенніх лістоў” “елка або бяроза пусціць карэнне ў збалелыя сэрцы, выцягне з іх усю горыч і вынесе ў вясёлай зелені суроваму свету...”.

Калі вам падалося, што прапанаваная намі атрыбуцыя артыкула “Тытаніка” ляжала не навідавоку, то пачакайце ‒ ёсць яшчэ чым вас здзівіць. Вось тут дакладна тое, што было пад носам у кожнага студэнта філолага-беларусіста, які хоць аднойчы пісаў курсавую/дыпломную работу (канешне, самастойна, а як інакш?!).

Звернемся да вядомага біябібліяграфічнага слоўніка “Беларускія пісьменнікі”. Натуральна, у ім ёсць асобны артыкул, прысвечаны Цётцы. Ён змяшчае кароткую даведка пра жыццё і творчасць пісьменніцы і бібліяграфічны спіс публікацый яе і пра яе. Пры ўважлівым праглядзе дробненькіх літарак і шчыльных радкоў з пералікам публікацый, можна пабачыць наступную бібліяграфічную спасылку: “1937. Для мамы: [Верш] // Хрысціянская думка, № 4 / Пад псеўд. Крапіўка. Аўт. спрэчнае”.

Пры пошуку наяўнай інфармацыі пра гэты верш і яго аўтарства, складаецца ўражанне, што верш не заўважыў ніхто (ён не ўключаны нават ў апошняе выданне твораў Цёткі 2016 года). Ён, як і артыкул “Тытаніка”, сустракаецца ў беларускім друку толькі аднойчы – у вядомым заходнебеларускім часопісе “Хрысціянская думка”, рэдактарам якога быў ксёндз Адам Станкевіч. Звярнуўшыся да апаведнага нумару, на жаль, чытач не знойдзе ніякіх артыбуцыйных падказак: верш размешчаны на “дзіцячай” старонцы, да яго няма ніякіх каментарыяў, але факт застаецца фактам: перад намі верш, надрукаваны беларускай лацінкай і падпісаны адным з найбольш вядомых псеўданімаў Цёткі ў год, калі аўтаркі больш за два дзесяцігоддзя не было на свеце. Магчыма, упершыню на прасторах сеціва прыводзім яго кірылічны варыянт:

Для мамы

Спатыкаем вясну:
После доўгага сну,
После цяжкай зімы надыходзе:
Бусел вунь клекатун,
Вясны пэўны вястун,
Разам з сонцам з спачынку выходзе.

У сваёй старане,
На сваёй баране,
Ён паправіць гняздо сваё хоча:
Пырай, мох і лямок
Цэлы Божы дзянёк
Без спачынку валоча й валоча.

Ён па лузе ідзе,
Па расе, па вадзе,
След у след з ім цень яго мкнецца.
Над крыніцай ляцяць
Пачала красаваць:
Жоўтым колерам к дзецям смяецца.

Чутна – пчолкі звіняць,
Дзеці ўжо гаманяць,
Бач, па кветку на луг выбягаюць:
І пайшлі грамадой,
Па лузе ўперабой,
Хто куды – рваць латаці спяшаюць.

Як нарвём, дык тады
Падальём ім вады,
І на вокнах расставім вязанкі:
Залатая латаць
Будзе ў вокнах зіяць ‒
Між вязанак твар нашае мамкі.

Паспрабуем узважыць меркаванні “за” і “супраць” прыналежнасці гэтага верша да творчай спадчыны Алаізы Пашкевіч.

Акрамя надрукаванага псеўданіма, на карысць аўтарства пісьменніцы служыць змест твора: бесклапотнае дзяцінства, вясна, прырода, бусел на роднай старане. Апісанне вельмі нагадвае адзін з першых вершаў Цёткі “Лета” і ўвогуле тэматыкай сугучны шматлікім яе творам.

Характэрная для аўтаркі лёгкая і нават “казачная” лексіка, сярод якой… схаваліся батанічныя назвы раслін? Напрыклад латаць, а, дакладней, лотаць балотная, ці курыная слепата – шматгадовая расліна сямейства казяльцовых з характэрнымі жоўтымі кветачкамі. Але ў адносінах да Цёткі і такі факт не здзіўляе, бо падчас працы над “Лучынкай” яна, як рэдактарка, актыўна цікавілася з’явамі вакольнага свету, у тым ліку і батанікай. На старонках “Лучынкі” нават абяцаліся падарункі тым, хто прыўкрасна засадзіць свой двор і вёску новымі кветкамі і дрэвамі.

Мог бы збіць з панталыку той факт, што твор апублікаваны больш чым праз 20 гадоў пасля смерці верагоднай аўтаркі. Аднак і тут можна прывесці аргументы на карысць Цётчынага аўтарства. Часопіс “Хрысціянская думка”, як адзначалася, выходзіў пад рэдакцыяй Адама Станкевіча. А ён у сваю чаргу меў шчыльныя кантакты з віленскай інтэлігенцыяй, перапісваўся з Вацлавам Іваноўскім – тымі людзьмі, з якімі пры жыцці камунікавала Цётка. Да таго ж, у Літве доўгі час жыў муж Алаізы Пашкевіч Стэпонас Кайрыс, які клапатліва захоўваў яе архіў да Другой сусветнай вайны, у віхуры якой матэрыялы былі згублены. Такім чынам, уяўляецца цалкам верагодным, што адзін з сучаснікаў Цёткі падзяліўся вершам з рэдакцыяй. А чаму б і не?

Аргументам супраць, асабліва для тых даследчыкаў, якія сцвярджалі аб паэтычнай неспрактыкаванасці аўтаркі, будзе даволі складаная і нетыповая для яе творчасці рыфмоўка. У цэлым, мы бачым рэгулярную рыфму, але сапраўды, нетыповую для пісьменніцы сумежную альбо перакрыжаваную. Тут важна, што мы не ведаем год напісання верша “Для мамы”. Калі гаварыць пра творчую эвалюцыю Цёткі, то можна сцвярджаць, што позні перыяд пісьменніца асабліва схільная была да эксперыментатарства, у тым ліку ў галіне формы.

Пытанні атрыбуцыі твораў заўсёды былі складанымі з пункту гледжання доказу. Верагоднасць адшукання аўтарскіх рукапісаў набліжаецца да нуля, таму мы арыентуемся на пераважна стылістычныя асаблівасці тэкстаў першапублікацый.

На жаль, з творчай спадчыны Цёткі да нас дайшло сапраўды вельмі мала. Мы не маем рэальных дакументальных пацвярджэнняў аўтарства прапанаваных намі твораў, але логіка падказвае, што корпус Цётчыных тэкстаў можа істотна ўзбагаціцца пры далейшым скрупулёзным даследаванні. Цётка верыла ў бязмежныя магчымасці беларусаў і нямала зрабіла для развіцця роднай культуры. І мы павіны аддаць ёй належнае. 

“Веру, братцы, людзьмі станем! Хутка скончым мы свой сон”.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам