21 снежня былі падведзены вынікі сумеснай ініцыятывы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і штомесячнага навукова-метадычнага часопіса “Роднае слова” па вядзенні на старонках выдання раздзела “І мудрасці, і ведаў храм”, прысвечанага 100-годдзю галоўнай бібліятэкі краіны.
На працягу года на старонках кожнага нумара часопіса публікаваліся артыкулы навукоўцаў і спецыялістаў Нацыянальнай бібліятэкі і іншых інфармацыйных устаноў Беларусі, у якіх раскрывалася роля і месца найстарэйшага кнігасховішча ў гісторыі нацыянальнай культуры.
Па выніках праекта ў рубрыцы апублікавана 47 артыкулаў, з іх 14 – артыкулы супрацоўнікаў “алмаза ведаў”. Яны былі прысвечаны гісторыі бібліятэкі, выбітным асобам, якія ўнеслі істотны ўклад у яе фарміраванне і развіццё, рэдкім выданням і кніжным рарытэтам, сучасным інфармацыйным рэсурсам і навуковым праектам, рэалізаваным у бібліятэцы.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся Віктар Пшыбытка, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які адзначыў своечасовасць і паспяховасць рэалізаванага праекта, а таксама падзякаваў партнёрам за сумесную дзейнасць.
Рэдакцыя часопіса “Роднае слова” ўручыла падзякі Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і найбольш актыўным аўтарам раздзела “І мудрасці, і ведаў храм”.
Мерапрыемства адбылося ў рамках круглага стала да 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “Homo legends: чалавек, які чытае, і яго вобраз у сучаснай культуры”, што прайшоў у Нацыянальным мастацкім музеі.
З поўнымі тэкстамі артыкулаў супрацоўнікаў НББ можна пазнаёміцца на нашым інтэрнэт-партале, у базе даных “Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў прэсе”.
Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.