Ва ўсіх кнігалюбаў і даследчыкаў аднойчы здараецца так, што знайсці патрэбную кнігу амаль немагчыма – настолькі яна рэдкая. Адсутнасць кнігі ў крамах можа абумоўлівацца зусім рознымі прычынамі – ад яе папулярнасці да малатыражнасці выдання. Тым не менш пры наяўнасці часу і імпэту магчыма знайсці амаль усё.
Перш за ўсе раім звярнуцца ў бібліятэку. Канешне, такі варыянт падыходзіць для тых, хто хоча спачатку азнаёміцца з выданнем, а не займець яго ва ўласны кнігазбор. Раённыя і гарадскія бібліятэкі могуць дапамагчы прагнаму да ведаў чытачу. Аднак далёка не кожны дакумент знаходзіцца ў бліжэйшай да дому бібліятэцы, таму пры пошуку рарытэтаў мы раім звяртацца ў Нацыянальную. Каля 10,4 мільёна выданняў захоўваецца ў фондах галоўнай бібліятэкі краіны і звыш за 650 тысяч лічбавых копій даступныя ў электроннай бібліятэцы. Праверыць наяўнасць кнігі і заказаць яе для карыстання ў чытальных залах можна праз электронны каталог НББ.
У бібліятэцы ёсць асобная чытальная зала – зала рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў, якая знаходзіцца на трэцім паверсе, у памяшканні 348. Падсобны фонд залы налічвае каля 9 200 экзэмпляраў: гэта даведачная, бібліяграфічная, навуковая літаратура кнігазнаўчага характару. Асноўны фонд аддзела кнігазнаўства налічвае звыш 95 000 адзінак. Тут захоўваюцца калекцыі рукапісаў і архіўных матэрыялаў XIV–XXI стст., старадрукаваных выданняў XV–XVIII стст. і рэдкіх выданняў XIX–XXI стст. Для працы з некаторымі з іх можа спатрэбіцца адпаведны дазвол. Дакументы з асноўнага фонду не выдаюцца ў іншыя чытальныя залы па міжбібліятэчным і індывідуальным абанеменце. Лічбавую копію фрагментаў рэдкага выдання ці тэксту можна замовіць праз віртуальны сэрвіс “Электронная дастаўка дакументаў”.
Інфармацыю пра рарытэтныя кнігі, газеты, часопісы, ноты і рукапісы, а таксама іх лічбавыя копіі можна знайсці ў электронных рэсурсах, створаных дзякуючы прафесіяналізму бібліятэкараў і бібліёграфаў Нацыянальнай бібліятэкі. Назавём некаторыя з праектаў:
- Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь
- Кніга Беларусі XIV–XVIII стагоддзяў
- Нацыянальная бібліяграфія Беларусі
- Рукапісы сучасных беларускіх аўтараў з фондаў НББ
- “На хвалі часу, у плыні жыцця”: да 100-годдзя літаб’яднаання “Маладняк”
- Беларуская літаратурная спадчына. Часопісы 1919–1939 гг.
Спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі арганізавалі заняткі, стварылі відэаўрокі, інструкцыі па карыстанні базамі даных, што дазваляе кожнаму з карыстальнікаў зарыентавацца ў шматлікіх інфармацыйных рэсурсах, знайсці патрэбнае яму выданне.
- Дапамога па працы ў электронным каталогу (электроннай бібліятэцы)
- У дапамогу даследніку
- Навучанне карыстальнікаў
Такім чынам, і афлайн, і праз інтэрнэт-партал Нацыянальная бібліятэка адкрывае доступ да тысяч асобнікаў выданняў, у тым ліку рарытэтных, і дапамагае ў пошуку інфармацыі пра іх.
Калі вам патрэбны фізічны асобнік кнігі і яго няма ў продажы ў сеткавых крамах, раім звярнуць увагу на букіністычныя кнігарні, напрыклад, мінскія:
- “Букініст”, пр. Незалежнасці, 53
- “Букініст № 2”, пр. Незалежнасці, 43
- “Вянок”, Траецкая наб., 4
- Дом кнігі “Веды”, вул. Карла Маркса, 36
Асартымент букіністычных крам абнаўляецца кожны месяц і ў асноўным прадстаўлены асобнікамі з хатніх бібліятэк. Можна знайсці цікавыя экзэмпляры як на рускай ці беларускай, так і на замежных мовах.
Незвычайныя кнігі часам знаходзяцца і ў антыкварных крамах. Часам рэдкія і ўнікальныя асобнікі выстаўляюцца на продаж праз спецыяльныя сайты для продажу і абмену рэчамі, напрыклад, “Куфар”, дзе ёсць спецыялізаваны раздзелы “Кнігі і часопісы”, “Антыкварыят”. У пошуку рарытэтаў дапамогуць і суполкі кнігалюбаў у сацыяльных сетках.
Калі вы шукаеце кнігу, што выйшла ў Беларусі, можна патэлефанаваць наўпрост у выдавецтва па кантактным нумары, які лёгка знайсці ў інтэрнэце. Некаторыя выдаўцы самастойна займаюцца рэалізацыяй кніг і могуць дапамагчы з пошукам канкрэтнага выдання.
І апошні, але не самы безнадзейны варыянт – звярнуцца непасрэдна да аўтара кнігі, калі такое магчыма.
Матэрыял падрыхтаваны Вікторыяй Трыфанавай і Аленай Якавенка, аддзел суправаджэння інтэрнэт-партала.